Читать книгу Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка - Страница 3

Правіла гульні

Оглавление

– Дзяўчына! Пачакайце хвіліначку!

Віялета нават не азірнулася. Была гадзіна пік, народу на праспекце зашмат: людзі ішлі і насустрач ёй, і ў адным з Віялетай кірунку, дзяўчат сярод вірлівага гэтага натоўпу таксама ставала. Так што адчайны вокліч за спінай мог адносіцца да кожнай з іх, тым больш што сама Віялета, выскачыўшы ў няпоўныя сямнаццаць гадоў замуж, і паспеўшы ўжо развесціся ў дзевятнаццаць, дзяўчынай сябе лічыць з таго часу перастала. Праўда, калі да яе звярталіся са словамі «прабачце, жанчына…» або «паслухайце, жанчына…», яна таксама чамусьці крыўдзілася…

– Ды пачакайце ж вы!

Хтосьці раптам схапіў Віялету за руку, моцна таргануў.

Ад нечаканасці Віялета аж скаланулася, але адразу ж прыйшла ў сябе. Вырваўшы руку, яна рэзка павярнулася назад і ўбачыла перад сабой высокага хударлявага юнака. Юнак глядзеў на Віялету з вышыні свайго росту і радасна ёй усміхаўся.

– Мы знаёмыя? – спытала Віялета, беспаспяхова намагаючыся ўспомніць, дзе яна магла страчацца з гэтым маладым чалавекам.

Так нічога не ўспомніўшы, яна строга насупіла бровы і зрабіла крок назад.

– Што вам трэба?

Юнак зноў усміхнуўся, але на гэты раз крыху разгублена.

– Я так рады бачыць вас! – прамовіў ён з нейкім, ледзь прыкметным, акцэнтам. – А вы?

– Што, я? – здзіўлена спытала Віялета. – Чаго вы да мяне прычапіліся, не разумею?!

Юнак сумеўся, збянтэжаны гэтым яе халодным тонам.

– Я думаў… – прамармытаў ён, паціскаючы плячыма, – думаў, што вы… што ў нас з вамі… А вы што, і сапраўды не радыя сустрэць мяне тут?

Віялета насцярожылася. У юнака быў нейкі вельмі ўжо дзіўны выгляд, нават не дзіўны, а дзікаваты, хутчэй. Ускудлачаныя, даўно не мытыя космы валасоў, даволі свежыя драпіны на лбе і левай шчацэ… ды і адзенне, джынсы і дзіравая тэніска, было ўсё ў нейкіх цёмных плямінах, вельмі падобных на кроў. А можа, гэта і была кроў, хто ведае…

Да ўсяго іншага, юнак быў яшчэ і босы. «Вар’ят нейкі! – міжволі падумалася Віялеце. – Ці мо наркаман пад кайфам?»

Яна нават не ведала, што горш. Горш было ўсё…

Дзіўна, але людзі, якія праходзілі каля іх, не звярталі на незвычайнага гэтага юнака аніякай увагі. А можа, проста не хацелі звяртаць на яго ўвагі. Віялета, пэўна, і сама паводзіла б сябе так, але…

Але пры іншых абставінах…

Цяпер жа яна нават не ведала, што ёй і рабіць.

Здаецца, ён усё ж не вар’ят, а калі і вар’ят, то не з буйных. І не наркаман… наглядзелася Віялета на іх дзякуючы нядоўгаму свайму шлюбу. Магчыма, з юнаком проста здарылася нейкае няшчасце, вось ён і спыніў яе ў надзеі на дапамогу…

Але чаму менавіта яе? І якую такую дапамогу можа яна яму аказаць?

Гэтага Віялета пакуль не ведала.

– Паслухайце, – сказала яна, стараючыся гаварыць як мага больш спакойна і нават спагадліва. – З вамі штосьці здарылася, я ж бачу… кепскае штосьці?

Нейкі час юнак глядзеў на Віялету з такім выразам, быццам вар’яткай была яна, а не ён сам.

– А хіба з вамі нічога такога не здарылася? – адказаў, нарэшце, юнак.

– Са мной? – Віялета недаўменна паціснула плячыма. – А што са мной магло здарыцца такое?

Юнак нічога не адказаў, а сама Віялета адчула раптам нейкі ўнутраны непакой. Яшчэ не зусім трывогу, але штосьці вельмі на яе падобнае. Больш за ўсё трывожыў Віялету чамусьці той факт, што ніхто з людзей, якія таропка і заклапочана праходзілі зусім побач з імі, па-ранейшаму не звяртаў аніякай увагі на юнака, на дзіўны ягоны выгляд. Ніхто нават галавы не павярнуў у ягоны бок, што было зусім ужо незразумела.

– Куды ты глядзіш? – спытаў раптам юнак з уяўнай трывогай у голасе. – Ты штосьці там убачыла?

– Людзей! – з нечаканай нават для сябе самой злосцю адказала Віялета. – Ніколі, разумееш, не бачыла, а тут раптам убачыла! Вось і гляджу, любуюся!

Невядома, якой рэакцыі чакала Віялета ў адказ на з’едлівую сваю фразу, але таго, што адбылося, яна ніяк не чакала.

– Людзей?! – раптам закрычаў хлопец, ліхаманкава замітусіўшыся і азіраючыся ва ўсе бакі.– Ты бачыш тут людзей? Ты, праўда, іх бачыш?

Віялета не ведала, што і адказаць. Малады чалавек і сапраўды быў вар’ятам, наконт гэтага ў яе не заставалася аніякіх сумненняў. Толькі чаму тады, і зараз, пасля адчайнага гэтага ягонага воклічу, ніхто на іх нават позірку не кінуў? Хіба гэта нармальна? «Яны ж не бачаць яго! – раптам дайшло да Віялеты. – Яны проста не бачаць яго! І ён іх таксама…»

Але ж такога не магло быць, ніяк не магло!

Ці ўсё ж магло?

– Ты і сапраўды бачыш тут людзей? – ужо крыху супакоіўшыся, паўтарыў юнак сваё пытанне. – Ты не жартуеш?

– А ты? – пытаннем на пытанне адказала Віялета. – Ты што, іх не бачыш?

Гэта было пытанне дзеля пытання і, зразумела ж, юнак нічога не адказаў. Ён толькі па-ранейшаму ўсхвалявана глядзеў на сваю суразмоўніцу. Усхвалявана і адначасова з нейкай незразумелай надзеяй.

– І што ж тады бачыш ты зараз?

– Дзе? – не адразу зразумеў юнак.

– Тут! – Віялета зрабіла рукой шырокі жэст. – Што ты бачыш вакол сябе?

Юнак зноў азірнуўся па баках.

– Як і раней, пустыню! – адказаў ён неяк нерашуча. – Вялізную безжыццёвую пустыню. І нейкія фіялетавыя горы ўдалечыні…

Дзіўна, але Віялета чамусьці яму паверыла. Дакладней, амаль паверыла, бо нейкі чарвячок сумнення ўсё ж застаўся…

– Фіялетавыя горы? – паўтарыла яна. – А пустыня, які ў яе колер?

Юнак зноў азірнуўся вакол сябе.

– Аранжавы, – сказаў ён не зусім упэўнена. – Дакладней, ён зараз аранжавы. А зусім нядаўна быў, хутчэй, серабрысты… а яшчэ раней блакітны… Але ж ты не верыш ніводнаму майму слову, праўда?

Віялета нічога не адказала. Аранжавая пустыня, якая яшчэ нядаўна была серабрыстай… фіялетавыя горы ўдалечыні… Божа, чаму яна слухае ўсю гэтую ахінею!

– А ружовых коней там, выпадкова, не назіраецца? Ці мо чырвоных кракадзілаў з крылцамі?

Замест адказу юнак раптам нахіліўся, і Віялета ледзь не ўскрыкнула ад нечаканасці. Рука юнака прайшла праз бетонныя пліткі, нібыта праз ваду, а потым у ягонай прыгаршчы заблішчэў, немаведама адкуль узяўшыся… аранжавы пясок.

– Ты яго бачыш? – спытаў юнак, працягваючы руку з пяском да Віялеты. – Бачыш?

Віялета моўчкі кіўнула. Гаварыць яна не магла, бо неяк рэзка і адразу перасохла ў роце. Яна толькі стаяла і моўчкі назірала, як пясок, аранжавы гэты пясок, павольна працякаючы скрозь тонкія пальцы юнака, сыпаўся ўніз… І кудысьці знікаў, не далятаючы нават да тратуара…

– Цяпер ты мне верыш?

Віялета зноў кіўнула.

– Тут так жудасна! – хутка і амаль неразборліва загаварыў юнак, аблізваючы кончыкам языка засмяглыя вусны. – Гэтыя страшыдлы… я два разы цудам ад іх выратаваўся…

– Якія страшыдлы?! – Віялета спалохана азірнулася па баках. – Яны тут?

Юнак нічога не адказаў. А вакол па-ранейшаму ішлі людзі, ішлі ў абодвух кірунках. І па-ранейшаму не звярталі на іх аніякай увагі.

Менавіта на іх! Не на яго аднаго, а на іх абаіх!

Але ж яе людзі павінны бачыць… і хіба не дзіўна тое, што яна так доўга размаўляе з пустым паветрам…

– Калі я ўбачыў цябе, – раптам сказаў юнак, – я вельмі ўзрадваўся. Я не ведаў, што ты не адсюль… я думаў, што ты патрапіла сюды гэтак жа, як і я…

– А як… як ты патрапіў туды? – спыталася Віялета, усё яшчэ трывожна азіраючыся па баках.

Штосьці па-ранейшаму працягвала непакоіць яе… Вось толькі што?

Тое, што людзі перасталі звяртаць на яе сваю ўвагу? Ці, магчыма, гарачыня? Сёння такі спякотны дзень!

Так, але ж усяго некалькі хвілін таму ніякай спякоты на дварэ не было. Больш за тое: дзень быў даволі хмарны, сонца ўвесь час то выглядвала ненадоўга з-за аблачын, то зноўку кудысьці за іх хавалася. Дарэчы, дзе яны зараз, гэтыя аблачыны?

Узняўшы галаву, Віялета нейкі час моўчкі глядзела ў сіняе бясхмарнае неба. Сонца было амаль над самай яе галавой, але, калі Віялета перавяла позірк і глянула сабе пад ногі, яна ўбачыла свой даволі доўгі цень на… На аранжавым пяску!

Так, пад нагамі ў Віялеты быў не тратуар, а нейкі дзіўны пясок аранжавага колеру. І хоць вакол усё яшчэ існаваў горад – людзей у гэтым горадзе ўжо не было, дакладней, Віялета іх ужо не бачыла. Людзі зніклі, усе да аднаго… усе, акрамя гэтага дзіўнага хлопца, які ўзбуджана азіраўся вакол, страціўшы ўсялякі інтарэс да Віялеты.

– Я бачу! – закрычаў ён раптам. – Я іх зноў бачу!

А вакол Віялеты працягваў знікаць горад. Будынкі сталі амаль празрыстыя, і праз гэтую нязвыклую іх празрыстасць Віялета раптам змагла разгледзець высокія фіялетавыя горы ўдалечыні…

– Я змагу вярнуцца!

– Стой!

Зрабіўшы адчайны рывок, Віялета аберуч схапіла юнака за адвароты тэніскі.

– Пусці! – спалохана крыкнуў юнак, стараючыся вырвацца. – Ды адпусці ты! Я не магу больш тут, зразумей, не магу!

Тэніска затрашчала і ў скурчаных Віялеціных пальцах застаўся толькі невялікі кавалак тканіны. Юнак жа, адчуўшы сябе свабодным, адразу ж кінуўся прэч.

– Стой! – закрычала з адчаем Віялета, бегучы следам. – Стой, гад!

Спатыкнуўшыся аб штосьці нябачнае, яна паляцела вобзем, акурат ў аранжавы гарачы пясок. І, перш чым страціць прытомнасць, паспела яшчэ крыху здзівіцца таму, якім цвёрдым і халодным аказаўся навобмацак гэты самы пясок…

– Што з вамі, жанчына?

Узняўшы галаву, Віялета ўбачыла, што вакол яе сабраліся людзі… шмат людзей. Потым, распіхваючы іх, да яе наблізіўся міліцыянер.

– Ну, усё, разыходзьцеся! – сказаў ён, звяртаючыся да натоўпу, які з кожным імгненнем станавіўся ўсё большым і большым. – Нічога тут цікавага няма! Жанчыне стала блага… толькі і ўсяго… «Жанчыне?! – абурана падумалася Віялеце. – Ды якая я вам жанчына ў дваццаць гадоў!»

Але ўсё гэта яна толькі падумала. Уголас жа…

– Мне ўжо лепш, – сказала яна, узнімаючыся і азіраючыся па баках.

Вакол зноў быў горад. Звычайны горад і самы звычайны летні, не зусім сонечны дзень. І людзі, якія ва ўсе вочы глядзелі на яе. Праўда, дзіўнага таго юнака сярод іх яна так і не ўбачыла.

Ну, што ж, хутчэй за ўсё, ён проста бяжыць зараз уздоўж вуліцы, сам не свой ад радасці, што змог нарэшце вярнуцца, вырваўшыся з аранжавага пекла…

Але Віялета чамусьці ведала, што ўсё не так проста. Юнак не вярнуўся сюды, у нашу рэчаіснасць, бо для таго, каб ён змог вярнуцца – хтосьці іншы павінен быў застацца там, у аранжавай гэтай пустыні…

Бо такім і было асноўнае правіла гульні!

Што гэта за гульня такая і як у яе гуляюць – гэтага Віялета не ведала. Яна ведала толькі, што гульня існуе, і што яна сама ледзь-ледзь не стала яе ўдзельніцай. Адкуль яна пра ўсё гэта даведалася – Віялета не магла растлумачыць нават самой сабе.

Натоўп даўно ўжо разышоўся, міліцыянер таксама пайшоў па сваіх справах, так што Віялета цяпер стаяла зусім адна. У руцэ ў яе быў моцна сціснуты невялікі брудны кавалачак тканіны.

Той юнак выглядаў зусім яшчэ дзіцём. Гадоў сямнаццаць-васямнаццаць, не больш… І як даверліва ён глядзеў на яе… І ведаў, пэўна ж, ведаў асноўнае правіла гульні!

Віялета рэзка трасянула галавой, нібыта адганяючы гэтым сваім жэстам так недарэчна набеглыя думкі.

– Чаму я?! – сказала яна гучна, з нейкім нават выклікам. – Чаму менавіта я?!

Брудны кавалачак тканіны выслізнуў з яе аслабелых пальцаў, зваліўся на тратуар. Вецер падхапіў яго і, разгойдваючы, панёс-пакаціў уздоўж вуліцы.

– Нават калі я і згаджуся зараз… – прагаварыла Віялета, гледзячы яму ўслед, – усё адно гэта нічога не зменіць, хіба не так?

Яна не чакала адказу, і ніхто ёй, вядома ж, не адказаў. І, пастаяўшы яшчэ крыху моўчкі і нерухома, Віялета пайшла далей, звыкла рухаючыся ў шчыльным людскім натоўпе.

Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік)

Подняться наверх