Читать книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) - Страница 5
1. Вандроўкі па-за часам
Загадка Леанарда
Дыялог праз люстэрка
Оглавление– І бачу я: дрэвы і кусты вялікіх лясоў пераўтворацца ў попел… Дрэвы і кусты вялікіх лясоў ператворацца ў попел…
Колькі разоў трэба паўтарыць гэтую загадку, каб нарэшце наяве ўбачыць: дрэвы – гэта дровы. Дрэвыдровы… Пабеларуску ўсяго адна літара. Леанарда ад гэтае слоўнае фантасмагоніі прыйшоў бы ў захапленне і абавязкова вывучыў беларускую мову. Мову, у якой ёсць гэткі просты таемны код да разгадкі. Ён абавязкова вывучыў бы беларускую мову, якая па меладычнасці не саступае яго роднай італьянскай.
Дрэвы-дровы… Адна літара і вялікае, глабальнае, касмічнае (ахопленыя полымем дрэвы так убачыш хіба што з касмічнай вышыні) ператвараецца ў малое, мізэрнае – у попел, які можна ўзяць на далонь, дзьмухнуць – і ён разляціцца, ператворыцца ў нішто.
Хтосьці, назіраючы за пульсуючымі, мігатлівымі вугельчыкамі ў печы, бачыць у аксамітным паўзмроку яе ўлоння зорнае неба, космас. А нехта, гледзячы туды, як Леанарда, усведамляе, што там, у печы, дагарае лес, дрэвы, кусты вялікіх лясоў… Дрэвыдровы. Усяго адна літара… І глабальнае пераўтварэнне.
…З гэтымі думкамі я падыйшла да люстэрка. Яшчэ мокрыя ад дажджу мае валасы цяпер кучаравіліся яшчэ мацней, чым зранку. Цяпер зразумела, чаму сёння адзін з вучняў, калі я паказвала «Мону Лізу», спытаў: «А Вам ніхто не казаў, што Вы да шаленства падобная на Мону Лізу, на Джаконду?»
«Не… Вы будзеце першы,» – разгубіўся я. І гэтая разгубленасць дасюль рэхам стыне ў маіх вачах…
А што, калі гэтыя мае кучарашкі прымацаваць як бараду. Вось так… Вадаспадам…
У паўзмроку з залюстроўя на мяне раптам зірнула ўжо не Джаконда, на мяне зірнуў сам Леанарда. Не разгубленасць, ніякаватасць, а лёгкая іронія іскрылася ў ягоных зрэнках. Чыста мужчынскі рацыяналізм і скепсіс… Розум аналізуе. Душа сінтэзуе. Вобраз нараджаецца не ў галаве, у сэрцы. І душа пераўтварае яго ў рэальнасць, акрыляе яго…
Якія дзіўныя бываюць супадзенні. Той мой вучань, які ўбачыў ува мне Джаконду, можа, на сёння адзін з самых таленавітых на Беларусі юных скульптараў, цяпер, у нашым стагоддзі амаль дакладна паўтарае лёс Леанарда. Яго, як і калісьці геніяльнага Леанарда, кінула маці. І ён не ведае, дзе зараз яна блукае. І ці блукае ўвогуле…
Адзін з даследчыкаў творчасці Леанарда знайшоў запіску, дзе была ўсяго адна фраза: «Сёння памерла Кацярына». Лічыцца, што гэта ён пра маці, сваю маці, якую не бачыў шмат гадоў. Эпоха Адраджэння, якая падарыла свету ўзоры бездакорнага ўзнёслага гуманізму, наяве была і жорсткаю, і крываваю.
– Чалавек прагне дасканаласці, гармоніі, сіметрыі і паўнаты. Дзяўчынка з самага нараджэння бачыць свой люстэркавы адбітак, сваё адлюстраванне ў бацьку, бачыць, якою б яна была, каб нарадзілася мужчынам. А хлапчук – у маці. Я не памятаю, амаль зусім не памятаю сваю маці. Таму маё жыццё – вечнае блуканне ў залюстроўі. У пошуках майго другога «я», у пошуках жанчыны, якая б магла ўвабраць у сябе маю беспрытульную душу…
Калісьці я ўжо чула гэты голас. І гэтае перарывістае дыханне… Так гаворыць мой вучань, той, які сказаў, што я падобная на Джаконду…
– Я быў вельмі паслухмяным, паверце, я быў самым паслухмяным з усіх маіх братоў і сясцёр. Адзінае… Над та не любіў есці тварог… І мама, мая мама будавала мне з тварагу замкі… А потым яна пайшла і не вярнулася…
Я глядзела ў ягоныя вочы. Сумныя, самотныя зеленаватыя вочы… Цяпер я разумела, гэта былі вочы Леанарда. А ў памяць наплывалі новыя загадкі, якія сама сёння загадвала вучням. І якія так хутка разгадваў той мой вучань. І новыя, яшчэ нідзе не зафіксаваныя…
… І бачу я, як вадзяныя жывёлы паміраюць у кіпені…
– Чаму ўсе Вашыя загадкі нагадваюць сцэны страшнага суда? – спыталася я ў Леанарда.
– Які Страшны суд? – ён не ўсміхнуўся, пасміхнуўся мне з Залюстроўя… – Гэта ж рыба. Вы што ніколі не варылі з яе, як там павашаму… юшку?
– Як проста…
– Усё складанае наяве проста. Толькі трэба дакладна ведаць, з якога боку да яго падступіцца…
– Вы, Леанарда, пэўна, таму так шмат паспелі ў жыцці. Паспелі, таму што ведалі, як складанае пераўтварыць у простае, а ў простым угледзець цэлы космас. Сусвет… Усе вашыя творы – гэта сама…
– Недасканаласць. Вы хацелі сказаць дасканаласць, але ўсе мае творы – сама недасканаласць. І мелі рацыю тыя, хто здзекваўся з мяне, смяяўся.
– Гэта, пэўна, былі вельмі недалёкія, тупыя людзі.
– Ды не… Сярод тых, хто смяяўся з мяне, былі нават геніі.
Леанарда адвёў, апусціў вочы. Адыйшоў убок. І скрозь люстэркавую смугу я ўбачыла вуліцу… На лавачцы сядзелі, нешта абмяркоўвалі некалькі маладых італьянцаў. Па іхнім адзенні я здагадалася, што яны жывуць у эпоху Леанарда. Прыслухалася.
– …Так казаў Дантэ. Але што гэта значыць…
– Спытаемся ў Леанарда. Вунь ён кіруе сюды ад царквы Санта-Трыніта.
Лёгкаю хадою той якраз праходзіў паўз іх. Ад просьбы сумеўся, разгубіўся. Але тут з ім параўняўся і, злёгку кіўнуўшы, пайшоў далей не хто іншы, як Мікеланджэла. Леанарда з хваляваннем гукнуў яго: – Можа, ты патлумачыш гэтым людзям адзін урывак з Дантэ?
Мікеланджэла рэзка павярнуўся і груба кіўнуў: – Нене. Растлумач лепш ты, ты, які зрабіў праект бронзавага каня, але не змог адліць яго і, да сораму свайго, пакінуў яго недаробленым.
Леанарда пачырванеў. Мікеланджэла ж кіўнуў яму здаля: – І гэтыя тупагаловыя міланцы маглі паверыць табе!
Леанарда, счырванелы, разгублены, падняў да мяне свае вочы. Я ўсё зразумела, і паспрабавала суцешыць яго: – Не трэба, не трэба нічога тлумачыць. Гісторыя ўсё расставіць на свае месцы. Я ведаю, шаноўны, дарагі Леанарда, чытала пра тое, што сталася. На ваш час, як, зрэшты, і сёння, мастакі не маглі абыйсціся без багатых заказчыкаў. А фларэнтыйскія банкіры Медычы любілі надуманыя творы і занадта вытанчаную, далёкую ад рэальнасці манеру. Не для Вас. І Вы вырашылі перабрацца з Фларэнцыі ў Мілан, дзе цараваў герцаг Ладавіка Мора, які даў Вам магчымасць выявіць сябе ва ўсім.
– Перш чым паехаць у Мілан, – усміхнуўся з залюстроўя Леанарда, – я напісаў герцагу ліст, у якім падрабязна пералічыў усё, што ўмею… І найперш пра тое, што датычыць ваенных вынаходніцтваў. Усе ўладары ў наш час любілі ваяваць. «Я ведаю спосаб рабіць надзвычай лёгкія масты, – пісаў я, – якія да таго ж лёгка пераносіць і іх можна выкарыстоўваць для праследвання ворагаў і для ўцёкаў ад іх…» А пра свае мастацкія здольнасці толькі ў канцы: «У мірны час я спадзяюся вытрымаць спаборніцтва з кожным у архітэктуры, у пабудове дамоў… Я таксама бяруся ў скульптуры, у мармуры, бронзе або гліне, як і ў жывапісу, выкнаць усё, што магчыма, не горш за кожнага, хто жадае памерыцца са мною.» Але для багатых людзей нашага часу важней былі ваенныя вынаходніцтвы…
– І Вы прыдумалі танк, падводную лодку, парашут…
– Людзям у будучым давялося ўсё вынаходзіць і называць нанова. Але для мяне гэта былі вымушаныя вынаходніцтвы. Я іх рабіў дзеля таго, каб мець магчымасць займацца мастацтвам. Кожная краіна мусіць мець моцную армію, каб пад яе аховаю мастакі і паэты маглі спакойна ствараць шэдэўры. І мне давялося выстройваць сваю лінію абароны.
– Але ж Вы, як пішуць, афармлялі святы, рабілі эскізы касцюмаў і зброі, чыталі герцагу і ягоным гасцям байкі, ігралі на розных музычных інструментах…
– Самае цудоўнае, што я паспеў зрабіць у Мілане, гэта канструкцыя, якую я прыдумаў, каб увасобіць рай. Рухаліся па колу планеты, мігцелі зоркі, потым з’яўляліся знакі задыяка. Калі акцёры пачыналі чытаць вершы, здавался, яны вымаўляюць словы неба, словы самога Бога.
Леанарда зірнуў мне проста ў вочы. І ягоны позірк, падалося, апёк маю душу. І праз люстэрка апёк. Але я, імгненна змоўчаўшы, працягвала: – А яшчэ ў Мілане Вы напісалі партрэт каханай герцага Мора Цэцыліі Галярні. А потым пачалі працаваць над помнікам у гонар яго бацькі Франчэска Сфорца, тым самым конным манументам, з якога так жорстка пакпіў Мікеланджэла. Мы можам меркаваць пра веліч Вашай задумы толькі паводле малюнкаў і невялікай групы з бронзы. Калі на пачатку ХVІ стагоддзя пачалося французскае нашэсце, салдаты Людовіка ХII стралялі па глінянай мадэлі помніка, як па мішэні. Вы тады з’ехалі з Мілана… І, дзіўна, не затаілі крыўды на французаў. Больш за тое, свае апошнія дні пражылі пры двары французскага караля Францыска І.
– Я шукаў, дзе мяне зразумеюць… Цяпер магу сам сабе прызнацца, я быў вельмі, страшэнна няўпэўнены ў сабе чалавек. І я прывык, звыкся з няўдачамі… Але тады я з’ехаў з Мілана ў Фларэнцыю, каб там напісаць ці не самы дарагі для мяне твор. Я яго не аддаў заказчыку. Я з ім не развітваўся да самай смерці. Там, у Мілане я сустрэў…
Я чакала, што Леанарда назаве імя, але ён задумаўся і замоўк. Давялося працягваць самой: – Вы сустрэлі Мону Лізу дзі Антоніа дзі Кольдзі Герадзіні, жонку фларэнтыйскага купца Франчэска дэль Джаконда? Або знатную неапалітанку Канстанцыю д’Авалас? Навукоўцы дасюль ніяк не вызначацца…
– Няхай гэта застанецца таямніцай. Мона Ліза, дык Мона Ліза. Ёй было 24, мне – 42.
– 2442, – паўтарыла я і напісала лічбы на паперы, – Ізноў люстэрка. Люстэркавая сіметрыя. Нават страшна робіцца. Вы, праўда, тры гады пісалі яго, гэты партрэт?
– Так, і скончыў у 1503 годзе.
– Паўтысячагоддзя прайшло.
– І вось мы зноў сустрэліся, – сказаў Леанарда і неяк сумна ўсміхнуўся, – Цяпер не ў рэальнасці. Праз люстэрка часу. Я сам вынайшаў гэтае люстэрка. І вось з’явіліся Вы. Жанчына з будучыні. Толькі я не буду пісаць Ваш партрэт. Лепш, чым «Джаконда» я ўжо ніколі нічога не напішу.
– Вашыя сучаснікі сведчаць, што, калі яна Вам пазіравала, Вы запрашалі і музыкаў, спевакоў з лірамі, і блазнаў, каб развесяліць яе, зняць з твару меланхолію…
– І яшчэ я чытаў ёй свае вершы…
– Вершы? Вы пісалі вершы? Мы ведаем, што вершы пісалі Мікеланджэла, Рафаэль. Але Вы… Трактаты, загадкі, байкі… гэта вядома. А дзе ж яны, Вашыя вершы зніклі?
– Я іх не запісваў. Толькі чытаў. Для яе. Потым усё ж вырашыў перапісаць, не простым шрыфтам, люстэркавым. Так, каб іх можна было прачытаць толькі з дапамогай люстэрка. Падарыў ёй. А яна, напэўна ж, схавала, а можа і выкінула тыя паперкі. Каб муж не заўважыў. Але яны, тыя вершы, я ў гэтым упэўнены, засталіся ў яе чароўнай таямнічай усмешцы. Яны пульсуюць у яе жывых вачах.
Ты космас майго залюстроўя,
Маё ў табе адкрыццё.
Адною усмешкай таемнай
Ты мне вяртаеш жыццё.
І крылы я зноў адчуваю,
Як птушка у неба імкну.
Я веру, што там адшукаю
Ключы. І рай адамкну.
– А на зямлі ўсё іначай,
– міжволі прамовіла я, —
Банкіры, купцы, каралі.
І хмаркі у лужынах гразнуць,
Як толькі крануцца зямлі…
– Восьвось… Тады ў ёй я ўбачыў самога сябе. Як у люстэрку. І каб я быў птушкай, я б навучыў яе лётаць. І мы б узляцелі. І мы б адляцелі туды, дзе пануе найвышэйшая гармонія. А так… Мы проста раставалі адно ў адным. Ці гэта мне толькі здавалася…
Леанарда падняў руку і дакрануўся да шкла. Я міжволі зрабіў тое ж. І мая далонь бяссільна слізганула па люстэрку.
– Птушцы, якая ляціць супраць ветру і хоча сесці на высокім месцы, неабходна ляцець вышэй гэтага месца, а потым павярнуцца назад і без узмахаў крыламі апусціцца на вызначанае месца…
– Я занадта важкая, каб узляцець…
– Душы не маюць вагі…