Читать книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) - Страница 10

2. Сад роспачы
Душаловы
Самотная прыпавесць постперабудовы

Оглавление

Не хадзі ты, дзядзька багаты,

Дзе галота п’е!


(З нашае любімае песні)

Два племені, два народы ніхто не памятаў ужо, колькі стагоддзяў жылі непадалёк адзін ад аднаго. Адзін скрозь вякі мацаваў, гартаваў свой Дух, і яго назвалі Народам Моцнага Духу. Другі, надта й не дбаючы, ад прыроды быў надзелены Вялікаю Душой, і яго нараклі Народам Вялікае Душы.

Дух першага праз пэўную колькасць гадоў зрабіўся настолькі моцным, што яго час ад часу даводзілася выпускаць. І тое, што ўсе суседзі рабілі саромеючыся і пераважна ў прыбіральні, Людзі Моцнага Духу дазвалялі сабе рабіць пры ўсіх, дзеля чаго нават вынайшлі крэслы і зэдлікі з дзіркамі (мы купляем падобныя нашым малым хадзіць на гаршчок). Што ж датычыць Велічы Душы другога народа, то яна паступова (падкрэсліваю, сама па сабе) дасягнула гэткіх памераў, што народу пачало здавацца, ён не здолее ўтрымаць яе самастойна, і пачаў ён гарнуцца то да суседзяў з Душою Больш Разняволенай, то да суседзяў з Душою Больш Шырокаю…

І толькі лепшыя з лепшых Вялікадушныя падарожнічалі далей, цікавіліся, што ж робіцца ў іншых народаў, у тым ліку і ў Народа Моцнага Духам. А там ужо вынайшлі машыну для друкавання кніжак, і адзін Чалавек Вялікае Душы хутка засвоіў гэтае майстэрства. Не дзеля ўласнае славы і прыбытку, а адзінае дзеля прасвятлення, ачышчэння ды ўмацавання напраўду Вялікае Душы свайго народа, дзеля таго, каб спраўдзіўся наканаваны яму Богам зорны лёс.

Ды толькі пэўна Вялікая Душа даецца не дзеля вялікіх ведаў, а дзеля вялікага болю. Гэты боль скрозь усе гістарычныя ды асабістыя несправядлівасці, скрозь войны, хваробы, што жорсткімі хвалямі безвыходнасці праносіліся, руйнавалі і так не надта шчодрую зямлю, дзе жыў, нікога не крыўдзячы, працуючы да сёмага поту і спяваючы тужлівыя, светлыя свае песні Народ Вялікае Душы, гэты боль паглынаў, глушыў усё і найперш жаданне нешта спазнаваць, перайначваць у гэтым ці тое Богам, ці тое Д’яблам падораным жыцці. Народ Вялікае Душы гарнуўся паранейшаму то да суседзяў справа, то да суседзяў злева, вучыўся гаварыць на іхніх мовах, спяваць іхнія песні, ды што там, шчодра адорваў суседзяў мастакамі, паэтамі, музыкамі, акцёрамі, а яшчэ, глушачы свой лёсам наканаваны вялікі боль, шмат піў і маліўся. Пілі пераважна мужчыны. Маліліся за іх, за сябе, за дзяцей жанчыны. Толькі лепшыя з лепшых, мацнейшыя з мацнейшых спрабавалі вярнуць Вялікай Душы годнасць, выхаваць у свайго дабрэйшага і шчадрэйшага ў свеце народа Моцны Дух…

А між тым, Народ Моцнага Духу, прывучаны да парадку ў жыцці, у думках і пачуццях, стварыў дасканалую, падобную на цвёрды празрысты крышталь філасофію, вытанчаную, срэбрам шытую паэзію, глыбокую зорную музыку… І ўсё ж чагосьці не хапала яму ў такім, здавалася ж, заможным, размераным, ціхамірным жыцці… Ці тое Моцны Дух шукаў выйсця. Ці тое народу не ставала Вялікае Душы. І тады, як там яго звалі старажытныя рымляне, Бог вайны Марс з радасцю прыняў так акуратна, дасканала выхаваных воінаў у свае шэрагі…

Некалькі разоў выдатна ўзброеныя, моцныя духам людзі прыходзілі на зямлю тых, хто меў адно што Вялікую Душу, ды працавітыя рукі (кемнасцю Бог тых, хто працуе, ніколі не абдзяляе). Людзі Моцныя Духам хацелі завесці на чужой зямлі свой ідэальны парадак. А Людзі Вялікае Душы звыкліся падначальвацца не чалавеку, а прыродзе. Яна, гэтая прырода, шматгалосая, шматаблічная, не выносіла нічога стэрыльнага і ідэальнага, яна паўстала. Чужынцы душылі тых, хто не даваў ім выканаць іхнюю, як ім здавалася, найвысакародную місію, серавадародам, яны душылі іх вядоўкамі, голадам, хваробамі, палілі, стралялі, рэзалі, яны вынайшлі цэлыя машыны для знішчэння няскораных, названыя душагубкамі, але Вялікая Душа перамагла Моцны Дух. Больш за тое, нават тыя, каго Людзі Моцнага Духу паспелі вывезці да сябе, нават дзеці, не зважаючы на ўгаворы больш уладкаваных у жыцці іншых насельнікаў планеты, упарта вярталіся дамоў, да разбураных сваіх гнёздаў.

Вялікая Душа перамагла Моцны Дух. Але паражэнне, безнадзейнасць, здараецца, гартуе моцных. А перамога кволіць слабых.

Адзін народ, пераможца, на ўсю сваю Вялікую Душу аплакваў ахвяры і ўпіваўся Перамогаю… Другі ж народ, пераможаны, сцяўшы зубы, захаваўшы што падалей крыўду, пачаў нанова наводзіць ідэальны стэрыльны парадак, хай сабе толькі на сваёй зямлі, у кожным, нават самым маленькім гарадку, у кожнай сям’і. Каб стол быў штодня засцелены крухмальным абрусам, каб хораша пахла нават у прыбіральні, і, галоўнае, каб дзеці, дзеці іх, пераможаных, не страцілі свайго гонару, годнасці, каб і надалей мацавалі, гартавалі яны свой Дух. Ізноў Народ Моцнага Духу зажыў звыклым, багатым, размераным, разлічаным па хвілінах жыццём. Жылі б ды жылі. Але ж вось чуюць, у таго Народа Вялікай Душы, якому яны хацелі ж, хацелі прынесці вызваленне і парадак, зноў усё бязладна. Бяда за бядою.

І тады Народ моцнага Духу ўжо без зброі рушыў да гэтых, іншага слова не падбярэш, «недацёпаў», што гаварылі невядома на якой мове, спявалі невядома якія песні, а пілі, о, пілі яны на святах, хаўтурах, а то і штодня… Што яны пілі, аднаму д’яблу вядома. Не, цяпер Народ Моцнага Духу не вёз з сабою душагубак. Ён добра засвоіў, што нягоды ды страх смерці мацуюць дух, а вось дабрачыннасць, тая кволіць, безнадзейна кволіць душу… Народ Моцнага Духу прывёз і гасцінна расчыніў па ўсіх гарадах і нават вёсках душалоўкі. У гэтых маленькіх крамках на колах было ўсё— цукеркі, жуйкі, яркія часопісы, са старонак якіх самазадаволена ўсміхаліся абсалютна шчаслівыя Людзі Моцнага Духу, былі моцныя напоі для для тых, хто п’е, і таблеткі, каб не радзіліся дзеці для тых, хто займаецца каханнем, было зношанае, але акуратна вымытае і адпрасаванае адзенне, якое кілаграмамі аддавалі амаль за бясплатна.

Ад напоеў у мужчын муціўся розум, слабелі рукі і зусім пераставала балець душа (нехта сцвярджаў, што ў іншых землях гэтыя напоі даюць толькі свінням, каб лепш гадаваліся і ні пра што не думалі, калі свінні пра што-небудзь калі-небудзь і думалі, ды хіба ж разбярэш, што там напісана на іхніх каляровых этыкетках!). Ад таблетак жанчынам рабілася мутарна, іх раздражнялі не толькі ўласныя мужы, але і дзеці, ды што там – нават колер шпалераў і фіранак ва ўласнай хаце.

А элегантныя высакалобыя замежныя гандляры, Моцныя духам, багатыя на грошы, гаспадарамі хадзілі па іхнімі дзядамі так і не скоранай зямлі. Яны ахвотна куплялі карціны, каб аздобіць свае добраўпарадкаваныя дамкі на радзіме, яны запрашалі, везлі з сабою зусім збяднелых мясцовых мастакоў і акцёраў, бо сапраўды навошта Народу Вялікай Душы шчэ мастакі і акцёры, навошта расчульваць, куды ж больш гадаваць яе, гэтую Душу? Яна ж і так гняце, прыгінае да зямлі… Хіба можна лётаць з такімі вялікімі, важкімі крыламі?

Вось у гэты, спрыяльны для моцных Духам час, жадаючы крыху падзарабіць, а болей усё ж дзеля цікавасці, дзеля спазнання неспазнанага (у Моцных Духам боль жыцця ніколі не глушыў цікавасці да жыцця) адзін з Моцных Духам, малады шчэ, назавем яго пан Н., адчыніў краму (чытай, душалоўку) у далёкай палескай вёсцы. Чаму менавіта там?.. Гэта было і засталося ягонай таямніцай. Казалі, быццам бы ягоны дзед калісьці добратакі тут патаптаўся, і нават ці не загінуў. Але можа гэта ўсё былі фантазіі тутэйшых людзей. Ад акропленае моцным напоем Вялікае Душы ого як працуе фантазія…

На полі, з вакна крамы было відаць, абсыпаўся немаведама дзеля чаго пасеяны авёс, а людзі стаялі ў чарзе, за немалыя грошы куплялі ў пана Н. прывезеныя з ягонай далёкай краіны аўсянку, гарох, муку, мясныя кансервы, маргарын і раз ці два на месяц (каму ўжо зусім немаглося, то й часцей) моцны, зафарбаваны нечым да прыкрасці салодкім напой у зялёных бутэльках. Яны навучыліся, ці проста ўспомнілі, як звяртацца і дзякаваць гаспадару на мове моцных Духам, хоць ён даўно засвоіў і разумеў тутэйшую гаворку.

Пажыўшы сярод тых, у каго ледзь не штовечар шчымела, балела Душа, Чалавек Моцны Духам нічога не мог з сабою зрабіць, пачаў нудзіцца, сумаваць па сваёй сям’і, па жонцы і двух малых шчэ зусім сынах… Асабліва нясцерпнымі ставаліся вечары і раніцы. Па вечарах, калі зачыняў ён краму, даводзілася вяртацца да гаспадыні, пажылой адзінокай кабеты, якая, узяўшы чарку, сядала вышываць навалачкі і да паўночы ледзь чутна спявала балесным, тоненькім галаском. А з раніцы, калі прачынаўся і бачыў абадраны ці пагрызены мышамі шматок шпалераў, рабілася нясцерпна ад усведамлення, што ён не дома. Ні разумныя кнігі, ні шторанішняя гімнастыка ды халоднае абліванне не дапамагалі… А тут яшчэ хлапчук – бялявы, засыпаны рабаціннем кірпаносы падлетак, што гадзінамі стаяў пры дзвярах ягонае крамы, зачаравана разглядаючы рэчы, выстаўленыя на продаж. Ён так прагна ўслухоўваўся ва ўсе ягоныя словы, імгненна лавіў, схопліваў кожны ягоны пагляд, усмешку, знак… Пан Н. Частаваў хлапчука жуйкамі ці шакаладам і той са словамі ўдзячнасці пакідаў гэткі пасабачы верны задумлівы пагляд чысцюткіх сваіх вачэй, што не было моцы ўстояць, хацелася прыгарнуць, пачасаць у таго за вухам, павесці за сабою… Праз колькі часу пан Н. ужо ведаў, што маці хлапчука памерла пры родах, бабка з дзедам, якія гадавалі яго, зусім старыя і нямогля, а бацька п’е не прасыхае, і вырашыў узнагародзіць малога за вернасць і адданасць. Ён узяў яго з сабою дамоў, у Краіну Моцных Духам. Пакуль што толькі ў госці.

З Краіны Моцных Духам хлапчук вярнуўся ў яркай майцы з Мікі Маўсам і стракатых шортах з пальмамі. Цяпер ён так хутка і спрытна гаварыў на мове Моцных Духам, што мала хто з вяскоўцаў разумеў, пра што гэта яны з панам Н. перамаўляюцца, з чаго ці з каго смяюцца…

Ізноў папаўзлі чуткі, што, маўляў, пан Н. хоча ўсынавіць хлопца, і што ўжо і ягоная жонка дала згоду, ды што там, ужо й новы дом купілі дзеля таго, каб у гэтага іхняга беспрытульнага падшыванца быў свой уласны пакой… Заставалася дробязь, ды не, зусім жа не дробязь – заставалася ўзяць распіску, згоду ў роднага бацькі хлапца, што той не супраць, каб хлопца звезлі на чужыну.

А сын, адораны, ахмелены кароткаю ды пэўна ж надта плённаю для Людзей Моцных Духам вандроўкаю, – раз вось так, з першага разу паланілі хлапечую душу, сын прагнуў як мага хутчэй вырвацца, адляцець з роднае вёскі. Добра ведаючы свайго бацьку, ён сам параіў свайму апекуну ісці па распіску з зялёнаю пляшкай. Хоць можна было б і без яе. Бацька быў ужо добра паддаўшы. І хапком заядаў недзе па дарозе ўхопленае салёным гурком.

Ад хвалявання (такія госці да яго, ды яшчэ з нейкаю Просьбаю!) ён ледзь не папярхнуўся, і пот густа высыпаў на ягонай злёгку прыкрытай засаленымі валасамі лысіне. У рэшце рэшт, пракаўтнуўшы, уцяміўшы, у чым справа, ён адразу расчуліўся, падсунуў госцю мутную шклянку і пакет з купленымі па дарозе ў вясковай краме салёнымі гуркамі (штонішто і мы робім і прадаём!), а сам, напусціўшы на твар сур’ёз, узяўся шукаць па кішэнях ручку, якой там, вядома ж, ніколі не ляжала. Пан Н., які не выносіў гарэлачнага перагару, а ім, здавалася, патыхалі нават шпалеры, разпораз далікатна прыкладаў да носу надушаную хусцінку. А гатовы згарэць з сораму хлапчук нервова хадзіў па хаце і баяўся аднаго, каб бацька не перадумаў, ці яшчэ лепш не бразнуўся вось тут, вось зараз на падлогу ды не заснуў.

Але не. Распісаўся. Залачоным пяром пана Н.

Хлопец кінуўся да свайго, цяпер ужо законнага апекуна на шыю. А няшчасны ягоны бацька, малады ж яшчэ зусім чалавек, расчулена і нават ці не з замілаваннем паглядаючы на важнага госця, адчуваючы, што ніколі ў яго не будзе ні такіх разумных вачэй, ні такіх залачоных акуляраў, ні вось гэткае грэблівае ўсмешкі, і насовачкі надушанае, якую той усё трымае ля носа, таксама ніколі не будзе, раптам загаварыў, таропка, нават похапкам, спяшаючы давесці тое, што ўжо ніколі нікому не давядзе: – Хай едзе… Аблюбаваў ты майго хлапца, дык хай едзе… Горай не будзе. Унё, мой бацька, ягоны дзед значыць… расказваў, што ў вас там чысто… парадак… Яго малога з маткаю, сілаю, мо й твой дзед, з сабакамі да вас загналі… А во мо што пажыў там у вас, памучыўся, дык чалавекам стаў… Хоць і хварэў, а жыццё, як песню, пражыў. А я што… Гнюсь, а не чалавек. Здрабнела мая душа, ссохлася… Хай едзе. Мо, як дзед, чалавекам стане…

А сын са сваім новым апекуном былі ўжо на двары, і пан Н. грэбліва адклаў ад носа, схаваў у кішэню надушаную хусцінку.

Над сцішанаю вёскай весела паміргвалі буйныя жнівеньскія зоркі.

Назаўтра ўвечары, пакінуўшы мясцовым гандлярам сваю краму на колах, яны ад’язджалі. І ў расчыненае вакно машыны ляцелі наўздагон з толькі адбудаванага Дома культуры хораша з’яднаныя ў хор моцныя жаночыя галасы:

Дробнадрабніца,

Дробнадрабніца,

Дробны дождж ідзе.

Сабралася бедна галота

Мёд, гарэлку п’е.

П’ем мы гарэлку,

П’ем мы вішнёўку,

Будзем піць віно…


Пан Н. непатрэбную яму цяпер тутэйшую гаворку, тутэйшыя песні зусім не ўспрымаў, думаў пра сваё. Хлопчык у майцы з Мікі Маўсам скурчыўся на заднім сядзенні і задрамаў. Ён шчасліва ўсміхаўся, ён мроіў сваім новым жыццём, якому зайздросцілі ўсе вясковыя хлопцы…

Сакрамэнта

Подняться наверх