Читать книгу Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў - Яўген Аснарэўскі - Страница 8

Noblesse oblige, або свет шляхты каралеўскага горада
На ваенных аглядах

Оглавление

Паланізацыя канкрэтна гродзенскай шляхты можа быць добра прасочана, у прыватнасці, вельмі простым спосабам: з дапамогай дадзеных «попісаў», ці, інакш кажучы, ваенных аглядаў шляхты. Там гарадзенцы прадстаўлялі свой павет, які ўваходзіў у Троцкае ваяводства. Свайго ваяводства ў горада не было да самага канца XVIII стагоддзя, хаця фактычнае значэнне Гродна ўжо ў XVI стагоддзі было вышэй, чым у ваяводскага цэнтра – Трок.

У пераліку войска 1565 года, зробленым незадоўга да фармальнага аб'яднання ВКЛ і Польшчы ў канфедэрацыю, якую мянуюць Рэччу Паспалітай, згадваюцца, сярод многіх гродзенскіх воінаў, наступныя людзі: гродзенскі харунжы Богуш Пятровіч Міцута, Іван Карп, Сідар Касцюковіч, Ждан Паўловіч Эйсмантовіч, Нячай Тышык ды іншыя прадстаўнікі русінскіх і балцкіх па паходжанні мясцовых родаў.

Часцяком, байцы ўзбройваліся ашчэпамі, гэта значыць, дрэўкавай зброяй. Аб некаторых гродзенцах сказана, што яны мелі, корд або сякеру, а часам лук і стэлы.


Конныя воіны Польшчы і ВКЛ у прадмесці Гродна. Панарама Адэльгаузера-Цюндта, 1568 год.


У пераліку ёсць і жанчыны, напрыклад, Федзя Сяньковая, якая, канешне, не была ваеннаабавязанай, але выставіла маладога чалавека на кані і з ашчэпам.

Агнястрэльная зброя ўсё яшчэ была рэдкім задавальненнем для мясцовых шляхцічаў, аднак сёй-той з дваран валодаў і такiм небяспечным для ворага прадметам. Напрыклад, Станіслаў Глядавіцкі, які зрабіў нядрэнную кар'еру ў павеце, меў у арсенале аркебузу.

На пачатку XVII стагоддзя на сцягу гродзенскага павета была выява «Пагонi». Коннік на гродзенскім палотнішчы сядзеў на чорным кані, чорны і чырвоны колеры вылучаліся і ва ўборы самога «рыцара збройнага».


Рыцар на харугве Гродзенскага павета ў часы Жыгімонта Вазы. Малюнак аўтара, па матывах арыгінала.


Перапіс 1765 года таксама цікавы. Пара соцень гадоў, вядома ж, значны перыяд, і згаданыя ў спісе паны прыкметна адрозніваюцца ад сваіх прашчураў з XVI стагоддзя.

8 ліпеня 1765 года гродзенскі харунжы Міхаіл Эйсмант выдаў універсал, які загадваў шляхце сабрацца на агляд. Сярод прыбылых шляхцічаў ёсць людзі, якія мелi такія імёны: Шымон Кульбацкі, Рох Снарскі, Шымон Пурскі, Каспер Тамашэўскі. Вось тут якраз і можна заўважыць, што нават самі імёны прадстаўнікоў гродзенскага павета гавораць пра ўплыў польскай культуры.


Пісталет XVIII стагоддзя. Нацыянальны музей у Кракаве.


Агнястрэльная зброя, у той час, ужо не была вялікай рэдкасцю, і шляхцічы выкарыстоўвалi як халоднае ўзбраенне, і перш за ўсё шаблю, так і зручныя для кавалерыстаў пісталеты. Аднак бедныя прадстаўнікі шляхты часам не мелі нават каня. Напрыклад, пан Якук Кажэнеўскі быў на перапісе пешым, хоць і меў пры сабе шаблю.

Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў

Подняться наверх