Читать книгу Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў - Яўген Аснарэўскі - Страница 7

Noblesse oblige, або свет шляхты каралеўскага горада
Станаўленне шляхты ў ВКЛ

Оглавление

Традыцыйна, прывілеяванае саслоўе ВКЛ называлі баярамі. Гэта назва перайшла ў сістэму класавых найменняў Вялікага княства Літоўскага з папярэдніх яму княстваў Русі. Аднак паланізацыя, якая набірала абароты ўжо ў XV стагоддзі, дадала ва ўжытак ВКЛ новую назву – шляхта. Само гэтае слова было, па некаторых дадзеных, прыўнесена ў Польшчу з Чэхіі. На землях Вялікага княства Літоўскага такая назва феадальнага класа прыжывалася паступова, выцясняючы ўжыванне слова «баяры» у якасці іменi феадалаў, хоць пры гэтым баярамі працягвалі зваць людзей, занятых у вайсковай справе. Некаторыя з такіх падданых ВКЛ займалі як бы прамежкавую пазіцыю паміж шляхтай і сялянамі, а пазней многія бедныя прадстаўнiкi баяраў патрапілі ў сялянскае саслоўе. Такім чынам, найменне шляхта зацвердзілася ў якасці назвы прывілеяванага класа, ці, інакш кажучы, дваранства.

У перыяд XVI – XVIII стагоддзяў гэтая праслойка насельніцтва ВКЛ адчувала моцны ўплыў польскай культуры, але ў масе так ніколі і не страціла цалкам самасвядомасці літвінаў, якая была адрозная ад уласна польскай.

Разам з тым, трэба прызнаць, што ў многіх выпадках «літвінства» было праявай «краёвасці», гэта значыць, жыхары ВКЛ усведамлялі сябе жыхарамі рэгіёна Польшчы, «Літоўскай правінцыі», як цяпер жыхары, напрыклад, Шчучыншчыны, могуць усведамляць сваю рэгіянальную самабытнасць, але звычайна не адлучаюць сябе ад беларускага народа.

У асобна ўзятых персаналій, зразумела, былі розныя погляды на гэтае пытанне: ад выразнага адмаўлення ўласна польскай ідэнтычнасці, да поўнага яе прыняцця, таму абагульненнi тут варта рабіць асцярожна.

Найважнейшай падзеяй, якая абумовіла масавую паланізацыю, стала вядомая Люблінская ўнія 1569 года.

Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў

Подняться наверх