Читать книгу Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 7

Людзі на балоце

Оглавление

Наступныя сто гадоў нашчадкі Homo Slavіanikus’а сустракаліся зрэдку. Братэрскія народы былі надта занятыя пільнымі справамі.

Кацапы з нязменным імпэтам, але са зменлівым поспехам грамілі іншародцаў, жлукцілі самагон, а ў перапынках між гэтымі заняткамі зацята таўклі адзін адному пысы.

Хахлы гадавалі свінняў, хадзілі ў госці да кумаўёў, адбіваліся ад Полаўцаў і цягнулі ў свае ложкі палавецкіх дзевак.

Бульбашы, узрадаваныя, што старэйшыя браты часова забыліся на іх існаванне, па-ранейшаму сядзелі на балотнае выспе, ізаляванай ад кшталтаў сусветнай цывілізацыі і штовечар цешвліся захадам сонца.

Зрэшты, гэтыя людзі на балоце былі не такімі дурнымі, як падавалася іх суседзям. Нашчадкі малодшага брата Homo Slavіanikus’а нарэшце навучыліся мець выгоды з геапалітычнага становішча сваёй дзяржавы. Бульбашы збудавалі на кожнае выспе па блокпасту і абклалі мытам падарожнікаў. Мыта плацілі ўсё: і мусульманскія гандляры гашышам, і варажскія найміты, і кацапскія прамысловыя шпегуны, якія кралі на Захадзе тэхналогіі вытворчасці «вогненае вады».

Але ў людзей на балоце нараджаліся не толькі мытнікі, камерсанты і паэты. Час ад часу Бульбашыя дарыла свету праўдзівых махляроў…

На той час усе балотныя мытні краіны трымаў князь Усяслаў, праўнук князёўны Рагнеды. Відавочна, гэта быў дробны палітычны авантурыст, але яго баяліся і паважалі ўсе: і самі Бульбашы, і Кацапы з Хахламі, і варажскія госці, і нават грэцкія святары. Пра Ўсяслава казалі, нібыта ён нарадзіўся ад чараў, умее перакідацца ў ваўка і здольны за дзень абегчы з інспекцыяй усе памежныя блокпасты Бульбашыі.

Аднак, насамрэч усё гэта было маною: падобныя плёткі па загадзе самога Ўсяслава распускалі купленыя за мытныя грошы гусляры і летапісцы. Так, у выніку пісьменнай PR-акцыі палітычны лідар Бульбашыі і прыдбаў мянушку «Чарадзей».

Натуральна, не ўсім навакольным народам падабалася плаціць мыта, а найперш – сквапным Хахлам. Нечакана кіеўскія князі, браты Яраславічы, захапілі саюзны палачанам Ноўгарад – першы мытны блокпост на шляху з Варагаў у Грэкі. Хахлы самі хацелі браць грошы з падарожных.

– Паглядзім, які ты Чарадзей! – з’едліва заявілі нахабныя кіеўляне.

Пакуль Усяслаў з дружынаю адбіваў Ноўгарад, хітрыя братаны Яраславічы абклалі Менск – галоўны мытны тэрмінал Бульбашыі. Хахлы спалілі склады з таварамі, але, як і мае быць, захавалі піўніцу са спіртным. Хахляцкае войска наладзіла на берагах Нямігі і Свіслачы традыцыйны для Homo Slavіanikus’аў пікнік са смажанінай, самагонам і п’янымі бойкамі; браты Яраславічы доўга яшчэ расшуквалі сваіх ваяроў па навакольных хмызах.

Неўзабаве падцягнуліся Бульбашы. Яны былі цвярозыя, а таму злосныя, і з гэтае прычыны з лёгкасцю раскідалі п’яных прыхадняў. Ацалелыя хахляцкія ваяры нараніцу пакутвалі з пахмелля. Сунуцца назад у Менск яны пабаяліся, менавіта таму і выправіліся па бімбер да бліжэйшае піўніцы – у Воршу. Там, паміж першай і другой чаркамі, у гнюсных Яраславічаў і нарадзіўся падступны план. Братаны паслалі да Ўсяслава ганца з прапановаю па-братэрску выпіць і замірыцца, у чым Яраславічы прысягалі на сымболях, святых для кожнага Homo Slavіanikus’а: на жбане з самагонам і на Святым Крыжы.

Хаця Ўсяслаў і сам быў прайдзісветам, але нават ён не мог дапусціць, што браты парушаць дубальтовую прысягу. Правадыр Бульбашоў з невялікім атрадам сабутэльнікаў з’явіўся ў Воршы.

Вераломныя Яраславічы нават дзеля прыліку не налілі гасцям па чарцы. Яны адразу схапілі Ўсяслава, завезлі ў Кіеў і кінулі ў глыбокі поруб да жабаў і піявак.

Надзіва, ліхтугі не зламілі князя, бо цёмны поруб з тванню і крывасмокамі – родная стыхія для кожнага праўдзівага Бульбаша. Людзі, якія нарадзіліся і выраслі на балоце, прызвычаіліся жыць і ў горшых умовах. Усяслаў бавіў час, палохаючы вартаўнікоў аповядамі са сваёй нібыта «чарадзейскай» біяграфіі і, натуральна, абяцаў наладзіць у Хахляндыі райскае жыццё, як толькі народ абярэ яго правадыром. Дасведчаны палітычны махляр быў перакананы, што неўзабаве ўвесь Кіеў толькі і стане гаварыць пра ягоныя звышнатуральныя здольнасці.

Так яно і здарылася.

Варта было Яраславічам пацярпець нязначную паразку ад Полаўцаў, як прымхлівыя Хахлы кінуліся да поруба.

– Вічний революцьонер, дух, що тіло рве до бою, рве за поступ, щастя й волю, він живе, він ще не вмер! – загукалі яны і прапанавалі Ўсяславу заняць пасад кіеўскіх князеў.

Сапраўдны дэмагог і папуліст ведаў, што ад народнай любові да народнай нянавісці – адзін крок. І таму не рызыкаваў прасіць сябе двойчы. На чале кіеўскай дружыны ён разбіў Полаўцаў. Але ўзнагароды за перамогу Хахлы так і не атрымалі…

Схільны да фінансавага махлярства палітычны лідар Бульбашоў абяцаў аднавіць парваныя эканамічныя сувязі і ўтварыць агульную бязмытную прастору разам з Варагамі і Грэкамі. Усяслаў кляўся інтэграваць усіх Homo Slavіanikus’аў у агульны Саюз. Шчодра аплочаныя летапісцы стварылы гэтаму авантурысту вобраз адзінага палітыка, якому варта давяраць. Калі ж наіўныя Хахлы перадалі махляру свае грошы на здяйсненне цыклапічных праектаў, ён прыхапіў казну і ўцёк у сваю дрыгву. Бо толькі дурныя людзі на балоце ўсё яшчэ верылі ў звышнатуральныя палітычныя здольнасці гэтага злодзея і прайдзісвета…

Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша

Подняться наверх