Читать книгу Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка - Страница 10

А можа, мне падалося?

Оглавление

Я пастукаў у дзверы, і дзверы адразу ж адчыніліся, так, быццам жанчына, якая адчыніла іх, загадзя ведала пра маю тут прысутнасць.

– Заходзьце! – запрасіла яна і адступіла крыху ўбок, прапускаючы мяне ў пярэднюю.

Я ўвайшоў і толькі тады адчуў, як моцна паспеў прамокнуць за той кароткі прамежак часу, пакуль ішоў, а дакладней, амаль бег ад пакінутай на шашы машыны да гэтага двухпавярховага драўлянага катэджа, надзейна схаванага сярод лесу. Я, дарэчы, заўважыў яго толькі таму, што катэдж быў, чамусьці, увесь асветлены, вокны другога паверха ярка свяцілі праз цемру і мокрыя галінкі дрэў. Ужо потым я заўважыў нешырокую заасфальтаваную дарогу, якая адыходзіла ад аўтамагістралі ў гэты бок.

Жанчына глядзела на мяне, дакладней, на мае мокрыя чаравікі.

– Прабачце, калі ласка! – Я таксама паглядзеў уніз, там, на бездакорна бліскучым паркеце, паспелі ўжо расцячыся дзве бруднаватыя лужыны. – Прабачце, але так здарылася, што я…

– Здымайце куртку! – перапыніла мяне жанчына. – Чаравікі таксама здыміце. Вось пантофлі.

Яна выйшла з пярэдняй, а я, дакладна выканаўшы ўсе яе патрабаванні, павольна рушыў следам.

У пакоі было цёпла, светла і на дзіва ўтульна, асабліва пасля той непагадзі і цемры, праз якія я вымушаны быў толькі што прабірацца. Весела патрэсквалі паленцы ў каміне, побач з камінам я заўважыў дзверы ў нейкі бакавы пакойчык, яшчэ далей была драўляная лесвіца, якая вяла на другі паверх. А проста перада мной, якраз пасярод пакоя, стаяў багата сервіраваны стол.

І сервіраваны ён быў менавіта на дзве персоны.

Тут кагосьці чакалі, а я, сам таго не жадаючы, усё ім сапсаваў. Цалкам верагодна, што мне давядзецца зноў вяртацца туды, адкуль і прыйшоў, у цемру і восеньскую непагадзь.

Жанчына, па ўсім відаць, перахапіла мой трывожны позірк на чорнае, залітае дажджом акно.

– Не хвалюйцеся, я сёння нікога не чакала… – І, паціснуўшы плячыма, дадала: – Нікога, акрамя вас…

Я з неўразуменнем паглядзеў на жанчыну, потым міжволі перавёў погляд на стол, які літаральна ламіўся ад самых розных страў.

– Вы, пэўна, жартуеце?

Жанчына толькі ўсміхнулася. Яна была маладая і прыгожая, з доўгімі хвалістымі валасамі медна-залацістага колеру, якія, абрамляючы з абодвух бакоў бездакорна прыгожы і нейкі надзвычай белы твар, рабілі яе прыгажосць на дзіва непаўторнай, амаль казачнай…

Тым больш неверагодным здалося мне прызнанне жанчыны, што чакала яна сёння менавіта мяне. Ды я і сам яшчэ раніцай не ведаў, што выберу гэты маршрут, да таго ж, як потым высветлілася, я ўжо паспеў праскочыць патрэбны мне паварот…

Жанчына, пэўна, адчула мой недавер.

– Вы мяне не так зразумелі! – Яна ўсміхнулася. – Я не мела на ўвазе асабіста вас. Проста я штовечар запальваю святло ва ўсіх пакоях, потым распальваю камін, заўсёды, нават летам, сервірую стол і чакаю…

Жанчына змоўкла. Я таксама маўчаў, нават не ведаючы, што ёй адказаць на гэта…

– Вы першы, хто зазірнуў да мяне за… за апошнія… – голас жанчыны раптам задрыжэў і сарваўся. – Прабачце!

Яна адвярнулася да акна і, здаецца, нават заплакала.

– Вы жывяце адна? – чамусьці спытаў я, хоць гэта было і так зразумела.

– Ужо тры гады! – Жанчына павольна падышла да сцяны, да вялікага каляровага фотаздымка, які я адразу і не заўважыў.– Пасля таго, як мой муж… як ён…

Яна не дагаварыла, а я, падышоўшы крыху бліжэй, таксама паглядзеў на здымак.

Са здымка, на фоне марскога ўзбярэжжа, весела ўсміхалася мне мая сённяшняя гаспадыня. Побач з ёй стаяў высокі, крыху паўнаваты мужчына сярэдніх гадоў з рудымі кучаравымі валасамі і надзвычай доўгімі бакенбардамі таго ж колеру. Бакенбарды мужчыне зусім не пасавалі і, магчыма таму здаліся мне нейкімі несапраўднымі… прыклеенымі, ці што…

– Гэта ён? – асцярожна спытаў я, і жанчына, не паварочваючыся, сцвярджальна кіўнула галавой. – Ён вас кінуў?

Пра сябе я падумаў, што толькі поўны дэбіл можа добраахвотна адмовіцца ад такой прыгажуні. Прынамсі, твар мужчыны на здымку занадта інтэлектуальным назваць было цяжка, але і на поўнага ідыёта ён таксама не выглядаў.

– Ён памёр! – Жанчына павярнулася ў мой бок, вочы яе, вялізныя і падазрона бліскучыя, нечакана апынуліся зусім побач з маім тварам. – Ён пакончыў з сабой, разумееце! Тры гады таму, а я да гэтага часу так і не ведаю, навошта ён гэта зрабіў! Магчыма таму, што я сказала яму ў той вечар… не трэба мне было гаварыць яму ўсё гэта…

Мне стала няёмка.

– Прабачце! – прамармытаў я. – Я… я проста не ведаў…

Але жанчына ўжо ішла да стала.

– Я вас загаварыла! – Яна села і жэстам паказала мне на крэсла насупраць. – Сядайце, вы, напэўна, ужо паспелі прагаладацца!

Разумеючы, што мая адмова можа зняважыць гаспадыню, я паслухмяна заняў сваё месца за сталом. Тым больш што я і сапраўды паспеў ужо прагаладацца за доўгі і нялёгкі сённяшні дзень.

Вячэра наша прайшла моўчкі, калі не лічыць таго, што жанчына час ад часу тлумачыла мне назву той ці іншай, незнаёмай мне, стравы і адразу ж запрашала яе пакаштаваць. Размовай гэта назваць было цяжка, нават калі ўлічваць той бясспрэчны факт, што я таксама час ад часу выціскаў з сябе фразы, накшталт дзяжурнага «дзякую, пакаштую абавязкова» ці «вельмі смачна»…

Потым жанчына, прыбраўшы з маёй дапамогай стол, паставіла на яго дзве бутэлькі віна і два высокія келіхі пунсовага колеру.

– Вы, спадзяюся, не супраць?

Зразумела ж, я і цяпер не змог ёй адмовіць. Адкаркаваўшы адну з бутэлек, я разліў віно па келіхах. Віно было цёмна-чырвонае, з прыемным пахам, але назву на этыкетцы я прачытаць так і не змог, этыкетка амаль стлела ад старасці…

– За нашу сустрэчу! – прапанавала жанчына, узнімаючы свой келіх. – І за ваш «мерсэдэс», які так своечасова сапсаваўся!

Ад нечаканасці я ледзь не выпусціў келіх з рукі. Я нічога не казаў жанчыне пра машыну, ды і яна ў мяне нічога такога не пыталася. Але, урэшце, якая іншая прычына магла прывесці незнаёмца сюды, у гэты, заціснуты з усіх бакоў лесам, адзінокі катэдж, ды яшчэ дажджлівым восеньскім адвячоркам. Ну а марку машыны жанчына магла проста адгадаць выпадкова…

Віно на смак аказалася вельмі прыемным і да таго ж даволі моцным. Стаўляючы парожні келіх на стол, я заўважыў, што жанчына ўсё яшчэ не выпіла.

– Шкада, што памёр мой муж! – прашаптала яна ледзь чутна. – Ён быў добрым аўтамеханікам і адразу б вызначыў непаладку ў вашым аўтамабілі. А я… – яна таропка выпіла віно і, паставіўшы келіх на стол, крыху падсунула яго ў мой бок. Зразумеўшы гэты яе жэст, я зноў напоўніў абодва келіхі віном.

Гадзіннік на сцяне насупраць прабіў дзесяць разоў.

– Вы не вельмі стаміліся? – спытала жанчына, зноў узнімаючы келіх.

Я запэўніў, што не вельмі, хоць, шчыра кажучы, крыху зманіў. Стомленасць адчувалася.

Мы зноў выпілі, і я зноў напоўніў келіхі віном.

– Скажыце, а вы не баіцеся? – спытаў я. – Адна, сярод лесу… І вось так, адразу, адчыніць дзверы зусім незнаёмаму чалавеку! А вы не падумалі, што на маім месцы мог апынуцца маньяк, забойца… ды хто заўгодна!

Жанчына ўстала, павольна, не спяшаючыся, прайшлася ўздоўж пакоя, на нейкае кароткае імгненне затрымалася каля фотаздымка… потым гэтак жа павольна падышла да шырокай канапы.

– Я прыгожая? – нечакана спытала яна, нават не гледзячы ў мой бок.

Замест адказу я толькі кіўнуў галавой. У роце раптам перасохла, ды так, што я таропка асушыў келіх з віном. Не дапамагло.

– Я табе падабаюся? І зноў я змог толькі моўчкі кіўнуць у адказ.

Жанчына павольна апусцілася на канапу, адкінула галаву на яе мяккую пакатую спінку і толькі тады паглядзела на мяне. Нашы позіркі сустрэліся, і жанчына адразу ж стомлена заплюшчыла вочы.

– Хадзі да мяне! – прашаптала яна ледзь чутна. – Хутчэй!

* * *

Калі я прачнуўся, ужо амаль развіднела. Ва ўсялякім разе суцэльная цемра за акном паспела ператварыцца ў хісткі перадранішні паўзмрок. Міжволі зірнуўшы на гадзіннік, я заўважыў, што ўжо блізу сёмай. А можа, яшчэ толькі блізу сёмай, гэта з якога боку паглядзець.

Трэба было ўставаць, але ўставаць вельмі не хацелася. Там, наперадзе, мяне чакаў сапсаваны «мерсэдэс», які я ўчора так і пакінуў на абочыне магістралі. А можа, яго ўжо і няма там?

Да таго ж моцна балела галава, ажно круцілася. І нейкая незразумелая вяжучая, нават пякучая сухасць у роце. Нібы з вялікага перапою…

Але ж я, акрамя віна, нічога больш не піў учора!

Успомніўшы віно, я ўспомніў жанчыну і тое, што ў нас з ёй потым адбылося. Тады я сеў у ложку і пачаў уважліва азірацца вакол.

Дзіўна, але я так і не прыгадаў, як і калі паспеў перабрацца з той канапы сюды, у гэты невялікі пакойчык і на гэты ложак! Засынаў я на канапе… галава жанчыны ляжала на маёй левай руцэ… вусны жанчыны ўвесь час шапталі штосьці мне на вуха… пяшчотнае штосьці…

За дзвярыма пачуліся асцярожныя крокі, і я зразумеў, што жанчына таксама ўжо прачнулася. Я чакаў, што яна зараз адчыніць дзверы і зойдзе сюды, але гэтага так і не адбылося.

Ну што ж, трэба ўсё ж уставаць і апранацца. Дарэчы, а дзе маё адзенне?

Адзенне, акуратна складзенае, ляжала на зэдліку, зусім побач з ложкам. Устаўшы, я пачаў быў апранацца і тут толькі заўважыў з аднаго боку пакоя нішу, у якой размяшчаўся санвузел разам з душам. Што ж, вельмі зручна, сапраўдны пакой для гасцей.

Прымаў душ я доўга, можа, занадта доўга. Некалькі разоў рэзка змяняў тэмпературу вады, ад амаль кіпеню да амаль лёду. Пасля пачысціў зубы, пагаліўся…

Магчыма, усімі гэтымі дзеяннямі я, як мог, адцягваў новую сустрэчу з жанчынай. Чаму? Не ведаю.

Штосьці ўзнікла паміж намі ўчора вечарам і гэтае «штосьці» зусім не было падобнае на звычайны дарожны раман. Паміж намі нібы ўсталявалася нейкая таемная сувязь, нейкае дзіўнае пяшчотнае пачуццё, і я, напэўна, проста баяўся, што яно, пачуццё гэтае, не вытрымае выпрабавання раніцай. Аднаго неасцярожнага слова, аднаго толькі жэста дастаткова часам для яго знікнення. Тым больш што мне трэба было ехаць далей па справе, і справа гэтая ніяк не магла быць адкладзена.

– Заставайся са мной! – шапталі мне ўчора гарачыя прагныя вусны жанчыны. – Ты застанешся са мной, праўда? Застанешся?

Што я мог ёй адказаць?!

Апранаўся я таксама не вельмі таропка, і ўсё ж надышоў нарэшце той момант, калі я вымушаны быў пакінуць гасцінны пакой. Да ранішняй сустрэчы з гаспадыняй катэджа я быў ужо больш-менш падрыхтаваны.

Затое я апынуўся зусім не падрыхтаваны да таго, што ўбачыў, як толькі выйшаў з пакоя.

Жанчыны ў гасцінай не было. Замест яе каля стала стаяў высокі, крыху паўнаваты для сваіх гадоў мужчына з рудымі ўскудлачанымі валасамі і такімі ж рудымі бакенбардамі. Убачыўшы мяне, мужчына шырока ўсміхнуўся:

– Выспаліся?

Не адказваючы, я перавёў погляд на фотаздымак на сцяне. Сумненняў не заставалася – гэта быў той самы чалавек, муж гаспадыні, і ён быў… жывы! Жанчына проста зманіла мне ўчора!

Але навошта?! З якой мэтай?!

– Піва хочаце?

Адчыніўшы лядоўню, мужчына дастаў адтуль дзве бляшанкі з півам, адну з іх спрытна кінуў мне.

– Трымайце!

Я злавіў бляшанку машынальна. Гэтак жа машынальна я трымаў яе ў руцэ і моўчкі глядзеў на мужчыну, на тое, як ён п’е піва, як празрыстая пена павольна сцякае ўніз па даўно няголеным падбародку, як капае яна на адвароты ягонай зашмальцаванай піжамы. Дзіўна, але, нягледзячы на страшэнную сухасць у роце, я чамусьці так і не змог прымусіць сябе нават ускрыць бляшанку. Моўчкі працягваў стаяць і ўсё глядзеў і глядзеў на мужчыну.

Цікава, дзе ён быў учора? І дзе зараз ягоная жонка? Ці, можа, яна проста хаваецца ад мяне? А можа… Можа, зусім і не ад мяне?

Маё нежаданне піць мужчына растлумачыў па-свойму.

– Я і забыўся, што вы за рулём! – ён уздыхнуў, з жалем развёў рукамі.– Што ж, нічога не зробіш!

Мужчына нахіліўся і выцягнуў аднекуль з-пад стала шкляную бутлю, на самым донцы якой плёскалася крыху нейкай залацістай вадкасці.

– Гэта ж колькі мы з вамі ўчора выпілі! – мужчына зноў уздыхнуў, у задуменні матлянуў галавой. – Літра паўтара, не менш! А яна ж, зараза, моцная, градусаў шэсцьдзясят…

Мне раптам здалося, што я проста чагосьці недачуў.

– З кім, кажаце? – я недаўменна ўтаропіўся ў мужчыну.

Мужчына ў сваю чаргу здзіўлена паглядзеў на мяне.

– З вамі, з кім жа яшчэ! – Ён памаўчаў крыху і дадаў: – А вы што, не памятаеце? «Здзекуецца! – маланкай апякла нечаканая думка. – Ён усё ведае пра нас і толькі здзекуецца зараз!»

Але мне было ўжо ўсё адно.

– Жанчына! – вымавіў яе, гледзячы яму ў вочы. – Дзе жанчына?

– Якая жанчына? – Мужчына недаўменна паціснуў шырокімі плячыма. – Не разумею!

– Жанчына, якая адчыніла мне дзверы ўчора! – Я ўсё не зводзіў уважлівага позірку з твару мужчыны. Невядома, што я хацеў там убачыць, але пакуль бачыў адно толькі здзіўленне… здзіўленне і нічога больш.

Потым здзіўленне на твары мужчыны паступова саступіла месца трывозе.

– Я адчыняў вам дзверы ўчора, – сказаў ён ціха. – А вы што, і гэтага нават не памятаеце?

Нічога яму не адказаўшы, я падышоў да фотаздымка. Жанчына па-ранейшаму весела і абаяльна ўсміхалася мне са сцяны.

– Дзе яна? – я павярнуўся да мужчыны. – Ваша жонка, дзе яна зараз?

Шырокія плечы мужчыны неяк разам паніклі. І яшчэ да таго, як мужчына пачаў гаварыць, я ўжо ведаў, якім будзе адказ.

– Яна памерла! – Голас мужчыны дрыжэў і зрываўся. – Я ж казаў вам учора! Яна… яна выпіла атруту… тры гады таму! – Мужчына раптам апусціўся на канапу і абхапіў галаву рукамі.– Я да гэтага часу не разумею, навошта яна гэта зрабіла! Бо нічога ж не было… мы нават не пасварыліся ў той вечар… проста я сказаў ёй, што я… што ў мяне… Навошта, ну, навошта мне было гаварыць ёй гэта?!

Мужчына плакаў уголас, не саромячыся слёз, а я… з мяне было досыць. Я не верыў ніводнаму слову мужчыны, я не ведаў нават, навошта яны абое, і муж, і жонка, спрабуюць зрабіць з мяне ідыёта, але… з мяне было досыць!

– Прабачце, мне трэба ісці! – сказаў я падкрэслена суха і шпарка пакрочыў да выхаду.

Куртку і чаравікі я знайшоў у пярэдняй. Сухімі. Ну што ж, і на тым дзякуй!

Апынуўшыся за дзвярыма я адразу ж убачыў сваю машыну. «Мерсэдэс» стаяў каля самага ўваходу ў катэдж і нібыта чакаў мяне.

– Паветра трапіла ў бензаправод, – пачуўся за маёй спінай глухаваты голас мужчыны. – Давялося прадзімаць. Вы ж самі і прадзімалі, памятаеце?

Не адказваючы, я рушыў да машыны. Моўчкі адчыніў дзверцы, моўчкі сеў… доўга шукаў па ўсіх кішэнях ключы, нарэшце знайшоў. Машына завялася, як той казаў, з паўабароту.

Магчыма, трэба было ўсё ж падзякаваць мужчыне за дапамогу, развітацца з ім… але ўсё гэта было ўжо вышэй маіх сіл.

Развярнуўшыся, я павольна паехаў да шашы. Я не ведаў, што і думаць, як паставіцца да ўсяго таго, што са мной адбылося. Розум падказваў, што гэта і сапраўды нейкі розыгрыш, праўда, мэта яго мне так і засталася невядомай. Але быў і іншы пункт гледзішча, і ён таксама меў права на існаванне…

Я добра памятаў свой учарашні вечар, які я правёў з той незвычайнай жанчынай! Я памятаў і ўсё тое, што адбылося паміж намі далей! І тым не менш…

Аднекуль, з самых патаемных глыбінь памяці, усплывалі і нейкія іншыя ўспаміны. Напрыклад, як сядзелі мы ўчора з гэтым рудым гаспадаром, доўга сядзелі… пілі, размаўлялі, спявалі нават…

Але ж гэтага не было! Не было ніколі, і як я мог памятаць тое, чаго не было?!

Паглядзеўшы назад, у люстэрка задняга віду, я зноў убачыў мужчыну. Ён усё яшчэ стаяў на ганку і таксама глядзеў у мой бок. Потым мне падалося, што ў адным з вокнаў другога паверха ледзь варухнулася фіранка, і чыясьці тонкая постаць з’явілася раптам каля акна. А можа, мне гэта толькі падалося?

Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік)

Подняться наверх