Читать книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) - Страница 11

2. Сад роспачы
Кінатэатр «Кастрычнік»
Містыка сцюдзёных дзевяностых

Оглавление

Зіма была ранняй і да безвыходнасці лютай. Маглі б, вядома, пра гэта здагадацца, падумаць загадзя: рабінаю ж ад канца лета зырчэлі ўсе лясы і нават паркі. Але дзе ўжо памятаць пра народныя прыкметы, калі і на мову забыліся.

А холад, як і голад, накатваецца раптоўна, паралізуе ўсе пачуцці і думкі. З восені не падумаў – узімку няма чаго шукаць выйсця. І не шукалі. Цярпелі.

Горад з першымі прыцемкамі рабіўся глухім і невідушчым. Уся электрычнасць ішла на тое, каб хоць крыху абагрэць, ды не, не кватэру, пакой, дзе, прыціснуўшыся адзін да аднаго, спалі ўпокат. Не да магнітафона, не да тэлевізара. Зрэшты, тэлебачанне, як і гарачую ваду, уключалі дватры разы на тыдзень. Перадавалі апошнія навіны, якія звычайна канчаліся просьбаю пацярпець, і новыя цэны, што раслі з той самай хуткасцю, як падала тэмпература ў кватэрах. Спачатку куры, мяса, каўбаса падоўгу ляжалі на прылаўках, потым іх увогуле перасталі завозіць. Тыя, хто меў грошы, усё роўна куплялі толькі замежныя тавары. Па вечарах горад нагадваў цяжкахворага, які ўжо стаміўся, зняверыўся ў магчымасці дачакацца хоць якіх лекаў. І толькі ў закупленым нейкаю багатаю сумеснай фірмай кінатэатры «Кастрычнік» усю ноч гарэла святло і іграла музыка. Так, у горадзе былі людзі, якія маглі дазволіць сабе хоць дзень, хоць ноч правесці ў цёплай утульнай кавярні ці відэазале, маглі выпіць віскі, з’есці апельсін ці гронку вінаграду. Жылі яны ўсе ў асноўным за горадам у ацепленых катэджах, загадзя назапасіўшы колькі трэба дроў і брыкету, таму мала цікавіліся тэмператураю на вуліцы і ў гарадскіх кватэрах. Паколькі ніводзін рэстаран не працаваў, збіраліся тут, у кінатэатры «Кастрычнік».

Ад жабрака ці люмпена няма чаго чакаць шчодрасці. Шчодрым можа быць (альбо не быць – усё залежыць ад узроўню культуры), толькі той, каму ёсць чым падзяліцца, апроч ланцугоў. І ў кінатэатры «Кастрычнік» былі дні, калі ён гасцінна расчыняў дзверы перад інвалідамі, пенсіянерамі, жабракамі. Іх шчодра кармілі, а потым паказвалі стужкі мінулых гадоў. У асноўным пра рэвалюцыю і вайну. І расчуленыя пажылыя людзі ўспаміналі, што раз ці два за жыццё ўжо перажывалі і голад, і холад, намазвалі на хлеб вось гэты падобны на гуталін нямецкі маргарын, сядзелі ў хатах у паліто і валёнках. І цяпер, дасць Бог, неяк перажывуць.

Але ў хуткім часе на гэтыя дабрачынныя вечарыны і ранішнікі ў кінатэатр «Кастрычнік» пачалі прыходзіць і маладыя. Пераважна настаўнікі, урачы, навукоўцы, акцёры, літаратары… Яны прыходзілі сем’ямі. Спачатку вельмі інтэлігентна елі бутэрброды з ікрой, балыком, вінаград, апельсіны. Пілі – «Ну бакал шампанскага, ці вось, калі можна, лепш шкляначку соку…» Але, зразумеўшы, што тут колькі не еш, колькі ні пі, прынясуць яшчэ, спяшаліся зараз пакаштаваць усяго. І віскі, і джыну, і шчэ вунь таго рубінавага французскага віна. Яны пілі, хмялелі і быццам размарожваліся, рабіліся, як раней, вясёлымі і гаманкімі. Складалі ў пакеты недаедзены вінаград і апельсіны. Цукеркі запіхвалі ў кішэні. Сабе і дзецям. А дзеці вырываліся, беглі ў прыбіральню. Там у кране заўжды была гарачая вада. І можна было гадзінамі стаяць і грэць анямелыя ад холаду рукі.

А сп’янелым бацькам тым часам проста тут, за столікамі паказвалі фільмы. І яны, хто з бакалам шампанскага, хто з бутэрбродам, прагна ўглядаліся у залюстроўе экрана, дзе цёплы ветрык расхінаў блакітныя фіранкі і меладычна пазвоньвала крыштальная люстра… Элегантная маладая настаўніца мякка ступала па пухнатым дыване і брала з паліцы томік Пушкіна. Сп’янелыя бацькі доўга спрачаліся, хто такі Пушкін, і папракалі адно аднаго, як можна было забыцца, што на вокны трэба вешаць фіранкі, на падлогу – класці дыван, а лямпачку Ільіча варта закрыць ну калі не люстраю, дык хаця б плафонам, а не старою газетай. Хоць усё роўна, колькі ні працуй, грошай ледзь хапае на ежу.

У далёкім кутку спінаю да экрана адна за столікам сядзела немаладая ўжо, падобна, цяжарная жанчына. І безнадзейна, горка глядзела на шклянку вішнёвага соку і недаедзены бутэрброд, густа намазаны маслам і чорнаю ікрою. Хоць было горача, і многія сядзелі нават у тэнісках і сарафаніках, яна не здымала, а толькі расшпіліла сваё заношанае, аздобенае зрудзелым пясцом паліто. Ніхто не звяртаў увагі, а яна пачула, убачыла. Толькі што за стойкай бармэна ўключыўся, запрацаваў тэлевізар, і размаляваная лялька зачытала новую пастанову, якая да асобага распараджэння забараняла гараджанкам нараджаць дзяцей. Ці тое зза недаядання, ці тое зза стрэсу ў арганізме жанчын адбыліся нейкія непапраўныя змены, і за некалькі апошніх тыдняў не нарадзілася ніводнага нармальнага дзіцяці.

Жанчына, як ні старалася, не стрымала слёз. Не паспела. Значыць, не паспела.

Колькі гадоў яна, пераадольваючы вечную нястачу, збірала, пераводзіла ў валюту грошы – каб было за што купіць ложачак, калясачку, пялюшкі… Колькі абразлівых слоў і паглядаў сцярпела, калі стала відаць, што адна, бязмужняя, выношвае дзіцёнка. Ад каханага ж, каханага чалавека дзіцёнка. Але хто ўжо у іх горадзе памятаў, што такое каханне? Ад холаду і голаду нават самыя вытанчаныя натуры звярэюць. Што ўжо казаць пра простых смяротных. Яна закрыла вочы рукамі і заплакала наўзрыд. Але і цяпер ніхто не звярнуў на яе ўвагі. Бармэн выставіў новы паднос з віскі і шампанскім.

Можна было б, вядома, не паслухацца, не ісці, як было загадана ў пастанове, ні на які спарон. Можна было рызыкнуць. Паехаць за мяжу, у рэшце рэшт. Але яна з самага маленства, заўжды выконвала ўсе загады і пастановы.

Сакрамэнта

Подняться наверх