Читать книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) - Страница 13

2. Сад роспачы
Вірус азвярынус
Містычны эцюд

Оглавление

Падобны выпадак, як паведамлялася ў тэленавінах, сапраўды меў месца зімою 1992 года ў адным з гарадоў СНД. На Беларусі тады хадзілі грошы з вавёркамі, зайцамі, рысямі, ваўкамі, мядзведзямі…

Усю дарогу да суда Марына Макаранка, цяпер карэспандэнт камерцыйнай газеты «Пра ўсё», не магла пазбыцца дзіўнага адчування: час спыніўся і ніколі, ніколі ўжо не рушыць наперад. А тут яшчэ пара такая… Куды б ні йшоў, і выходзіш, і вяртаешся пад месячным святлом. Сонца быццам і не паказваецца. Адна суцэльная ноч. Мароз ломіць, страляе ў дрэвах. А снегу ўсё няма й няма. І цені ломяцца на гурбах леташняга лісця. Амаль як ва ўчарашнім фільме. Канец мінулага стагоддзя. Ваўкалакі. Звер з чалавечымі вачыма. Чалавек з налітымі крывёю вачыма звера.

Учора на паўторнай судова-псіхіятрычнай экспертызе яна ўспрыняла словы доктара Сянькоўскага як зусім недарэчны жарт. Нават на дыктафон не стала запісваць. А сёння словы гэтыя, быццам падсвечаныя неонам, набылі не тое што рэальны, а нейкі містычны сэнс…

– Ну, калі вам так хочацца выдаць яго за хворага, напішыце, што ў яго вірусная інфекцыя, новы паслячарнобыльскі вірус. Вірус азвярынус. У Закаўказзі – панэпідэмія, пандэмія. У нас – першы выпадак. Чалавек з душою, з вачыма здзічэлага сабакі…

Чалавек з вачыма здзічэлага сабакі… Яна, Марына, яшчэ не сустракалася з ім. Толькі фотаздымкі… Лысенькі бяззубы галышок. Сцяганосец у піянерскім лагеры. Сярод дзяўчат на першай і цяпер, пасля ўсяго, што адбылося, пэўна ж апошняй сваёй студэнцкай бульбе. Не. Ён там зусім не падобны на хворага, здзічэлага вылюдка.

Яна зноў, ужо каторы раз супастаўляла раскіданыя па розных блакнотах факты, спрабавала дакладна аднавіць у памяці дыктафонныя запісы. Бацькі, настаўнікі, аднакласнікі, сябры… Пайшлі ў рэстаран адзначыць пачатак заняткаў. Выпілі. Шампанскае, гарэлка. Патанцавалі. Ён, Сяргей Б., увесь час з адною і тою ж, нікому не знаёмаю дзяўчынай. Пайшоў правесці. І не дзе-небудзь на зацішнай пустцы, а пад ліхтаром, ля самага ейнага дома, у двары накінуўся на яе і скусаў да крыві, загрыз… як сабака.

Ізноў гэтае слова. Цяпер ужо ў зале суда. Сабака…

– У яго быў любімы сабака… – глытаючы слёзы, вымаўляе Сяргеева маці. – Аўчарка… Крэг… Мы яго падарылі Сяргейку на паўналецце. Сяргейка так яго любіў. Яны з ім жылі, ну проста душа ў душу. А потым… Яго забілі. Летась, у жніўні, ён толькі здаў уступныя экзамены. І вось… Проста на ягоных вачах… Забілі… Як ён перажываў! Некалькі дзён нічога не еў. А потым… Яго быццам падмянілі. Раней жа такі ўсмешлівы, гаваркі быў… Музыку слухаў. А пасля таго… Усё маўчыць і маўчыць. А па вечарах у адзін і той жа час знікае… Я аднойчы не вытрывала, пайшла ўслед. Ён па вечарах на тое месца хадзіў. Дзе Крэга забілі. Потым на бульбу паехаў. Захварэў. Нейкі вірус. Дадому адправілі. А ён вярнуўся і зноў тое самае. Штовечар. Даруйце, мне здаецца, што ў яго пасля таго нават колер вачэй змяніўся…

Сакрамэнта

Подняться наверх