Читать книгу Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 6
Раскіданае гняздо
ОглавлениеКнязь Рагвалод меў безліч шлюбных і пазашлюдных дзяцей па ўсёй Бульбашыі. З гэтае прычыны ўдзячны народ называў свайго правадыра Бацькам, а сваю Радзіму – Бацькаўшчынай. Сярод Рагвалодавых дзяцей дачка Рагнеда была ці не самай адметнай. Пра яе і згадаў бульбашоўскі князь у палацы Уладзімера. Акурат у той момант, калі хітрыя грэкі вывалаклі з натоўпу імператарскую дачку, Рагвалод грэбліва скрывіўся – маўляў, мая Рагнеда прыгажэйшая за вашу грэцкую курыцу! – А табе, Рагвалодзе, ніхто і не прапануе кахацца з маёй бізантыйкай! – раз’юшыўся Уладзімер.
Рагвалод смяротна пакрыўдзіўся і на гаспадара, і на Грэкаў, і на бізантыйскую курыцу, і нават на новага магутнага Бога. Ён сеў на каня і паскакаў у Полацк. На той час гэты слынны бульбашоўскі горад быў не горшы за Кіеў.
Сквапны Ўладзімер уздыхнуў з палёгкаю – на думку Хахла, ненажэрны Бульбаш ледзьве не давёў да банкрутства гаспадарку кіеўскага княства. Апошняму госцю, невядомаму кацапскаму князю, Уладзімер даў рады: надзеў п’яному крыж на шыю і сунуў за крысо свінога кажушка жбан з самагонам.
– Гэта – святая вада! – патлумачыў ён госцю перад тым, як даць яму выспятка.
Цяпер князь Хахлоў нарэшце паверыў, што ніхто не перашкодзіць яму авалодаць дачкой бізантыйскага імператара.
І тут хітрыя Грэкі нагадалі яму пра дамову: хрост мусяць узяць усе тры Homo Slavіanikus’ы. Давялося нецярпліваму Ўладзімеру склікаць дружыну і рушыць на Полацк, каб абярнуць у новую веру братоў-Бульбашоў. Мужныя палачане доўга трымаліся ў хахляцкай аблозе, і здаліся толькі тады, калі быў выпіты ўвесь самагон і з’едзены апошнія свінні.
Помслівы Уладзімер дарэшты раскідаў радавое гняздо Рагвалода. Ён спаліў Полацк, уласнаручна забіў правадыра Бульбашоў, зацягнуў прыгажуню Рагнеду ў княскі намёт і здзейсніў гнюсны намер яшчэ да таго, як зорка Венера ўзыйшла над зямлею раскіданага гнязда Рагвалодавай сям’і.
Праз дзевяць месяцаў у Рагнеды нарадзіўся сын Ізяслаў. Разам з чарговай жонкай, нашчадкам і статкам нявольніц для свайго гарэма Ўладзімер вярнуўся да Кіева. Але імператарскай дачкі Ганны ўжо не было ў княскае рэзыдэнцыі. – Дзе мая баба? – гаркнуў ён на Грэкаў.
– На Моры Хвалынскім, у слынным горадзе Херсанесе! – хітра пасміхнуліся пасланцы канстантынопальскага Патрыярха.
– Чаму? – Бліжэйшы хрысціянскі храм толькі там! – запэўнілі Грэкі.
Уладзімер страшна абурыўся. Ён пасадзіў сваю дружыну на чаўны і сувора загадаў прывесці бізантыўскую дзеўку ў Кіеў. У чаканні сваіх ваяроў хахляцкі князь бавіў час, святкуючы будучую перамогу над Грэкамі.
Але аблога Херсанеса зацягнулася на гады. Старэлі жонкі, падрасталі дзеці, у тым ліку і Рагнедзін сын Ізяслаў. Баючыся, што імператар Бізантыі перадумае аддаваць дачку Ганну ў дынастычна-шлюбную няволю, Уладзімер сам выправіўся пад сцены Херсанеса. Ён бязлітасна спаліў горад, разбурыў нямала хрысціянскіх храмаў, перабіў амаль усіх святароў, апаскудзіў мясцовыя святыні, пасля чаго, нарэшце, прыняў сапраўдны хрост і спазнаў таямніцу хрысціянскага шлюбу. З нарабаванымі скарбамі, статкам паланёных хрысціянаў і з чарговай жонкай Ганнай шчаслівы неафіт вярнуўся ў стольны град Кіеў.
Але Рагнеда ніяк не магла дараваць Уладзімеру раскіданага радавога гнязда. Усе гады яна выхоўвала ў сына Ізяслава нянавісць да хахляцкага бацькі. Але той даўно забыўся на старую сям’ю: увесь вольны час Уладзімір бавіў на ложку з князёўнаю Ганнай, абазнанай у вытанчаным бізантыйска-азіятскім сэксе. Правадыр Хахлоў забыўся на ўсе ранейшыя забавы: яго не цікавілі ані вайсковыя паходы, ані балі, ані паляванне на тураў, ані абсмоктванне свінячых скурак. Ад сэкса па-бізантыйску небарака Уладзімер счарнеў і схуднеў – здавалася, Ганна высмактала з яго ўсю мужчынскую моц. З усіх генетычных рэфлексаў хахляцкага уладара захаваўся толькі адзін – княскія вочы запальваліся пры чароўным слове «самагон».
Падступная Рагнеда зразумела: надыйшоў яе час. Яна выгнала на княскім лецішчы ў вёсцы Прадславіна бочку шалёнага самагону, нашварыла свежаніны і паслала да Ўладзімера цыдулку: «Любы, мы з Ізяславам п’ем і закусваем. Трэцім будзеш?»
Натуральна, Уладзімер, як праўдзівы Homo Slavіanikus без ваганняў пагадзіўся стаць трэцім. Ён схлусіў жонцы Ганне, што выпраўляецца ў чарговы паход на Полаўцаў, а сам, таемна ад усіх, падаўся ў Прадславіна.
Саслабелы ад сухога грэцкага віна Уладзімер не вытрымаў і жбана самагону, зваранага па бульбашскім рэцэпце. З надыходам ночы князь паваліўся спаць. Рагнеда выцягнула з похваў меч і ўдарыла былога мужа нагой. Князь Хахлоў адразу прачнуўся і злякана паглядзеў на Рагвалодаву дачку з мячом у руках.
– Помніш, калі я спаткаўся з табою, зорка Венера ўзыйшла? – лісліва нагадаў Уладзімер, роспачна пазіраючы на гострае лязо.
Рагнеда размілавалася ад успамінаў і страціла пільнасць. Працверазелы Ўладзімер выхапіў з ёйнае рукі меч. Ён ужо мерыўся адсекчы палачанцы голаў, але ў гэты момант у спачывальню ўскочыў Ізяслаў, які быў сабраўся падглядаць забавы дарослых. – І ты, Ізя? – ачмурэў хахляцкі князь.
Ізяслаў выхапіў свой дзіцячы меч і сувора прамовіў: – Бацька, не думай, што ты тут адзін!
Уражаны Уладзімер не толькі дараваў Рагнедзе жыццё, але, ад граха падалей, выслаў яе з сынам на Бацькаўшчыну, да раскіданага гнязда Рагвалодава. Так Бульбашы зноў займелі свайго князя.