Читать книгу Калісьці былі мы - Дмитрий Максимович Акулич - Страница 8

VIII

Оглавление

Горад быў ціхім, здавалася, што ўсе памерлі і засталася толькі адна кватэра з жывымі. Лісаковіч зайшоў у гасцёўню. Антаніна Сяргееўна чытала кнігу дзіцяці, студэнтка Алена хадзіла з кута ў кут з тэлефонам, а каля акна сумавала Ірына з фотаапаратам у руках.

– Што ж нам рабіць? – спытала смуглявая студэнтка, падышоўшы блізка да Лісаковіча, прыціснулася да яго плячом і падняла смартфон перад тварам.

– Га? Гэта відэа, ты нас здымеш? Навошта? Выключай! Эканом зарадку.

Алена прыбрала тэлефон і сказала:

– Я хацела б пачуць ваша меркаванне. Як думаеце, гэта бяда адбываецца па ўсёй краіне, ці толькі ў Менску?

– Хацеў бы я ведаць. Спадзяюся, мае родныя не пацярпелі.

– А вы фатограф? Мне сказалі, што вунь той фотаапарат належыць вам.

– Я журналіст, – адказаў Лісаковіч, павярнуў галаву на Ірыну, задумаўся, а затым вярнуўся да Алены, – І мне вельмі цікава адшукаць адказы. Я, зараз, як дзікі звер у клетцы. Адбываецца нешта жудаснае, а я проста кідаюся з вугла ў вугал, і чакаю, калі ўсё скончыцца і адчую свабоду. Мы ўсе гадаем, выратуюць нас ці не! А нехта яшчэ выжыў? Як доўга мы прабудзем у ізаляцыі? Галоўнае, не рабіць глупстваў і не выходзіць з кватэры!

– Мне вельмі падабаюцца вашы развагі, – адказала Алена, стрымліваючы ўсмешку.

– Вось і падумай над гэтым, – абыякава, гледзячы ў глыбокія вочы, сказаў Лісаковіч і пайшоў да акна.

Ірына глядзела скрозь аб'ектыў на самотнае, нежывое цела, якое знаходзілася ля чужога пад'езда, за пустой пляцоўкай. Цела выглядала палахліва, пакрылася гарам, падабенства вугалю, і пускала ледзь прыкметны шэры дым, як бервяно пасля пажару. Такіх нежывых было нямала, яны застылі ў розных позах, не паспеўшы схавацца, збегчы ад катастрофы. За шклом, наперадзе, трывожна красаваўся Грушаўскі сквер. Лістота лягла долу тоўстым пластом і схавала траву, ціха ляжала пад дрэвамі, не змяніўшы сваю прыродную афарбоўку. Цёплае святло дакраналася да крывых галінак. На зялёнай, адкрытай падстрыжанай траве не было заўважана ніводнай загінулай ці жывой птушкі. Увесь лясны астравок атачыў сябе кволымі аўтамабілямі. Фарба працягвала аддзяляцца ад металу. За кароткі час кузава машын паспелі пакрыцца вялікім іржавым рабаціннем. Асноўная частка прыпаркаваных легкавікоў была згарэлай, некаторыя яшчэ дыміліся пасля выбуху.

Ірына была ўцягнута ў гэта і не чула ціхіх крокаў Лісаковіча. Пасля змрочнай ночы і ад безжыццёвага двара, у якім прайшло яе дзяцінства, яна адчувала сябе выматанай. Калі мужчына ўстаў каля акна і дакрануўся да яе пляча, Ірына злёгку здрыганулася і адкрыла твар. Яна зусім не была гатовая да дыялогу.

– Што-небудзь разгледзела? – пачуўся зацікаўлены голас Лісаковіча.

– Нічога добрага. Няма жывой душы, – паныла вымавіла Ірына.

– Можна мне паглядзець?

У момант яго слоў Ірына ўжо здымала з шыі фотаапарат, а пасля перадала прадмет у рукі гаспадару. Тады ж яркі голуб урэзаўся ў шыбу, маючы намер прабіцца да людзей, але ад няўдачы зваліўся ўніз. Глухі стук удару спалохаў Ірыну, яна моцна прыціснулася да Лісаковіча, як да свайго абаронцы. Лісаковіч супакоіў устрывожаную Ірыну, якая глядзела на яго так, быццам гатовая глядзець на яго вечна. Мужчыну стала няёмка, ён хутка адвярнуўся і паспрабаваў адцягнуцца на сцякаючую кроплю. З вонкавага боку акна цягнулася ўніз цёмная кропля крыві мёртвай птушкі. Было не па сабе.

Час ішоў. Лісаковіч таксама шукаў жывых праз аб'ектыў. Доўгімі хвілінамі выглядваў усе даступныя вокны дамоў з адсунутымі шторамі і ўсё часта вяртаўся да тонкай паласы чужой крыві на шкле. Ён вельмі шмат думаў, пытанні да сябе толькі ўскладнялі яго развагі. Журналіст зрабіў пару здымкаў у спробе пасля разгадаць загадку сваіх дум. Ён стаяў нерухома каля акна і пісаў у галаве артыкул, нібыта збіраў матэрыял для працы. Цікавасць расла і павялічвала энергію ў целе. Калі Лісаковіч адарваўся ад сваіх дыскусій, то адклаў прыладу ў бок і аглядзеўся вакол сябе. Ён павысіў адвагу, паспрабаваў уявіць, абмаляваць апавяданні стомленых людзей, якія быццам змірыліся з гібеллю і больш не шукалі выйсця.

Доўга доўжылася гадзіна за гадзінай. Цяпер ужо дзевятнаццацігадовая Алена часта хадзіла з фотаапаратам па пакоях і глядзела праз вокны на суседнія дамы.

А Ірына, раз-пораз падыходзіла да Лісаковіча, пыталася, пра што заўгодна, уважліва глядзела ў яго вочы, як на зоркі, але не ўважліва слухала. Ёй былі не цікавыя любыя тэорыі катастрофы, яна проста хацела быць побач з сімпатычным мужчынам. Цяпер яны знаходзіліся ўдваіх у спальні, блізка, седзячы на адным ложку. Ірына адчувала бяссілле да Пашы. Унутры трапяталі пачуцці, не ад страху перажытага, а ад будучыні, ад ажыўленага кахання. Закружыўшы сабе галаву, яна міжволі ўяўляла, як іх вусны даткнуцца. З-за чаго Ірына не пачула пытанне і толькі ў другі раз адштурхнулася ад надзей пацалаваць Лісаковіча.

– Ты чаму ўсміхаешся? – незадаволена спытаў ён.

– Што? Прабач, – заўважыўшы нахмураны твар, яна прыбрала ўсмешку.

– Я кажу табе пра сур'ёзныя рэчы, а ты мне ўсміхаешся. Ты хоць чуеш мяне, разумееш, пра што я кажу?

– Разумею. Пра сур'ёзныя рэчы.

Яе зачараванасць да яго адбівалася ў светла-карых вачах. Лісаковіч занепакоіўся гэтым. Ён адчуў нейкую збянтэжанасць, нібы апынуўся не ў сваёй талерцы, таму адышоў да дзвярэй. Яму не хапіла духу прад'явіць свае здагадкі яе дзеянняў, пагасіць агонь у жаночых вачах. Здавалася, што ўсё гэта будзе няпраўдай, будзе выглядаць па-дурному. Лісаковіч падумаў, што не гатовы быць бессардэчным чалавекам у такі цяжкі час. Ён адчуў сябе вінаватым, у тым, як глядзела на яго Ірына ў момант яго маўчання каля дзвярэй. З палахлівым пачуццём мужчына выйшаў з пакоя. Ірына не адчувала ніякага сораму, прачытаўшы палахлівасць Лісаковіча, яна легла на ложак з перакананнем, што была недастаткова смелай. І ў гэтай цязе, у ціхім месцы, яна не пазнавала саму сябе. Нібы за вокнамі радасны свет, а не заміраючае святло жыцця. Ірына глядзела ў столь і са здзіўленнем разважала, як жа можна было зноўку закахацца ў таго самага чалавека, які пакінуў яе адну з пабітым сэрцам. Яна ўжо была не такая маладая, юна, як раней. І дзе ж дарослыя паводзіны, разважанні і, нарэшце, размовы? У яе сэрцы адчуваліся новыя пабудовы, зноўку раскветнелі пачуцці, збіраліся ў цэлае кавалкі мінулага кахання.

Бледны Лісаковіч стаяў у калідоры перад дзвярамі кабінета, адкуль даносіліся п'яныя лагодныя галасы. Пабольш быў разборлівы басісты тон Захара Пятровіча, а голас Школіка толькі шыпеў скрозь дзверы. Адчуўшы непрыемнасць, у якой Лісаковіч не змог разабрацца адразу, ён успомніў аб каханай Марыне і ўзварушыў думкі, адагнаў цяжар.

Дзесьці за гадзіну, да таго, як Антаніна Сяргееўна раздала ежу, якая была падобная на сціплы паёк, зноў загудзела сірэна. Лісаковіч ірвануў па калідоры ў гасцёўню, дзе плакала дзіця. Віта хацела хутчэй абняць маму, а не слухаць бясконцыя заспакаенні Антаніны Сяргееўны.

Лісаковіч падбег да Алены, якая шукала жывых праз аб'ектыў яго фотакамеры.

– Нешта ёсць? – спытаў ён, адчуваючы прыліў сіл, небяспеку.

– Людзі ў вокнах. Няшмат, але яны ёсць. Жывыя, – выразна адказала дзяўчына, – Зірніце!

На яе голас падышоў Калядка.

– Гэта ж добра? Так? – усклікнуў студэнт, у выразе яго твару адбівалася надзея.

На яго паглядзелі з нядоўгім маўчаннем, пасля павярнуліся ізноў да акна.

– Сірэна не крыніца добрага! – адказаў Лісаковіч.

– Глядзіце! Глядзіце туды! – усклікнула Алена і паказала пальцам, – Вы бачыце? Там, плакат!

Злева ад іх, у іншым доме на верхніх паверхах можна было разгледзець рух. Асабліва выразным быў сілуэт у чырвонай майцы, які махаў рукамі. Лісаковіч праз фотаапарат разгледзеў, як цёмнавалосая жанчына спрабавала нешта растлумачыць рукамі. Затым, ён паглядзеў на паверх вышэй і ўбачыў мужчыну з кардонкай ў руках. Чорным, тоўстым маркерам было напісана: "Не выходзьце! Санітарыя!" Гэтыя словы былі напісаныя ў два радкі, вялікімі літарамі. Простым вокам, пры добрым зроку, можна было распазнаць тоўстыя літары.

– Значыцца, нас будуць ратаваць! Праводзяць меры па нашым выратаванні! – загаварыў Калядка.

Калі падышла Ірына, Калядка пачаў дзяліцца з ёй новай інфармацыяй. Тады Алена забегла ў спальню, зірнула праз шкло на бязлюдную вуліцу Шчорса, на яе маўклівыя крамы з сапсаванымі шыльдамі. Затым паглядзела вышэй, у вокнах кватэрнага дома, дзе нікога не было відаць. Да пятага паверха шыбы былі не ўсюды: ад першага па трэці паверх яны былі разбітыя, на чацвёртым і пятым, выглядала ўсё так, быццам па шыбам мякка ўдарылі малатком, і яны дзесьці патрэскаліся, а дзесьці засталіся толькі тырчаць аскепкі ў рамах. Далей уверх, усё было як раней, частка фасада высокага будынка выглядала ацалелай, па-ранейшаму адлюстроўвала тое, што адбываецца перад пабудовай. Сонечнае святло надавала бляск і затуманенасць. Ці ёсць хто там, за непразрыстай заслонай? Дзяўчына толькі прадчувала, што ў такім вялікім доме абавязкова засталіся яшчэ жывыя людзі. Яна вярнулася ў гасцёўню і падзялілася не зусім добрымі навінамі. У той жа час, Ірына спрабавала размаўляць з незнаёмымі людзьмі, праз паперу і маркер. Яна пісала кароткія словы, атрымлівала ў адказ не новае. А той мужчына, што вывесіў "Не выходзьце! Санітарыя!", знік з-пад увагі пакінуўшы плакат на шыбах.

Працяглы гул сірэны цягнуў за сабой час, ён здаваўся раздражняльным, а выццё дапякальным. Пасля абеду, стомленыя людзі, бязмэтна блукалі па кватэры.

Тады, калі сонца яшчэ ніжэй нагнулася ў бок Захаду, з нябёсаў пасыпаўся белы парашок. Сухі пылок закрываў сабой увесь прасвет, падобна густому пылу з вясковых дарог, ён падоўгу завісаў у паветры. У кватэры пацямнела. Гаспадыня запанікавала і запаліла недагарэлую свечку, паставіла яе на падаконнік. Яна сабрала ўсіх у гасцёўні, не думаючы пра тых, хто застаўся ў кабінеце, верыла ў тое, што ўчарашняя малітва прынесла не толькі ёй, але і ўсяму гораду выратаванне. Жоўтае святло свечкі смірна гарэла ўверх, усе часцей глядзелі толькі на яго. У такіх абставінах Антаніна Сяргееўна пачала распавядаць кароткія гісторыі, якія трохі змякчалі трывогу душам, што знаходзіліся побач. Многія дадавалі да яе расказаў свае гісторыі. Віта болей не плакала, яна чула ад Калядкі, што, калі сухі туман рассеецца, то ўсё дрэннае скончыцца. Дзіця моцна паверыла ў тое, што хутка вернецца дадому, да бацькоў. Таму дзіцячыя вочы часцяком глядзелі ў акно, не адводзячы сваіх сумных пачуццяў.

Калядка ўжо не падыходзіў да ўваходных дзвярэй, не сачыў праз вочка за нерухомым чалавекам, суседам. Ён цяпер не бачыў у гэтым карыснасці, дый і стала цяжка глядзець на хворага. Таму, студэнт сядзеў на падлозе, дакранаючыся спінай да сцяны і сціпла падтрымліваў размовы ў гасцёўні.

Пры захадзе сонца пыл не быў ужо такі шчыльным, але яшчэ лунаў у паветры на гарадскіх вуліцах і дварах. Да ночы людзі ў кватэры адчулі прысутнасць ёду, з'явіўся яго дымны прысмак.

Калісьці былі мы

Подняться наверх