Читать книгу Рыбін горад - Наталка Бабіна, Н. В. Бабина - Страница 13
Першае знаёмства з Кукалем Іванам Мітрычам
ОглавлениеБольш за ўсё наступным ранкам мне хацелася выспацца. Паспаць. Вось выцягнуцца і спаць, спаць, спаць. Даць адклякнуць напятым нервам. Даць спакой целу. Але гвардыя на двары не здавалася і патрабавала свайго ўжо на досвітку; стогнучы, прыйшлося паднімаць сябе з ложка. Куры выляталі з курніка, як дурныя; гусі шалёна гагалі; качкі кракалі; трусы абураліся моўчкі, толькі выразна шморгалі насамі; а калі я яшчэ ў паўсне адчыніла хлявок, свіння ўсчала такі пранізлівы віскат, што я была на мяжы таго, каб забіць яе на месцы сваімі рукамі. Забіць… Гэтае слова ўтыркнула мяне ў рэчаіснасць, як у разетку. У доме адбылося забойства, незразумелае, але яўнае.
Бабулі больш няма.
– Усё засыпана яблыкамі, – Улянка прыпёрла два агромністыя кашы белага наліву і вываліла ў кутку веранды. – Чатыры дні не збіралі, зямля белая.
Я пачала насякаць буракі, мяшаць крупы і ставіць на газ дробную бульбу.
– Чаго гэта ты так рана ўсхапілася? Я дык, каб магла, то і не ўставала б. І трэ было жыўнасць выпусціць, калі ўжо ўстала.
– Не думала, што забаўлюся ў гародзе. Можа, кавы?
– Давай. Усё роўна спаць ужо не лягу.
– А потым трэба яблыкамі заняцца. Не прападаць жа ім. Давай я займуся сняданкам, а ты, можа, пайдзі памыйся, а то глядзець страшна. Дастань з гарышча тыя радны, на якіх баба сушыла яблыкі, – крыкнула яна мне ўслед, калі я ўжо ішла да рукамыйніка.
Рукамыйнік, якога датыкаліся бабуліны рукі. Яе лаўка. Карані дрэваў на сцяжынках, па якіх яна хадзіла. «Зарастуць мае чорныя сцежкі», – часам казала яна, гледзячы ўдалячынь. Няўжо так і не даўмеецца ніхто, навошта мы ўсе топчам чорныя сцежкі?
Запахла кавай, якую запарыла Уляна, узяўшы з новага, прывезенага з Берасця, пачка.
А на гарышчы пахла даўніной. Павуцінне і пыл. Па кутках ляжалі нямногія лахі, якія бабуля не лічыла патрэбным паліць: грунтоўныя кросны, некалькі старых польтаў, тоненькая каета, з якой хадзілі ў школу, пэўна, гадах у 20-х… Я перабірала старыя рэчы і міжволі працягвала думаць пра бабу. Яна была чалавекам яркім, неардынарным, багата адораным… У такіх людзей заўсёды знаходзяцца і ворагі… Ну і што, што ёй амаль сто было, ну і што, што жыла яна, не выязджаючы з Дабрацічаў… Тут таксама кіпяць жарсці… Не, бачыць Бог, гэта нават больш рэальна, чым дапусціць, што атрута ў каве была прызначана мне. Госпадзе, ці ж я каму патрэбная?! Ці, дакладней, каму я да такой ступені непатрэбная? Смешна! Вядома, я бесталковая, але што нікому не перашкаджаю – то напэўна. Яшчэ больш недарэчна лічыць, што нехта хоча смерці сястры. Вось у каго не можа быць не тое што ворагаў, а нават нядобразычліўцаў… Яе любяць усе, каго я знаю. Яна чалавек, чалавек са стрыжнем, чалавекплячо, на якое можна заўжды спярэцца. Камертон, па якім правяраюць дакладнасць гучання ноты. Не, немагчыма паверыць, што яе нехта намагаўся знішчыць.
Запыленая бутля-гамза… У тыя часы, калі знайсці бутэльку, як і абгортку ад цукерак, было раскошай і ўдачай, мы заўсёды бралі яе ў поле, яе было зручна насіць – яна аплецена дротам і з дроту ж зроблена пятля-ручка. Захаваўся нават корак – нейкая туга скручаная паперчына. Я выняла яе. Пад пальцамі разгарнуўся зжаўцелы ліст са сшытка, на якім у паўцемры праглядаўся малюнак. Я падышла да акенца. Гэта мой дзіцячы малюнак? Улянчын дзіцячы? Не. Так малявалі дарослыя ў сярэднія вякі: добра прамаляваныя дэталі, але лініі трохі касыя; многа дэталяў, але прапорцыі парушаныя; маляваў, напэўна, дарослы чалавек, мусіць, нават здольны, але які ніколі не вучыўся гэтаму, нават аловак рэдка трымаў у руках… Там была выява маладога чалавека; каржакаватага, з носам, у кепцы. Прамаляваны каўнер кашулі, гузікі, набойкі на абцасах чобатаў. Рукі тоўстыя, моцныя. Вельмі падобны чалавек і на адвароце. Я прыгледзелася: выцвілы надпіс, некалькі разоў імя: Stepan.
А ніжэй польскімі літарамі, але ўкраінскімі словамі:
Sonce nyzeńko
Pryсhodź, serdeńko
Tody pryjdesz
Jak Lalku prożenesz
Пісала наша баба, здагадалася я. А намаляваны, значыць, той самы Сцяпан. Лёніха, гэтае дабрацінскае інфармацыйнае агенцтва і архіў разам, данесла да нас калісьці гісторыю кахання і здрады, героямі якой былі наша тады яшчэ маладзенькая незамужняя баба, такая ж маладзенькая Лялька і гэты Стэпан. Па словах Лёніхі, Сцяпан і наша баба кахалі адно аднаго і хацелі пабрацца, але потым Лялька адбіла Сцяпана – проста дзеля інтарэсу, ён быў у яе васямнаццаты. Хутка Лялька яго кінула, ён паспрабаваў вярнуцца да сваёй Макрынькі, але яна яго напёрла і выйшла замуж за нашага дзеда Васіля, аднак ніколі ў жыцці Ляльцы не прабачыла. Сапраўды, колькі помню, яны сварыліся, наша баба і баба Лялька… Баба Лялька цяпер бязногая – яе разбіў параліч; у адрозненне ад нашай бабы, яна і ў старасці захавала мілавіднасць; у яе мяккія карыя вочы і зморшчыны, якія Гогаль назваў бы гарманічнымі. Але за гэтай мілавіднасцю крыецца характар не менш моцны, чымся ў нашай ведзьмы.
– Ну і што ты ёй скажаш? – паціснула плячыма Улянка, калі я паказала ёй знойдзеную на гарышчы цыдулу і прапанавала схадзіць да бабы Лялькі. – Чы то нэ вітэ, баба Лялька, атруцілі нашу бабу? Песня пра Грыця нейкая…
– Грыця – не Грыця, але трэба ж, як кажа Толік, з чаго-небудзь пачаць! Можа, выйдзем на нейкую зачэпку, хоць якую! Ці так і будзем тут сядзець і чакаць у бяздзеянні? Я хачу знаць, хто гэта зрабіў і навошта! І потым, ты не думаеш, што атрута можа яшчэ дзе з’явіцца ці яшчэ якая трасца адбудзецца?
– Ну добра, сходзім, толькі давай спачатку яблыкі спарадкуем. Але яна нават не можа хадзіць, баба Лялька. Не, гэта ахінея, немагчыма.
Парадкаванне яблыкаў зацягнулася, бо іх быў мільён, а Улі мусова было перапрацаваць усе. Потым трэ было зноў карміць жыўнасць, парадкаваць хлеў – свіння нарыла горы… Выбраліся, калі ўжо павярнула на вечар.
Хаціна Лялькі не так далёка ад нашай, з другога боку пагорка. Каб прайсці да яе, трэба мінуць маёнтак, які нядаўна набыў пад дачу ў нашчадкаў старога Дзяніса нейкі венеролаг. Цяпер тут дым каромыслам: хату абклалі цэглай, надбудавалі другі паверх, прырабілі абавязковую лазню, сярод двара красуецца басейн, з якога б’е фантан. Тут бегаюць дзеці, пахне шашлыкамі, стол ломіцца, вецер трэпле над ім яркі тэнт. Мы прайшлі ўздоўж плота з рабіцы. Ляжкастыя жанчыны загаралі ў шэзлонгах, мужчыны, якія ведаюць, навошта жывуць, пілі піва. На цаглянай сцяне вісеў вазон з піскам сезона – малінавай сурфініяй.
Ляльчына хата стаіць якраз насупраць. На двары валяецца сухая вужыная шкурка; чорнае драўлянае кола прарастае палыном ля калодзежа. Старая Лялька і яе дачка Лялька таксама абедалі – яны сядзелі на загаце, а на сподачку паміж імі ляжала нарэзаная і пакрашаная алеем цыбуля; яшчэ быў хлеб. Прысмакі, якія мы прыхапілі і якія выступілі нагодай для нашага візіту – маўляў, прынеслі бабе, якая праз бязногасць не магла прыйсці, з памінак куцці, а разам з ёю і яшчэ таго-сяго, – былі тут яўна дарэчы.
Баба Лялька сустрэла нас сардэчна і ветліва; яна так заўжды ўсіх сустракае. Яна пакланілася нам са сваёй загаты і падзякавала, пасадзіла каля сябе і пачала распытваць, але хутка я пабачыла, што нам лепш пайсці: яны абедзве – і Лялька-старая, і Лялька-маладая – былі папросту галоднымі. Голад дасюль быў з імі заўсёдна, як з ісціннымі дабрацінцамі. Але дабрацінскі кодэкс не дазваляў паказваць, што галодны, не дазваляў есці ў прысутнасці чужых.
Лялька-старая валодала сабой лепш, а вось Лялька-маладая з прастадушнасцю вар’яткі не зводзіла вачэй з місак з катлетамі і халадцом. А яна – сапраўды вар’ятка; яна наша раўналетка; зімой і летам туляецца ад бар’яка да бар’яка; у хустцы, зпад спадніцы відаць сарочку з засохлымі крывавымі плямамі; твар густа намазаны бураком або абсыпаны радыкальна ружовай старызнай пудрай. Яна ўвесь час засяроджана думае пра нешта, але гаворыць, пра што б яе ні спыталі, заўжды толькі два сказы: «У тую нядзелю мы былі ў царкве. І ў тамтую нядзелю». Яна штонішто разумее, дапамагае маці: капае і поле гарод, корміць курэй, але ёй трэба казаць. Сама б яна нават вады не выкруціла. Іншых дзяцей, акрамя гэтай нябогі, у бабы Лялькі ўжо няма.
Улянка цішком падапхнула мяне локцем у пуза, і я ўжо памкнулася ўставаць, але раптам мізансцэна змянілася.
Чорная дарагая машына – здаецца, гэта быў «мерсэдэс» – падкаціла амаль бясшумна і спынілася. Адчынілася задняя дзверка, і на пыльную, выпаленую бязлітасным сонцам траву Ляльчынага падвор’я ступіла бездакорная, ідэальна чыстая лакірка, бліснуў шаўковы полыск калашыны – выйшаў мужчына.
Колькі ўсяго было наканавана мне перажыць праз яго! Госпад Бог, напэўна, па смерці памесціць нас недзе побач.
Вельмі прыгожы; моцныя, поўныя сілы і думкі рысы. Твар вельмі плаўна пераходзіць у шыю, а сілуэт моцнага цела трохі шыракаваты праз паўнату. Зрэшты, паўната не празмерная, відаць, што яе трымаюць у запланаваных межах.
Гэты чалавек адыграў мо найважнейшую ролю ў маім жыцці. Твар у яго быў смуглявы, як бы злёгку абпалены гарачым ветрам, і цяпер паветра абвявала яго інакш, чым іншых.
– Добрый день, – спакойна павітаўся ён.
– Добрага здароўя, – троху насцярожана адказала Улянка.
– Меняа заавут Иван Митрич, – незнаёмец гаварыў, канечне, па-расейску; адны галосныя ён каўтаў, а іншыя трохі расцягваў. – А вы, надо думать, Ульяна и Алла? У меня к вам дело, я заезжал счас к вам, но вас не окзаалось, – ён павёў рукой у бок нашай хаты. – Удачно, что вы тут… Ну что, бабшка, наадумалась? – звярнуўся ён да Лялькі.
– А мой ты сынку! То ж я ніц ня знаю! Я ж стара, я ўжэ тут паміраць буду.
– Бабшка, я же тебе всё об’яснял! От ведь старуха, толкую-толкую ей, да толку нет, – павярнуўся ён да нас. – Цяжка са старымі, – ён добразычліва пасміхнуўся. – Вось людзі, – ён кіўнуў на насельнікаў суседняга двара, якія ўсе пільна глядзелі ў наш бок, – нармальныя, разумныя, з імі мы адразу дамовіліся.
Венеролаг, відаць, прыняў жэст Івана Дзмітрыевіча як заклік падысці і адразу заспяшаў да нас.
– Рэч вось у чым: я хачу выкупіць усю гэтую зямлю, – Кукаль шырока павёў рукою. – З пагоркам, крыніцамі, дубровай. Вашыя ўчасткі таксама. Плачу добрую цану. Ідзі, я зараз падыду, – адаслаў ён назад венеролага, і той паслухмяна павярнуў. – Я пабудую тут дом адпачынку. Якая будзе ваша цана?
– Не будзе нават мовы ні пра якую цану. Наш дом не прадаецца, – здзіўлена адказала Улянка.
– А ты што скажаш? – спытаў ён мяне.
– Папрашу звяртацца да мяне на вы.
– Я заплачу вельмі добра, можаш спытаць вось у іх, – і ён зноў паказаў на дом з сурфініяй на сцяне. – Сто тысячаў. Ну, дамовіліся?
Лялька-маладая не вытрывала, дастала з міскі катлету і пачала есці; яна заплюшчыла вочы, зрабіўшыся падобнай да расліны, якую паліваюць у спёку.
– Ты сумасшедший? – спытала Уляна.
– Я дзелавы чалавек. Мне трэба гэтая зямля. Сто дзесяць. Падумай, якія грошы, – ён як ацэньваючы акінуў вокам Уляну, – ты столькі за ўсё жыццё не атрымаеш. Уяўляеш, колькі за іх можна купіць? Гэта ж багацце, спадчына для дзяцей.
Кукаль гаварыў спакойна, ветліва, хоць і на «ты», але Улянка пачала закіпаць.
– Мае дзеці – не твой клопат. Дом не прадаецца, я ж сказала.
– Паслухай, ну гэтая старая розум згубіла, але ж ты ж сучасны чалавек? Чаго ўпарціцца? Купіце сабе многа лепшы дом у іншым месцы.
– Сам купі сабе дом у іншым месцы.
Ён прыўзняў брыво. З машыны выйшлі два высокія маладзёны; як у дурным фільме, далібог. Але голас Кукаля пакуль заставаўся роўным. Рухам стомленага чалавека ён пацёр лоб.
– Падумайце. Ну, застаняцеся вы тут… Якая вам карысць будзе сядзець пад плотам дома адпачынку? Адпачывальнікі, тое, гэтае, шум, гам… Падумайце над маёй прапановай. Тут будзе вялікі комплекс. Вось там – галоўны корпус, тут – бар, абсталюем крыніцу як след, купал надбудуем, расчысцім…
Трохі далей за пагоркам стаяў дом бацькі Толіка. Стары Ёвік даўно памёр, Толік жыў у прымах у Страдзічах, але тут трымаў гарод. Мусіць, пачуўшы ляскат дзверак, ён вызірнуў з хлява, дзе нешта парадкаваў і заспяшаў да нас, як быў, з віламі ў руках.
– Што ж, давайце так дамовімся, – падвёў рысу Кукаль. – Я дам вам на роздум дзеньдругі, але не цягніце, мне час дарагі. Не забывайце, грошы – яны ўсеагульны эквівалент, а з домам усякае можа быць… Ён старэе, рассыпаецца, шашаль яго точыць, згарэць можа, ці мала што…
Ён няспешна павярнуўся і, так і не падышоўшы да венеролага, больш не зірнуўшы ў наш бок, сеў у машыну, і «мерсэдэс» ад’ехаў.
– Тоўсты зноў наконт куплі дома прыязджаў? – пацікавіўся Толік, падыходзячы.
– Ты яго ведаеш?
– Бачыў. Бачыў, як ён прыязджаў да вашай бабы і яна яго адшыла – помніш, я гаварыў на памінках? – бачыў, як прыязджаў да бабы Лялькі – добрага здароўя, баба! – чуў, як яна прыкідвалася дурніцай…
– Што за ён?
– Дык бізнэсмен. Круты. У яго бізнэс у Берасці, рэстараны, месцы на рынку… Але, гавораць, асноўны даход яму прыносяць наркотыкі і прастытуцыя. Ён тут у нас асоба вядомая. Кароль. Ну і чагосьці ўцямяшылася яму купіць тут зямлю.
– І да цябе прыходзіў?
– Не, наш участак яму не патрэбны. Вось тут, на пагорку, каля крыніцаў ён хоча будавацца. Дом адпачынку, а на самай справе, гаварылі хлопцы на рабоце, будзе бардэль.
– Што-оо?
– Бардэль. Блядзюшнік.
Няма словаў, маўчанне.
– А што ж міліцыя, улады? – спытала я няўпэўнена.
Толік толькі паціснуў плячыма.
Лялька-маладая ўзяла з міскі кавалак шынкі.
– Ведаеш, – сказала Улянка, калі мы вярталіся дадому, – а вось у гэтага Івана быў матыў жадаць бабінай смерці. Магу сабе ўявіць іх размову з бабуляй. І, здаецца, ён з тых, каго сумненні і сумленні не мучаць.
– А сёння ў яго, як я разумею, з’явіўся матыў жадаць і нашай смерці. І гэта ўзаемна.
Узаемна? Я крывіла душой, праўды няма куды падзець.
На Іванавым твары адбіліся тайныя знакі. Ёсць твары пустыя. Ёсць твары, поўныя цяжкога насення. А ёсць твары, на якіх адбітыя тайныя знакі. Гэтыя – самыя прывабныя. Вось такі твар у Івана. Твар, пастава, непустыя вочы – я заўсёды рабіла выснову пра людзей з першага погляду. Мала хто з першага погляду спадабаўся мне так, як Іван. Канечне, мы не прадамо яму дом, але навошта Уляна гаварыла з ім так рэзка?
У чалавека з такім тварам можна закахацца, больш за тое, яго можна кахаць, – думала я, верная мужава жонка, моўчкі ідучы далінай побач з сястрой. Не веру ў тое, што пра яго плявузгаў Толік. Проста яму зайздросцяць.
Калі мы прыйшлі дадому, Улянін мабільнік, які яна забыла, надрываючыся, аж скакаў па кухні, а да плота падрульваў Ленчын бусік.
Улянка вярнулася ад тэлефона задуменная, патлумачыла:
– Мне трэба заўтра на адзін дзень у Менск, тэрмінова выклікаюць.
– Ну дык чаго ты кіснеш? З’ездзі, калі трэба.
– Нt хочацца тут вас пакідаць.
– А што, ёсць нейкія навіны? – пацікавілася Ленка. – Што тут у вас увогуле? Як справы?
– Ды без асаблівых пераменаў, – паціснула я плячыма, – можна сказаць.
– Ох, трэба пагаварыць, – Ленка зірнула на гадзіннік, – маю дзесяць хвілінаў. Перш за ўсё, Алка, ты больш неапазнаных лятальных аб’ектаў не бачыла? Ну там, смерці ці яшчэ якой жанчыны ў белым?
– Можаце лічыць мяне вар’яткай, але, калі ласка, не ў вочы! Гэта не глюкі! Я не была тады п’янай, я потым выпіла. І я бачыла нейкую мумію на мяжы. І хопіць ужо, Уляна, выстаўляць мяне на пасмешышча і рабіць з мяне дуру.
– Чаго ты расхадзілася? Я перадала Ленцы тое, што ты расказвала, яна спытала ў цябе… Хто тут робіць з цябе дуру? Ды нас тут ужо горшы за жанчыну ў белым візітант наведаў, – сястра павярнулася да Зарніцкай. – Гэты ўжо і мне ў вочы кінуўся.
– Літаральна? – узняла бровы Зарніцкая.
– Пакуль не, – і Улянка расказала пра размову з Іванам Міітрічам.
– Значыць, гэта праўда, – спахмурнела Ленка. – Мне казалі, што Кукаль хоча будаваць недзе цэнтр адпачынку, і я нават бачыла праект… Шчыра кажучы, нават чула, што ў Дабрацічах…
– Дык ты яго ведаеш? І ў яго сабак лечыш?
– У яго жывёлаў няма, але жыць у Брэсце і не ведаць Кукаля немагчыма.
– Раскажы.
– Ды асабліва няма чаго расказваць. Багаты. Заснаваў прэмію «Брастчанін года». Катэдж у яго ў Вычулках. Праўда, чуткі пра яго розныя ходзяць. Аднойчы ў кампаніі чула, як адзін такі Куля даводзіў, седзячы ў лазні, што Кукаль – галоўны туташні бандыт, прычым бандыт, так бы мовіць, беззаконны.
– А Куля – гэта хто?
– Кулееў яго прозвішча. Таксама цаца. Ён, бач ты, бандыт законны, развіў там у лазні цэлую тэорыю пра тое, што ва ўсе часы, пачынаючы ад княжых цівуноў, існавалі людзі, больш ці менш набліжаныя да дзяржавы, якія дапамагалі ёй рэгуляваць фінансавыя дачыненні паміж людзьмі… І ён, маўляў, займаецца гэтым, бо гэта патрэбна грамадству.
– Дык ён як гэта, крыша?
– Менавіта.
– І цябе крышуе?
– Не, я яму не па зубах, але не ў гэтым справа. Куля вяшчаў, што, маўляў, Кукаль зусім расперазаўся, зрывае дамовы, не трымае слова… Што ён падабраў пад сябе – шляхам брутальнага збіцця і нават забойства – і рэкеціраў на мяжы, і путанаў на менскай шашы, і наркату, што ў прыгарадных вёсках, ён арганізаваў немалую сетку прытонаў… Што з гэтага ўсяго, а зусім не з рэстаранаў і не з рынку, цякуць яго вялізныя даходы. Куля нават цішком распавёў, што менавіта Кукаль – замоўнік забойства Радыёнава. А, вы ж не ведаеце, мінулай вясной у нас адбылося жорсткае забойства: начальніка гарадской міліцыі Радыёнава знайшлі разам з маленькім сынам забітымі ў Льнянскім лесе. Забойцаў, канечне, не знайшлі, але пасля гэтага ў газетах перасталі з’яўляцца артыкулы пра тое, што вось мытнікі зноў знайшлі партыю наркотыкаў, а міліцыя накрыла відэацэнтр дзіцячай парнаграфіі…
Мы маўчалі. Шумелі сосны. Што тут будзеш гаварыць? Што тут скажаш? Зло віравала; ці быў Кукаль яго ачольнікам, ці не быў, а зло віравала, танчыла, балявала, падбіраючыся да нашай зямлі, якую Кукаль назваў грунтамі. Я б і саступіла, але побач са мной, на шляху гэтага дзікага танца, на парозе гэтай бальнай залы, стаяла сястра, і я ведала, што яна якраз не адыдзе. Ну а калі так, то і я буду побач з ёй.
– Не, Кукаль не падсыпаў бы ў каву кардыёстым, – пахітала галавой Ленка, калі Улянка прапанавала ёй гэтую версію. – Нават калі лічыць, што ён на такое здольны. Ён папросту падаслаў бы каго са сваіх ахоўнікаў – а іх у яго досыць – з нажом ці пісталетам – і справе канец. Хутка і надзейна. Тут нехта знаёмы, нехта, хто ведаў асаблівасці стану вашага здароўя…
– Але навошта? На якую халеру?
– А гэта ўжо, дзеўкі, не ў мяне пытайцеся, а ў сябе.
– Чуеш, а чаго ён так учапіўся за Дабрацічы, гэты Кукаль? Чаму яму менавіта тут закарцела будавацца? – спытала Уляна.
– А я знаю? У багатых свае капрызы: вось заманулася, і ўсё. Месца ля мяжы, недалёка ад трасы – на кліентаў спадзяецца. Дальнабойшчыкі там розныя, турысты… А можа, радовішча тут адшукаў нейкае. Нафту. Дык хоча купіць зямлю, пакуль ніхто не дазнаўся, я ведаю?