Читать книгу Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 4

Новая зямля

Оглавление

Прарадзіма Homo Slavіanikus’а знаходзілася на сутыку пракаветных лясоў, дзікага стэпу і загібельнай дрыгвы.

Кацап скарыстаў права старэйшага брата і першым абраў напрамак – пайшоў на ўсход сонца, у лясы. Ён ішоў за сонцам тры дні, пакуль хапала брагі ў біклажцы. Калі ж на чацьвертыя суткі старэйшы брат збольшага прачухаўся, то высветліў, што апынуўся ў матэчнай пушчы. Шумел камыш, деревья гнулись, и ночка темная была. Непраходныя зарасці зыркалі на Кацапа спалоханымі воўчымі вачыма. Абсалютна працьверазелы маладзён цвёрда вырашыў засіліцца. Ён угнуў голаў, заплюшчыў вочы і, у спадзяванні беспакутнае смерці, пабег да бліжэйшага дуба, каб раскраіць чэрап аб камель.

Раптам ягоны лоб упёрся ў нешта мяккае. Кацап узняў голаў і ўбачыў, што стаіць перад тоўстым пузатым дзядзькам з доўгімі пейсамі. За спінай пейсатага цямнеў церамок з прывабнаю шыльдай: «КАБАКЪ».

– Жыд! – узрадаваўся Кацап. – Што ты на маёй ісконнай зямлі робіш?

Не дачакаўшыся адказу, старэйшы брат забіў Жыда кулаком.

Кабацкі асартымент надзвычай уразіў забойцу. У піўніцы Кацап адшукаў халерную колькасць бражкі, піва і віна. Але больш за ўсё ён упадабаў белую каламутную вадкасць – самагон. Выпіўшы, мо, з вядро, старэйшы брат узяўся брыдка лаяць Жыдоў, якія свядома спойваюць Homo Slavіanikus’аў, пасля чаго заснуў.

Раніцою, з першым глытком самагонкі, Кацап вырашыў, што гэтая новая зямля і стане радзімай ягонага народа…

Сярэдні брат, звыклы да выгодаў жыцця, рушыў на поўдзень, у дзікі стэп. Хахол выправіўся ў шлях амаль цвярозы, бо Кацап на развітанне пазбавіў яго галоўнага тагачаснага энерганосьбіту – бражкі. Прыпякала сонейка, дзмуў вецярок, і чупрына на галаве Хахла варушылася, нібы жывая. Размілаваны сярэдні брат выцягнуў кобзу і заспяваў песню пра волю і долю. Ён даспяваў думу, дажаваў апошнія варэнікі і нечакана адчуў боль за бессэнсоўна пражыты дзень. Хацелася выпіць, але есці хацелася яшчэ больш.

Нечакана з-за спіны сярэдняга брата пачулася рохканне. Хахол азірнуўся і ўбачыў дзіўную істоту: брудна-ружовая скура з жорсткай шчэццю, доўгі лыч, агрэсіўны позірк заплылых вочак, дурнаватая ўсмешка закарэлага роту…

– Брат… Старэйшы! – прыгадалася Хахлу, і ён з асалодаю, што было моцы, даў у гнюсны лыч выспятка. Істота завішчэла і кульнулася дагары капытамі.

Ціхая стэповая ноч поўнілася пяшчотай: дыяменты зораў, жоўтая поўня і водар смажанага сала па-над бязмежным морам сівога кавыля…

З раніцы Хахол абсмактаў свінячую скуру, заспяваў песню пад акампанімент кобзы і зразумеў, што лепшага за гэтае месца яму ўжо не знайсці…

Малодшы ж брат абраў заходні шлях, бо нічога іншага, апроч дрыгвы, буслоў і жабаў яму не засталося. Бульбаш выправіўся ў дарогу без пітва і харчоў, бо выпіўку і закуску ў яго дарэшты забралі старэйшыя браты.

Пошукі новай зямлі выдаліся пакутлівымі і зморнымі. Бульбашовы ногі вязлі ў дрыгве, хмызы абдзіралі твар, а аднойчы яго ўкусіла гадзюка. Штовечар знясілены малодшы брат клаўся спаць на купіну і зацікаўлена аглядаў краявід – чырвоны захад над зялёным балотам. Так і засынаў з расплюшчынымі вачыма. А на раніцу ўжо самі сабою складаліся радкі: «…мая шыпшына – зялёны ліст, чырвоны цвет». Сярод братоў Бульбаш заўсёды лічыўся дурнем, бо быў схільны да паэзіі, якая не давала матэрыяльных выгодаў.

Малодшы брат доўга і марна шукаў месца, прыдатнага для жытла, і засынаючы штовечар на новай купіне, бачыў адно і тое ж: чырвоны захад над зялёным балотам. «Вось сымбаль твой, забытыкраю родны!» – склаўся ў яго новы радок. З тых часоў спалучэнне чырвонага і зялёнага колераў выклікала ў Бульбаша і агіду, і замілаванне адначасова. – Куды яшчэ ісці з тае зямлі, якая здольная нараджаць вершы? – запытаўся ў сябе малодшы брат і вырашыў назаўсёды застацца на балотнай выспе, ізаляванай ад усяго цывілізаванага свету…

Кацап, Хахол і Бульбаш пасяліліся на ўпадабаных імі землях назаўсёды. Яны пладзіліся і памнажаліся, аралі зямлю і пасвілі быдла. І вось аднойчы іх нашчадкі вырашылі сустрэцца…

Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша

Подняться наверх