Читать книгу Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў - Яўген Аснарэўскі - Страница 3
Стэфан Кароль, або першы вялікі манарх Рэчы Паспалітай
Паходжанне
ОглавлениеСтэфан Баторый нарадзіўся ў 1533 годзе, у горадзе са складанай назвай Шымлеу-Сільваней, якi інакш называюць Шом'ю або Шом'ё. Мясцовасць з не вельмі высокімі, зялёнымі ўзгоркамі, выразна нагадвае Гародню, і гэтым падабенствам часам тлумачаць любоў (цi тут нават дарэчы казаць каханне) Стэфана да горада над Нёманам.
Размяшчаўся радавы цэнтр Баторыяў, або як іх яшчэ называюць: Батары, на тэрыторыі Трансільваніі. Некалі яна была фармальна незалежнай краінай. Назва гэтай гістарычнай вобласці адметна тым, што дастаткова добра замацавана ў поп-культуры. Зразумела, адбылося гэта дзякуючы вялікай папулярнасці аднаго з персанажаў пісьменніка Брэма Стокера, а менавіта, графа Дракулы. Улад III Цепеш, рэальны прататып літаратурнага графа-вампіра, вёў шматлікія войны, а адным з яго надзейных баявых таварышаў быў Стэфан (Іштван) Баторый, праўда, не галоўны герой гэтага расповеду і валадар Польшчы і Літвы, а проста цезка караля і адзін са значных прадстаўнікоў роду, што жылі ў XV стагоддзі.
Род Баторыяў, як мяркуецца, iдзе каранямі ў нямецкія землі.
На гербе гэтых венгерскіх магнатаў ёсць клінаватыя элементы, так званыя «зубы цмока». Радавая легенда звязвае іх з міфічным цмокам, якога перамог продак караля і вялікага князя. Цікава, што вакол гербавага шчыта Баторыяў, нярэдка змяшчаўся цмок, з хвастом, закручаным да пашчы. Падобная выява была эмблемай Ордэна Цмока, членам якога акурат з'яўляўся бацька Улада Цепеша. Дзякуючы гэтаму факту Улад і атрымаў мянушку Дракул, гэта значыць, цмок. Дарэчы, у гэтае шаноўнае братэрства нiбыта ўваходзілі і ўладцы ВКЛ: Ягайла і Вітаўт.
Герб Стэфана Баторыя. Ян Матэйка, 1875 год.
Апроч чалавека, што злучае род з адным з самых вядомых герояў маскульту, Баторыі мелі ў сваіх шэрагах і сваю ўласную суперзорку сусветнай поп-культуры.
Лізавета Батары, вядомая таксама як Крывавая графіня, падобна Уладу Дракуле, змагла стаць персанажам фільмаў, кніг, кампутарных гульняў і мультфільмаў, хоць яе папулярнасць, вядома ж, вельмі моцна саступае папулярнасці самага знакамітага вампіра ўсіх часоў.
Лізавета, якая паводле сведчанняў, забіла сотні юных дзяўчын, даводзілася каралю і вялікаму князю Стэфану Баторыю пляменніцай.
Вось у такой цікавай сям'і і нарадзіўся будучы манарх Рэчы Паспалітай.