Читать книгу Рыбін горад - Наталка Бабіна, Н. В. Бабина - Страница 7
Вэлкам у нашу паліфанію
ОглавлениеСусвет трымаецца на маёй бабулі. Гэта яна сядзіць цяпер супраць мяне за чорным ад часу сталом; на стол, на картоплю ў патэльні, у кубкі з квасам час ад часу злятаюць з высокага бар’яка сухія хваінкі, па-нашаму – шыпата. Мы вячэраем разам, як вячэралі не раз на працягу апошніх пяцідзесяці год. Калі-нікалі разам з намі вячэралі і іншыя людзі: мама, тата, Улянця, мая дачушка, дзеці Улянці… Але цяпер Улянця ў Нарвегіі, нешта там даводзіць вучоным нашчадкам вікінгаў наконт вандровак іх няўрымслівых продкаў, яе дзеці, Ліна ды Казік, у Менску, і мы зноў сядзім удзвюх.
Прачухаў у горад сямігадзінны цягнік, забраў дачнікаў, у Дабрацічах сціхлі і вецер, і галасы. Толькі свае, насельнікі пяці хат, крыюцца цяпер пад векавымі дубамі, вячэраюць ці парадкуюць птушак ды жывёл.
Тым больш дзіўна было бачыць у гэты ціхі дабрацінскі час хлопца з кабурой на баку, які, нязмушана паглядаючы вакол, крочыў па тым, што можна было б назваць дабрацінскай вуліцай (старыя каляіны ў пяску, трохі зарослыя аўсяніцай), а каля нашага дома павярнуў да брамкі.
Што яму тут трэба? Адкуль ён?
Малады, чарнявы, твар адкрыты. І з кабурой на баку. Не бандыт, відаць адразу – хіба што я нічога не разумею ў людзях. Тады хто?
Гэта зараз жа высветлілася.
– Здравствуйте. Я ваш участковый, Рудковский Андрей Ильич. Можно к вам?
Бабуля паглядзела на яго з цікавасцю:
– А чого тобі, хлопчэ, трэба? – спыталася яна, калі той падышоў бліжэй.
– Можно у вас воды вывернуть попить? Жарко, страх.
Бабуля матнула галавой у мой бок, і я падала хлопцу чысты кубак. «Вывернуўшы», як сам трапна выразіўся, вядро вады, ён з асалодай напіўся, спаласнуў кубак.
– Тут у вас неподалёку на шоссе найдено тело мужчины. Вы чтонибудь об этом знаете? – спытаўся ён, гледзячы на мяне.
– Ніц не чулы, – адказала бабуля. – А шо то за він?
Бабуля патрабавальна разглядала хлопца праз свае тоўстыя акуляры. Той непрыкметна ўздыхнуў і пачаў расказваць.
Але стоп. На якой мове мне перадаваць тое, што тут у нас адбылося? Вырашыць гэта зусім не проста. Дабрацінцы гавораць па-ўкраінску – але іх мала; па-беларуску гаворыць дырэктар ТАА «Агравіталіка+» Віталь Іванавіч Чарота, пераселены сюды пасля Чарнобыля зпад Чачэрска – калі-нікалі на беларускай лапочаце і вы, мае чытачы; а пануе тут расейская мова. Чарота, або ўчастковы міліцыянер, або доктарка, або абласная газета, або баптысцкі прэсвітар могуць часам утачыць які-небудзь смачны ўкраінізм; малады поп і ягоная пападдзя – ніколі.
Паўкраінску гаворыць і зямля, але гэта вельмі і вельмі рэдка.
Вецер шуміць па-за межамі якіх бы то ні было моваў.
Так што вэлкам у нашу паліфанію.
Дык вось што расказаў малады ўчастковы.
Наша дабрацінскае агенцтва навінаў і галоўны ньюсмэйкер Лёніха – або тётя Маша, як называў яе участковы – адзначылася і на гэты раз. Учора, адвозячы на дачы малако, яна заўважыла на адхоне ля шашы такога Сівага – тыповага п’янтоса з дачнікаў, знаёмага многім. Ён ляжаў у трохі ненатуральнай нават для яго позе. Падышоўшы бліжэй і пабачыўшы, што ён мёртвы, Лёніха адразу вярнулася дамоў і па тэлефоне выклікала міліцыю, якая ў хуткім часе прыехала і высветліла, што памянёны Сівы быў пасланы ў магазін у Прылукі трыумвіратам такіх самых тыповых фігур, з якімі ён спажываў на сваёй дачы алкаголь, з прычыны заканчэння апошняга. Падобна было, што яго збіла машына. Усё гэта было запратакалявана яшчэ ўчора, а сённяшні візіт міліцыі ў Дабрацічы датычыўся таго факта, што ўдава Сівага заявіла аб прапажы ровара, на якім, нібыта, Сівы выправіўся ў апошнюю ў жыцці паездку – а ровара таго, калі прыехала міліцыя, каля яго не выявілася.
– Нет, ничего нам об этом не известно, Лёниха вчера к нам не приходила, – пацвердзіла я.
– Что ж, спасибо за воду. Вкусная. Пойду я, может, тётя Маша уже вернулась.
Хлопец нетаропка пайшоў, і неўзабаве ад Лёнішынай хаты, якая стаіць за асінавым гайком, данёсся лямант – Лёніха глухая на старасці год, бы даўбешка, таму ўчастковаму прыйшлося добратакі напружваць голас, каб дакрычацца.
– А хто? А што? – дапытваўся ўчастковы.
– Верыш, нікога не было! Верыш, не бачыла! Не, нікога там паблізу не было! Не бачыла ровара! – час ад часу даносіў да нас вецер адказы цёткі Мані.
Строга кажучы, гэты эпізод з участковым не меў да таго, што адбылося потым, непасрэднага дачынення. Ён не быў тым каменьчыкам, які зрушыў лавіну. Каменьчык гэты рэпнуўся недзе ў іншым месцы і ў іншы час. Але ён быў першай незвычайнасцю, першай неспадзяванкай, першай рысачкай у шэрагу дзіўнасцяў. Пасля яе неспадзяванкі пасыпаліся, пасыпаліся і вельмі хутка ператварыліся ў лавіну.