Читать книгу Калісьці былі мы - Дмитрий Максимович Акулич - Страница 9
IX
ОглавлениеБліжэй да паўдня, ад салёнага смаку вельмі хацелася піць. Нават пасля сняданку, салёнасць не знікала. Усяму віной учорашні рассеяны парашок, які прасочваўся ў дамы і сплятаўся з паветрам, трапляючы ў арганізм людзей. Антаніна Сяргееўна пералічыла ежу і ваду, пасля адправіла студэнтаў сачыць за становішчам з вокнаў. У гэты час Ірына ў гасцёўні запляла косы дзіцяці і паглядала на Лісаковіча, які змрочна хадзіў па шырокім пакоі. Яна бачыла ў ім таленавітага, каханага, прыгожага чалавека. Зараз ёй трэба было супакоіцца, падабраць правільныя словы, каб потым пагаварыць з ім пра яе пачуцці. Хай было недарэчна казаць пра каханне ў гэтак складаны момант жыцця, але яна жадала ўвагі, хацела згладзіць свае душэўныя раны.
– Паша, можа пагаворым пра нас? – сказала Ірына і пяшчотна ўсміхнулася, круцячы на руцэ бранзалет.
– Эх…, – уздыхнуў Лісаковіч, – Навошта зараз казаць пра нас, што з намі не так?
У пакой увайшлі студэнты і Ірына змоўкла. Яна памяняла ўсмешлівы твар на абыякавасць і адчула да студэнтаў варожае пачуццё. Мала таго, што яны перашкодзілі размове, дык яшчэ забралі ўсю ўвагу Лісаковіча. Ірыне стала не па сабе, бачачы, як маладзенькая Алена круцілася каля яго і нешта падшэптвала яму каля акна. У разумнай, яснай і зграбнай дзяўчыне яна цяпер бачыла саперніцу. Ірына злавалася, хвалявалася, уяўляла больш таго, чаго не было паміж людзьмі каля акна. Нават хацела перашкодзіць ім какетнічаць, але была яшчэ не гатовая. Не заўважаючы, яна назапашвала рэўнасці, каб успыхнуць ад пачуццяў.
Тым часам, Антаніна Сяргееўна ўсё хадзіла па кухні. Цяпер яна трымала чайнік, у якім засталося вельмі мала халоднай вады, і думала пра тое, як доўга прыйдзецца недаядаць, расцягваць скарынкі хлеба. Праз пару секунд на кухні з'явіўся Захар Пятровіч, з пакамячаным тварам пасля ўчарашняй п'янкі. На сівой барадзе віселі сухія крошкі ад печыва. Ён адчуваў сябе добра: галава не шумела, вочы выразна бачылі, рукі не дрыжалі.
– Налі вады! – прашаптаў ён, – Мы што, учора на вячэру соль елі?
Антаніна Сяргееўна павярнулася на голас і тут жа адышла назад, урэзалася ў стол ад спалоху. Увесь лоб мужа быў у чорных плямах невялікага памеру, і руку, што трымала кубак, таксама захапіла падобная чарната. Скура нібыта трымала чарнільныя сухія кляксы. Жанчына жахнулася і ўспомніла, што падобныя сляды, як нейкую заразу, раней апісваў Лісаковіч. Яна выказала здагадку, што гэта нездаровая прыкмета невядомага захворвання можа перадавацца, і яшчэ болей спалохалася, і разгубілася. Балюча было глядзець на няправільны твар. Антаніна Сяргееўна, не ведаючы, што рабіць далей, працягнула чайнік і выліла апошнюю ваду ў кубак мужа.
– Ты чаго? – коратка і ціха вымавіў Захар Пятровіч, гледзячы на шырокія вочы жонкі.
– Я? – разгублена адказала пытаннем яна, а затым з запінкай сказала, – С-сыдзі!
Адчуванне страху, неспакой за дачку, дазволілі абыйсціся разумна. Антаніна Сяргееўна не панікавала пры мужу, старалася выраўнаваць дыханне. Яна не глядзела на яго, каб зноў не паказацца дзіўнай.
– Сыдзі! Вады болей няма! Ідзі ўжо, пі сваю гарачую ваду! – гучна казала жонка, намякаючы на алкаголь.
– Не крычы на мяне. Перад гасцямі не строй з сябе гаспадыню! Гэта мая кватэра!
– Так. Добра. Прабач мяне!
– Нешта галава разбалелася, быццам гарыць. Усё з-за цябе! – вымавіў Захар Пятровіч і з кубкам вярнуўся ў свой кабінет, дзе на падлозе ляжаў і сапеў пад пледам п'яны Школік.
Антаніна Сяргееўна хутка вярнула чайнік на пліту і спешна накіравалася ў гасцёўню. Ціхімі крокамі, яна прабегла па калідоры і ўскочыла ў вялікі пакой. Спынілася ў цэнтры, пералічыла прысутных, агледзела іх целы на наяўнасць хваробы, плям.
– На бацьку нейкая зараза! – сказала яна Ірыне.
– Як? Што з ім?
– Ну… Усё, як вы распавядалі. Ой, страшна мне. У яго плямы на ілбе. І на руках… Плямы нейкія, маленькія, чорныя, як нейкі мох! – казала Антаніна Сяргееўна, гледзячы на свае рукі, – Ой, страшна мне дачушка.
Ірына падышла да мамы і стала яе супакойваць. Усе напружыліся, у цесным коле ў людзей стварылася такое ўяўленне, што хтосьці з іх таксама хворы.
– Ёсць запасны ключ ад кабінета? – спытаў Лісаковіч.
Антаніна Сяргееўна з мокрымі вачамі падышла да шафы і ўзяла з паліцы ключ. Без думак працягнула яго мужчыну. Лісаковіч замкнуў кабінет, пакінуў ключ у замку. Некаторы час разгаралася спрэчка, ці варта было зачыняць у кабінеце людзей. Гаспадыні было агідна думаць аб сваём дачыненні да зняволення мужа. Цяпер яна была супраць такога абыходжання з яе мужам і спрабавала пераканаць усіх, што трэба дапамагчы хвораму старому чалавеку. Асабліва строга яна размаўляла з гасцямі. Пару разоў паспрабавала прарвацца да кабінета, але нават не змагла ступіць у калідор. Шырокае цела Лісаковіча не давала ёй прайсці. Да таго ж, на яго баку былі студэнты, якім, хай і не давялося ў першы ж дзень бачыць паблізу той жах, які тварыўся на вуліцах, але пры вялікім уплыве страху яны спрабавалі сябе абараніць. Затым з кабінета пастукалі, Захар Пятровіч хацеў выйсці, яму было нядобра. Ірына была напалохана, але не ведала, што рабіць далей, як паступіць правільна. Ёй было шкада бацьку, было цяжка глядзець на плач маці. Неяк непрыемна рабілася ўнутры ад гучных размоў і молячай матулі дапамагчы роднаму чалавеку. Ірына была адзінай, хто ўспомніў пра Школіка. Яна спрабавала разабрацца з яго маўчаннем. "Чаму чуваць толькі гучныя крыкі і пагрозы бацькі?" З кабінета ніводнага гуку ад Мікіты. Можа, ён п'яны, можа, занадта напалоханы і забіўся ў кут. Ірына не магла ведаць і таму больш акцэнтавалася на бацьку. Пакуль усе шукалі рашэнне спрэчцы, дзяўчынка Віта стаяла ў куце, знайшоўшы ў ім прытулак. На яе менш звярталі ўвагі. Яна адвярнула галаву на светлае акно, каб не бачыць спалоханыя чужыя твары і закрыла далонямі вушы. Глядзець на белы свет стала цішэй. Шумны голас Антаніны Сяргееўны стаў гучаць спакайней, а гарачы тон Лісаковіча быў ужо не такім грозным. Маленькі сведка ціха заставаўся збоку. Слёз на шчоках ужо не было, за ўчорашні дзень і за кароткую ноч, Віта выплакалася. Яна была адна, і ў адзінокім куце стала разумець сваё становішча, але не прымала таго, што застанецца тут, з гэтымі людзьмі надоўга. Віта ўспамінала не толькі бацькоў, але і з-за чаго бегла. Крыкі і выбухі самавольна ўсплывалі з памяці, прымушаючы разганяць маленькае сэрца. Потым нядобрыя ўспаміны схаваліся, застаючыся ў памяці з ёй на ўсё жыццё.
Лісаковіч доўга тлумачыў старой жанчыне свой учынак. І як бы ні была на яго баку Ірына, яе маці не хацела слухаць нічога іншага. Спрэчка скончылася на баку большасці. Усе, акрамя гаспадыні, вырашылі не падвяргаць сябе небяспецы. Усе змоўклі толькі тады, калі пачуліся настойлівыя грукі ў дзверы. Знутры кабінета застукалі вельмі гучна кулакамі. Захар Пятровіч адчуў гарачку і закрычаў, як чалавек які паддаўся катаванням. Спрабуючы адчыніць дзверы, ён хутка слабеў. Гучныя воклічы і моцныя ўдары чуліся ўсё радзей.
Абстаноўка змянілася. Гучна мітусіліся госці, адчуваючы трывогу за сваіх родных, за тых, хто застаўся дзесьці там, за сценамі гэтай кватэры, якая стала ўжо не такой бяспечнай. Госці хацелі вырвацца, але не маглі. Нядобра думалася маладым. Усё больш нараджалася дурных думак. Хацелася разысціся па кватэры, але ўсе заставаліся ў адным пакоі пераходзячы з месца на месца.
– Падыдзіце сюды! – папрасіў Калядка, калі спыніўся каля акна.
Першай падышла Алена.
– Гэта жывыя ці мёртвыя? – спытала яна.
Белая парашковая заслона разышлася, апусцілася на зямлю. На шыбах не было парашковага пылу. Пабялела ўсё за акном, падобна зімовай пары. Сонца выглянула з-за воблака і калі прамяні асвятлілі беласнежны пласт, стала яшчэ ярчэй. Каля парковачных месцаў стаялі застылыя, чорныя фігуры людзей. Іх абыходзілі жывыя людзі, пакідаючы за сабой паласу падлятаючага пылу. З вышыні, рухомыя целы здаваліся прытворнымі, несапраўднымі. Іх перамяшчэнне выглядала дзіўным: то яны павольна крочылі, то рэзка адбягалі, то спыняліся, палахліва разглядаючы ўсё вакол сябе. Тады ж, прабегла тонкае цела праз увесь сквер, без аглядкі, нібы яно ўцякала ад чагосьці злога ці ж, бегла кагосьці ратаваць.
– Што там? – зацікавіўся, спытаў у студэнтаў Лісаковіч, але не падыходзіў да іх.
Яму было вельмі цікава пра якіх мёртвых і жывых кажуць каля акна, але пакідаць свой пост ён не хацеў, баяўся падпусціць Антаніну Сяргееўну да кабінета. Да студэнтаў падышлі Ірына з маці. Яны яшчэ болей спакушалі журналіста. Ён зноў папытаў, але адказы не ў поўнай меры апісвалі ўсёй карціны, не абмалёўвалі дэталёва двор, пакідалі смутным уяўленне Лісаковіча. Незразумела было чаму радаваліся людзі, што там у рэчаіснасці, за акном. Не вытрымаўшы, ён павольна, кароткімі крокамі, падыходзіў усё бліжэй да групы, якая ціха разважала загадкамі пра ўбачанае. Зацікаўлены Лісаковіч зусім не заўважыў, як наблізіўся да акна.
Па белым покрыве хадзілі зусім жывыя людзі. Яны па адзіночцы і групамі нетаропка выходзілі з пад'ездаў. Колькасць людзей, то расла, то маленькі натоўп разыходзіўся. Тым жа часам у вокнах ужо не было відаць ні плакатаў, ні чалавечых сілуэтаў. Алена пацягнулася да фотаапарата, затым разгледзела тых, хто хадзіў унізе. Вельмі актыўныя і на выгляд здаровыя, але трывожныя людзі гаварылі адзін з адным. З асцярогай на тварах яны разыходзіліся ў бакі. З усмешкамі стаялі ля пад'езда дзеці, перадаючы радасць бацькоў аб тым, што ўсё ідзе да лепшага. Для дзяцей такая сучаснасць быццам стала кампутарнай гульнёй, новым светам. А старыя, са строгім поглядам, паказвалі пальцамі на застылыя фігуры мёртвых, як бы перад імі стаялі мастацкія скульптуры, а не ахвяры катастрофы. Для заспакаення і абароны, амаль усе людзі ўнізе верылі, што прыйшоў канец вар'яцтву. Мужчыны разыходзіліся, а затым вярталіся ў кватэры з амаль пустымі крамнымі кошыкамі, мабыць абрабавалі бліжэйшыя прадуктовыя месцы, а цяпер спяшаліся да сям'і.
– Я выходжу! – загаварыла Алена, заключэнне ціснула на псіхіку.
Лісаковіч успомніў пра брата, зірнуў на наручны гадзіннік. "Магчыма, ён выбраўся, выжыў!" Па-добраму і пазітыўна хацелася думаць. Студэнтка выйшла на калідор і з віскам, спатыкаючыся аб чужы абутак, звалілася каля ўваходных дзвярэй. Такі страшны сігнал усіх павярнуў да калідора. Лісаковіч зірнуў спачатку на дзвярны праём гасцёўні, дзе ўбачыў толькі ногі дзяўчыны, а затым агледзіўся па баках.
– Антаніна Сяргееўна! – крыкнуў ён, заўважыўшы яе адсутнасць.
Гаспадыня, карыстаючыся добрым выпадкам, непрыкметна выйшла з пакоя, адамкнула кабінет і выпусціла мужа. Лісаковіч тут жа кінуўся да Алены, маючы намер выратаваць яе ад любой небяспекі. Ён дапамог ёй устаць і паглядзеў наперад. У калідоры аслупянеўшы стаяла Антаніна Сяргееўна з разгубленым выразам твару. Побач з ёй быў яе муж. Усё яго цела было знявечана вуглепадобнымі плямамі. Адзенне ў некаторых месцах разарванае ад парываў злосці. Поза Захара Пятровіча выглядала страшэнна: спіна была сагнутая ў арку, галава падрыгвала і апушчана ўніз, адна рука абапіралася аб сцяну. З рота выцякала чорная сліна, цякла па сівой барадзе і, як цягучая смала, кроплямі спускалася на падлогу. Стары спрабаваў нешта вымавіць, але голас сіпеў, як зламанае радыё. Убогае цела тут жа ўпала да ног жанчыны, аддзяліўшы Антаніну Сяргееўну ад астатніх. Жанчына заплакала, раўла, загаласіла ва ўсю, прыціснуўшыся ўсім целам да сцяны калідора. Яна баялася дакрануцца да мужа, які моцна палохаў яе сваім выглядам. Душа аплаквала, пакутавала, развітвалася з каханым. З-за рыдаючых уздыхаў у калідор убегла Ірына. Паражонае цела бацькі ляжала неакуратна, патыліцай да яе. Дачка ад спалоху прыкрыла свой твар далонямі, але не плакала. Змрочны тон загучаў смуткам.
– Ён мёртвы? А што з другім? – стрымана спытаў Калядка, высунуўшы палову цела ў калідор.
– Антаніна Сяргееўна, калі ласка, пераступіце, падыдзіце да нас! – загаварыў Лісаковіч, – Антаніна Сяргееўна, калі ласка, ідзіце да нас! – гучна паўтарыў ён, ад чаго жанчына адарвала погляд ад мужа, – Давайце, хутчэй!
У гэты час Калядка вярнуўся ў гасцёўню і пачаў збіраць рэчы. Ён знайшоў невялікі заплечнік, выцягнуў адтуль частку змесціва і стаў напаўняць яго неабходным. Тут, каля ложка, стаяла маленькая бутэлька недапітай вады, а на белай круглай талерцы недаедзены хлеб дзіцяці. Калядка абгарнуў чыстай анучай ежу і ўсё схаваў у заплечнік. Пасля чаго, стаў шукаць, што яшчэ можа спатрэбіцца ў шляху, было відавочным для яго, што дарога будзе доўгай. У сувязі з адсутнасцю транспарту, трэба будзе пешшу пераадолець доўгую адлегласць да роднага месца. Студэнта нічога не палохала, ён быў упэўнены ў сабе і адважыўся ў адзіночку прайсці свой шлях. Хлапчук не збіраўся вяртацца ў інтэрнат, а цвяроза вырашыў пакінуць сталіцу і дайсці да бацькоўскага дома.
Гаспадыня кватэры ўсё яшчэ плакала. З чырвонымі вачамі ад горкіх слёз, яна моўчкі паглядзела на Лісаковіча. Ён чытаў у яе твары няўпэўненасць і боль. Жанчына не хацела пакідаць мужа, пакідаць свой дом. Нават гледзячы на дачку, Антаніна Сяргееўна казала ў сумным маўчанні аб параненых пачуццях, аб жудасным болю, які хацела б пакінуць тут, з сабой. Ірына спрабавала ўгаварыць матулю падысці, не хацела пакідаць яе адну, не хацела страціць яшчэ аднаго дарагога чалавека. Іншыя таксама ўзяліся падтрымаць Ірыну і прыспешыць пажылую жанчыну. Гэта надало руху, і Антаніна Сяргееўна адчула сябе інакш. Яна пагадзілася пакінуць усё і пайсці з дачкой. Пераступаючы цела мужа, жанчына адным вокам, у паўабароце галавы, зазірнула ў кабінет. Ёй хапіла адной секунды, каб выразна адбіць у сваёй памяці худую фігуру Школіка. Як абгарэлы, драўляны, стары слуп, ён стаяў тварам да яе, каля канапы з працягнутай рукой. Вочы хлопца перасталі быць жывымі, у іх не было чалавечнасці, яны перадавалі злосць звера і нянавісць да людзей. Кантраст паражонай скуры і дзікіх вачэй, адбіваўся шалёнствам. Школік быў падобны на забойцу, на драпежніка. Галава пакрылася чорнымі лускавінкамі, на шчоках адкалоліся засохлыя плямы скуры, на іх месцах з'явіліся атожылкі, падобныя на каранёвы клубень. Усё цела, усё сухое покрыва, нібы трухлявыя пялёсткі, што загнілі, засохлі і змерзлі. Тое ж было на працягнутай правай руцэ, ад якой абсыпаўся попел, змярцвелая чарната, і выбіраліся да святла жоўтыя парасткі. Хворае цела Школіка маўчала, ператварылася з чалавека ў іншую істоту, стала паляўнічым для прыступнай ахвяры. З патрэсканых тонкіх вуснаў словы не выляталі, толькі ціхая хрыпата зашыпела скрозь зубы, як кліч і застрашванне. І калі дзікае стварэнне ўбачыла ў калідоры чалавека, то рэзка тузанулася наперад, імкнучыся дацягнуцца, дакрануцца да жанчыны. Істота зрабіла пару крокаў, але засталася ў кабінеце, а Антаніна Сяргееўна задрыжала так, быццам ахапіў яе моцны мароз. Яна зрабіла тры хуткія крокі і абняла дачку. Калядка ж, у гэтыя пакутлівыя хвіліны для сям'і Прышчэпавых, выглядаў даволі спакойным, хоць пад маскай абыякавасці хаваліся цяжкія пачуцці страху, засмучэньня і пагібелі. І хай абыякавыя паводзіны да астатніх яшчэ не кідаліся пад увагу, здавалася, што толькі Калядка быў больш стрыманым і вытрыманым пры такіх прымушаных абставінах страху.