Читать книгу Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў - Яўген Аснарэўскі - Страница 9

Noblesse oblige, або свет шляхты каралеўскага горада
Высакародныя сарматы

Оглавление

Ваенная справа, безумоўна, займала асаблівае месца ў жыцці шляхецкага саслоўя ВКЛ, у тым ліку і гродзенскіх дваран.

Укаранёная ў асяроддзі шляхты, якраз у перыяд XVI – XVII стагоддзяў, ідэалогія сарматызму, якая абгрунтоўвае асаблівае паходжанне мясцовай эліты, нібы адрознай па крыві ад сялян, была прасякнута культам сілы і вайсковай доблесці. Шляхціц-сармат павінен быў быць сапраўдным рыцарам, абаронцам айчыны і сваёй веры.

Прадэманстраваць свае баявыя навыкі высакародны воін мог падчас паспалітага рушэння, то бок, усеагульнай ваеннай мабілізацыі шляхты.

Цікава, што сарматызм, у значнай ступені, арыентаваўся на ўсходнюю культуру, і перш за ўсё гэта выяўлялася ва ўзорах адзення і ўзбраення.


Наплечнік гусара Рэчы Паспалітай ХVІІ стагоддзя. Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей.


Адной з прыкметных праяў сармацкай культуры, і яе своеасаблівым сімвалам, з'яўляецца цяпер так званы сармацкі партрэт, а адным з лепшых прыкладаў такога мастацтва – выява Кшыштафа Весялоўскага, маршалка ВКЛ, заснавальніка гродзенскага кляштара брыгітак, дзе гэты ўплывовы саноўнік быў пахаваны.

Кшыштаф намаляваны ў палацавым інтэр'еры. На магнаце досыць строгае, але багатае адзенне. На стале ляжыць шапачка з каштоўным упрыгожаннем. У правай руцэ Кшыштафа жазло – сімвал улады маршалка. Жазло ўпрыгожвае каралеўская манаграма Жыгімонта Вазы. Левая рука на шаблі. Значэнне гэтага віду зброі ўвогуле было надзвычайным, бо шабля з'яўлялася адным з абавязковых атрыбутаў шляхціца, знакам яго высакароднага паходжання.


Кшыштаф Весялоўскі. Партрэт з манастыра брыгітак у Гродне, 1636 год. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.


Тут дарэчы ўспомніць, што англійскі падарожнік Уільям Кокс, які наведваў Гродна і іншыя гарады рэгіёну ў другой палове XVIII стагоддзя, атрымаў ад мясцовага двараніна параду насіць зброю, калі падарожнікі сапраўды належаць да дваранскага саслоўя. Сарматызм усё яшчэ квітнеў у мясцовай культуры і кантраст ментальнасці літоўскіх шляхцічаў з ментальнасцю адукаванага англійскага джэнтльмена, ці нават караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста, можна заўважыць і ў мемуарах Кокса, і ва ўспамінах апошняга манарха.


Шабля караля Станіслава Ляшчынскага, XVIII стагоддзе. Нацыянальны музей у Кракаве.


Тут варта яшчэ адзначыць важны элемент сарматызму – веру ў рэспубліканскі лад, і жаданне абмежаваць уладу караля. Падобныя ідэалы могуць выглядаць надзвычай прагрэсіўнымі, у межах перыяду існавання Рэчы Паспалітай, аднак менавіта шляхецкая вольніца, у выніку, і загубіла гэтую магутную еўрапейскую дзяржаву.

Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў

Подняться наверх