Читать книгу Рыбін горад - Наталка Бабіна, Н. В. Бабина - Страница 6

Вэлкам у Дабрацічы

Оглавление

Шчыра запрашаю ў Дабрацічы. Уся гэтая гісторыя, небяспечная, як сама літаратура, ёй нават цяжка даць веры, адбылася менавіта тут, у вёсцы, праслаўленай, але, пэўна, трохі ўсё ж прыхарошанай у вершах Міхася Яраша – чалавека таленавітага настолькі, што яго знае 1 з 20 чалавек не толькі ў Еўропе, але і ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што ён піша па-беларуску. А зрэшты, ён піша і па-ўкраінску.

Вёска сапраўды стаіць у харошым сасновым лесе, і сосны, якія ў нас называюцца бар’які, тут сапраўды падобныя да людзей; тут сапраўды пяскі, але, канечне, не «выдмы нябачнага мора»; паблізу няма ні бачнага, ні нябачнага, проста ніякага мора, ёсць толькі некалькі крыніц, адна з салонай вадой. Цяпер, калі стала можна прайсці да Буга, дарога займае не больш за пятнаццаць хвілінаў, але тады да Буга было яшчэ не прайсці – мяжа ж на замку, дрот, следавая – туды-д тваю дваццаць – паласа, сігналізацыя… Так, з вадой у Дабрацічах тады былі праблемы, таму папулярнасцю карысталася невялічкая бухтачка ля шлюза меліярацыйнага канала – туды часта прыязджалі адпачыць ля вады нават з Брэста.

Праблематычна таксама наконт «першаснага бязлюддзя, бязмежнай адзіноты» ў Дабрацічах, пра якія піша Міхась. Бадай, у часы нашага дзяцінства кожны чалавек сярод старых соснаў і асінаў рабіўся падзеяй; часцей тут бегалі тхорыкі, сабалькі ды парасяты ў палосачку, але потым вакол разрасліся ракавыя пухліны дачных пасёлкаў, тут зрабілі чыгуначны прыпынак, амаль усе звяры сышлі, затое населі дачнікі.

Можа, Міхась меў на ўвазе, што іх нельга назваць людзьмі?

Дарэмна. Гэта вяршкі нашага грамадства. Найлепшыя з лепшых. Садовыя таварыствы каля Дабрацічаў называюцца Ветеран, Защитник Отечества і Радуга. Мая баба, апошні магіканін старых Дабрацічаў, заўсёды размаўляе з дачнікамі – небяспечнымі прыдуркамі, якія кіруюць светам – вельмі пачціва, асаблівым голасам. Бабе дзевяноста сем, і калі які чарговы маёр ці падпалкоўнік у адстаўцы ў палінялых, выцягнутых на дупе і каленях сініх штанах падыходзіць пад наш плот, яна кожны раз прапануе яму напіцца і выносіць конаўку, заўсёды запэцканую курыным гаўном.

Баба наша ўбогая духам. З тых, для каго будзе валадарства нябеснае. Калі б яна не пераадолела спакусу гадоў дваццаць таму і скончыла б жыццё самагубствам, як была хацела, то, безумоўна, гэтага валадарства яна б не пабачыла, а так – няма праблемаў. Пабачыць.

У эпоху дачаў у Дабрацічах з’явіліся платы і агароджы вакол хатаў. Раней іх не трэ было. Калі што, хапала проста галінкі на клямцы – знака таго, што дома нікога няма, і гаспадары просяць у хату без іх не заходзіць. Цяпер жа тут абносяць загарадкай ды зачыняюць на замок усё, што лягчэй за тону і не распалена да белага. Раней сцерагліся толькі цыганоў, а цяпер – кожны кожнага.

Але час вярнуцца ў той чэрвеньскі вечар, калі ўзброены хлопец адчыніў нашую брамку і зайшоў у двор.

Рыбін горад

Подняться наверх