Читать книгу Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 9
Всякому городу нрав і права, всякий имєєт свой ум, голова!
ОглавлениеНадалей менталітэт Homo Slavіanikus’аў фармаваўся не толькі гістарычнай традыцыяй, рэлігійнай дагматыкай, рытуальнымі забабонамі і загадамі правадыроў, але найперш – навакольным асяродкам.
Кацапы, якія першапачаткова жылі ў змрочных пушчах, па хуткім часе звялі амаль ўсе дрэвы на дровы пад самагонныя апараты. На месцы пракаветных лясоў разлегліся тужлівыя стэпы. Неабазнаныя ў экалогіі дзікуны роспачна паглядалі адзін на аднаго, задаючыся класічнымі пытаннямі “Кто виноват?” і “Что делать?” Басурмане з Залатой Арды, пад пратэктаратам каторай і знаходзіўся тагачасны Кацапстан, акурат і далі адказ на апошняе пытанне: бясконцыя стэпы сталіся ідэальным месцам для качавога ладу жыцця.
Новы жыццялад адразу прыйшоўся даспадобы праўдзівым нашчадкам угра-фінаў, саманазваных “старэйшымі” Homo Slavіanikus’амі. Бясконцыя орды ў кібітках, на конях, сабачых запражках і проста пешкі хаатычна пацяклі ў пошуках месцаў, прыдатных для выпасу быдла. Пакуль жывёлы пасвіліся на пашы, лайдакі-качэўнікі бавілі час ва ўлюбёных нацыянальных забавах: лютых запоях, хараводах з мядзведзямі, брутальных бойках адзін з адным, а таксама ў халопскіх спевах на гонар чарговага князька, накінутага ім басурманскім ханам. У перапынках качэўнікі пахмяляліся настоянкамі на мухаморах і гадзілі пад кібіткі, традыцыйна разважаючы пры гэтым пра Веліч Кацапскага Духу. Калі капытныя істоты канчаткова спусташалі навакольныя пашы, а іх гаспадары – запасы ежы і пітва, увесь табар збольшага цверазеў і падымаўся ў пошуках месца, прыдатнага для чарговага кібіткавага мястэчка.
Але неўзабаве амаль увесь стэп быў вытаптаны і запаскуджаны. І тут Кацапы, па ўзоры старэйшых братоў-Басурманаў, скемілі, што месцы, вартыя выпасу, трэба заваёўваць. З гэтае прычыны кацапскае грамадзства і было зарганізавана па мілітарным прынцыпе з падзяленнем на “сотни”, “тысячи” і “тьму”. Навязлівая ідэя “вызвалення суседніх народаў” для няўхільнага пашырэння ўласных выпасаў сталася галоўнай ідэалагічнай дактрынай Кацапстану. Суседнія народы бязлітасна вызваляліся ад уласнай годнасці, маёмасці, культуры, мовы, рэлігіі, а ў выпадках доўгага супраціву – і жыцця. На новых межах качэўнікі неадкладна ставілі безгустоўныя каменныя бабы – так званых “воінаў-вызваліцеляў”, якія і дагэтуль захоўваюцца ў некаторых малаадукаваных паланёных плямёнаў.
Частка Кацапаў бессаромна вызнала сваю качэўніцкую сутнасць. “Да, скифы мы, да, азиаты мы с роскосыми и жадными очами!» – ганарліва запэўнівалі яны навакольныя народы. Частка дбайна маскавалася пад белых людзей. Але ж усе насельнікі дзікага стэпу люта ненавідзілі працу, бізнэс, свабоду, дэмакратыю, правы чалавека і нават гігіену, і лічылі такі светапогляд адзіна правільным. Дзікі і занядбаны край, пыхліва названы качэўнікамі “Святым Кацапстаном”, ўважаўся тамтэйшымі патрыётамі самым Духоўным, Культурным і Вялікім. Тыя, хто не падзеляў падобных перакананняў, неадкладна траплялі ў рэестр “кацапафобаў”. Першымі ў даўжэзным спісе, як і мае быць, стаялі цывілізаваныя і аседлыя Хахлы з Бульбашамі… Хахлы, якія таксама нацярпеліся ад Басурманаў, тым не менш дасягнулі вышынь земляробства і жывёлагадоўлі. Галоўным хахляцкім злакам стала пшаніца, з якой выраблялася адмысловая гарэлка, а галоўнай татэмнай жывёлай была канчаткова абраная свіння, з якой атрымлівалася сытная закуска. Неўзабаве край сярэдняга Homo Slavіanikus’а заззяў, як роса на сонці. Хахляцкія свінні былі запрошаныя да сталоў наймагутнейшых еўрапейскіх манархаў, а хахляцкія трункі выявіліся такімі моцнымі, што неадкладна ператваралі нават самых ціхамірных людзей ў брутальных малпаў. З тае прычыны традацыйны хахляцкі трунак і называюць “горилкой”.
Прычынай эканамічнага цуду сталіся не толькі багатыя чарназёмы, але ж найперш – прыродная хахляцкая хітрасць. Басурманскія намеснікі, выхаваныя ў традыцыях артадаксальнага ісламу, грэбавалі алкаголем ды салам, аддаючы перавагу анашы з канінай. З тае прычыны вузкавокія ніколі не рабавалі ані кіеўскія вінакурні, ані палтаўскія аграгарадкі, што спецыялізаваліся на свінагадоўлі.
Залішкі сельгаспрадукцыі моцна паўплывалі на менталітэт сярэдняга Homo Slavіanikus’а; Хахлы лічыліся ці не самай гасціннай нацыяй Еўропы. Закарміць і напаіць госця да смерці – і дагэтуль святы абавязак кожнае хахляцкае гаспадыні. А рэгулярна свінячыцца пад ладную лусту сала, у разуменні многіх Хахлоў – адзіны варты мужчыны занятак. Шматгадзінныя застоллі вымагалі хоць нейкіх фізічных практыкаванняў, і схільныя да лірыкі Хахлы наскладалі процьму цудоўных песень. Застольныя спевы прыемна напружвалі дыяфрагму і такім чынам спрыялі страваванню.
Малодшыя нашчадкі Homo Slavіanikus’а па-ранейшаму сядзелі на балотных выспах сярод камароў, піявак, кляшчоў, кажаноў ды іншых паганых крывасмокаў і замілавана слухалі спевы жабаў.
Дурныя Бульбашы абралі ці не самыя няплодныя землі; да таго ж, апошні ледавік прыцягнуў на выспы процьму валуноў, якія трэба было прыбіраць з палеткаў, пашаў, сенажацяў і градаў. Менавіта гэтая акалічнасць і паспрыяла прыроднаму бульбашоўскаму працалюбству. Колькасць перанесеных камянёў трэ’ было запісваць, і гэта, у сваю чаргу, паўплывала на традыцыйную бульбашоўскую любоў да пісьменства і кніжнай справы. З непатрэбных брылаў Бульбашы складалі шматлікія бажніцы, і гэта – ці не галоўная прычына балотнай рэлігійнасці. Рэгулярны перанос цяжараў вымагаў неадкладнага зняцця стрэсу, і гэта – аснова нязводнага бульбашоўскага п’янства. Да таго ж, у Бульбашоў было непрынята скардзіцца на жыццё суседзям, і таму вакол лічылі, што ў пацвілай дрыгве сапраўды пануюць райскія парадкі.
Праўда, тагачасныя бульбашоўскія кіраўнікі ўважалі сваіх падданых апошнім быдлам, ацэньваючы жыццё тутэйшага земляроба-працаголіка нават танней за жыццё паляўнічага сабакі. Але памяркоўныя балотныя людзі ніколі не спрабавалі зрынуць непаважную ўладу; усё, што адбывалася на суседніх землях, заставалася па-за межамі іх увагі, інтарэсаў і ўплываў. У свядомасці прыдушанага працай людства традыцыйна панавалі дзве канцэптуальныя ідэі: “Можа, так яно і трэба?..” і “Абы было ціха!..”
Такім чынам, розніца менталітэтаў Кацапаў, Хахлоў і Бульбашоў сталася незваротнай, што канчаткова і вызначыла далейшыя гістарычныя лёсы гэтых народаў.