Читать книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) - Страница 3
1. Вандроўкі па-за часам
Прыгожая прыйшла
Тры каханні Неферціці
Оглавление– Вы, праўда, плылі на тым самым «Тытаніку»?
Маё пытаннепрыдыханне накалолася на востры скептычны позірк. Вочы пані Магды дыхнулі сцюдзёнай прахалодай. Цяпер між намі нават не лёд, які можна растапіць, а шкло.
– А што Вас так дзівіць? – паціснула яна плячыма, – Там шмат было малых дзяцей. І потым… у мяне застаўся дзённік маёй маці. Калі хочаце, я дам Вам яго пачытаць. Толькі пры адной умове. Вы не дазволіце сабе нават падумаць, што мая маці вар’ятка. Я вам давяраю. І потым, мне хацелася б камусьці перадаць яе таямніцу. А ў мяне наўрад ці калі яшчэ будзе пакаёўка з журналісцкай адукацыяй.
– Адкуль вы ведаеце пра маю адукацыю?! – здзівілася я, – Я ж ва ўсіх паперах праходзіла, як настаўніца…
– Няўжо Вы думаеце, што такая заможная пані, як я, магла пусціць да сябе ў дом чалавека, пра якога не ведала б усё да драбніц? У нас безліч сумленных агентаў. Але не зважаючы на гэты маленькі падман, я палічыла магчымым даверыцца Вам. Вы ж, урэшце рэшт не вінаватая, што газета, у якой шмат гадоў працавалі, зачынілася, і Вам давялося пайсці выкладаць у школу. А калі Вы зразумелі, што грошай не хапае, выправіліся ў Польшчу, у заробкі. Усё разумна. Вам не выпадала прызнавацца, што маеце журналісцкі вопыт. З ім Вас наўрад ці хто захацеў бы прымаць у пакаёўкі. А мне Вы патрэбная. Вам я хачу даверыць мамін дзённік… Там…
«…Самаю геніяльнаю фразай, якую я пачула ад свайго трэцяга мужа, была ўчарашняя, сказаная за сталом у рэстарацыі, так, каб яе пачулі: «Я археолаг. І да сваёй жонкі стаўлюся адпаведна. Чым яна старэйшая, тым большую каштоўнасць уяўляе.» Геніяльна, ці не так? Ды яшчэ, калі ўсведамляеш, што ты, тая самая жонка, амаль на дваццаць гадоў за яго старэйшая. Жыццёвы вопыт – вялікая справа. Але я з самага маленства такая. Усё бачу, усё чую. Усё адчуваю. Асабліва, калі гэта датычыць тых, каго кахаю ці кахала… І я, нічога не магу зрабіць, заўважыла і запомніла той выразны, палкі пагляд, які пасля вячэры, на адыход, пакінуў мой муж кучаравенькай танклявай спадарожніцы амерыканскага банкіра, з якім ён цяпер вядзе перамовы наконт фінансавання сваіх раскопак у Егіпце.
Гэтай зімю ў Эль-Амарне іхняя экспедыцыя адшукала цэлую скульптурную майстэрню, калі не памыляюся, майстра, які працаваў там, звалі Тутмас. Муж кажа, што гэта першае з вядомых у гісторыі сусветнага мастацтва імя скульптара. Там, у майстэрні, было шмат розных работ. У тым ліку некалькі выяў жанчыны – царыца, якая, так кажуць вучоныя, у новым ХХ стагоддзі можа набыць сусветную вядомасць. Адзін з яе бюстаў стаіць зараз у мяне на стале, мы ўзялі яго с сабою, яна, як і мы, плыве ў Амерыку. Даўгая выцягнутая шыя, крыху скуласты, вельмі выразны твар, бровыкрылы, задумлівыя вочы… Дакладней, вока. Другое скульптар не дамаляваў. Толькі пазначыў. Ён, як і ўсе егіпцяне, баяўся, каб душа царыцы – «ка» не выйшла з яе жывога цела і не перасялілася ў бюст. Невядома, што сталася б тады з царыцай. На адным з бюстаў быў надпіс: Неферціці. Прыгожая прыйшла. Так перакладаецца яе імя. Выявы гэтай царыцы, як кажуць археолагі, сустараліся і раней, у рэльефах, роспісах. Але імя было выразна напісана толькі на адным з бюстаў, на тым, дзе ў Неферціці на галоаве высокі царскі галаўны ўбор – ціяра. На бюсце, які мы ўзялі з сабою ў Амерыку, ціяры няма, толькі выступ, на які яна мусіла мацавацца. Можа, скульптар не паспеў яе зрабіць, а, можа, яе адбілі нейкія варвары. І афарбоўка твару ледзь праглядае. Неферціці. Прыгожая прыйшла. Цяпер вучоный расшыфравалі шмат надпісаў. І ведаюць, што яна была жонкаю фараона Аменхатэпа ІV, таго самага, які назваў сябе Эхнатонам (Атон – значыць «сонца») і, кажуць, распачаў вялікія пераўтварэнні.
Мой Джон сёлета адкапаў, адкрыў свету Неферціці. А я нарадзіла яму Магду. Цяпер, калі я трошкі ведаю лёс старажытнаегіпецкай царыцы, і веру ў яе сусветную славу, я, пэўна, магла б назваць сваю дачку Неферціці. А, можа, і не. Магда неяк цяплей, па-польску. Яна таксама плыве з намі ў Амерыку. І цяпер спіць у суседняй каюце, разам з маёй любімай нянечкай, што калыхала і мяне, і майго брата, і маю старэйшую дачушку Сафі, якая, можа й добра, з мужам і сваім маленькім сынам не паплыла з намі, засталася ў Польшчы.
Але зараз не пра тое… У гэтым бэзавым паўзмроку Неферціці здаецца жывою. І мне так хочацца пагаварыць з ёю, пра самаесамае патаемнае пагаварыць. Зараз рашуся і пагладжу яе па шчацэ…Якая мяккая, шурпатая, але ўсё адно мяккая ў цябе скура, мілая мая Неферціці, а вока, тваё вока вось зараз так заблішчэла, што мне падалося, з яго пабяжыць сляза, жывая сляза.
Не трэба, не плач. Неферціці. Давай, лепш пагаворым. Як жанчына з жанчынай. Зараз я паспрабую ўсміхнуцца. Як ты. Мякка і іранічна. Вось так. У мяне за плячыма ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў. У цябе – вечнасць, але, я ўпэўнена, ты зразумееш мяне… Мне зараз трэба выгаварыцца. Я буду пісаць і прагаворваць тое, што пішу, услых. Для цябе.
Першы мой муж Казімеж цалаваў мне рукі. Так, што ў мяне, дваццацігадовай, ад кожнага ягонага дотыку ўсё ўсярэдзіне сціналася і ветрык, скразняк прабягаў па спіне. У яго былі рудыя, шорсткія вусы, на зіму ён яшчэ адпускаў і бараду, таксама рудую і шорсткую. А вочы ў яго былі ясныя, шэраблакітныя, з хітрынкай і халаднаватым сталёвым водбліскам. Як у сапраўднага паляка. Польскага шляхціца. «Цалую ручкі»…
На жаль, а, можа, і на шчасце, я была не з тых, хто мог надоўга затрымаць ягоную ўвагу. І да мяне, і пасля мяне ён меў многіх, і, як ні дзіўна, пераважна тых, хто зневажаў яго. Мужчыны, цяпер я гэта пэўна ведаю, любяць, каб ім час ад часу рабілі масаж спіны вострымі абцасамі. Гэта іх бадзёрыць. А мне хочацца глядзець на майго мужчыну знізу ўверх, мяне раздражняе, калі моцныя людзі пачынаюць поўзаць, паруску кажучы «пресмыкаться».
У другога майго мужа П’ера былі чорныя вусы, чорная кучаравая чупрына і гэткія ж, як у Казімежа, шэра-блакітныя вочы, хіба толькі крыху цяплейшыя і замест хітрынкі – бездань даверу. І я баялася, што якая-небудзь жанчына можа проста дзеля самасцвярджэння патушыць гэтае мяккае, цёпале святло ягоных вачэй. П’ер навучыў мяне кахацца ўсім целам. Калі не чуеш, дзе рукі, дзе ногі, дзе пазванкі. Ці вусны… Калі ты ёсць ён, а ён ёсць ты. І ложак стаецца падлогай, а потым аксамітам, шаўковаю травою, лясным узгоркам. І ўсё патанае ў сонечным, зорным водары траў…
Я нарадзіла яму дачку Сафі.
Але П’ер быў французам, і, на жаль, больш за каханне любіў віно. А потым каньяк. Пазней я дазналася, што ўсе з ягонага роду любілі выпіць, і ўсе надта кепска скончылі.
Самае жахлівае, што ён не памятаў, зараз жа забываўся на ўсё светлае і радаснае з нашага з ім жыцця. І аднойчы, калі прыйшоў моцна п’яны, а я нешта сказала, ён схапіў мяне за рукі і пачаў балюча круціць іх… Пасля гэтага я доўга не магла нічога рабіць. Самае жахлівае ў тым, што вочы П’ера сталі халоднымі, шклянымі. Я кінула ўсё, забрала Сафі і, пакуль ёй не мінула васемнаццаць, не дазваляла сабе думаць пра мужчын.
Мы з маёю старэйшаю дачкою выйшлі замуж і нарадзілі дзяцей амаль адначасова. Яна хлопчыка, а я дзяўчынку.
Пра Джона, маё трэццяе каханне, ты яго ведаеш, Неферціці, ён цябе адшукаў, дык вось, пра яго мне гаварыць цяпер балюча. Ён археолаг. Ён раскапаў маю душу, ажывіў маё цела…
І раптам… Гэта сталася сёлета, пасля таго, як ён знайшоў цябе, Неферціці. Ён больш не дакранаецца да мяне, ён халодны, раздражнёны, злосны. І самае балючае, што і мне ён не дазваляе аддаваць яму свае пяшчоту і ласку. Як усё адно хтосьці адваражыў.
Вядома, я не такая, як у маладосці. Пасля родаў мае, яшчэ нядаўна стройныя ножкі распухлі, і вены цяпер нагадваюць рэкі падчас разліву. Я крыху паспраўнела. І на твары з’явіліся зморшчынкі. Але ж рукі… мае рукі, далоні, ты адчуваеш, Неферціці, я зараз адкладу ручку, адчуваеш, якія мяккія ў мяне далоні? А ён, ён не хоча браць з іх ласку… І цяпер, пэўна ж, цешыцца з гэтаю хударляваю жонкай банкіра. А ў мяне… О… Ты б ведала, Неферціці, як у мяне шторанак баляць рукі. Нямее пазваночнік. І рукі нямеюць і баляць, асабліва правая, пачынаецца вось з гэтага, сярэдняга пальца, боль ператварае маю руку, не, цяпер ужо мае рукі ў клешні. Рукі нямеюць, камянеюць, і я думаю, я ўпэўнена, гэта таму, што ім не дазволена, яны не маюць магчымасці аддаваць цяпло і ласку.
Божа, Матка Боска, але ж ты плачаш, Неферціці… Вочы. Твае вочы і праўда наліліся слязьмі. І ты плачаш разам са мною. Вочы… Вось яно, ад слёз выявілася і другое тваё вока. Зеленаватае, з вялікаю чорнаю зрэнкаю. Не атрымалася ў нас з табою іранізаваць. Заплакалі. І я адчуваю, ты хочаш нешта мне сказаць. Мы зараз пагаворым з табою, пагаворым… Не ведаю, на якой мове. Але мы зразумеем, мы мусім зразумець адна адну… Зразумеем.
Дапішу потым… Заўтра.
…Спяшаюся, хачу дапісаць. Хачу, каб потым мае дочкі, і асабліва Магда, калі яна вырасце і прачытае… як хочацца, каб яна не паўтарыла маіх і яе, Неферціці, памылак, калі атрымаецца…
Я спынілася на тым, як з вачэй Неферціці паліліся слёзы. Шурпаты камень стаўся пылам. Яе шчокі паружавелі, паярчэлі. І прыадчыніліся пульхныя, чуллівыя вусны.
– Ты смелая жанчына, – сказала яна ўздыхам, – А я вось не адважылася спраўдзіць сваё трэццяе каханне. Яно так і патанула толькі ўва мне. Зараз у мяне з’явіцца цела, і мы здзейснім падарожжа ў часе. Я запрашу цябе да сябе. У тым доме, доме, які стаіць за мяжою нашага галоўнага горада, у тым доме, куды Эхнатон выселіў мяне разам з дочкамі і Тутанхамонам. З Тутанхамона, Эхнатон так хоча, калі я ўжо не здолела нарадзіць яму сына, я мушу выхаваць зяця, мужа адной з нашых дочак і будучага фараона. Дык вось, у тым доме ёсць адзін вельмі ціхі дальні пакой. Ніхто нас там не патрывожыць. Давай сваю руку. О… І ў цябе на скуры ўжо расцякаюцца карычневыя плямкі – старэчае рабацінне, прыкмета таго, что пара квітнення скончана…
Яна пагладзіла мяне па руцэ. І мая маленькая далонь сцішылася ў гарачых абдымках яе даўгіх тонкіх пальцаў. І мы пайшлі, паляцелі, і тысячы кіламетраў і тысячы гадоў пераўтварыліся для нас у адноадзінае імгненне. Лёгкі саладкаваты водар ахінуў і разняволіў. Мы пераплылі раку часу і выйшлі на бераг яе пакоя. Пераступілі парог і важкая барвовая заслона апала за намі. Тут ніхто нас не патрывожыць.
– Ведаеш, што больш за ўсё мяне ўражвае?.. І ты, і слугі, паўз якіх мы прайшлі, стаіце і рухаецеся не ў каноне, а як усе мы, натуральна і проста… – сказала я на зразумелай для Неферціці мове.
– Штошто? А як ты думала, мы павінны рухацца? – перапытала гаспадыня ўжо без слёз, з усмешкаю.
– У каноне. Я столькі бачыла замалёвак з раскопак. І паўсюль старажытныя егіпцяне ў, як мне тлумачылі археолагі, адзінай дазволенай паставе: галава і ногі ў профіль, тулава ў дзве трэцціх, а плечы ў фас. А фараон абавязкова ў некалькі разоў большы за сваіх падданых.
– Сапраўды, нашыя мастакі так і малююць. Але ж гэта не значыць, што мы так ходзім, і што фараоны большыя за іншых.
Ціхі дым лунаў над намі. Гэта быў мяккі водар сандала ці чагосьці надта на яго падобнага. Мы прыселі на лёгкія крэслы, адна насупраць адной. Цяпер была чарга спавядацца Неферціці. А яна маўчала. І ў яе маўчанні блукала гаркота.
У пакоі было шмат сінечы і золата. Сонечны дыск працягваў свае промнідалонькі да найпрыгажэйшай, той, што прыйшла сюды…
– Мяне прывезлі з вельмі зялёнай краіны, краіны, дзе шмат дрэваў і чыстай, празрыстай, жывой крынічнай вады… Мяне прывезлі сюды зусім дзяўчынкай. У падарунак Аменхатэпу ІІІ, бацьку Аменхатэпа ІV, якога вы ведаеце, як Эхнатона. Аменхатэп ІІІ быў воін, моцны воін. І ў яго было шмат жонак. Яны… яны ўсе нядобра прынялі мяне, бо я была зусім юная, свежая і прывезла на берагі велічнага Ніла танцы сваёй радзімы… Тут, сярод гарачых пяскоў і гэтае невыноснае спёкі па вечарах, калі фараон і ягоныя воіны збіраліся на пір, а ў паветры лунала задуха, я танцавала ім танец вады, танец прахалоды, я прагнула ахінуць іх усіх прахалодай. Аменхатэп ІІІ вельмі любіў глядзець, як я танцую. А аднойчы пасля танцу ён падыйшоў, узяў мяне за руку, нахіліўся і пацалаваў. У мяне ад таго ягонага гарачага дотыку ногі замлелі і калені падагнуліся. Аменхатэп ІІІ быў такі моцны, і гэтая моц іграла ў кожным ягоным жэсце, руху, кожным ягоным кроку і нават у позірку ягоных цёмных агатавых вачэй. Ён глядзеў зпад броваў, рэзка, уладарна…
Жанчыны такім, як Аменхатэп ІІІ, падначальваюцца без словаў. І я… Але пра гэта сорамна казаць. Не, мы не паспелі быць разам… Ён толькі аднойчы нёс мяне на руках.
Неферціці падняла на мяне свае вільготныя зеленаватыя вочы і абцягнула на каленях лёгкую, амаль празрыстую, аздобленую ажурным залатым шытвом сукенку.
– Тут па вясне, калі Ніл разлівае свае воды, адзначалі свята вяртання з падземнага царства Асірыса, свята адраджэння прыроды. Аменхатэп ІІІ быў як заўжды Асірысам. А Ісідаю тым разам выбралі мяне. Я не была галоўнаю жонкай, але Аменхатэп ІІІ настояў, каб жрацы менавіта мяне апранулі Ісідай. Я стаяла на каленях, на гарачым пяску і аплаквала свайго мужа Асірыса, я чакала, калі наш сын – светлы сокал Гор аддасць сваё вока бацьку, і Асірыс паўстане з мёртвых. Горам быў юны Аменхатэп ІV. Ён назіраў за ўсім, што адбывалася з вышыні, разам са жрацамі. А жрацы, быццам наўмысна, не выпускалі Асірыса. Я стаяла ўкленчыўшы на гарачым пяску. І колкія гарачыя пясчынкі праз гэтую вось танюткую белую сукенку апякалі мае калені, мае ногі. І сонца сляпіла вочы. Пякло нясцерпна. Я зірнула ўверх. Малады Аменхатэп стаяў між жрацоў, якраз на фоне сонечнага дыска і ягоны сілуэт, чорны, рэзкі, сапраўды нагадваў сілуэт сокала Гора. Ён быў без вока. Ён даўно аддаў сваё вока. Каб вызваліць свайго бацьку Асірыса. Каб высушыць мае слёзы. Каб зямля адрадзілася ад зімовага сну. Чорны птушыны сілуэт на фоне пякучага, нясцерпна пякучага сонца. Гэта апошняе, што я памятаю. Страціла прытомнасць. Мая служанка, мая верная Ія потым расказала мне, што Аменхатэп ІІІ вырваўся з рук жрацоў, усхапіў мяне на рукі і панёс у цень. Я памятаю ягоныя моцныя цёплыя рукі, так бацька калісьці люляў мяне. І яшчэ памятаю прахалоду, паўзмрок храма, зараснікі папіруса, зорнае неба над галавой, смак дажджу. Потым я зразумела, што гэта не папірус, а калоны, і неба не сапраўднае, намаляванае. А ваду ліе на мяне мая служанка… І толькі рукі. Ягоныя моцныя рукі былі праўдай. Ведаеш, што ён сказаў мне тады? «Ты лёгкая, як пёрка…» Як пёрка…
– Археолагі расказвалі мне, – перабіла я споведзь царыцы, – што ў Старажытным Егіпце верылі ў тое, што пасля смерці Анубіс, бог падземнага царства, узважвае чалавечую душу. Каб лічыцца бязгрэшным, трэба, каб яна, душа, была лягчэйшаю за пёрка. Анубіса так і малявалі, з шалямі ў руках. На адной чашы – душа, а на другой – пёрка…
– Аменхатэп ІІІ пасля смерці не набыў вечнага жыцця. Ягоная душа пераважыла пёрка, – задумліва прамовіла Неферціці, – Ён шмат грашыў. Ён быў воін. Ён забіваў. Ён вымушаны быў забіваць. Але ў яго былі такія моцныя і пяшчотныя рукі…
– А ягоны сын, Аменхатэп ІV? – спыталася я. – Цябе ж усе ведаюць, як ягоную жонку.
– Аменхатэп ІV быў зусім іншы… Ён менш ваяваў, менш забіваў. Але ён знявечыў, растаптаў маю душу… І я, хоць нарадзіла яму дочак, выхоўваю зяця, наўрад ці змагу дараваць яму…
Неферціці ўзняла галаву. І я пазнала, цяпер вось зусім пазнала яе профіль, высакародны профіль царыцы…
– Але ж у гісторыі вы з Аменхатэпам ІV засталіся адною з самых гарманічных пар. Кажуць, што ў многім і дзякуючы табе, Неферціці, фараон Аменхатэп ІV увайшоў у гісторыю…
– Ён закахаўся ў мяне з першага погляду… А можа гэта мне толькі падалося. Яго не пускалі на піры, і ён цішком падглядаў за тым, як я танцую… Я гэта ведала. Гэта ён першым сказаў мне, што мае танцы нясуць прахалоду… Ён быў чуйным тады. А на тым свяце, калі мяне апаліла сонца, ён, як і я, страціў прытомнасць. І назаўжды затаіў крыўду на жрацоў. Потым, калі пасля смерці бацькі Аменхатэп ІV стаў паўнаўладным уладаром, ён раздарыў свой гарэм, і пакінуў сабе толькі мяне. Ён казаў, што я даю яму прахалоду, раблю ўпэўненым, натхняю на вялікія справы. Я дапамагала яму ва ўсім. А ў гарачыя, душныя ночы мы ўзляталі і патаналі адно ў адным, мы блукалі ў глыбінях кахання. Мой фараон здолеў здзейсніць найвялікшыя пераўтварэнні. Ён аддаліў жрацоў і наблізіў да нас сонца. Сам наблізіўся да яго. І яно наблізілася да нас. Цяпер, каб дазнацца волю нябёсаў, можна наўпрост звяртацца да Сонца. Ён стаў Эхнатонам. А я Неферт-Неферт-Атон. Мы пераехалі ў новы горад. Мы пачалі новае жыццё. Эхнатон не быў такім моцным, як ягоны бацька. Але ў яго была воля. І мне прыемна было падначальвацца ёй, гэтай волі. У нас нарадзілася дзве дачкі. А Эхнатон хацеў сына. Але не ў тым была трагедыя. У адну з начэй я зразумела, што яму не трэба ні майго цяпла, ні маёй прахалоды. У яго з’явілася Кія. Смуглявая, скуластая, нахабная. Яна ўмела глядзець так зняважліва, што хацелася збегчы куды падалей. І я пачала наведваць майстэрню юнага скульптара Тутмаса. Яму Эхнатон даручыў выбіць з каменю нашыя партрэты. І там, у ахутаным дрыготкімі ценямі вогненных блікаў змрочным падвале я моўчкі назірала, як пяшчотна кранае ён мой лоб, мае шчокі, вусны… І разумела, што ніхто ніколі не ахіне мяне гэткім цяплом і пяшчотай. Мы практычна не гаварылі, нават вачыма не сустракаліся. Але аднойчы Тутмас так зірнуў на мяне… У ягоных цёмных вачах было столькі шчасця і столькі роспачы. І я ў тое адноадзінае імгненне зразумела, што ён ведае пра ўсё, пра мой боль, пра Эхнатона, Кію. І я аддалася таму ягонаму гарачаму, палкаму позірку. Мне падалося, што калі я не адвяду вачэй, то зменшу ягоную роспач. І хоць на імгненне зраблю яго шчаслівым. І мы ўзляцім, туды, да зораў. Я ўсхапілася, узяла і сціснула ягоную руку. Але ён зараз жа адвёў вочы, і я адчула… Я адчула, што ён… не, нават не сумеўся. Ён не ведае, што яму рабіць. Ён хоча вызваліцца ад маіх рук. Ад майго поціску. Ад майго цяпла. І маёй прахалоды.
Больш я не прыходзіла да Тутмаса. І не бачыла, што ён там зрабіў. Мае партрэты нікому не патрэбныя. Мяне выселілі сюды выхоўваць дочак і будучага фараона Тутанхамона. У ягоным імені – знак жыцця, знак вечнага жыцця і знак сонца. Тутанхамон…
…Дым і вада захлынулі яе і мае ўспаміны…»