Читать книгу Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў - Яўген Аснарэўскі - Страница 4
Стэфан Кароль, або першы вялікі манарх Рэчы Паспалітай
На вяршынях магутнасці
ОглавлениеСтэфан Баторый быў добра адукаваным і таленавітым палітыкам. За трон роднай Трансільваніі яму давялося пазмагацца з Каспарам Бекешам, якога лёс у выніку прывядзе да сяброўства з манархам, і ён жа звяжа імя венгерскага двараніна з Гродна, у якім гэты, дастаткова здольны, чалавек, завершыць свой зямны шлях.
Прабіваючыся да трона Трансільваніі, Баторый эфектна лавіраваў паміж Габсбургамі і султанам Асманскай імперыі.
Але наперадзе яго чакала самае значнае кар'ернае дасягненне сярод усіх прадстаўнікоў яго роду. Гаворка, канешне, аб атрыманні ўлады над Рэччу Паспалітай.
Стэфан Баторый. Ксілаграфія невядомага аўтара, першакрыніца: В. Бродзскі, другая палова XIX стагоддзя. Нацыянальны музей Кракаў.
У канцы 1575 года, нягледзячы на канкурэнцыю з боку магутнага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II, якога ўжо публічна назвалі польскім каралём, Стэфан Баторый здабыў галасы шляхты, у тым ліку і літоўскіх дваран, і быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Стэфан павінен быў стаць каралём, але з абавязковай умовай жаніцьбы на Ганне Ягелонцы – апошняй прадстаўніцы сваёй дынастыі, акрамя таго, Ганна фармальна мела б манаршыя правы, хоць рэальную ўладу меркавалася аддаць Баторыю.
1 мая 1576 года Стэфан ажаніўся з Ганнай і быў каранаваны ў вавельскім саборы Кракава.
Цяпер венгерскі арыстакрат стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім, гэта значыць: валадаром вялізных тэрыторый. I нават подпіс новага манарха Літвы і Польшчы, паведамляў аб яго новым статусе «Стэфан Кароль».
Арыгінальны подпіс Баторыя на дакуменце: Stephanus Rex (Стэфан Кароль). Гродна, 1586 год. Бібліятэка Чартарыйскіх.