Читать книгу Калісьці былі мы - Дмитрий Максимович Акулич - Страница 7
VII
ОглавлениеРаніцай другога дня па кватэры хадзілі нервова людзі. У бетонных сценах яны адчувалі сябе пакінутымі, зняволенымі. Адключэнне электрычнасці і газу наводзілі паніку на галодных. З кожнай хвілінай, ад бязвыхаднасці, расла незадаволенасць.
Самотны Школік, схаваўшыся ад усіх, сядзеў у спальні гэтай раніцай. Яго мучыў лёгкі сверб на далоні. Чорныя, сухія плямы на смуглай скуры падраслі за ноч і цяпер раздзіралі яго яшчэ мацней. Раздражненне пульсавала тонкім болем, адчувалася спякота ў целе. Хлопец нерваваўся, бо не ведаў, што цяпер рабіць. Уяўляў, што прызнанне пацягне за сабой агіду і яго выпруць за дзверы. А што там, за ёй, што дзеецца на гарадскіх вуліцах сёння? Можа, за дзвярамі яго чакае пакутлівая смерць? Школік не хацеў рызыкаваць, ён усё разважаў, не заўважаючы, як на секунды адключалася галава і ўзнікалі прабелы ў памяці. Мысліцельны працэс ненадоўга абрываўся, а затым зноў працягваў работаць. Апошняе, пра што Школік думаў, да прыходу ў пакой Лісаковіча, гэта былі перакананні, што яго хвароба не заразная. Бо пасля ночы ніхто не адчуў таго, што адчуваў ён. А можа, іншыя таксама маўчалі, таксама хавалі плямы? Калі пачуўся гук дзвярной ручкі, хлопец ад спалоху схаваў хворую руку за спіну.
У пакой уварваўся Лісаковіч, наморшчыў лоб і зірнуў злымі вачамі на Школіка.
– Ты думаў, мы не заўважым? Мы ўсё ведаем! – не набліжаючыся блізка, суха загаварыў ён.
– Ты, пра што?
– Мікіта, давай без гэтага, Захар Пятровіч усё нам расказаў і даказаў! Ён бачыў цябе! – узвышаў голас Лісаковіч.
– Ён не мог… Не. Я хацеў прызнацца, але баяўся, што вы заб'яце мяне! – сціскаючы кулак за спінай і з заміраннем сэрца адказваў Школік.
– Ён бачыў, усё бачыў. Твае хцівыя пальцы. Я так разумею, цябе не хвалюе наша агульнае выжыванне, і ты, выскачка, думаеш толькі пра сябе! Таму, у якасці пакарання ты пажывеш у кабінеце з надакучлівым старым. Табе на карысць пойдзе яго п'яное бурчанне і скупасць. Ты застаешся без абеду і вячэры.
– Без абеду? Вы не прагоніце мяне, не заб'яце?
– Не. Хоць былі такія думкі. Ты ноччу прабраўся на кухню і скраў ежу. Нашу агульную ежу! Зараз жа, уставай. Захар Пятровіч чакае тваёй споведзі! Уставай! – скамандаваў Лісаковіч.
– Гэта не я, я не краў ежу! Шчыра кажу! Я толькі папіў вады. Гэта ўсё Захар Пятровіч! Ён сам скраў і на мяне нагаворвае! – павольна падымаўся з ложка Школік, стракача словамі, як кулямёт.
– Разбярэмся! – Лісаковіч не ўсе словы распазнаў у хуткай прамове, ледзь памаўчаў і прадоўжыў, – Хтосьці з вас відавочна хлусіць. Вось і пасядзіце разам!
– А ведаеш, мабыць, я пайду! Хачу зірнуць у вочы таго, хто мяне падставіў. Выб'ю ў яго прызнанне! А ты, задумайся, хто ў гэтым доме гаспадар і чыя тут ежа! – буркнуў Школік.
Яны выйшлі ў калідор і спыніліся насупраць дзвярэй кабінета. Статычнае становішча Ірыны ля ўваходных дзвярэй кватэры зацікавіла мужчын. Яна стаяла да мужчын спінай і пазірала праз вочка на лесвічную пляцоўку.
– Што там? – усклікнуў Школік.
Ірына тарганулася ад спалоху і павярнулася да іх.
Бачачы ўстрывожаны твар, Лісаковічу стала цікава, што адбываецца за дзвярамі.
– Ну? – дадаў ён, штурхаючы Ірыну на словы.
Яна падышла і ціха прашаптала:
– Паша, там… Табе лепш самому паглядзець. Дзяніс пачуў крык і паклікаў мяне.
Лісаковіч зірнуў на студэнта Калядку, які знаходзіўся каля дзвярнога праёму ў гасцёўню. Юнак кіўнуў, пацвердзіў, што заўважыў цела першым. Лісаковіч хутка падышоў да дзвярэй. Тое, што ён убачыў, не спалохала, а зацікавіла яго, захапляла ўважліва разгледзець ляжачага чалавека. Мужчына сярэдніх гадоў, сусед Прышчэпавых, ляжаў моўчкі пад дзвярамі сваёй кватэры, у пацёртай адзежы, дыхаў і час ад часу паторгваў канечнасцямі. Светлая скура была амаль уся пакрыта цёмнымі знакамі хваробы, з якіх слаба сыпаўся попел, часцінкі падалі долу, то ўзляталі ўгору. Каля левай рукі ляжаў пакет з прадуктамі, з-пад якога ледзь выглядвала чорная вадкасць. Лісаковіч задумаўся: "Чаму вокны і дзверы не ўпускалі заразу ў кватэру? Сусед прыйшоў з вуліцы? Можа, зараза там, унізе, а тут, на гэтым паверсе, яе няма?! Ці ўсё ж яна за дзвярамі і павольна прабіраецца да нас?! Відавочна вірус нейкі. Лепш пакуль заставацца ў кватэры!"
Адарваўшыся ад дзвярнога вочка, Лісаковічу было вельмі цікава зразумець, што адбываецца з чалавекам у момант хваробы і пасля яе. Сусед яшчэ быў жывы, а за вокнамі ляжалі мёртвыя целы. А можа, яны таксама ў напаўжывым стане? Таму Калядка атрымаў заданне ад старэйшага, сачыць за тым, што робіцца за дзвярамі, пільна сачыць за кожнай, здавалася б, няважнай дробяззю. Пакуль студэнт атрымліваў даручэнне, Школік праскочыў міма ўсіх і зірнуў адным вокам на суседа Прышчэпавых. За дзве секунды, па худым целе прабегся халодны страх.
– Ах! М-м-м! – тарганулася ў кішэні паражоная далонь Школіка, нібы яе закрануў востры цвік, між тым, імгненна стрэльнуў у грудзях востры боль.
Усе, хто быў побач, адначасова зрэагавалі на стогн Школіка.
– Страшнае відовішча, – стаў выкручвацца ён перад людзьмі, душачы сваё хваляванне, – Шкада гэтага чалавека. А што ж з намі будзе? Тое ж, што з ім?
– Хопіць! – сказаў Лісаковіч, а затым скамандаваў хлопцу схавацца ў кабінеце.
Пры гэтым, да хмурнага, да пацеючага Школіка ніхто не дакранаўся. Дый і ён сам не хацеў гэтага, і дзёрзка прыгразіў Лісаковічу не чапаць яго рукамі. Усе падумалі, што гэта ўсяго толькі балючы спалох, накладзены знявечаным суседам, але хлопец абараняў не сябе, а іншых. Школік хутка схаваўся ў кабінеце, які сабраў усе змрочныя пахі алкаголю. Захар Пятровіч сядзеў за сталом у сваім любімым крэсле і цьмянымі вачамі сустракаў госця. Ён амаль задрамаў перад паперкамі, бо доўга стараўся разабрацца ў іх, прыклаўшы ўзмоцненае старанне адшукаць спосаб людскога выратавання. "Дзесьці тут памылка!" – круцілася ў галаве. Асцярожнымі крокамі Школік падышоў да канапы, сеў перад старым і злосна зірнуў на яго. Захар Пятровіч адцягнуўся, узбадзёрыўся, заўсміхаўся белымі зубамі, вярнуўся да яго кампанейскі настрой. Ахоплены радасцю ад прысутнасці "сябра", ён паставіў другую шклянку на стол. Прыйшла неабходнасць выпіць. Выпіўкі хапала, таму гаспадар быў гатовы падзяліцца ёю. Пасапваючы сабе пад нос, Захар Пятровіч падняў цяжкія павекі і, нібы тост, пачаў казаць аб парадках, аб добрых людскіх якасцях, накіроўваючы іх у адрас Школіка. Моўчкі і не адпусціўшы турбот, хлопец пацягнуўся да шклянкі. Ён тут жа разгадаў усю пастаноўку, лёгкую падставу Захара Пятровіча. Гэты распешчаны стары меў патрэбу ў суразмоўцу і таму падманам зацягнуў хлопца ў свой кабінет малапрыемным чынам. Цёмныя вочы Школіка казалі аб няшчырым спакоі. Ён не крыўдзіўся на барадатага старога, бо раптам сузіраў у сітуацыі плюсы. Яму хацелася выпіць і расслабіцца, адпусціць думкі аб заражанай кісці і без спраў пакачацца на канапе. Пры гэтым, хлопец не раз, асабіста, ужо сустракаўся з Захарам Пятровічам. Тады яны бесперашкодна гаварылі на любыя тэмы. Стары выдатна разбіраў хуткую гаворку Школіка і лічыў яго разумным чалавекам. Ён нават ведаў, што прыгажосць Ірыны не дае хлопцу спакою, што той таіў у сабе пачуцці да яго дачкі.
Галасы ў кабінеце сталі званчэй, пасля першага тоста цяжкае паветра ўжо перастала быць непрыемным.