Читать книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) - Страница 6

1. Вандроўкі па-за часам
Радэнава вакханка
Гліняны аскепак Парыжа

Оглавление

Паўнагучча і паўза,

Трапяткое маўчанне,

Калі словы бяссільныя,

Хай пульсуе жаданне…


Я доўга блукала па Парыжы ў пошуках старой брукаванкі. Мне хацелася прайсціся не па сучасных плітках ці асфальце, а менавіта па брукаванцы. Як адчувала. Шукала старое, з’езджанае, стаптанае каменне, каб спатыкнуцца, упасці, пабіць, параніць калена. Парваць новую шаўковую спадніцу. У якой увечары збіралася танцаваць развітальнае танга. І параніць калена, ды не чым-небудзь, а гліняным аскепкам. Які немаведама як ушчыміўся ў брук. Я выцягнула яго, акрываўлены, са спрасаванага часам пылу. І вырашыла ўзяць на памяць. Паклала на далонь, і аглухла ад цішыні. Яшчэ некалькі імгненняў назад вушы закладала ад звыклага гарадскога шуму, а цяпер – ад цішыні. Зелянелі каштаны, трава прабівалася скрозь брук. І мне здавалася, што я чую, як яна прарастае. Недзе далёкадалёка гучала надрыўная мелодыя вечаровага танга. Якой, аздабляючы музыку арэхавым французскім «r», падпяваў незнаёмы палкі мужчынскі голас. Мне хацелася пайсці на яго, гэты голас, але я разумела, што не магу. Што мушу чакаць кагосьці, тут, у гэтай глухой цішыні, ля гэтай старой майстэрні, дзе калісьці працаваў сам Радэн.

Рыпнулі дзверы. Я ўвайшла. І толькі тут зразумела, чаму так ціха. Радэн забраў адсюль усе свае творы. І адсюль забраў усе свае творы. І гэтая майстэрня цяпер бу дзе як помнік, магільня аднагоадзінага ягонага тварэння, якое загінула тут, на гэтай брукаванцы. Я цяпер разумею, што разам з тым тварэннем, палкаю глінянаю «Вакханкай» загінула і нашае з ім каханне. Нешае з ім. Чаму я так падумала? Няўжо зноў заблукала ў часе? І гэты акрываўлены гліняны аскепак ператварыў мяне ў Мары-Роз Бёрэ? Знойдзеную і кінутую Радэнам Мары-Роз? Роза, ружа, агучаная святлом рознакаляровых шкельцаў, вітражовая ружа, а ў ёй вобраз вечнай пакутніцы Марыі. Яна нарадзіла свайго сына на пакуты… На пакуты…

А як лёгка крочыла яна, Я, па гэтай брукаванцы, калі мы сустрэліся ўпершыню. Тады Радэн працаваў у іншай майстэрні, да яе адсюль недалёка. Але сустрэліся мы тут. Пэўна, яго ўразіла мая фігура, плынь маіх валасоў, мой сілуэт. Ён кепска бачыў, і, каб разгледзець жанчыну, яму проста неабходна было яе абдымаць, лашчыць, доўга, упарта, як гліну. Усе жанчыны, якіх ён знаў пасля мяне, чакалі ад яго разумення, падтрымкі, хацелі, каб ён выслухаў іх, дапамог хоць чым-небудзь. А ў яго жывымі, чуйнымі былі толькі рукі, далоні. Пальцы. Гэта і была ягоная душа. І да мяне ён дакранаўся сваёю душою. Тады, даўно, пасля першай нашай сустрэчы.

Ён марыў вучыцца. Але акадэмікі яго не прызналі. Такіх непрызнаных тады было шмат у Парыжы. І ўсе яны ведалі мяне, таму што мяне ляпіў Радэн. Словы не могуць перадаць таго, што здольнае сказаць цела. Я была вельмі, занадта сціплай, я зусім не ўмела гаварыць і рухалася, як падлетак… Але, калі Радэн глядзеў на мяне, кранаў мяне сваімі рукамі, цела, маё цела, я сама не ведала, што з ім адбывалася. Гэта быў сапраўдны танец агню, гэта было неўтаймоўнае полымя, мае рудаватыя, сонечныя валасы пераўтвараліся ў іскры. А рукі, мае рукі, пальцы спляталіся ўвышыні… Я танцавала без музыкі. Я сама пераўтваралася ў музыку. І ён зляпіў, сама не веру, але ён узяў вільготную, мяккую гліну і зляпіў гэты мой танец, маю музыку. І ў той скульптуры, у той вогненнай Вакханцы жыў, пульсаваў кожны дотык ягоных пальцаў. Не паверыце, гліна дыхала. І Манэ, і Дэга былі ў захапленні.

Яны паабяцалі, што гэтая скульптура будзе абавязкова экспанавацца на выстаўцы, і што яна будзе мець шалёны поспех.

Радэн быў шчаслівы, упершыню за ўсё сваё жыццё ён адчуваў сябе абсалютна шчаслівым. Ён быў прызнаны, і я, нічога не патрабуючы, была побач. І ў нас мусіла нарадзіцца дзіця. Тады я ўпершыню адчула, што жаночае цела, пасутнасці, проста прыгожая пасудзіна, якая хавае ў сабе жывую мужчынскую плоць і можа вынасіць, нарадзіць дзіця. Я выношвала нашага сына, а мой танец агню застаўся Вакханцы. Яна забрала маю душу, дакладней, Радэн перадаў ёй маю душу і голас майго цела. Потым, калі ягоныя жанчыны прыходзілі да мяне высвятляць адносіны, я спрабавала растлумачыць ім, што Радэн ад іх вяртаецца да мяне не таму, што я яго трымаю, а таму што ён у кожнай з іх забірае душу, голас цела і перадае іх мармуру, гіпсу, бронзе. Ён любіць, кахае тыя свае тварэнні значна больш за жывых жанчын, але яны не верылі мне. Кожная думала, што здолее стаць для яго адзінай.

А я ні навошта не спадзявалася. Ні цяпер, ні тады. Калі мая душа і мой голас засталіся Вакханцы. Яна стаяла ў кутку, ля дзвярэй, ахутаная лёгкім вільготным покрывам, а я сядзела ля вакна і прыслухоўвалася да свайго, нашага з Радэнам яшчэ не народжанага сына. Мы абодва чакалі Радэна. Цёмна-блакітны, сіні, потым бэзавы паўзмрок наталяў смагу восеньскім сутоннем. Змяркалася. А Радэна ўсё не было. Я ў адрозненні ад Вакханкі была жывою. Я мела насалоду задрамаць. І я задрамала. А калі прахапілася, сын з сярэдзіны пабудзіў мяне, на стале трымцела, разганяючы вакол святло і даўгія, блытаныя цені, свечка.

Радэн вярнуўся. Але ён нават не падыйшоў да мяне. Да нас з сынам. Ён разгарнуў сваю гліняную Вакханку, укленчыў перад ёю і нешта шаптаў, шаптаў, быццам вар’ят, кранаў яе рукі, выгнуты ў палымяным парыванні стан, цалаваў калені, ён мроіў ёю.

А назаўтра высветлілася, што сябры знайшлі яму вось гэтую, новую, больш прасторную майстэрню. І трэба тэрмінова пераязджаць. І Манэ з Дэга прыйшлі, каб дапамагчы перавозіць наш няхітры скарб. Спачатку, упрогшыся, як коні ў воз, яны перавезлі ўсе рэчы і інструменты. Я засталася тут, гатаваць ім вячэру. А яны паехалі забіраць Вакханку. Цяпер можна прызнацца, калі тады я засталася ў новай майстэрні, вось тут, у гэтай майстэрні, я нарэшце адчула сябе свабоднай, вольнай. Я нават спяваць пачала, прытанцоўвала, збіраючы на стол. І толькі калі паставіла і пералічыла талеркі, раптам зразумела, што чакаю не толькі мужчын, але і Вакханку, што і ёй паставіла талерку. І трывога ахапіла мяне, спаралізавала. Я спужалася, мне стала страшна зноў пусціць гэтую жанчыну ў наш дом. Гэтая майстэрня тады была нашым домам. У роспачы я схапіла талерку і бразнула аб падлогу. На дробныя друзачкі. Потым кінулася хутчэй замятаць. Выйшла на вуліцу высыпаць друз. Яны якраз пад’язджалі. Як рабы цягнулі гліняную мадам, што разлеглася на возе. Манэ памахаў мне рукою. І ў тое ж імгненне кола трапіла на камень, вазок нахіліўся і захутаная ў сваё шэраблакітнае покрыва Вакханка саслізнула на брук… Разляцелася на кавалкі. Я думала Радэн не перажыве. Мне было вельмі шкада яго. Я ж усё жыццё кахала яго, і таму міжволі імгненна ўспрымала ягоны боль. Але, нічога не магла з сабою зрабіць, разам з тым болем прыйшла палёгка. Мая душа вярнулася ў цела, і цела зноў набыло голас.

Не, Радэн больш ніколі не любіў, не кахаў мяне так, як тады, калі ляпіў сваю, нашу Вакханку. Але ад усіх сваіх жанчын, ён абавязкова вяртаўся да мяне, бо ўва мне пульсавала душа, і рэхам, у жэстах, рухах, паглядзе гучаў голас Вакханкі.

Я цяпер думаю, што Каміле Кладэль, якая звар’яцела ад кахання да Радэна, каб ён быў з ёю, дастаткова было пабіць усе свае выявы, усе тыя «Пацалункі», у якія Радэн пераўтварыў яе цела. Але. На жаль, мармур б’ецца не так лёгка, як гліна… І да таго ж, амбітная Каміла ніколі б не магла ўявіць сваё цела простай пасудзінай, хай сабе звышдасканалай, жывой, але толькі пасудзінай для Радэнавых пачуццяў, думак, ідэй. Нават, калі ён забраў голас у яе цела, яна пакінула за сабой права мець свае думкі, пачуцці. Свой лёс. Яна спрабавала гаварыць з Радэнам праз свае творы. Але не ведала, што ён, як большасць мужчын, не бачыць і не чуе, што гаворыць, што прагне сказаць жанчына.

Як добра, што ад той Вакханкі застаўся ўсяго гэты аскепак, востры, акрываўлены, але бяздушны, безгалосы. Нямы…

Лепш аглухнуць ад цішыні, чым ад адчаю. Дзе там той прыемны мужчынскі голас з арэхавым «r»? Я пайду на яго, на гэты голас. Босая, па брукаванцы. А раптам гэта Радэн?

Сакрамэнта

Подняться наверх