Читать книгу Калісьці былі мы - Дмитрий Максимович Акулич - Страница 4
IV
ОглавлениеУ дарозе Ірына гаварыла з Лісаковічам пра мінулае. Успамінала, якім быў іх час, пражыты ў адносінах. Яна вышуквала толькі добрыя ўспаміны, спрабавала ўзнавіць моманты, абудзіць настальгію па тых часах. Аднак, у Лісаковіча ўспаміны не стваралі таго прыемнага асяроддзя, якое б мроіла пра раман з былой. Ён адчуваў сябе няёмка, пры гэтым, не падаваў выгляду, што ў яго ёсць нявеста. Твар усміхаўся, вушы слухалі. Лісаковіч заўважаў, як Ірына на яго глядзела, і бачыў у яе паводзінах намёкі на ўз'яднанне. У ёй прачыналіся не згаслыя пачуцці кахання. І як бы мужчыну не хацелася спыніць Ірыну і сказаць ёй, што паміж імі не можа быць нічога акрамя сяброўства, што ён неўзабаве ажэніцца на іншай – ён не змог расказаць усю праўду пра сябе. Лісаковіч баяўся, што яго прызнанне выклікае абурэнне і разбурыць шлях да матэрыялу. А яму вельмі хацелася напісаць новы артыкул, не ўпусціць гэты шанец. І пакуль становішча дзеянняў Ірыны былі не занадта адкрытыя і настойлівасць не заходзіла за рамкі, Паша паводзіў сябе стрымана.
Праехаўшы большую палову шляху, аўтамабіль спыніўся за кругавым скрыжаваннем, так і не дабраўшыся да пункту прызначэння. Увесь праспект Дзяржынскага замёр, рух спыніўся. Не ўсе кіроўцы выходзілі з машын, некаторыя сігналілі, выказваючы сваю незадаволенасць.
– Чаму ўсе стаяць? – спытала Ірына, а затым прашаптала, – Чаму тыя, двое, бягуць да нас?..
– Аварыя, – даў аб сабе знаць Школік, прасунуўшы галаву паміж пярэднімі сядзеннямі.
Лісаковіч, замест адказу, выйшаў з машыны і зірнуў наперад. Пакруціў галавой, затым вярнуўся на месца. У яго шырокіх вачах адбівалася энергія, з'яўляўся запал да таго, што адбывалася. Цяпер ён накіраваў свае думкі і мэты ў іншы бок, а прапанова Ірыны выйшла на другі план.
– Вельмі цікава. Я б напісаў пра нешта страшнае, – вымавіў ён.
Лісаковіч глядзеў у будучыню, уяўляў якім будзе яго вынік расследавання спантаннай падзеі і, як вынік, атрыманне хвалы ад кіраўніцтва і ад чытачоў. Было адчуванне, што ў ім не было спачування да пацярпелых. Журналіст думаў пра іх і ў цэлым пра здарэнне як пра матэрыял для артыкула. Ён хацеў бачыць маштабы падзей шырокімі і трагічнымі, каб прадстаўленне яго публікацыі на першай старонцы не сарвалася. Фотаапарат ужо павіс на шыі, ноўтбук быў зараджаны для адпраўлення справаздачы. Усё было гатова для збору матэрыялу. Засталося распытаць людзей і дабрацца да эпіцэнтра, і як мага хутчэй.
– Ты сур'ёзна, зараз думаеш пра працу? Паніка на праспекце, азірніся! – пярэчыла Ірына, імкнучыся пераканаць Лісаковіча.
– Не думаю, што нешта нам пагражае. Трымайцеся мацней! – не згаджаўся ён, – Зараз паглядзім, што там наперадзе!
Аўтамабіль загудзеў гучней, збочыў з праезнай часткі на ходнік і роварную дарожку. Але, як аказалася, не ён адзін хацеў аб'ехаць затор і праехаць наперад. Прарабіўшы шлях не больш за сто метраў, Лісаковіч ізноў захрас. І тут, на маленькай паласе, ужо не было куды дзецца. Машыны ўразаліся, спяшаліся пакінуць праспект, кіроўцы нерваваліся, а пешаходы ўсё разбягаліся ў бакі.
– Што адбываецца? – гучна сказала Ірына і нервова выйшла за дзверы.
За ёй паспяшаўся выйсці Школік. Ён не заўважыў мужчыну і жанчыну з дзецьмі, якія спяшаліся дадому, і зачапіў іх дзвярыма. Ён тут жа папрасіў прабачэння і адвёў вочы ад сям'і. Пацярпелы мужчына гучна, але коратка вылаяўся. У вузкім месцы адчувалася няволя і небяспека. Гул ад сігналаў машын толькі ўзмацняў хваляванне. Шумелі розныя галасы. Акрамя таго, гарачае сонца напальвала абстаноўку сваімі прамянямі. Целы пацелі, рабілася душна і кепска.
Лісаковіч маўчаў, толькі круціў галавой. Разумеючы, што далей не праехаць, ён выйшаў на ходнік, накінуў заплечнік і абышоў машыну.
– Трасца ліхая! – незадаволена ўсклікнуў ён, а затым дадаў, – Ідзем наперад, далей няма праезду!
– Так. Тут недалёка. Кватэра маіх бацькоў вунь там, за гэтым новым будынкам! – напалоханым тонам казала Ірына.
Яна адчувала небяспеку, а вялікая навала машын перадавала спыненне часу і хацелася хутчэй схавацца ад гэтага нервовага наваколля.
– Эм… Я пра тое, што нам трэба знайсці крыніцу страху. Табе не цікава, у чым прычына ўсёй блытаніны? Добра, я пайду адзін, а ты… – гарэў новай ідэяй Лісаковіч, і тут жа яго спынілі, чалавечае цела ўпала перад ім, – Вы ў парадку? – ён правёў незнаёмку вачамі.
Ад убачанага пад нагамі, маланкавы, але нядоўгі страх сцёр усе словы, адштурхнуў цікавасць рухацца наперад.
– Не чапайце яе! – грозна і разборліва выгукнуў Школік.
Сярод шыпячых навакольных гукаў горада, дзе гул машын змешваўся з рэдкімі людскімі крыкамі і мітуснёй, Лісаковіч адчуў, як па целе прабегся халадок. Светлавалосая незнаёмка хутка паднялася і знікла з вачэй. Лісаковіч толькі разгледзеў на яе спалоханым твары мноства чорных кропак, падобных на вялікія кляксы. Ірына не бачыла таго цела, яна глядзела ўдалячынь, не адводзіла шырокіх вачэй ад невыразнай з'явы, нават не адцягнулася на гучны вокліч калегі. Далёка наперадзе, сярод размытых аб'ектаў, пульсаваў жоўта-чорны дым. Выяўленая ёю з'ява праяўлялася воблакам, а пасля, за долю секунды, рассейвалася. Што гэта было, міраж, нейкая ілюзія на фоне асцярогі за жыццё ці ўсё ж рэальнасць? Ірына спачатку спрабавала зразумець, але потым, адарвала погляд і паглядзела на цёмныя цені, якія ўцякалі ад дымчатага прывіду, як ад урагану. Павярнуўшыся, яна заўважыла, што з іншага боку, з-за пабудоў, выглядвала роўна такая ж рухаючая маса. Гэта былі людзі, якія, не ведалі куды ім падзецца. Яны беглі і азіраліся, нешта гнала іх, падганяла наперад. Колькасць грамадзян расла. Падобна чорным мошкам, яны перамяшчаліся ад дома да дома, перабягалі дарогу, перамяшчаліся паміж машынамі. Нібы кучары, спіраллю расцякаліся па праспекце людзі. Як бязладныя ніткі, жывы рух закручваўся і пераплятаўся, баючыся загінуць. Здалёк цяжка было разглядзець, які від страху ці пагрозы стварыў паніку. Скрозь горад папаўзлі шумныя крыкі, якія вылучаліся на фоне светлага дня і зачароўвалі творчыя, нестандартныя людскія душы, такіх людзей, як Лісаковіч. Уся карціна праспекта сціскала Ірыну. Яна паглядзела на Лісаковіча, які ў гэты момант рабіў пару здымкаў хаусу, натоўпу людзей, якія пускаліся наўцёкі.
"Чаму? Ад чаго вы бяжыце?" – разважаў журналіст, жадаючы разабрацца.
Тут жа, з боку скрыжавання, лінуў крык моцным патокам. Спачатку напалоханыя і бледныя людзі хваляй прабеглі побач, затым, за імі, рэдкай паласой драпалі скрозь машыны і падалі на асфальт знясіленыя жыхары сталіцы. Перад Лісаковічам павалілася яшчэ адно маладое цела з чорнымі, сухімі плямамі на скуры. Меткі рознай формы былі на твары і на аголенай частцы рук. Яны разрасталіся, як выпальванне лістоты. Абпальвалі, нібы капаў на скуру кіпень. Знявечанае цела крычала ад болю, стагнала, рыпаючы зубамі, маліла аб дапамозе. Плямы працягвалі павольна награваць кроў, мучылі чалавека горыччу і ператваралі яго ў нейкую іншую істоту. Лісаковіч зрабіў хуткі крок назад, а затым, хутка зрабіў здымак пакутніка, які ляжаў каля пярэдняга кола яго аўтамабіля. Лісаковіч не ўспрымаў поўную карціну таго, што адбывалася, як небяспеку для сябе. Ён перастаў думаць, як іншыя, быццам мозг ненадоўга адключыўся і толькі рэфлексы цела кіравалі ім.
– Ты ідыёт?! – парушыла цішыню Ірына і моцна схапіла яго за руку.
Моцны захоп ажывіў і разагнаў глухі стан Лісаковіча.
– Што?..
– Ты чуеш, што я кажу? Бяжым, хутчэй! – смела крыкнула Ірына і ад злосці адцягнула яго ад машыны.
Пачуўся гучны выбух, дзесьці далей станцыі метро Грушаўка. Паміж пякарняй і аптэкай выбухнуў аўтамабіль. Праз секунду яшчэ выбух.
– Пара адсюль выносіць ногі! – дадаў Школік, дакорліва паглядзеўшы на тое, як Ірына трымала за руку свайго сябра.
Злёгку пацямнела ў горадзе, сонца зайшло за невялікае касматае воблака. Чорны дым ад палаючых машын не цягнуўся трубой да неба, а завісаў над дарогай. Ён навіс над выбухам, нібы запаўняў сваёй цемрай плоскі, празрысты посуд. Калі Ірына адпусціла мужчынскую руку, яна зрушылася з праспекта, за ёй пабеглі Школік і Лісаковіч. Лісаковіч адчуваў сябе недарэчна. Сярдзіты твар Ірыны спалохаў яго больш, чым барацьба акружэння. Яго ўчынак быў тут жа ім расцэнены як слабасць. У ім сціхла цікаўнасць, а думка пра тое, што гэта ён павінен быў турбавацца за ўсіх, а не паводзіць сябе эгаістычна, душыла журналісцкую адвагу.
Трое спяшаліся, аббягаючы перашкоду з машын і людзей. Зрэзалі вугал скрыжавання, каля новага дома, дзе іх сустрэлі напалоханыя маляры. Мужчыны ў рабочай уніформе глядзелі ўдалеч, разгублена абмяркоўвалі ўбачанае. Ірына злёгку правяла іх вачамі, нібы не заўважала іх строй, затым расштурхала, праціснулася скрозь іх. Яна перабегла дарогу, першай увайшла ў арку і забегла ў двор. Падбегла да дома, дзе жылі яе бацькі. Ля пад'езда, у момант свайго выратавання, яна азірнулася, бо ўспомніла пра неабыякавых ёй мужчын. Ірына адчыніла дзверы, упусціла Пашу і Мікіту, а затым паглядзела на зялёную зону ў двары. Высокія, пышныя дрэвы плаўна кідалі сваю жывую лістоту, нібы стаміліся ад цяжару і, не чакаючы восені, агалялі галіны. Тады ж чырвоны легкавы аўтамабіль, які стаяў непадалёку, плавіўся, хаатычныя кропкі па кузаве грэлі паверхню, з дзвярэй сцякалі кроплі фарбы, сцякалі на асфальт, агаляючы месцамі метал. Унутры, затрымаўся ў машыне з пакутамі кіроўца, яго скура чарнела пад вугаль. У гэты момант, калі Лісаковіч падбег да ліфта і націснуў на белую кнопку, ён павярнуўся, паглядзеў на Ірыну. У пад'езд забег не толькі Школік, але і цёмнавалосая дзяўчынка васьмі гадоў, з партфелем на тонкіх плячах. Ірына адпусціла дзверы, пад'езд зачыніўся, і прагучаў гучны выбух. Загарэўся аўтамабіль. На шчасце, ліфт адразу адгукнуўся, усе чацвёра ўвайшлі ўнутр, дзверы злучыліся і ліфт пацягнуўся ўверх.
– Мы не захраснем? – прашаптала дзяўчынка, адчуваючы трывогу.
– Ты ў парадку. Не бойся. Спадзяюся, твае бацькі дома! – сказала Ірына, стараючыся гаварыць спакойна.
– Не ведаю. Можа, яны яшчэ на працы.
Ірына жаласна паглядзела на дзіця і, убачыўшы ў дзіцячых вачах смутак, сказала:
– Калі іх не будзе дома і табе будзе страшна, прыходзь да нас у пяцідзесятую кватэру. Ты ж жывеш на паверх вышэй. Не бойся, я знаёмая з тваёй мамай, усё будзе добра.
"Не падобна, што ўсё будзе добра. Што магло за секунды нашкодзіць, спаліць скуру чалавеку?" – не патухала цікавасць у Лісаковіча, – "Трэба тэрмінова звязацца з Марынай!" – ён дастаў смартфон з кішэні.
Ліфт спыніўся, выпусціў пасажыраў.
– Выходзім! Выходзім! – пакрыквала Ірына і пацягнула дзіця за сабой, – Хутчэй пабеглі па лесвіцы да тваіх бацькоў! Я цябе тут не пакіну.
Затым, яна апусціла галаву і, паднімаючыся па прыступках, у спешцы сказала:
– Мікіта, я пераканаюся, ці ёсць хто наверсе. Хутка вярнуся! Вы не стойце, заходзьце да маіх…
Школік падышоў да дзвярэй кватэры і моцна націснуў на кнопку дзвярнога званка. Лісаковіч, адразу пасля ліфта, спыніўся, успомніў пра сваіх блізкіх. Ён паднёс тэлефон да вуха.
– Алё, каханая!
– Так. Як добра, што ты на сувязі. Я не магла да цябе датэлефанавацца. З табой усё добра? – пачуўся звонкі голас нявесты.
– Усё добра. Ты як?
– Я бачыла навіны. Я вельмі перажываю за цябе! У інтэрнэце столькі страшнага перадаюць з Менску…
– Марын, наведай маю маму!
– …
– Каханая, ты мяне чуеш? Алё!.. Алё! Алё! Марына?
У трубцы цішыня, сувязь знікла. Лісаковіч цяжка задыхаў і яшчэ раз набраў нявесце – абанент недасягальны. Пасля гэтага ён набраў маме, але ізноў не было злучэння. Усё болей таямніц і праблем набывалася ўдалечыні ад дома.