Читать книгу Рыбін горад - Наталка Бабіна, Н. В. Бабина - Страница 9
Ноч пасля дажджу
ОглавлениеНарэшце прайшоў доўгачаканы дождж. Пасля дажджу трэба абганяць бульбу, пакуль зямлю зноў не высушыла спякота. Наогул, гэта вельмі сур’ёзна. Гэта нашмат сур’ёзней, чым можа падацца карыстальніку інтэрнэту ці, скажам, топменеджару. Бабуля парывалася зрабіць гэта яшчэ сёння, і я ледзьве змагла яе стрымаць. Зімой бабулі выдалілі катаракту, і доктар папярэдзіў, што ёй трэба ўстрымлівацца ад цяжкой працы. Але сама яна не ўстрымліваецца, а ўстрымаць яе камусьці амаль немагчыма. Яна прывыкла рабіць усё сама, і ніякую работу не лічыць цяжкай. У выніку праапераванае вока час ад часу гнаіцца. Адзіны ж спосаб устрымаць яе ад працы – зрабіць усё самой яшчэ да таго, як бабуля пра яе падумае. Пра абгортванне бульбы гаварылася ўжо даўно, чакалі толькі дажджу. Сёння я не паспела ўзяцца за бульбу, бо займалася пад наглядам і кантролем бабы праполкай і перасадкай буракоў, што таксама было пільнай паслядажджавой работай. Таму заўтра з раніцы, пакуль я буду варыць сняданак, я ведала, бабуля з матычкай пацягнецца на гарод, і яе вока зноў заплыве гноем. Прадухіліць гэта можна толькі адным спосабам – абгарнуць бульбу ноччу.
Вось чаму, скрадаючыся, каб не разбудзіць бабулю, і абліўшыся добрым літрам вадкасці супраць камароў, гадзін у адзінаццаць я выйшла з хаты.
Да гародаў, якія дабрацінцы маюць на добрай, за стагоддзі нанесенай шматлікімі паводкамі Буга зямлі зусім побач з мяжой, трэба прайсці трошкі лесам. Няма нічога лепшага за месяцовую ноч у Дабрацічах. Поўня залівае свет моцным фантастычным святлом, серабрыстае ззянне мяжуе з густымі ценямі. Пяскі нагадваюць пра Алжыр і ружы пустыні, а трава ў нізінах – пра ілюстрацыі да чарадзейных казак. Такая ноч – не толькі нешта само па сабе каштоўнае, яна дадасць сэнсу і твайму досыць пустому існаванню.
Матычку я яшчэ днём прыхавала ў баразне. Паводле маіх разлікаў, на загон мне хопіць гадзіны чатыры-пяць. Месяцовага святла было цалкам дастаткова для маёй работы. Я адшукала матычку і ўзялася за працу. Чуваць было, як на Бугу канцэртуюць жабы. Я старалася махаць раўнамерна, не спяшацца, бо баялася, што хутка стамлюся. Таму што шэйпінгу і басейна мала, каб добра працаваць у полі. Таму што няма ў мяне той загартоўкі, якую маюць цягавітыя дабрацінскія бабулі, няма той вытрымкі і спрыту. У дзевяноста год мая бабуля капала бульбу хутчэй, чым я ў сорак. Пад такія навучальныя роздумы я прайшла туды-назад пару барознаў ды спынілася адпачыць.
Тут з дарожкі па-за гародам пачулася пазвоньванне – нехта ехаў на ровары, і званок дрынчэў на выбоінах. Я адрухова прысела за куст парэчак – трапляць каму б то ні было на вочы не ўваходзіла ў мае планы. Тым больш што гэта была, як я разгледзела пры месяцы, цягавітая дабрацінская бабуля Лёніха. Куды ж гэта яна пнецца ноччу? Лёніха ехала даволі павольна, баялася, пэўна, упасці на начной сцежцы. Па сваёй звычцы яна нешта неразборліва мармытала. Нарэшце званочак аціх. Добра, што я паспела бухнуцца ў баразну, а то заўтра і Дабрацічы, і дачы даведаліся б, што Макрыньчына Алка выходзіць ноччу на поле і чаруе, і Лёніха прысягала б, што бачыла ў мяне ззаду хвост памерам з верацяно. Я Лёніху добра знаю.
Не паспела я перавесці дух, як на дарозе з другога боку гарода з’явілася яшчэ адна постаць, якая шыбавала ў супрацьлеглы бок. Наш знакаміты паэт Міхась Яраш ішоў хутка, мэтанакіравана, але разпораз аглядаўся, нібыта напалоханы. У месяцовым святле яго твар выглядаў надзвычайна белым. Здаецца, і гэты мяне не заўважыў. Перачакаўшы яшчэ трохі, я вылезла зпад свайго куста, перавяла дыханне і зноў узялася за матычку.
Аднак якое ажыўленне пануе ў Дабрацічах ноччу! Ніколі б не падумала. Цуд і дзіва. Навошта і куды папёрлася Лёніха сярод ночы? Не на любоўнае ж спатканне! Здаецца, час кахання для яе прайшоў. Не, цалкам верагодна, што яна яшчэ можа выйсці замуж (і гэта будзе ужо чацвёрты раз), але ж не будзе яна дзеля любасцяў раз’язджаць па начах на ровары! Дык куды яна паехала? А Міхась? Няўжо ж ходзіць да якой маладой дачніцы – у тым жа баку дачы? Цікаўнасць грызла мяне мацней за камароў, бо вадкасць ад цікаўнасці пакуль не прадаецца ў парфумерных аддзелах універсальных магазінаў, і цікаўнасць не губляе празрыстасці, нават калі табе пяцьдзясят.
Некалькі гадзін я рупна працавала, канцэрт на Бугу заціх, і начны спакой час ад часу парушаўся толькі дзіўнымі гукамі – недзе гудзеў гудок, нудна, працягла, на адной ноце, а потым абрываўся з падвываннем. Да такога гуку я звыкла з дзяцінства – так час ад часу гуло нешта на мяжы, мы, дзеці, звязвалі тады гэты гук з таямнічай «сігналізацыяй».
Поўня паступова сышла з зеніту, справілася і я са сваёй работай. Засталося яшчэ толькі некалькі караценькіх папярочок. Я здалёк пачула зваротны Лёнішын званочак, бо прыслухоўвалася, і загадзя грунтоўна схавалася за куст. Цяпер я не адрывала ад Лёніхі вачэй увесь час, пакуль яна ехала ўздоўж нашага гарода, і разгледзела, што на багажніку яе ровара прымацавана нейкая вялікая валіза… Але тут маё сэрца стукнула і спынілася: проста насупраць мяне за мяжой, на нейтральнай паласе, у хмызняку стаяла нешта… нехта… не, пэўна, усё ж нешта – высокая, вышэй за чалавечы рост, фігура ў нейкім белым балахоне, з чорнай плямай замест твару. Гэтае нешта глядзела ў наш бок! Лёніха, нічога не заўважаючы, праехала. Белы прывід ціха адступіў і растаў у тумане, што расплываўся ад Буга.
Застыўшы, я адчувала, як жах, не варты пяцідзесяцігадовай кабеты, але ад гэтага не менш разбуральны, плюшчыць ды расчыняе мае вантробы. Хто або што ж гэта магло быць!? Акрамя адказу «смерць», нішто іншае не прыйшло мне на розум. Менавіта так выглядае смерць паводле дабрацінскіх меркаванняў, так мы ўяўлялі смерць у дзяцінстве, так я ўяўляю яе і цяпер: гіганцкая жанчына ў белым, з велічным і жахлівым чорным тварам, праўда, яна мае быць з касой, але, можа, я не заўважыла касы праз цемру! Ногі пабеглі самі. Як мага хутчэй пайсці адсюль! Чалавек на нейтральнай тэрыторыі ноччу не мог знаходзіцца па вызначэнні, там наогул нікога не магло быць ноччу. Ды і выгляд у яго быў нечалавечы! Гэта істота з таго свету! І яна прыходзіла або па мяне, або па Лёніху! І прыйдзе яшчэ! Так і гавораць: смерць абавязкова спачатку паказваецца, а ўжо потым забірае з сабой.
Я шпарыла дахаты, усім сэрцам жадаючы як мага хутчэй схавацца ў надзейным цяпле дому, і ледзьве паспела затармазіць ля плота. У шэрым святле ранку, які збіраўся пачацца, у час, калі зацятыя грыбнікі ўжо выходзяць з дому з ліхтарыкам, я пабачыла: у акно нашага дома заглядаў чалавек. Хлопец з кароткай стрыжкай, у цёмнай куртцы. Пасля перажытага шоку на гародзе я нават не спалохалася – ужо гэта, несумненна, быў не прывід, а чалавек, і нават меншы за мяне ростам. Не вагаючыся, я штурхнула брамку. На гук ён павярнуўся, перапалохаўся (відаць было па выразе твару) і адразу ж кінуўся наўцёкі. З гарачкі я пабегла за ім.
У нашым плоце тры брамкі: у гарод, да станцыі і «ў грыбы». Ён выбег праз тую, што «ў грыбы», і, пакінуўшы яе адчыненай, знік за дрэвамі. Я зачыніла брамку і засунула засаўку (хаця ад чаго гэта памагло б, спытаюся я зараз), забегла на веранду ды замкнулася на кручок. Абышла дом, упэўнілася, што ўсё мірна і ціха, вярнулася на кухню, яшчэ раз праверыла кручок на дзвярах і кінула позірк на кававарку. Трэба было падумаць.
Я вырашыла, што зараз бы мне не зашкодзіў глыточак чаго-небудзь больш моцнага, чым кава. Калі дакладней, з’явілася нагода так вырашыць. Думка пра глыточак моцнага мільгацела ў галаве ўжо даўно. Некаторы час я вагалася, але потым махнула рукой. Бабуля вяла строгі ўлік запасам алкаголю ў доме, які ўвесь прызначаўся на экспарт: за каня і гасцям. Аднак у мяне было пару бутэлек віскі з д’ЮЦІ фры, якія я прывезла з сабой на выпадак прыёму гасцей, якіх не задаволіла б «Беларусь сінявокая» з аўталаўкі. Павагаўшыся, я скруціла галаву адной з іх і добра-такі пляснула ў малінкоўскую шклянку. Бухнулася на лаўку і хутчэй сербанула са шклянкі, каб перабіць згрызоты сумлення. Бо ў глыбіні – а нават і на паверхні – гэтага самага сумлення я ведала, што мне піць нельга.
Калі шклянка апусцела, я ўжо глядзела на свет нашмат больш аптымістычна. З глыбіні алкагольнага ап’янення, як гусь з калюжыны, я задаволена высунула галаву і мірна радавалася.
Ну сапраўды, што ж такога асаблівага адбылося ў гэтую ноч пасля дажджу, якую я правяла на гародзе? Ды нічога! Лёніху і Міхася я наогул адкінула ад разгляду: ну, быў у людзей клопат, хай сабе і ноччу. Абаіх я ведаю настолькі добра, што падазраваць іх у нечым дрэнным проста не магу. Не, цалкам верагодна, што Лёніха цягалася куды-небудзь з не вельмі добрапрыстойнай мэтай (варажыла на полі Макаручкі, каб у той не радзіла бульба, даіла таемна кароваў з калгаснага статку, што стаяць табарам ля Хутара…), а Міхась, здольны як паэт хутка і моцна закахацца, сапраўды ішоў да якой маладой дачніцы, але гэта не мае да мяне ніякага дачынення і застаецца іх прыватнай справай.
Што ж датычыць прывіда за мяжой, дык гэта, напэўна, быў сапраўды прывід, то бок мне падалося. Я ўсё ж жыву ў ХХІ стагоддзі і маю вышэйшую адукацыю. Прывідаў не бывае. Яго там і не было. Прымроіўся ад празмернай стомы ды бяссоннай ночы. Чалавек жа ля акна – таксама дачнік, законны спадкаемца Сівога, заўзятар алкаголю і таго, што дрэнна ляжыць, гнаны гэтымі жарсцямі, шукаў магчымасці іх наталіць. Дробязь. Такіх цяпер хмары. Як машкары.
Стукнулі дзверы. Бабуля, абапіраючыся на кіёк і папраўляючы акуляры, выйшла на кухню і выказала здзіўленне, што я ўжо не сплю. Я, зрабіўшы пэўны высілак, сфакусавала позірк і спыталася, што сёння варыць. Бабуля прапанавала боршч з буракоў і картоплю і пайшла адчыняць курнік.
Такім чынам, усё стала на месцы. Закрычалі, вырваўшыся на волю, куры. Пырснуў у акно першы на сёння прамень сонца. Пачалася раніца.
Але як сварылася бабуля, калі даведалася, што я ноччу абгарнула бульбу! Як ганіла мяне, што цягаюся па начах па лесе! Гэта нагадала мне яе лепшыя гады.