Читать книгу Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка - Страница 6

Дзень, калі не стане дажджу

Оглавление

Дзесьці злева зноў пачуўся залівісты сабачы брэх. Сабакі кагосьці гналі. Можа, зайца, а магчыма, і лісіцу…

Брэх хутка набліжаўся, і Васіль пачаў ужо насцярожана азірацца па баках – у надзеі ўбачыць, нарэшце, даўгавухага небараку, які зараз імчыць праз лес, ні на што не звяртаючы ўвагі. Але ішлі хвіліны, зайца ўсё не было, а брэх набліжаўся і набліжаўся… і раптам у тым баку, зусім непадалёку ад Васіля, гулка і адрывіста грымнуў стрэл, за ім другі. І адразу ж сабакі перасталі брахаць.

«Браканьеры, – міжволі падумаў Васіль. – І не баяцца ж, чэрці!»

І ён вырашыў, што хутчэй за ўсё гэта быў не заяц. Улетку на зайца не палююць. Ніхто. Нават браканьеры. На лася – іншая рэч. Ці, скажам, на дзікоў…

І раптам брэх аднавіўся зноў. Праўда, цяпер ён быў нейкі няўпэўнены, быццам сабакі, нечакана згубіўшы след, з усяе сілы спрабавалі зноўку яго адшукаць. Не жадаючы страчацца ні з сабакамі, ні, тым больш, з іх гаспадарамі, Васіль узяў крута ўправа і накіраваўся да знаёмага балотца, што знаходзілася на самым ускрайку лесу.

«Пагляджу яшчэ там, і ўсё! – цвёрда вырашыў ён. – І трэба дамоў паварочваць! Няма грыбоў – навошта і ногі дарэмна біць!»

У кошыку, які Васіль трымаў у левай руцэ, сарамліва перакочваліся з боку на бок некалькі невялікіх падасінавічкаў і абабачкаў, а побач з імі сціпла жаўцела жменькі з паўтары лісічак. Адзіны даволі рослы баравік выглядаў сярод усёй гэтай грыбной дробязі самым сапраўдным веліканам.

Сабачы брэх даўно ўжо сціх дзесьці ўдалечыні, стрэлаў таксама больш не было чуваць. І лес зноў зажыў сваім звычайным паўсядзённым жыццём. Кропелькі расы яшчэ дзе-нідзе паблісквалі на шырокім лісці папараці, але промні ўзыходзячага сонца хутка знаходзілі і адразу ж высушвалі гэтыя апошнія прыкметы раніцы. Дзень зноў абяцаў быць сонечным, бясхмарным і надзвычай спякотным.

– Дожджыка б сюды! – уздыхнуў Васіль, са злосцю шпурляючы на зямлю чарговы чарвівы баравік. – Другі тыдзень гэткая спякота!

Наперадзе ўжо адчувалася балота, і Васіль павольна закрочыў ледзь прыкметнай сцяжынкай паўз яго, з дарэмнай надзеяй паглядваючы сабе пад ногі. Час ад часу рабіў кароткія вылазкі то ўправа, то ўлева ад сцяжынкі. Перамяшчаючыся гэткім вось манерам, ён даволі хутка дайшоў да добра знаёмага яму будана, па-майстэрску зробленага з засохлых галінак алешніку, тонкага беразняку і вербалозу…

Будан быў ужо даволі стары. Пабудаваў яго, напэўна, нейкі заўзяты паляўнічы, каб вясной паляваць на цецерукоў. Побач якраз і знаходзілася вялікае іх такавішча. Але гэта было даўно, некалькі апошніх гадоў будан ужо ніхто не выкарыстоўваў, ды і цецерукоў амаль што не засталося ў наваколлі. А вось будан застаўся. І стаяў упарта на ранейшым месцы, узвышаючыся сярод высокай травы нейкім недарэчным помнікам…

Сам па сабе будан не вельмі цікавіў Васіля, але побач з ім амаль заўсёды трапляліся лісічкі. Хоць некалькі ды было. І Васіль спадзяваўся, што і на гэты раз будан не падмане ягоных спадзяванняў. Па праўдзе кажучы, на сёння гэтае спадзяванне было ці не самае апошняе.

Каля будана Васіль і сапраўды адразу ж натрапіў на цэльнае радовішча лісічак. Узрадаваны знаходкай, ён хуценька зразаў грыбы і гэтак жа хуценька, нягледзячы, кідаў іх у кошык. Калі лісічкі скончыліся, Васіль збіраўся пакрочыць ужо далей, як раптам… у будане хтосьці слаба варухнуўся.

Ад нечаканасці Васіль адразу ж таропка адскочыў убок і, спыніўшыся, застыў нерухома, не зводзячы насцярожаных вачэй з будана.

Там хтосьці быў!

– Хто тут?! – выгукнуў Васіль і прыслухаўся. І, нібы ў адказ на гэты ягоны вокліч, у будане зноў нехта заварушыўся, а потым да вушэй Васіля данёсся нейкі ціхі ўздых ці то ўсхліп.

Васіль адчуў раптам не тое каб страх… хутчэй, нейкую незразумелую трывогу. Захацелася проста павярнуцца і пайсці прэч, пайсці не азіраючыся, толькі б далей адсюль, як мага далей…

Але Васіль застаўся на месцы. Праўда, падысці бліжэй да будана і зазірнуць туды… на гэта ў яго смеласці пакуль не ставала. Таму ён стаяў і пазіраў на загадкавы будан. Працягвалася так даволі доўга…

А потым яму стала сорамна.

Ды што ж гэта, на самай справе, мужчына ён ці не?! І Васіль, павольна расправіўшы плечы, рушыў да будана, на ўсялякі выпадак моцна сціснуўшы у правай руцэ невялікі сцізорык.

У будане і сапраўды хтосьці знаходзіўся. Гэты «хтосьці» ляжаў нерухома, і быў ён несумненна чалавекам. Дзіўна толькі, што чалавек гэты быў зусім без адзення, а калі Васіль прыгледзеўся больш уважліва, ён раптам зразумеў, што перад ім жанчына. «Так! – міжволі падумалася яму. – Гэтага мне яшчэ не хапала!»

Васіль амаль здагадваўся, што адбылося і як апынулася тут гэтая жанчына. Пайшла, пэўна, дурніца, у лес адна, ну і натрапіла на нейкіх мярзотнікаў. І вось ён, вынік…

Жанчына між тым зноў варухнулася і, расплюшчыўшы вочы, паглядзела на Васіля. Уражваў яе позірк: столькі ў ім было болю, жаху, адчаю. І яшчэ чагосьці такога, у чым Васіль так і не змог адразу разабрацца. Ён толькі ўздрыгнуў міжволі, а жанчына адвяла позірк і зноў стомлена заплюшчыла вочы. «Так! І што ж мне рабіць з ёй? – зноў падумалася Васілю.»

Жанчына была маладая і прыгожая – гэта Васіль заўважыў адразу. І яшчэ заўважыў, што правая рука яе ў крыві. Больш ён нічога не змог разгледзець, бо амаль адразу ж сарамліва адвёў позірк.

– Перавяжы мне руку! – нечакана азвалася жанчына. Голас яе быў крыху хрыпаты, стомлены, але даволі прыемны.

– Зараз! – замітусіўся Васіль. – Я зараз!

Ён таропка скінуў з сябе вятроўку, потым зняў кашулю і, крыху павагаўшыся, сцягнуў майку.

– Зараз!

Васіль хапатліва адарваў ад майкі роўныя доўгія палоскі. Вырашыўшы, што іх ужо дастаткова, пачаў старанна і акуратна рабіць перавязку, па-ранейшаму стараючыся не глядзець на аголенае жаночае цела. Раз-пораз пры гэтым дакранаўся дрыжачымі пальцамі то да грудзей, то да жывата гэтай невядомай жанчыны. І чамусьці выпадковыя дотыкі ўносілі ў Васілёва сэрца нейкае асабліва трывожнае хваляванне і яшчэ штосьці, зусім ужо незразумелае. І ён амаль пашкадаваў, што перавязка закончана. Васіль зноў сарамліва адвярнуўся і глядзеў кудысьці ўбок.

– Чаму ты адвярнуўся? – раптам спытала жанчына. – Я табе не падабаюся?

Гэтае пытанне заспела Васіля знянацку. Ён збянтэжана павярнуўся да жанчыны.

Незнаёмка ўсміхнулася:

– Я ж падабаюся табе, вельмі падабаюся. Хіба ж я не бачу!

Васіль усяго чакаў ад яе: падзякі, папроку немаведама за што, таропкай блытанай споведзі пра тое, што ж з ёй адбылося. Ён быў гатовы нават да істэрычных бясконцых слёз незнаёмкі. Ён быў гатовы да ўсяго, але толькі не да гэтага… «Яна не падобная да згвалтаванай! – міжволі падумаў Васіль. – Зусім непадобная!»

Але ж хто яна тады на самай справе, як патрапіла сюды? І чаму яна без адзення?

– Хадзі да мяне! – пяшчотна прашаптала жанчына. – Хадзі… ну!

Васіль раптам адчуў, як цёплыя жаночыя далоні асцярожна слізганулі па ягонай аголенай спіне.

– Хадзі да мяне! – зноў прашаптала жанчына. – Хадзі, не бойся! Ты ж жадаеш гэтага, жадаеш, праўда?

Але замест жадання Васіль раптам адчуў… страх. Ён баяўся, баяўся гэтай дзіўнай жанчыны, якая немаведама як апынулася тут, на гэтым балоце. Хто яна? Адкуль узялася? І дзе яе вопратка?

– Паглядзі на мяне! – зноў пачуў ён пяшчотны заварожваючы голас. – Я прыгожая! Я вельмі прыгожая! Зірні!

І Васіль, не жадаючы таго, і адначасова не маючы больш сілы супраціўляцца спакусе, спачатку асцярожна, а потым ужо смялей зірнуў ёй у твар, і нібыта аслупянеў, зачараваны асляпляльным яе хараством.

Спыніўся час, часу ўвогуле больш не існавала. І нічога больш не існавала ў Сусвеце, акрамя таемнай пяшчотнай бездані вачэй незвычайнай гэтай жанчыны.

– Пацалуй мяне! – аднекуль здалёк, нібыта ў сне, пачуў Васіль. І нібыта ў сне вусны ягоныя дакрануліся да гарачых яе вуснаў. І ў гэты самы час дзесьці зусім блізка і зусім нечакана пачуўся гучны сабачы брэх. І чары скончыліся.

Ашаломлены Васіль, адкінуты ўбок нечаканым штуршком, убачыў раптам перад сабой звычайную і да паўсмерці перапалоханую жанчыну. Скурчыўшыся ў камячок, яна запаўзла ў самы далёкі куток будана і пазірала адтуль на Васіля адчайным, зацкаваным позіркам.

– Не аддавай мяне ім! – хутка і трывожна шапталі яе дрыготкія вусны. – Я прашу цябе, я цябе вельмі прашу! Не аддавай мяне ім!

Нічога не разумеючы, Васіль тым не менш імгненна выскачыў з будана. І адразу ж убачыў сабак. Яны былі ўжо зусім побач, два вялізныя рудыя ганчакі.

Убачыўшы чалавека, сабакі адразу ж спыніліся, але брахаць не перасталі.

– Ану, цыц! – прыкрыкнуў на іх Васіль і ўхапіў з зямлі нейкі сукаваты дручок. – Пайшлі адсюль!

Сабакі адскочылі крыху ўбок, змоўклі на імгненне, але зноў заліліся гучным брэхам.

– Пайшлі адсюль! – што ёсць моцы закрычаў Васіль, спалохана размахваючы кіем. – Каму сказаў! І тут ён зразумеў… дайшло, нарэшце, што сабакі брэшуць зусім не на яго. Яны абрэхвалі будан…

Вось адзін з ганчакоў зрабіў шырокі паўкруг і паспрабаваў прабіцца да будана з процілеглага боку, але Васіль быў напагатове.

– Пайшоў ты! – злаўчыўшыся, ён так перацягнуў ганчака па спіне, што той адразу ж адскочыў з гучным скавытаннем. Але другі ганчак 51 у той жа час імкліва рвануўся наперад, і Васіль ледзь-ледзь паспеў загарадзіць яму дарогу. «Гэтак доўга не вытрымаю! – цяжка дыхаючы, падумаў Васіль. – Пашалелі яны, ці што?!»

– Валдай! Гром! Фу! – пачуўся аднекуль гучны ўпэўнены голас. – Ану, да мяне!

Васіль азірнуўся. З лесу павольна выходзілі двое мужчын, у руках у іх былі паляўнічыя стрэльбы. Убачыўшы Васіля, мужчыны спыніліся і адразу ж закінулі стрэльбы за плечы. «Браканьеры! – падумаў Васіль. – А можа, і яшчэ горш…»

Мужчыны між тым падышлі бліжэй. Пярэдні, з барадой, ухапіў сабак за ашыйнікі і хутка, з дапамогай таварыша, накінуў на іх павадкі. Потым, перадаўшы павадкі сябру, барадач падышоў да Васіля.

– Вы ўжо выбачайце нас, калі ласка! – сказаў ён, усміхаючыся Васілю шырокай адкрытай усмешкай. – Не ведаю, што з імі сталася. Ніколі такога не было, каб на чалавека кідаліся. Курыце? – Барадач выцягнуў з кішэні крыху пакамечаны пачак цыгарэт.

– Не куру! – адказаў Васіль, усё яшчэ трымаючы ў руцэ кій і адчуваючы сябе неяк няёмка, у першую чаргу з-за таго, што быў распрануты.

– І правільна робіце! – адобрыў барадач і закурыў сам. – Я вось таксама ўсё збіраюся кінуць. І ніяк не магу. А вы па грыбы хадзілі? І ён хуценька зірнуў на Васілёў кошык.

– Няма грыбоў! – Васіль па-ранейшаму адчуваў сябе даволі няёмка, але першае пачуццё разгубленасці ўжо прайшло. Ён адкінуў кій убок і дадаў: – Вось вырашыў крыху адпачыць. Горача вельмі.

– Горача, – згадзіўся барадач. – Дождж трэба! Ён перахапіў насцярожаны позірк Васіля, накіраваны на ягоную стрэльбу і ўсміхнуўся:

– Здзіўляецеся, што са стрэльбамі? Вы не думайце, мы не на паляванні. Тут іншае…

– Воўк! – дадаў таварыш барадатага. Ён па-ранейшаму з цяжкасцю стрымліваў раз’юшаных сабак, якія так і рваліся да будана. – Ды што гэта з імі сёння?!

– Воўк?! – перапытаў Васіль, ледзь не злякаўшыся. – Які воўк? – Звычайны! – барадач паціснуў плячыма. – А хутчэй за ўсё – шалёны. Напаў раніцай на даярак, яны на ферму ішлі. Потым пастуха добра пагрыз. Нам патэлефанавалі ў райцэнтр… на жаль толькі мы ўдвух і змаглі вырвацца. Было б больш людзей – нікуды б ён ад нас не дзеўся!

– Ён і так нікуды ад нас не дзенецца! – змрочна дадаў другі паляўнічы. Ён быў маладзейшы, без барады, але з фарсістымі чорнымі вусікамі.– Я ўсё ж падстрэліў яго, гада!

– Падстрэліў! – насмешліва хмыкнуў барадач. – Здалося табе!

– Не здалося! – упарта стаяў на сваім паляўнічы з вусікамі.– Я яму пярэднюю лапу перабіў! Сам бачыў, як падскочыў!

– Ну, хай будзе так! – барадач затушыў недакурак аб падэшву бота. – Пайшлі, ці што!

Яны падаліся прэч, цягнучы за сабой на павадках сабак. Ужо знікаючы між дрэў, барадач азірнуўся.

– Вы лепш не хадзілі б тут, – заклапочана прамовіў ён. – Мала што… Лепш дахаты ідзіце. А то, можа, з намі?

Васіль адмоўна пахітаў галавой.

– Ну, глядзіце самі. І паляўнічыя зніклі з вачэй.

Нейкі час Васіль па-ранейшаму стаяў нерухома і ўсё пазіраў і пазіраў ім услед. Нейкае дзіўнае адчуванне ахапіла яго раптам, адчуванне не тое каб нерэальнасці ўсяго таго, што з ім адбывалася зараз, але ўсё ж чагосьці такога нязвыклага, незнаёмага, далёкага ад паўсядзённых шэрых будняў, чагосьці, што і палохала, і адначасова салодкім хваляваннем напаўняла душу… «Ты мой! – гучаў увушшу дзіўны, чароўны голас. – Цяпер ты мой! Назаўсёды мой! Хадзі да мяне, хадзі, я чакаю!» «Бяжы адсюль! – адначасова шаптаў Васілю нейкі іншы голас, ціхі, ледзь чутны. – Бяжы з усіх ног і не азірайся нават! Бяжы зараз жа або пакліч тых паляўнічых, яны яшчэ недалёка!»

А сонца ўжо ўзнялося амаль над самай галавой. І ў лесе зноў станавілася вельмі задушна і спякотна. І вельмі не ставала ў гэтым лесе дажджу…

Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік)

Подняться наверх