Читать книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) - Страница 9

1. Вандроўкі па-за часам
Музыка сузор’яў
Фантастычны эцюд з будучыні

Оглавление

У кожнай жанчыны мусіць быць таямніца. Вось я, напрыклад, люблю глядзець на зоркі, жнівеньскія ці вераснёўскія, зыркія, ясныя, як крынічнай вадой, прамытыя сцюдзёным, ужо начным паветрам. Я выязджаю куды за горад, закідваю галаву і… зоркі літаральна накотваюцца на мяне, колкія, імглістыя, вабныя. А я міжволі шукаю Вялікую Мядзведзіцу. З яе лягчэй за ўсё пачынаць падарожжа па сузор’ях. І гэтым разам я ўгледзела яе, прыпала паглядам, душою і спынілася, тут, у мяккай аксамітнай зорнай калысцы, спынілася, бо, мне падалося, хтосьці закалыхвае мяне, спавівае туманамі, так, што голаў вядзе… І аднекуль з вышыні, з аксамітнае глыбіні Сусвету гучыць з маленства знаёмая бабуліна, маміна калыханка…

Люлі, люлі, люлі,

Дзеткі ўсе паснулі,

Толькі Галечка не спіць,

Ўсё на зорачкі глядзіць…


І я разумею, што, я ўжо не на зямлі, ляжу, спавітая, захутаная туманамі і люляюся ў калысцы, нябесным карцы Вялікай Мядзведзіцы. І ведаю, як я туды трапіла – мае бацькі паслалі мяне туды на канікулы. За тое, што сёлета я навучылася іграць на раялі любімы прабабулін «Вальс» Шапэна, яны прапанавалі мне самой выбраць летняе падарожжа. Я магла здзейсніць новамодную вандроўку ў часе, злётаць да маёй прабабулі і сыграць ёй Шапэна. А мне за хацелася ў зорнае неба, у калыску Вялікай Мядзведзіцы. І вось я люляюся ў ёй, дзіўлюся на зоркі і засынаю пад бабуліну, маміну калыханку…

Але я адчуваю, чую, што ўва мне пачынае пульсаваць, гучаць, ува мне гучыць іншая музыка… І дзеля яе, гэтай музыкі, рамантычнай, узнёслай, з туману выплывае, матэрыялізуецца белы раяль. І я праз сон, у сне іграю. Спачатку гэтую рамантычную, узнёслую музыку старажытнага кампазітара Шапэна. А потым нешта сваё.

Мае рукі, можа не па-свойму, голасна спавядаюцца Сусвету, гукі то сыходзяцца, то пераўтвараюцца ў рэха, трывожнае рэха Вечнасці. Я разумею, што гэта мае варыяцыі, мае паліфоніі на тэмы адной з фугаў Баха. Гармонія, бясконцыя сугуччы шматгалосся. Тут, на Вялікай Мядзведзіцы, мой белы раяль гучаў як арган. І з гэтых магутных гукаў раптам проста перада мною складаецца велічны вобраз Зеўса, такога, якім яго калісьці ўбачыў старажытнагрэчаскі скульптар Фідый, той самы, якога называлі «творцам багоў». У V стагоддзі фанатыкі з хрысціянскага духавенства загадалі знішчыць Зеўса, як язычніцкую святыню. Засталіся толькі ўспаміны, апісанні, замалёўкі. Але мне пашчасціла жыць у той час, калі разам з музыкай па маім жаданні я магу аднавіць амаль рэальны галаграфічны вобраз таго, нават у межах Сусвету каласальнага трынаццацімятровага Фідыева Зеўса, якога ён зрабіў для храма ў Алімпіі.

Зеўс сядзіць на троне з кедравага дрэва, магутны, велічны, строгі, непадступны. Ягоны задумлівы позірк, сапраўды, як пісаў хтосьці, скіраваны ў Вечнасць. У ягоных руках знакі ўлады, у левай – скіпетр, на якім сядзіць арол, у правай – багіня перамогі Ніка. Золатам адліваюць ягоныя валасы, барада, сандалі. На галаве – залаты ж вянок з аліўкавых галінак, такім дасюль вянчаюць пераможцаў Алімпійскіх гульняў. На ягоным плашчы – выявы кветак і звяроў. А сабранае з пласцінак слановай косці ягонае цела глядзіцца зусім як натуральнае. Мускулы іграюць і пульсуе кроў. Гарачая, неўтаймоўная алімпійская кроў. Здаецца, ніводная жанчына не рашыцца дакрануцца да яго, прылашчыць, пацалаваць. Маланкі вылятаюць з ягоных цёмных вачэй. Але ж, грэкі ведалі, а цяпер пра тое вядома ўсяму свету, не зважаючы на шалёную рэўнасць сваёй жонкі Геры, Зеўс ніколі не мінаў прыгожых дзяўчат. І сёння, я здагадваюся, чаму так напружана пульсуе ў яго кроў, чаму ўглядаецца ён у мой бок, у бок Вялікай Мядзведзіцы. У душу ягоную, а калі праўда, што мужчыны любяць вачыма, то ў вочы, запала адна са служанак багіні Афрадыты – Калліста. І ён прагне авалодаць ёю, узяць сабе ў жонкі. І баіцца не столькі Геры, колькі Афрадыты. Тая звыклася быць непераможнаю ў прыгажосці. А ён упадабаў не яе. А ейную служанку. Нонсэнс. Абраза, якую багіня кахання і прыгажосці не сцерпіць. Ператворыць яшчэ Каллісту ў якую пачвару і бывай каханне, бывай жаданне, бывай насалода! Таму трэба яе апярэдзіць, і ён, Зеўс, апярэдзіў Афрадыту, ператварыў Каллісту ў Вялікую Мядзведзіцу і забраў да сябе на неба. У ейнай калысцы я і люляюся зараз, іграю на белым раялі нешта падобнае на фугі Баха. А каб каханай не было адзінока, Зеўс утварыў яшчэ адно сузор’е – любімы сабачка Калліста стаўся Малою Мядзведзіцай.

Акорд, узыходжанне ў глыбіню. Аксамітны ўздых. Паўза. Цішыня. Кажуць, што ў сапраўдных музыкантаў паўза гучыць больш шматзначна, чым сама мелодыя. Бо гэта тое самае імгненне, калі не кампазітар, а кожны з нас выплёсквае свае пачуцці. Душа адкрываецца свету і спявае, шэпча нешта зусім патаемнае…

А цяпер я буду іграць Моцарта. Вось гэты ягоны «Менуэт». Строгі, стройны, гарманічны. Нічога ні прыбраць, ні дадаць. Яго танцавалі дамы ў крыналінах (шырокія такія спадніцы) і мужчыны ў парыках і пантофлях на высокіх абцасах са спражкамі. Я бачыла ў адным музеі такую фарфоравую статуэтку. Сугуччы рознай вышыні, глыбіні… Сонечнае зацменне. Паклон. І зноў светлая мелодыя вяртання. Пошук і пошум гармоніі.

Адсюль, з вышыні, я магу разгледзець не толькі палярную зорку і Малую Мядзведзіцу, але і яшчэ некалькі жывых Сузор’яў. Вось ляціць конь натхнення, легкакрылы Пегас. Ягонае з’яўленне на небе звязана яшчэ з адным старажытнагрэчаскім міфам. Яснеюць, ператвараюцца ў мужнага, грубаватага эфіёпскага цара ў падобным на чалму галаўным ўборы зоркі сузор’я Цэфея. Вось і ягоная жонка Кассіяпея. Сядзіць на троне, і ніяк не можа сама на сябе налюбавацца. Не можа нацешыцца сваёй прыгажосцю, яна проста закаханая ў самую сябе. І яе зусім не турбуе, што тут, у зорным небе зусім непадалёк пакутуе, прыкутая ланцугамі да скалы любая дачка Цэфея Андрамеда, якую прынёс у ахвяру страшнаму Кіту ўласны бацька. Каб не Персей, які трымае ў руцэ галаву гаргоны Мядузы.

Музыка ажывіла героеў, і тут, у глыбіні Сусвету, я, назіраючы за Кассіяпеяй і эфіёпскім царом Цэфеем, які літаральна сцелецца перад ёю, убачыла, як можа разбэсціць жанчыну залішняя ўвага закаханага ў яе мужчыны. У нейкае імгненне Кассіяпея, як і кожная, разбэшчаная закаханым мужчынам жанчына, пачала прагнуць, каб не толькі муж, але і ўсе, хто побач, і, галоўнае, жанчыны, прызналі яе за лепшую, за найпрыгажэйшую. І яна пачала выхваляцца перад усімі, нават перад жыхаркамі мора – нерэідамі. Іх гэта абразіла, і яны кінуліся па абарону да Пасейдона. Той умеў помсціць. Наслаў на берагі Эфіёпіі страшнага Кіта. Кіт мог знішчыць усё жывое. Але аракул параіў Цэфею адкупіцца ад пасланай Пасейдонам пачвары, аддаць на спажыву Кіту ўласную дачку, ягоную любую Андрамеду.

Кассіяпея цешылася ў палацы. А прыкутая да скалы юная Андрамеда з жахам чакала, калі ж з глыбіні вынырне пачварны Кіт і праглыне яе. Каб не Персей, загінула б, так і не спазнаўшы кахання, шчасця, якое скраў у яе ўласны бацька…

Персей быў героем. Ён лётаў па свеце і здзяйсняў подзвігі. Нарэшце, на самым краі света, ён натрапіў на востраў, дзе жылі тры жанчыныпачвары – гаргоны, у якіх замест валасоў быў клубок змей. Варта было гаргонам кінуць на каго-небудзь свой позірк, і той зараз жа ператвараўся ў камень. Персей захацеў перамагчы хоць адну з іх. І не прыдумаў нічога лепшага, як дачакацца, пакуль тыя заснуць і адсекчы адной з іх па імені Мядуза галаву. У тое ж імгненне з яе цела вылецеў крылаты конь Пегас, на якім і даляцеў Персей да Эфіопіі, дзе заўважыў прыкутую да скалы Андрамеду. Кіт восьвось гатовы быў праглынуць яе. Ды толькі ў руках Персея засталася галава гаргоны Мядузы. І мёртвая, яна не страціла сваёй здольнасці ператвараць усё жывое ў камень. Варта было патрапіць Кіту пад яе позірк, і ён скамянеў, ператварыўся ў востраў. Навечна. А Персей і Андрамеда знайшлі сваё шчасце…

Узнёслы, светлы разбег гукаў. Стройныя антычныя калоны, бясконцы, заліты сонцам калідор… Моцарт – самы «сонечны» кампазітар. Сонечны… Зараз там, дзе я жыву, на Зямлі, на Беларусі ўзыдзе сонца…

Яно выкаціцца зза лесу, ахутанае ружовым туманам, падміргне і адорыць цяплом усё жывое. Раса адзавецца вясёлкавым граннем на мяккай траве, кветках, у густой лістоце кустоў і дрэваў. Нават колкія ялінкі і хвоі зайграюць расою. У птушак ад хвалявання перахопіць голас. А потым яны заспяваюць, ствараючы з музычных пераліваў, нецярплівага пошчыку, лёгкіх усхліпаў і светлага сакатання непаўторную музыку нашай з імі Бацькаўшчыны, музыку, якую людзі могуць пачуць і паўтарыць, прамаўляючы на мове сваіх бацькоў, на мове сваёй зямлі. Дзіўна, я чытала, што на Беларусі быў час, калі некаторыя не хацелі, саромеліся гаварыць пабеларуску… Вось зараз, каб мне выплысці з зорнай калыскі Вялікай Мядзведзіцы, каб не памыліцца, і трапіць на Беларусь, а не ў Германію, ці Францыю, я мушу заспяваць, зайграць на сваім белым раялі бабуліну, маміну калыханку…

Люлі, люлі, люлі,

Дзеткі ўсе паснулі…


Сакрамэнта

Подняться наверх