Читать книгу Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 2

Прадмова да публікацыі

Оглавление

Гісторыі, як навукі, ніколі не існавала, не існуе і існаваць не можа. Гэта бясспрэчна і відавочна.

Вывучэнне далёкай і не вельмі далёкай мінуўшчыны пачынаецца з першакрыніцаў. Калі першакрыніца адна, аніякіх праблемаў у даследніка не ўзнікае. Гісторыку нічога не застаецца, як даверліва пераказваць напісанае папярэднікам і не думаць, кім той быў: праўдзівым сведкам падзеяў ці іх зламысным фальсіфікатарам.

Праблемы пачынаюцца, калі першакрыніцаў некалькі. І чым іх болей, тым цяжэй даследніку, бо першакрыніцы заўсёды супярэчаць адна адной. Мы доўга шукалі якіх-небудзь сведкаў, якія б цалкам супадалі ў апісаннях фактаў і ў іх трактоўцы і, як не дзіва, знайшлі. Толькі неўзабаве высветлілася, што адзін летапісец папросту спісваў у другога.

Але ж і старажытны плагіят бязлітасна перакручваецца цягам усіх наступных стагоддзяў. Незлічоныя легіёны гісторыкаў, ідэолагаў, паліттэхнолагаў, пісьменнікаў ды прадстаўнікоў іншых старажытных прафесій ствараюць велічную і бліскучую мінуўшчыну як альтэрнатыву прынізлівай рэчаіснасці і няпэўнай будучыні.

Такім чынам, больш-меньш вартай даверу крыніцай можа быць адно аб’ектыўна першасны дакумент. Збольшага сумленныя даследнікі час ад часу спасылаюцца на нейкія загадкавыя Скрыжалі Гісторыі, на якіх нібыта і фіксуюцца праўдзівыя лёсы народаў. Да нядаўняга часу Скрыжалі гэтыя ніхто і нідзе не бачыў.

Не так даўно ў адным беларускім мястэчку руйнавалі чарговую старасвецкую камяніцу. Падпітыя калдыры, якія расцягвалі сцены на цэглу, адшукалі ў падмурках вялізную каменную пліту з загадкавымі пісьмёнамі. Замбаваныя дзяржаўнай прапагандай п’янтосы вырашылі, што гэта – шыфроўка-інструкцыя з Захаду да беларускіх нацыяналістаў, экстрэмістаў ды іншых тэрарыстаў. Калі ж пад плітой не знайшлося парашута, рацыі, выбуховых рэчываў ды іншых традыцыйных шпегунскіх трантаў, калдыры супакоіліся і пацягнули знаходку ў камнедрабільню, каб раструшчыць пліту на жарству і такім чынам зарабіць на свае ўлюбёныя напоі.

На шчасце, побач апынуліся мы – аўтары гэтае публікацыі. І, як толькі пабачылі дзіўныя каменныя пісьмёны, то зразумелі адразу: гэта – тыя самыя Скрыжалі Гісторыі, пра нястачу каторых меланхалійна ўздыхаюць прыхільнікі аб’ектыўнай мінушчыны. Гістарычная сенсацыя была навідавоку – у нашых руках.

Расшыфроўка тэксту заняла колькі гадоў, але намаганні далі плён. На вялікі жаль, нейкі невядомы калдыр адбіў верхнюю частку пліты, і таму першыя радкі летапісу назаўсёды страчаныя для даследнікаў. Аднак мы шчыра перакананыя, што непадробныя Скрыжалі стануць найкаштоўнейшай крыніцай праўдзівай і незаангажаванай гісторыі трох сусветна знаных народаў – Кацапаў, Хахлоў і Бульбашоў.

Уладзіслаў АХРОМЕНКА

Максім КЛІМКОВІЧ

Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша

Подняться наверх