Читать книгу Калісьці былі мы - Дмитрий Максимович Акулич - Страница 6
VI
ОглавлениеЗ незадаволеным выразам твару, за шырокім сталом сядзеў Захар Пятровіч, на ім была блакітная кашуля, чорныя нагавіцы, а на вострым носе сядзелі круглыя акуляры. Ён слухаў грымоты выбухаў, запіваючы стрэс алкаголем. Маршчыністы твар сівавалосага старога мужчыны зірнуў на Лісаковіча, выказваючы да яго прамое пачуццё агіды. Тут жа, насупраць стала, на мяккай цёмна-сіняй канапе размясціліся студэнты, для якіх Прышчэпаў быў у якасці рэпетытара. Хлопец і дзяўчына ціха назіралі за сцэнай узаемаадносін, баючыся нешта сказаць старэйшым. Усе, хто прысутнічаў у кабінеце да з’яўлення Лісаковіча, былі ў замяшанні пры нечаканым госце і чакалі ад яго далейшых дзеянняў. У невялікім памяшканні ствараўся непрыемны ціск, усе кідалі адно на аднаго маўклівыя погляды. У дзвярным праёме ціха стаяла Антаніна Сяргееўна. Пасля зласлівых слоў мужа, яна пазнала ў госцю Пашу Лісаковіча і апусціла вочы. Жанчына ўспомніла: як ён прыходзіў да іх, як моцна была закаханая ў яго яе дачка, як шчасліва выглядалі іх твары. І цяпер, жанчыне здалося, што яе муж быў занадта строгі да мінулага. Маці лічыла, што дачцэ даўно было пара выйсці замуж, што не выпадкова Паша апынуўся тут. "Можа іх дарогі зноў сышліся?" Лісаковіч выглядаў больш статна і мужней, далёка ўжо не той студэнт, кім быў у момант першага знаёмства. Антаніна Сяргееўна зусім адцягнулася на мінулае, не звяртала ўвагі, што грукоча, бурыцца горад за сценамі кватэры. Яна вырашылася ўціхамірыць запал мужа, падумаўшы пра шчасце дачкі.
– Захар! – ускрыкнула яна, а затым зменшыла гучнасць тону, – Навошта ж ты так? Паша папрасіў прабачэння перад нашай дачкой. Гэта ж так? – кінула яна погляд на Лісаковіча, – У іх цяпер добрыя стасункі! – пабойваючыся строгага нораву мужа, Антаніна Сяргееўна ўсё болей глядзела на Лісаковіча, не ведаючы, што насамрэч было паміж ім і Ірынай.
– Што ж ён, прыйшоў да мяне? Блаславення прасіць? – фальшыва ўхмыльнуўся Захар Пятровіч, – Няхай выбіраецца! Прэч з майго дому! Раз здрадзіў, значыцца яшчэ раз здрадзіш! – ён ізноў пацягнуўся да бутэлькі.
– Тата, мама?! Што тут адбываецца? – падышла да бацькоў Ірына, пасля таго, як пачула гучны голас бацькі, – Там, на праспекце, рабілася жудаснае! – пачала стракатам апісваць тое, што адбывалася, змяніўшы тэму размовы.
– Мы хваляваліся за цябе! Я хацела ўжо ехаць за табой! – гаварыла Антаніна Сяргееўна, – Ці не вайна? Што ж нам цяпер рабіць?
– Мы чулі крыкі, бачылі мітусню за акном. Справа гіблая! – падхапіў бацька і адклаў акуляры на разгарнутыя кнігі, – Сувязі няма, з дому не выйсці! Будзе яшчэ горш! Гэта ўсё недавучоныя! Трасца! У пекла іх! Паглядзіце, як губяць чалавецтва гэтыя дурні! А мяне яшчэ звольнілі! А я ж папярэджваў, гэтых недаразвітых! Вось яна, іх адплата! – працягваў гаварыць Прышчэпаў павялічваючы свой грубы тон голасу, – А гэты як тут апынуўся? Чаму? – паказаў ён кіўком галавы на Лісаковіча, – Адыдзі! Сыдзі з вачэй маіх!
– Я хацела яму дапамагчы! – адказала бацьку Ірына.
– Мне лепш сысці, за дзверы! – сказаў Лісаковіч і, праходзячы каля Ірыны, ціха дадаў, – Як жа так? – пранізліва, абвінавачваючым голасам вымавіў ён.
Захар Пятровіч устаў, адышоў ад стала, паглядзеў у акно. Ад непрыемнага відовішча ў горле перасохла, а ў грудзях цвёрдым каменем уелася крыўда і злосць. Ён пацягнуўся за шклянкай і бутэлькай віскі, не саромеючыся нікога, наліў сабе больш за палову. Складвалася такое ўражанне, што гаспадар кватэры не баяўся таго, што рабілася за сценамі, нібы яго турбавала толькі крыўда мінулага. На пенсіі Захар Пятровіч часта выпіваў на прыканцы дня, зачыняўся ў кабінеце, пляваўся бруднымі думкамі на несправядлівае стаўленне. Патанаў без сваёй працы, на якую выдаткаваў большую частку свайго жыцця. Ён адпіў глыток моцнага алкаголю, пацёр сівую бараду і сеў на крэсла, нібы змірыўся з гібеллю чалавецтва, якое яшчэ змагалася за жыццё, за існаванне.
– Толькі чалавек можа загубіць свой свет. Толькі чалавек не ведае цану свайго існавання, – горка вымавіў Захар Пятровіч і выпіў яшчэ, – Але! – падняў шклянку на ўзроўні пляча, дадаў, – Зведаўшы ўсе хваробы, чалавек здольны стварыць новы свет… Да наступнага знішчэння.
Антаніна Сяргееўна не хацела глядзець на п'янствуючага мужа і, пацягнуўшы за сабой дачку, пакінула кабінет. Моўчкі пакінулі старога студэнты. Дзверы кабінета зачыніліся.
Па шырокім калідоры ўсе перамясціліся ў гасцёўню. Калі Лісаковіч першым зайшоў у прасторнае памяшканне, Школік адсутнічаў, на канапе толькі сядзела спалоханая дзяўчынка Віта з хмурным тварам.
– Калі мяне забярэ мама? – спытала яна, аглядаючы пакой.
Тады ж забегла Антаніна Сяргееўна.
– Ах, і што ж нам рабіць? – сумна спытала яна, размахваючы рукамі.
– Нас выратуюць. Мама, нас павінны выратаваць! – супакойвала Ірына, – Ну павінна ж быць нешта, хтосьці павінен нас выратаваць!
Антаніна Сяргееўна паглядзела на разгубленае дзіцяці, падсела да яго і паспрабавала надаць дзяўчынцы смеласці. Ласкава пагаварыла з ёй, запэўніла, што ўсё будзе добра. Жанчына сама не верыла сваім словам, і гэта было прыкмечана Вітай. Дзіця задавала складаныя пытанні, на якія, уяўляючы, адказвала Антаніна Сяргееўна.
У гэтую хвіліну да Лісаковіча падышла Ірына, прасіла дараваць яе за паводзіны бацькі і спрабавала апраўдаць сябе, як чалавека, які выпадкова трапіў у цяжкую сітуацыю. Яна праўда была здзіўленая няўстойлівасці і слізкасці бацькі, што замест разважлівай размовы, ён выкінуў нешта новае. І, нягледзячы на гарадскі жах, які палохаў яе да дрыжыкаў, Ірына набіралася цярпення, прыкідвалася моцнай. Ёй здалося, што за гады бацька ўжо забыўся пра пакуты дачкі, якія прыйшліся ад расставанні з Пашам. Што за доўгі час, не толькі яна даравала Пашу, але і ўся сям'я была гатовая сустрэць Лісаковіча спакойна, больш цывілізавана. Мабыць, цяга Ірыны і абуджэнне былых пачуццяў да Лісаковіча крыху туманілі яе рэальнасць. Мабыць, тое спантаннае запрашэнне, якое прывяло ў кватэру новых людзей, дзяліла віну напалам. Лісаковіч абвінавачваў сябе, за тое, што не з'ехаў дадому пасля выставы. Папракаў у думках Ірыну, якая ўцягнула яго ў падобную пастку. Але любы з гэтых кірункаў не даваў яму выразнага адказу: ці быў бы ён зараз жывым накіраваўшыся да брата альбо да нявесты. Яму было пляваць на грубасць Захара Пятровіча. Добра падумаўшы, усё што ён зараз зрабіў, гэта дараваў Ірыне, тым самым рассеяў яе неспакой іх сяброўскіх адносін. Затым, убачыўшы разгубленасць у многіх чужых вачах, Лісаковіч узяў на сябе вобраз камандзіра. Ён у спешцы паспрабаваў растлумачыць важнасць згуртаванасці і падкрэсліў важнасць не панікаваць перад невядомасцю. Кожны быў роўны, затрымаўшыся ў бетоннай скрынцы з ворахам пытанняў. Тое, што яны яшчэ ўсе жывыя, азначала, што варта пазмагацца за жыццё, а не апускаць рукі. Лісаковіч раздаў прысутным задачы, якія павінны былі разбавіць благія думкі. Бо агульная справа павінна не толькі адцягваць, але і дапамагаць кожнаму пражываць гадзіну за гадзінай.
Ужо вечарэла. Паводле разлікаў Антаніны Сяргееўны, ежы хапала на два дні, а калі тужэй зацягнуць паясы, то на тры. Гаспадыня кватэры строга і справядліва распараджалася гэтым абавязкам, была галоўнай на кухні. Пакуль яе муж прылажыўся да бутэлькі і самотна разважаў у сваім кабінеце, яна актыўна ўдзельнічала ў мэце выжывання, старалася ўсім дапамагчы і верыла, што хутка прыбудуць ратавальнікі, а можа, і ўся небяспека сама сабой спадзе. Кожны быў удзячны гаспадыні за дабрыню і клопат.
Ірына адказвала за дзіця. Віта была пад яе наглядам. Яны дапамагалі Лісаковічу раскласці спальныя месцы. А калі з ваннага пакою выйшаў Школік, не падаючы разгубленасці, яго прыцягнулі да збору вады, папрасілі напоўніць ванну. Былі патрэбны запасы на выпадак адключэння.
Калі сцямнела, ніхто не мог адразу заснуць, акрамя Захара Пятровіча. Яго гучны храп насіўся па кватэры як прывід. Рэдкія грукі і скрыгат завастралі вушы. Жанчыны размясціліся ў гасцёўні, а мужчыны ў спальні, на гэтым настаяла гаспадыня. Лісаковіч пільна ляжаў на падлозе, слухаючы, ловячы ўсе гукі. Акрамя, цяжкія роздумы грузілі мозг.
Ва ўспамінах Лісаковіча маячыла страшнае аблічча чалавека, які пакутаваў ад невядомай сілы каля яго машыны. "Што цяпер з ім? Што з маімі роднымі?" Адсутнасць навін аб блізкіх і якіх-небудзь іншых навін, дадавалі хвалявання. Мужчына ляжаў і шукаў выйсце, прадумваў варыянты заўтрашняга дня: як дзейнічаць, як знайсці сувязь са светам. Усе думкі заводзілі яго ў тупік. За ўвесь час у чужой кватэры, Лісаковіч не карыстаўся фотаапаратам, не адчыняў ноўтбук. Ён не думаў пра працу.
Праз дзве гадзіны, пасля захаду сонца, пачулася сірэна. Усе паўставалі з пасцеляў, уключалі ліхтарыкі, углядаліся ў вокны, толькі Школік адхілена стаяў збоку. За шклом цемра – ліхтары не гарэлі, у дамах не было святла, месяц хаваўся за тоўстым воблакам. У гэты момант студэнт Калядка адважыўся і загаварыў. Ён пачаў з усімі шмат разважаць і дзяліўся сваімі дзіўнымі тэорыямі. Яго ўяўленні часам былі вар'яцкімі і фантастычнымі, што крыху надавала ўсмешкі не толькі Лісаковічу, але і студэнтцы Алене. Адзін толькі варыянт аб прышэльцах, чаго варты. Усе глядзелі на Калядку, як на вядучага нейкага шоу. Толькі Віта ўспрымала любую яго тэорыю, як рэальную пагрозу. Школік па-ранейшаму заставаўся ў баку, пабольш маўчаў, чым казаў, ён трымаў таямніцу слядоў на пальцах і баяўся, што да світання ўвесь пакрыецца пякучымі плямамі.
Усю ноч гучнае выццё сірэны апавяшчала аб небяспецы. Да самага світання Менск патанаў і слухаў працяглы голас пагрозы.
Пад раніцу, ад стомы, толькі Віта заплюшчыла вочы, убачыла сон.