Читать книгу Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 8
…і ваякі на грозных канях!
ОглавлениеПадзеі, што разгарнуліся на землях Homo Slavіanikus’аў у наступныя гады, сталіся нядобрымі вынікамі ліхтужнага супрацьстаяння паміж тагачаснымі хрысціянскімі цэнтрамі.
Папа Рымскі, як праўдзівы спадкаемца св. Пятра, справядліва імкнуўся да глабалізацыі хрысціянства. Але гэтаму працівіліся бізантыйскія імператары і прызначаныя імі Патрыярхі. Канстанцінопальскі Патрыярх, мо, і прызнаў бы першародства Рымскага Папы, каб апошні не быў хранічным алкаголікам, гнюсным ліхвяром і вытанчаным хціўцам. Зрэшты, і сам канстанцінопальскі Патрыярх не вызначаўся цнатлівасцю. Ён уласнаручна катаваў палонных хрысціянаў, меў сталы працэнт ад таталізатара на Царградскім іпадроме і, напіваючыся віна, цягаў у патрыаршыю рызніцу манашак-німфетак.
Аднак, асцярожны Патрыярх, баючыся імператарскага гневу і розгаласу, рабіў свае справы паціху, а звышнахабны Папа, які не меў над сабой аніякага начальства, апорч Пана Бога, нават афішаваў свой амаральны лад жыцця.
Гэткі падыход да грахоўных справаў і справакаваў міжканфесійны разлад.
Аднойчы, на тэалагічным дыспуце бацькі Заходняе і Ўсходняе цэркваў паставілі пытанне рубам: варта ці не варта хаваць свае грахі ад цікаўнай грамадскасці. Пасланцы Патрыярха настойвалі на поўнае таямніцы граха. Папскія легаты занялі супрацьлеглую пазіцыю. Царкоўныя іерархі так і не здолелі прыйсці да пагаднення. П’яны папскі легат выдраў паўбарады ў бізантыйскага архіярэя, а той, у сваю чаргу, ледзь не прыдушыў апанента ланцугом ад кадзіла. Раз’юшаныя бацькі цэркваў раз’ехаліся па сваіх парафіях. У выніку Канстанцінопальскі Патрыярх перадаў Рымскага Папу анафеме, за што і атрымаў адлучэнне ад царквы.
Але гэтая тэалагічная вайна атрымала нечаканы працяг на землях Homo Slavіanikus’аў…
Хітрыя Грэкі, якія прызвычаіліся грэбсці жар і грошы чужымі рукамі, нечакана наладзілі кантакт з дзікунамі, што жылі на бясконцых абшарах пустэчнае Азіі. Дзікуны, якія празываліся Басурманамі, нават не здагадваліся пра існаванне заходняга ладу жыцця: хадзілі ў скуры, гадамі не мыліся, елі сырую каніну і ўвесь час бязмэтна вандравалі па Азіі. Грэцкія пасланцы, якія прыбылі да басурманскага хана, адразу растлумачылі ўсе выгоды азіятскай экспансіі ў цывілізаваны свет. Канстанцінопальскі архістратэг падсунуў хану сфальшаваную мапу свету, на якой, нібыта між іншым, адсутнічала Бізантыя. – Рушце на Захад, покуль не дабярэцеся сюды! – палец архістратэга ўказаў на Рым. – Тамтэйшы хан празываецца Папам Рымскім, у яго да халеры маладых дзевак, пародных скакуноў і бурдзюкоў з кумысам!
Басурманы дачакаліся зімы, каб замерзлі рэкі і балаты, і рушылі на Захад.
Першай збольшага абжытой краінай на шляху дзікуноў апынуўся Кацапстан. Але Басурманы нават не заўважылі кацапскіх халабудаў, замеценых снегам па самыя дахі – гэтак жа, як і паснулых на зіму тубыльцаў. Ваякі на грозных канях спалілі толькі мястэчкі, што стаялі на пагорках. Там азіятскія дзікуны сапсавалі абсалютна ўсіх наяўных дзевак.
З тых часоў у Кацапстане і нараджаецца шалёная колькасць вузкавокіх жоўтаскурых байструкоў, якія празмерна ганарацца расавай чысціней свайго “славянскага” народа. Упэўненасць, што Кацапы – самая чыстая, прыгожая і вялікая раса ў свеце, і дагэтуль надае байструкам надзвычайнай пыхі і халернай нянавісці да ўсяго астатняга чалавецтва.
Наступнай зямлёй на шляху Басурманаў была куды больш багатая і цывілізаваная Хахляндыя. Але недасведчаныя ў геаграфіі заваёўнікі палічылі Хахляндыю за Італію, а Кіеў – за Рым. Басурманы, як і абяцаліcя Грэкам, разбурылі сталіцу, згвалцілі ўсіх дзевак, а хахляцкага князя з рэшткамі дружыны загналі ў храм, які прынялі за Папскую рэзыдэнцыю, ды спалілі яго на попел.
Неўзабаве хітрыя Грэкі праз сваіх гандлёвых шпегаў дазналіся пра фатальную памылку азіятаў. Канстанцінопальскі імператар паспешліва выправіў пасольства ў Хахляндыю, але Грэкі спазніліся. На месцы Кіева яны ўбачылі адно рэшткі басурманскага войска. Вузкавокія паганцы смажылі на вуголлях хрысціянскай сталіцы каніну, кідаючы абсмактаныя косткі ацалелым хахляцкім князям-калабарантам.
– Гэта не Рым! – спрабавалі давесці Грэкі басурманскаму хану.
– Рым… Рым… – радасна хрумкалі конскімі храшчамі качэўнікі.
Бізантыйцы зразумелі, што пераканаць дзікуноў не выпадае, і з тае прычыны абралі сваімі хаўруснікамі недабітых Хахлоў.
– Растлумачце гэтым недавумкам, дзе знаходзіцца Рым! – загадалі Грэкі. – Растлумачым! – прашамкаў дробны хахляцкі калабарант разбітым ротам, – але і мы пойдзем рабаваць Рым разам з Басурманамі.
– Як ты будзеш рабаваць? Ты ж зубоў не маеш! – пасміхнуліся Грэкі.
– А я що не з’їм, то пінадкусую! – запэўніў новы хаўруснік Басурманаў.
Пасля гэтых словаў Грэкі пераканаліся, што перадалі справу ў надзейныя рукі, і вярнуліся да Канстанцінопаля.
Хахлы пайшлі на хаўрус з Басурманамі не толькі з-за любові да рабаўніцтва. Яны пеставалі патаемную мару: калі ад заваёўнікаў дасталося старэйшым братам, дык малодшаму брату-дурню мусіць дастацца ўдвая больш. З тае прычыны Хахлы і павялі Басурманаў не ў Рым, а на поўнач – у Бульбашыю.
Паход завяршыўся бясслаўна. Вясна заспела агрэсараў паміж пустак балот бульбашоўскай зямлі, на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай. Усе коні патанулі ў раскіслай дрыгве, Басурманы ўзбіліся на купіны, дзе і пачалі дохнуць па адным з голаду.
У гэты час бульбашскі князь Рынкгольд, седзячы на выспе, цешыўся ўлюбёным краявідам: захадам над балотам. Як сапраўдны народны правадыр, ён нават не зважаў на нейкія галодные енкі. Ніхто з заваёўнікаў не выбраўся з багны жывым, і з тае прычыны праўдзівых сведкаў смерці прыхадняў не засталося. Менавіта таму ўсе навакольныя народы і надалей уважалі тамтэйшага князя непераможным ваяром.
Басурманы ладзілі яшчэ некалькі паходаў на Бульбашыю, але кожным разам адступалі ні з чым: ледзьве дзікуны бачылі балотных князёў, як згадвалі пра купіны і заварочвалі прэч.
Мо, азіятскія заваёўнікі, падбухтораныя Грэкамі, і мелі нейкія шанцы на далёкую перспектыву, але Папа Рымскі, люты вораг Бізантыі, нечакана пайшоў у наступ. Ён навербаваў па ўсёй Еўропе дробную рыцарскую п’янь і погань, пасадзіў ваяроў на караблі і дэпартаваў іх у Малую Азію – без грошай, хлеба, віна і дзевак. Тым часам папскія легаты, якія прыбылі да двароў хрысціянскіх манархаў, распачалі новую ідэалагічную акцію. Са словаў рымскіх пасланцоў выходзіла, нібыта рыцары – высокародныя змагары за Веру, Святога Айца і Айчыну вядуць антытэрарыстычную аперацію супраць ісламскіх фундаменталістаў, гандляроў наркотыкамі і выкрадальнікаў хрысціянак.
Рыцарам вельмі хацелася віна і дзевак, і таму ім было да халеры, каму секчы голавы: чучмекскім тэрарыстам ці праваслаўным Грэкам. Але канстанцінопальскія шынкі і лупанарыі былі бліжэйшыя за іерусалімскія корчмы і бардэлі. Папскі нунцый, высланы ў Крыжовы паход, імпэтна падбухторваў ваякаў на грозных канях:
– Бійце ў сэрца іх – бійце мячамі, не давайце чужынцамі быць!
Рыцары білі ўсіх, хто не жадаў навярнуцца ў лацінства. Яны разрабавалі Канстанцінопаль і нават на нейкі час стварылі сваё каралеўства. Натуральна, пасля гэтага падступныя Грэкі не змаглі падбухторваць хаўруснікаў-дзікуноў да паходаў на Рым.
Так лацінскія і бізантыйскія цемрашалы, якія не знайшлі паразумення ў справе грэхазнаўства, ледзь не знішчылі хрысціянскую цывілізацыю, не маючы з гэтага аніякай карысці.