Читать книгу Рыбін горад - Наталка Бабіна, Н. В. Бабина - Страница 12
І бранілся непотребно, ібо бысть упоен владою…
ОглавлениеМой Толік.
Да замуства справа не дайшла. Пасля школы мы з Улянкай папёрлі ва ўніверсітэт, а Толік – у войска. А на другім курсе я ўжо не лічыла, што Толік – маё наканаванне. А на трэцім з’явіўся Антось. Не магу сказаць, што я ніколі не задумвалася, як бы магло пайсці маё жыццё, калі б я не праігнаравала аднойчы запрашэння ў Прылуцкі клуб на танцы… Але, як бы там ні было, я яго праігнаравала.
Цяпер Толік працуе трактарыстам. Больш за тое, ён трактарыст. Трактарыст. Ён усё забыў. Страшэнны алканаўт; сёлета, як я чула, ён выправіў сына вучыцца ў эканамічны ўніверсітэт у Менск, прычым на платнае. Твар у яго загарэлы да чырвонабурага, а зморшчкі настолькі рэзкія і глыбокія, што дна іх не відаць. Ён вялікі, але ўжо патроху стоптваецца ростам і звужаецца ў плячах. Гандзя, ягоная жонка, актыўна робіць з яго гаспадара цяпліцаў, свінукоў і пальмэтных яблыняў.
Валіка час змяніў менш. Ён – брыгадзір; раней у калгасе «Шлях Ільіча», цяперака – у ТАА «Агравіталіка+». У ім больш засталося ад таго хлопчыка, з якім мы хадзілі ў школу: круглы свежы твар, усмешка… Толькі тады ён быў з першых гарэзаў і свавольнікаў, а цяпер набыў нейкую задуменнасць і закарэў. Раз’язджаючы па ваколіцах на сваім возе, ён ляжыць на сене вальяжна, з форсам, рыхтык як калісьці ягоны дзед. А на службовай «ніве» ездзіць не любіць і амаль ёю не карыстаецца. Не мае куды спяшацца, тлумачыць.
Як ні дзіўна, але я ўзрадавалася. Нягледзячы на пахавальны дзень, я ўзрадавалася, калі, заглушыўшы матор, ляснуў дзверкамі трактара Толік, а Валік, злезшы з воза, грунтоўна прывязаў лейцы да слупка брамкі.
Пакуль мы з Улянкай спускаліся ўніз, спусцілася за Буг і сонца. Зніклі чырвоныя водбліскі; ноч, пакуль што ў сінім, падбадзёрыўшыся, ступіла смялей.
– Не змаглі раней, – яшчэ ад плота гукнуў Толік. – Чарота сказаў: «Што хочаце, а не пушчу! Я і сам мусіў быў пайсці развітацца з Макрыняй Лукашаўнай, але ж надвор’е чакаць не будзе. Нябожчыца сама была гаспадыняю, яна нам прабачыць. Звязем сена – разам на магілу сходзім».
– І праўда ж, хмара за Бугам стаяла, – дадаў Валік, падыходзячы. – Але бач ты, холадам працягло. А ўжо ж яго і трэ было б, гэтага дажджу. Тым больш, што сена сёння мы апошняе звезлі… Так што вы не крыўдуйце, што на пахаванне не прыйшлі. Ну ніяк не выходзіла.
– Што вы выбачаецеся, – махнула рукой Улянка. – Добра, што вось заехалі. Пойдзем дахаты. Вы рукі памыйце, а мы стол спарадкуем…
Мы з сястрой прыбралі талеркі, шклянкі і відэльцы, паставілі чыстыя прыборы. Толік з Валікам адцягнулі два лішнія сталы, і мы селі.
Днём мы з Улянкай не сядалі за памінальны стол. Там паднесці, там падабраць – трэ было паслугаваць людзям, што прыйшлі ў апошні раз да бабулі. Такая была наша задача на хаўтурах, і яна нам даўно, настойліва і падрабязна была ёю ж, бабуляю, расталкавана. Але цяпер вечар, цяпер іншая справа. Цяпер кожная страва скінутая з трох талерак у адну, афіцыйная частка скончылася.
Толік адкаркаваў бутэльку і, на імгненне замёршы над маёй чаркай, запытальна глянуў на Улю. Яна кіўнула, і ён наліў мне. Я на такія рэчы ўжо не рэагую, прывыкла – што будзеш рабіць, алкагалічка, сабой распараджацца не можа.
Цішыня. Цямнее за акном, голая лямпачка. Кожны раз на Вялікдзень у гэтым самым пакоі мы накрывалі на стол. Бабуля ніколі не сядала на пачэснае месца – заўсёды збоку, прыціснуўшыся да каго з дзяцей, але перад першай гаварыла заўжды яна. Звычайна ў вершах – простыя думкі, дзеяслоўныя рыфмы. А цяпер цішыня, і мы маўчым, трымаючы гарэлку перад сабой.
– Дык што я хацеў сказаць? – Толік устаў, чаго я ад яго не чакала. – Мо і не мне трэ было б першаму, але што ж… Я вось што сказаць хачу: першае, што я помню ў сваім жыцці – баба Макрынька. Ды вы ж ведаеце: калі мне было чатыры гады, я на плёсе біў лёд і праваліўся, а яна мяне выцягла. Выратавала. Дык вось помню: хапаюся пальцамі за ледзяныя брылы, а яны выслізгаюць, і то чорная вада перада мной, то белы снег і сіняе неба, і вось раптам мяне хапае за каўнер моцная рука, і я ўжо ляжу на снезе, мне не хапае паветра, а з рота ідзе пара… І яна мяне на рукі, і ўбягі…
Валік раптам засмяяўся і адразу ж сумеўся недарэчнага смеху:
– Ох, цябе яна пёрла ў чатыры гады, а мяне ў пяцьдзясят чатыры…
– Як так?
– Ды з месяц таму, вяртаўся аднекуль праз Дабрацічы, бачу – баба Макрыня цягне мех на спіне, ідзе, на кульбу спіраецца. Я з возу злез, кажу – дайце памагу! А яна праз свае акуляры прыгледзелася, пазнала і кажа: «А, Валічак! Спасіба, але я шчэ цябе пацягну, не толькі мяшок!» – «Няўжэ ж?» – «А от!» – Я смехам падышоў, яна мех зваліла на зямлю, а мяне падхапіла і падняла! Я, праўда, адразу саскочыў, але ад зямлі яна мяне адарвала… Дык памянём.
– А помніце, як яна гэтага тоўстага адшыла? – працягваў Толік, калі мы выпілі.
– Не было нікога ў Дабрацічах, хто б раней за яе ўставаў.
– Мой бацька расказваў, што яна адзіная з жанчынаў магла ўпраўляцца на жняярцы.
– А як яна білася з аграномам?
– А як павесіла шалёнага ката?
– І тапіла кацянятаў, і ганяла сабак, і біла дзяцей, што лазілі ў садок…
– Хто разумее бабулю, той разумее ўсё, – сказала Улянка.
– Якія незвычайныя словы, – заўважыў Валік.
– Гэта не мае, – азвалася Улянка.
– А твой, казалі, падаўся ў выбары? – павярнуўся да мяне Толік. – Рызыкоўны. Дык ты, мусіць, зараз паедзеш у Менск, дапамагаць?
З’ехаць у Менск? Такая думка дасюль мне не прыходзіла. Антон мяне не кліча, а самой напрошвацца… Тут застаецца бабіна хата, бабін сад, бабіна гаспадарка… Я іх не кіну. Адчуваю, што маю абавязак давесці іх да ладу. Адчуваю, што мушу разабрацца з тайнай бабулінай смерці – тут у Дабрацічах, дзе ўсё і адбылося.
Я паглядзела на сястру і пабачыла, што яна мяне разумее.
Пасля другой сястра коратка расказала хлопцам, што бабуля памерла праз тое, што нехта з невядомых прычынаў падсыпаў у каву кардыёстымфортэ.
– Няясна, навошта канкрэтна, для каго, – сказала сястра. – У такой дозе гэта атрута і для Алкі, і для мяне – для любога, у каго слабае сэрца. Але ўдарыла па бабе.
Насычаны гарэлкай Толік, ды пасля другой, не вельмі паверыў:
– Ого! Дык гэта ж дэтэктыў! «Забойства ў Дабрацічах», 1-я і 2-я серыі.
Ніхто не падтрымаў няўдалы жарт.
– У міліцыю трэба паведаміць, – прапанаваў Валік.
Мы з Улянкай пераглянуліся. У міліцыю? Што яны могуць зрабіць у той міліцыі? Калі і завядуць справу па спробе забойства, то будуць млява адпрацоўваць заробак, а праз нейкі час закрыюць справу праз недахоп доказаў… Каму памагла міліцыя? Ці ёсць наогул такія людзі, за выключэннем як у дэтэктывах, што круцяцца штовечар на расейскіх каналах?
– Не, міліцыю мы нагружаць не будзем, – пахітала галавой Улянка. – Там у іх іншых справаў хапае.
– Правільна! Нашто нам міліцыя? Самі разбярэмся! – у Толіку бушаваў энтузіязм алкаголіка, і Валік супрацьпаставіў яму скептыцызм здаровага брыгадзіра:
– Як?
– Трэба думаць! Трэба шукаць, каму выгадная смерць!
– Чыя? Бабы?
– І яе, і цябе, і цябе, – Толік падбароддзем паказаў на мяне і Улянку, якая ў гэты час адышла ад стала і села на канапу. – Трэба напісаць спіс тых, каму вы можаце перашкаджаць у нечым.
– А можа гэта ўжо… – пачаў быў Валік і сціх. – А што то была за кава?
– Звычайная кава, – адазвалася я. – «Якабс», «Крёнунг». Я яе часта купляю. Пачак быў пачаты, я некалькі разоў ім карысталася.
– А калі апошні раз?
– Дык вось не памятаю! Ужо думала, але не магу ўспомніць! За ўсімі гэтымі падзеямі выветрылася з галавы. Я ж часта каву п’ю. Мо ў той дзень зранку? Ці пазатым вечарам? Памятаю, Мішык да мяне заходзіў на тым тыдні, яго частавала, але, канечне, пасля гэтага яшчэ піла…
– Трэба шукаць матыў, – настойваў на сваім Толік.
– Ага, а потым высвятляецца, што забойца – акурат той адзіны, у каго матыву якраз і не было, – заўважыў Валік.
– Але ж трэба з чагосьці пачаць!
– Як бы там ні было, варта звярнуцца ў міліцыю. І павыкідайце, калі ласка, тыя прадукты, што былі ў вас адкрытыя, купіце новыя, – гэта не будзе лішнім у любым выпадку, – заўважыў Валік.
– Паслухайце, – нейкім змененым голасам раптам перабіла яго Улянка. – Паслухай, Алка, ты ведаеш, што ў цябе тут?
За размовай Улянка адрухова ўзяла са століка ля канапы адну з наваленых там тэчак і пачала рассеяна гартаць. Цяпер, трымаючы разгорнутую тэчку на каленях, яна глядзела на мяне з нейкім дзіўным выразам твару.
– Дык ты ведаеш, што ў цябе тут?
– Бадай ці не! Гэта дакументы з архіва, я збіралася з імі працаваць.
– А ты іх хоць праглядала?
– Не было калі. А што?
– Вось слухайце, – і Улянка павольна, каб мы лепш разумелі, пачала чытаць; дзіўныя словы асабліва гучалі ў цішыні вечара.
– «Протэстацыя месцича львовского пана Хрыстофа Сторымовича, цехмистра злотников, на пана Бартоша Костомлоцкого об нападе, обранене и уближене. Одбывалося в городе Берестью Великого княства Литовского дня 28 месяца Липца году господнего 1650. Перед нами, бурмистрами, райцами и лавниками, того дню на справах судовых в ратушу берестейском будучыми, изусно оповедал и скардзил мешчанин места его королевской милости Львовского цехмистр злотников Хрыстоф Сторымович пан Трызна на земянина воеводства Берестейского его милость пана Бартоша Костомлоцкого, господаря Костомлот и земель прилеглых, о том, што ж деи сего року месяца Липца 26 дня, пан Хрыстоф Сторымович, яко чоловек спокойный и никому ни в чом невинный и покоем права посполитого обварований жадной прыкрости и обельги, по своих справах был на реце Бугу, правым берегом шол, шукаючы певны пакунек, схованый там его отцом, паном Сторымой Трызной, гды пан Бартош Костомлоцкий нагле вкупе зе свыми холопами напал, и крваве пана Хрыстофа и бывших с ним людзи обранил и зранил, и прыгрозил забити, и крычал, же не дозволит прывлащать скарб, ктуры ведлуг праву посполитому належіт пану Бартошу Костомлоцкому, поневаж в ему належней земли ест схованы. На то пан Хрыстоф одпорал, же шукает не скарб, тылько певный пакунек небощыка свого отца, и показал таку цедулу, також тестамент пана свого отца, ктуры отец тему 2 лета назад вертался з Берестья до места Львовскего водой Бугом и коло млыну Костомлоцкага нападлы окрутныя апостаты гвалтовники, и имали все майно и забияли люди, аже вратунку не было, ино пред смертью пан Сторыма Трызна поспел заховати лар з клейнотами, ктуры мел з собой, в певнем месцы, и написал цедулу, ктуру цедулу слуга верный до Львува доставил и пану Христофу передал. Пан Бартош шаблею грозил, и бранился непотребно, ибо бысть упоен владою, а холопы киями и ланцухами, прымусили пана Хрыстофа цедулу отдати, а в той цедуле показано, где належит шукати лар з клейнотами. То пан Хрыстоф Сторымович Трызна досведчал, же ест наступца свого отца и просит панув бурмистров, радцев и лавников рачити прымусити пана Костомлоцкого повернуть цедулу и штраф поменёному Костомлоцкому присудити, а маючы в том великий жаль и крывду немалую, і хотячы з тым паном Костомлоцким у суду належного правне поступовати, просил, иж бы тое оповеданье и жалоба была до книг меских берестейских записана. Што ест записано».
Я перавяла дыханне і зірнула на хлопцаў. Валік мройна пасміхаўся, у Толіка блішчэлі вочы, а ўсмешка стала больш акрэсленай і шырокай. Прапалі без следу гэтыя пяцьдзясят гадоў, прапалі і калгас, і ТАА «Агравіталіка+», і нэндза, і клопат, не было ні абседжаных дачнікамі прыгоркаў, ні зялёных рапух у тэлевізары – тут сядзелі дзеці Дабрацічаў, і жыццё было наперадзе, а зямля ў гэты час стала празрыстай, як шкло, і адкрыліся скарбы – і не толькі кляйноты львоўскага ювеліра… Улянка глядзела на нас насмешліва – але відно было, што і яна, гісторык, якому не ў навінку трымаць у руках старажытныя паперы, уражаная.
– Ну як, усё зразумелі? – спыталася яна.
– Што ж тут не зразумець, – Толік шумна ўздыхнуў. – Нейкі ювелір плыў Бугам, на яго напалі бандыты…
– Рэкеціры, – удакладніў Валік.
– Ага, рэкеціры, а ён перад смерцю схітрыўся схаваць лар з каштоўнасцямі ды яшчэ перадаць сыну цыдулу… Запіску, значыцца, дзе той лар шукаць… А далей што было? Аддаў той пан Кастамалоцкі цыдулу? І што са скарбам?
– Тут больш нічога, здаецца, няма. Далей ідуць іншыя акты.
– І ўсё гэта адбывалася вось тут, паблізу! Не верыцца.
– А што ж ты думаў, што тут людзі не жылі? Не елі, не пілі, грошы не зараблялі?
– Цікавая ж твая работа, Алка! Гэта не на трактары гной вывозіць.
– Ды якая яна мая! Калі б Улянка не пачала праглядаць папкі, я б іх так нечытанымі назад і аддала.
Я зусім, трэба прызнацца, забыла пра дакументы з архіва!
Перад тым як паехаць з Менска, я спрабавала знайсці работу – і лепш па спецыяльнасці, чым на Камароўцы гандляваць алеем – і звярталася дзеля гэтага да знаёмых. Вольга Бабкова,[10] задумаўшыся на хвіліну, сказала гэтым сваім голасам, у якім, за закрытымі аканіцамі, напэўна, жыве Вользіна душа:
– Ведаеш што, здаецца, у нас у архіве ёсць магчымасць папрацаваць па-за штатам – расчытваць старыя акты. Гэта, канечне, капейкі, але, з другога боку, і не кепска – будзеш сядзець у сваіх Дабрацічах і разам з тым працаваць, чытаць і набіраць на кампутары старыя дакументы.
Такі варыянт выклікаў у мяне прыліў радасці. Ён падаўся мне ідэальным спосабам паступова вярнуцца да спецыяльнасці. (Хаця, калі падумаць, гэта смаленая кабыла ў чыстым выглядзе: у гадах, калі іншыя рыхтуюцца да пенсіі, я збіралася пачаць працоўную дзейнасць па спецыяльнасці! Але былі ў мяне свае прычыны: я шукала работу, бо мне трэба было адчуць сябе незалежнай; незалежнай мне трэба было адчуць сябе таму, што мой муж Антось знайшоў сабе маладую, і мне пра гэта данесла ананімка па тэлефоне; а здрадзіў мне муж, таму што больш не мог выносіць маёй недарэчнасці і хацеў сабе нармальнага жыцця…)
У архіве мяне нагрузілі гурбай ксеракопій старых нечытэльных актаў. Я гартала грунтоўна сшытыя ў тэчкі ксеракопіі, і мой энтузіязм прыкметна меншаў. Я абсалютна нічога не магла разабраць! Вязь каліграфічных і не вельмі літараў, кірыліца і лацінка… Усё ж такі я вельмі даўно вучыла палеаграфію ва ўніверсітэце, і з таго часу не практыкавалася. У Дабрацічах жа на мяне навалілася гара справаў, таму гэта ўсё і ляжала на стале некранутым.
Сама не чакаючы ад сябе такога, я бомкнула:
– Слухайце, а калі лар гэты так недзе і ляжыць? А што, калі яго пашукаць? Улянка, колькі цяпер могуць каштаваць кляйноты вырабу сямнаццатага стагоддзя?
Улянка паціснула плячыма.
– Залежыць ад таго, з чаго і як яны зробленыя. Калі, прыкладам, срэбныя, то… ну, не ведаю, можа, прыкладам па некалькі дзясяткаў – сотняў даляраў кожны… А калі залатыя, ды добрай, якаснай работы, ды з брыльянтамі, то могуць і вельмі дорага каштаваць… Калі маюць гістарычную і мастацкую вартасць – то наогул немаведама колькі, нават і да мільёнаў… Мяркуючы па тым, што гэты пан Трызна іх шукаў з рызыкай для жыцця, мусіць, былі досыць дарагімі для свайго часу, не біжутэрыя… Здаецца, я нешта чула пра ювеліра Трызну, але дакладна не памятаю, я не спецыяліст па сямнаццатым стагоддзі. Але выкіньце гэта з галавы, – рашуча адсекла сястра, заўважыўшы, што хлопцы, як і я, пільна яе слухаюць. – Шукаць скарб – гэта несур’ёзна.
– Чаму несур’ёзна? – ускінулася я. – Таму што я гэта прапанавала?
– Некалькі соцень даляраў кожны… – задуменна паўтарыў Толік і пачухаў прыгожае брыво. – А сапраўды, чаму несур’ёзна?
– Ведаеце, дарагія мае, увогуле скарбаў як такіх у зямлі многа, гэта вядома. Як сказаў Валік, людзі тут жылі, і грошы зараблялі… А паколькі для мінулых часоў закапаць грошы ў зямлю было таксама натуральна, як нам сёння адкрыць рахунак у банку, і паколькі на кожнага цяпер жывучага прыпадае мноства ўжо памерлых, то зразумела, што і скарбаў павінна прыпадаць нямала, але ж… Скарбы знаходзяць або выпадкова, або ў выніку стараннага збору і аналізу інфармацыі. У дадзеным выпадку інфармацыі яўна замала. Ну што мы ведаем: ювелір схаваў свой лар недзе на Бугу, магчыма, у ваколіцах Кастамалотаў, але гэтыя ваколіцы могуць быць досыць вялікімі, прытым на абодвух берагах ракі, а берагі гэтыя нам недаступныя – правы бераг на нейтральнай паласе, левы – і увогуле Польшча… Самі Кастамалоты на польскім беразе… Усё гэта занадта няпэўна. І потым, вы ж бачыце, лар ужо шукалі: і сын ювеліра, і гэты Кастамлоцкі, напэўна, калі цыдулу забраў… Ды і ці да скарбаў нам цяпер? Мне то напэўна не до тэго, – Улянка устала і зноў падышла да стала. – Давайце яшчэ вып’ем. Здаецца, на памінках трэба піць тройчы, а мы ж на памінках.
10
Прыдуманая аўтарам асоба.