Читать книгу Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 3

…людзьмі звацца!

Оглавление

…адкінуў хвост і злез з дрэва. Гэта быў валасаты полаваспелы самец з пахмурным позіркам і нязграбнай постаццю. Свае пачуцці калматы фацат выяўляў рыкам і мыканнем – у залежнасці ад настрою і ступені сытасці. Істота, вядомая біёлагам, як Homo Slavіanikus, толькі збольшага нагадвала чалавека, але пераўзыходзіла ўсіх астатніх суродзічаў інтэлектам і здольнасцю да навучання. Ягонымі паводзінамі кіравалі тры асноўныя жаданні – голад, смага і покліч плоці. Калі першыя два можна было спатоліць на самоце, то дзеля задавальнення трэццяга давялося пайсці на хітрыкі.

На дрэвах панавала бязладная палігамія: далёкія і блізкія сваякі Homo Slavіanikus’а кахаліся са сваімі сёстрамі, братамі і нават бабулямі. Інтэлект і дазволіў істоце вынайсці адпаведную ўмовам прынаду. Ён назбіраў ракавак-пярловіц, нанізаў іх на пруток, паклаў на паляне і свіснуў. З дрэваў неадкладна пасыпаліся самкі; за бліскучую біжутэрыю кожная жанчына згодная на ўсё.

Юрлівец меў з каго выбраць: самкі былі маладыя і прыгожыя, старыя і агідныя. Homo Slavіanikus адлавіў з дзесятак, але ўпадабаў толькі дзьвюх.

Праз дзевяць месяцаў, як і трэба было чакаць, у кожнае з самачак адзін па адным нарадзіліся хлопчыкі. Яны гадаваліся ў адной калысцы, сталелі, па-братэрску сварыліся-мірыліся ды набіраліся розуму.

Але неўзабаве бадзяжныя цыганы, якія прыцягнуліся з вугра-фінскіх земляў, падкінулі Homo Slavіanikus’у і ягоным жонкам малога бейбуса, якога разам з вучоным мядзведзем вадзілі па кірмашах і за грошы паказвалі публіцы. Той адразу выкінуў з калыскі родных братоў і абвесціў, што ён тут – старэйшы за ўсіх, і браты на тае падставе мусяць яму падпарадкоўвацца. Падкідыш не меў ані прозвішча, ані нават імя, і таму таксама запісаўся ў сыны Homo Slavіanikus’а.

Чужынец, як падрос, стаў брутальным, неасэнсавана злосным дзецюком, вялікім аматарам бражкі, якую выйнашаў шляхам доўгіх эксперыментаў. Улюблёным заняткам старэйшага Homo Slavіanikus’а было выходзіць нападпітку ў поле і заломліваць бярозы. Але нават болей за гэта ён любіў ладзіць жыдоўскія пагромы. Першай ахвярай старэйшага брата стаў Моўша Кац, за што пагромнік і атрымаў імя Кацап.

Сярэдні сын вызначаўся лірычным сантыментам і неспатольнай любоўю да варэнікаў. З дрэва, паваленага старэйшым братам, ён зрабіў скрыню, нацягнуў на яе кішкі і назваў гэтую спаруду кобзай. З біклагай крадзенай у старэйшага брата бражкі і вялікай торбай варэнікаў ён выходзіў у стэп шырокі і спяваў немудрагелістыя песні. Па-над стэпавым кавылём тырчэлі адно ўзнятыя ветрам валасы, за што сярэдняга брата і празвалі Хахлом.

Малодшы сын, як і алежыць, быў самы дурны. Ён пагаджаўся на ўсё: прыбіраць паскудствы старэйшага брата, са слязьмі на вачах слухаць спевы сярэдняга, абы не было вайны. Мовай не валодаў цалкам: калі бацька пытаўся яго, дзе браты, малодшы гучна шчоўкаў пальцам па няголенай шыі і нязменна адказваў: «Буль-буль».

За гэта малодшага брата і назвалі Бульбашом.

Калі браты дасягнулі полаваспеласці, бацька вывеў іх на скрыжаванне дарог і загадаў разыйсціся ў розныя бакі. – Спыніцеся, як натрапіце на тое, чаго раней ніколі не бачылі, – загадаў ён. – А там – пладзіцеся і памнажайцеся!

І браты разыйшліся ў розныя бакі…

З гэтага моманту і пачынаецца гісторыя ўзнікнення сем’яў, дзяржаваў і прыватнай уласнасці.

Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша

Подняться наверх