Читать книгу Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў - Яўген Аснарэўскі - Страница 14
Noblesse oblige, або свет шляхты каралеўскага горада
Паўсядзённае жыццё
ОглавлениеРэлігійны светапогляд і вучоба
Як ужо было сказана раней, рэлігійны светапогляд вызначаў канву жыцця сярэднестатыстычнага шляхціча ВКЛ у перыяд XVI – XVIII стагоддзяў. Гарадзенскія дваране не былі выключэннем.
Шляхта жыла ў сістэме царкоўных святаў і рэгулярна наведвала храмы. Напрыклад, гетман вялікі літоўскі Міхаіл Масальскі, любіў падоўгу маліцца ў гарадзенскім езуіцкім касцёле.
Жонка віцебскага ваяводы Яна Храпавіцкага неяк адправілася на богаслужэнне ў Гродна, з найбліжэйшага маёнтка. Яна ішла пешшу і прыхапіла з сабой дзяцей. Зроблена гэта было, відаць, дзеля дэманстрацыі асаблівай рэлігійнай стараннасці, аналагічнай той, што дэманструюць пешыя паломнікі XXI стагоддзя.
Рэлігійны складнік прывіваўся дамашнімі настаўнікамі, а таксама ў езуіцкіх калегіумах і Віленскім універсітэце, які заснаваў Стэфан Баторый, пераўтварыўшы ў езуіцкую акадэмію віленскі калегіум.
Важкі ўклад у развіццё мясцовай адукацыі ўнеслі і іншыя каталіцкія ордэны, у прыватнасці, дамініканцы: іх гродзенская навучальная ўстанова была адной з найлепшых у краіне і магла пахваліцца адной з самых вялікіх бібліятэк у ВКЛ.
Канешне, багатая шляхта нярэдка выязджала вучыцца за мяжу.
Паляванне і рыбалка
Адным з базавых заняткаў гродзенскіх шляхцічаў, самых розных узростаў, з'яўлялася паляванне. Падобнае баўленне часу дапамагала (аўтар тут не пасаромеецца каламбура) забіць адразу некалькіх трусаў.
Паляванне на аленя. Стэфана дэла Бэла. XVII стагоддзе. Нацыянальная бібліятэка Польшчы.
Паляванне служыла забавай, разнавіднасцю ваеннай трэніроўкі, а трафеі, безумоўна, былі карысныя і маглі выкарыстоўвацца для прыгатавання страў з дзічыны, а, акрамя таго, у шляхецкай гаспадарцы не былі лішнімі і шкуры здабытых жывёл.
Гарадзенскія лясы славіліся як выдатнае месца для пераследу дзічыны, і нездарма пакоі Стэфана Баторыя, у яго замку, былі запоўнены шматлікімі паляўнічымі трафеямі, а на гербе горада красуецца алень святога Губерта (альбо Яўстафія) гэта значыць, нябеснага заступніка палявання.
Не цураліся шляхцічы і рыбалкі. У 1699 годзе, Кшыштаф Завіша лавіў рыбу ў вельмі элітнай кампаніі, і напісаў пра гэта так:
«Я адправіўся ў Гродна, разам з чашнікам ВКЛ Тарло, дзе ён ладзіў сваім слугам вяселле. Падчас знаходжання ў Гродне, мы ўвесь час вялі гутаркі на розных вячэрах і паседжаннях. Калі мы выязджалі з Гродна, нас запрасілі на рыбалку да пана Язерскага, дзе былі пан гетман, пан чашнік і іншыя».
Тут варта заўважыць, што рыбакі тых гадоў, гэтак жа як паляўнічыя, мелі магчымасць здабываць значна больш шматлікія і разнастайныя трафеі. Гарадзенскі рыбак мог злавіць цудоўнага ласося, стронгу ці нават вялізнага асятра, і шляхта, варта заўважыць, з задавальненнем смакавала рыбныя стравы.
Транспарт і сувязь
Больш-менш буйныя саноўнікі шмат ездзілі па краіне, удзельнічая ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай.
Перамяшчацца паміж гарадамі, або па вуліцах аднаго населенага пункта, можна было на кані, або ў экіпажы.
Вядома, што Марцін Матушэвіч ехаў у карэце гетмана Масальскага ад гродзенскага езуіцкага касцёла да замка.
Часам выкарыстоўваўся і рачны транспарт.
Суднаходства на гродзенскай зямлі было развіта з даўніх часоў, і ў басейне Нёмана нават будавалі асаблівыя судны, якія лічыліся характэрнымі менавіта для гродзенскага карабельства. Гаворка пра вялізныя віцiны, даўжыня якіх, паводле некаторых звестак, перавальвала за 40 метраў. У 60-х гадах XVII стагоддзя, шляхціц Міланоўскі, слуга Яна Храпавіцкага, плыў на такім судне па Нёмане, але п'яны рулявы не справіўся са сваёй справай і лёс «Тытаніка» віціна не паўтарыла, паводле Храпавіцкага, дзякуючы таму, што «Цудоўным чынам яе Бог выратаваў».
Шляхціцы едуць на сеймік. Міхал Ключэўскі. XIX стагоддзе. Нацыянальны музей у Кракаве.
Акрамя важных палітычных сходаў, мэтай паездак нярэдка быў манастыр, які наведвалі з рэлігійных памкненняў, або сядзіба іншага шляхціца, які запрашаў знаёмых дваран на вяселлі, хрэсціны, пахаванні, рэлігійныя святы ці проста сяброўскія пасядзелкі.
Пры гэтым адсутнасць тэлефонаў і інтэрнэту не перашкаджала падтрымліваць сувязь з патрэбнымі асобамі. Шляхціц мог напісаць у дзень некалькі лістоў. Вядома, што Ян Храпавіцкі, знаходзячыся на занёманскім прадмесці Гродна, пісаў ліст на правы бераг, не маючы для зносін патрэбы ў асабістай сустрэчы з адрасатам – гетманам ВКЛ, Міхаілам Казімірам Пацам, які кватараваў паблізу. Храпавіцкі мог сабе дазволіць карыстацца кур'ерамі, у якасцi лёгкадаступнай сістэмы сувязі, прыкладна так, як калі б ён тэлефанаваў свайму суседу ў XXI стагоддзі.
Кухня і посуд
Асабліва прыемнымi зносіны маглі быць падчас сяброўскіх пасядзелак.
Вядома, што застоллі былі звычайнай справай для мясцовых дваран. Падчас баляванняў госці і гаспадары банкетаў, канешне ж, часцяком ужывалі гарачыльныя напоі.
У Гродне былі даўнія традыцыі піваварства, многія бровары размяшчаліся, да прыкладу, у даліне Гараднічанкі.
Карысталіся папулярнасцю і імпартныя віны, сярод іншых, венгерскія. Шляхцічы ведалі таксама гарэлку, якая нават была ходкiм напоем.
Як і людзі ХХІ стагоддзя, шляхта часоў Рэчы Паспалітай далёка не заўсёды прытрымлівалася ўмеранасці.
Напрыклад, апiсана тыднёвая гарадзенская папойка знакамітага Караля Радзівіла па мянушцы «Пане Каханку», які купіў у Гродне венгерскага віна на велізарную суму, а затым паехаў, з гэтым віном, далей, працягваючы сваволiць у мястэчках, якія трапляліся па дарозе.
Рацыён шляхціца, як не цяжка здагадацца, моцна залежаў ад яго фінансавых магчымасцей.
Вышэйшая праслойка арыстакратаў магла дазволіць сабе атрымліваць асалоду ад самых дзіўных прысмакаў.
Напрыклад, на дне нараджэння караля Аўгуста III, калі манарх святкаваў у Гродне, у 1752 годзе, на дэсерт, як паведамляе Вільгельм Шлемюлер, былі прынесены асаблівыя прысмакі:
«Тры гадзіны доўжылася бяседа. У канцы ўнеслі дэсерты, а яны былі такія цудоўныя, што сапраўды вартыя каралеўскага стала. Перш за ўсё звярталі на сябе ўвагу дзве святыні, вельмі ўмела зробленыя: усіх добрых якасцяў і славы, як пра гэта казалі надпісы. А ў сярэдзіне трыўмфальная арка, на якой уяўная Постаць Славы. У адной руцэ яна трымала трубу, а ў другой надпіс наступнага зместу: [Аўгуст II кароль, народжаны ў 1696 годзе.] Ну а далей вялікія, па-майстэрску выкананыя, сады, лаўкi, і ўсё гэта дзіўна прыгожае і вельмі каштоўнае».
Беззямельны шляхціц мог толькі памарыць пра такія рэчы, бо яго рацыён больш-менш адпавядаў рацыёну сялян і звычайна ўключаў розныя злакi, гарох і саланіну.
Сярэдняя і багатая шляхта ела шмат мясных страваў: ялавічыну, свініну, розную дзічыну.
Станіслаў Панятоўскі, будучы ўладар ВКЛ, назіраў у гродзенскім палацы Міхаіла Радзівіла Рыбанькі, у 1752 годзе, страву з мясам і шпінатам, якая, зрэшты, не здалася госцю апетытнай.
У модзе былі заправы, напрыклад, перац ды шафран, якія часта выкарыстоўвалі ў вялікіх колькасцях.
Траплялася на столе і рыба, бо, як сказана вышэй, нават магнаты не цураліся рыбалкі.
У вялікай пашане быў бігас, гэта значыць, страва з капусты і мяса.
Кашы, салаты і супы, а таксама садавіна і гародніна, былі жаданымі гасцямі на сталах дваран.
Ва ўжытку XVI—XVII стагоддзяў за сталом часцяком выкарыстоўвалі практычны посуд з металу.
Сярэбраная лыжка XVI – XVII стагоддзяў, з польскім рыфмаваным надпісам «Ты запомні чалавек, у цябе нядоўгі век» (пераклад Я.А.). Нацыянальны музей у Кракаве.
Ужывалi таксама гліняны, шкляны і драўляны.
Зразумела, забяспечаная шляхта магла сабе дазволіць сярэбраныя вырабы, а вось бяднейшая, часам абыходзілася посудам з некаштоўных металаў.
У Стэфана Баторыя, які жыў у гродзенскім замку, меліся нават залатыя сталовыя прыборы.
У другой палове XVIII стагоддзя, дастаткова шырокае распаўсюджанне атрымалі фарфор і крышталь, прычым апошні выдатна рабілі і ў гродзенскім рэгіёне, напрыклад, у Налібоцкай мануфактуры. Падобная вытворчасць шкла мелася і ў самім Гродне.
Імпарт, вядома ж, быў прадстаўлены вырабамі з усяго свету.
Ян Ахоцкі назіраў, у 1793 годзе, у сваіх сяброў у Гродне, не толькі еўрапейскі, але і японскі, і кітайскі фарфор.
Зроблены на замову посуд багатай шляхты і манархаў нярэдка ўпрыгожваўся радавымі гербамі.
Келіх з гербавым арлом Радзівілаў, які, як мяркуецца, належаў Міхалу Радзівілу Рыбаньку. Нацыянальны музей у Кракаве.
Пасля застолляў надыходзіла пара танцаў і розных азартных гульняў. Хоць, часам шляхціцы абмяжоўваліся душэўнай гутаркай.
Суды
У многіх выпадках, амаль паўсядзённай справай для мясцовых дваран былі суды, прычым нярэдка судзілася нават з самымі блізкімі сваякамі. Тут шляхце, вядома ж, была прыдатнай разгалінаваная, хоць і не самая лепшая, судовая сістэма Рэчы Паспалітай, пра якую была гаворка вышэй.
У якасці прыкладу тут можна назваць жыццёвыя перыпетыі гродзенскага войта Андрэя Станіслава Сапегі, сына аднаго з найлепшых палкаводцаў ВКЛ, Яна Пятра Сапегі.