Читать книгу Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка - Страница 5
Ты сама выбрала свой лёс
ОглавлениеУвайшоўшы ў пакой, ён спыніўся. Яму раптам здалося, што ўсе госці павярнуліся ў ягоны бок.
Але гэта яму толькі здалося. Ніхто нават і ўвагі не звярнуў, што на аднаго чалавека ў пакоі стала больш.
Стараючыся быць непрыкметным, ён падышоў да акна і, прыхінуўшыся да падваконня, пачаў павольна і ўважліва разглядаць прысутных.
Галоўнае – не спяшацца! Мінулы раз ён ледзь усё не сапсаваў празмернай сваёй паспешнасцю. Але і марудзіць таксама не след, бо час, такі каштоўны і такі неабходны яму зараз, ідзе і ідзе вельмі хутка… Ён зірнуў на вялікі гадзіннік на сцяне насупраць і крыху супакоіўся – часу яшчэ ставала. Толькі вось – каго выбраць?
Усяго ў пакоі было каля дваццаці чалавек, але мужчын ён адразу ж адкінуў. З імі заўсёды шмат важданіны, ды, шчыра кажучы, яму не падабаліся мужчыны. З жанчынамі прасцей ва ўсіх адносінах.
А іх у пакоі было роўна трынаццаць, чортаў тузін. І з гэтых трынаццаці ён павінен выбраць сёння адну. Адну з трынаццаці…
Яго чамусьці заўсёды вельмі хваляваў гэты момант – момант выбару. Вось яны ўсе тут, перад ім, кожная – са сваімі думкамі, сваімі праблемамі, сваімі надзеямі і спадзяваннямі, кожная са сваім уласным асабістым жыццём. І ўсе яны і не падазраюць нават, што вось тут, зусім побач, стаіць іх лёс, і нічога ўжо ад іх не залежыць. Ад яго аднаго толькі залежыць, чый лёс зменіцца ўжо сёння, так раптоўна і адразу…
Кажучы шчыра, не ўсё залежала ад яго аднаго. Трох жанчын, самых старых, тоўстых і непрыгожых, ён адбракаваў адразу. Потым, пасля нядоўгіх ваганняў, выкрасліў яшчэ чатырох – кожная з іх прыйшла сюды з мужчынам (муж? сябар?), якія так шчыльна апякалі дам свайго сэрца, так раўніва кідалі навокал пагрозлівыя позіркі, што было відавочна: гэтым чатыром нечаканае змяненне лёсу таксама не пагражае. Прынамсі, сёння.
Заставалася яшчэ шэсць жанчын. Якую ж выбраць?
– Вы дазволіце?
Цалкам захоплены сваімі думкамі, ён і не заўважыў, калі яна паспела падысці да акна. Гэта была адна з тых, каго ён пакінуў у спісе кандыдатак. Маладая, зусім яшчэ дзяўчо, даволі прыгожая, апранутая сціпла, але з густам.
– Вы не супраць, калі я крыху пастаю тут, побач з вамі? Ён усміхнуўся:
– Калі ласка! Пастаяць, пасядзець, паляжаць – з вамі я на ўсё згодны!
– Нават так?!
Яна дастала з сумачкі пачаты пачак цыгарэт, закурыла, прапанавала яму.
– Дзякую! – ён зноў усміхнуўся. – Не куру.
Дзяўчына, схаваўшы цыгарэты, моцна і глыбока зацягнулася, пасля павольна, не спяшаючыся, выпусціла дым праз ноздры. «Лепш было, калі б яна не курыла, – міжволі падумалася яму. – І што за смак яны знаходзяць у гэтым занятку? А ўрэшце, якая розніца!»
Дзяўчына яшчэ раз глыбока зацягнулася.
– Чаму вы на мяне так гледзіцё?
– Як? – Ён усміхнуўся. – Як гляджу?
– Ну… – Дзяўчына таксама ўсміхнулася, нетаропка збіла лакіраваным пазногцем з цыгарэты попел проста на падлогу і дадала: – Дзіўна неяк гледзіцё. Мне нават нядобра крыху. Гэта з-за таго, што я сама падышла да вас? З-за гэтага? Ён, працягваючы моўчкі ўсміхацца, асцярожна ўзяў у яе з рукі недакурак, выкінуў яго ў адчыненую фортку.42
– Вы падышлі да мяне толькі таму, што я вельмі жадаў гэтага. І ўвогуле, я…
У гэты час у пакоі загучала музыка.
– …я запрашаю вас на танец. Гэта вальс?
Яна кіўнула.
– Вы не супраць?
Дзяўчына зноў кіўнула і сама, першай, дакранулася да ягонай рукі. Праўда, амаль адразу ж адхапіла руку.
– У вас такія халодныя рукі! Нават не халодныя, а…
Яна змоўкла.
– Ледзяныя? – падказаў ён і зноў усміхнуўся. – Вы гэта хацелі сказаць?
– Не зусім. – Дзяўчына таропка зірнула на яго і зноў адвяла позірк. – Вам што, холадна?
– Холадна? – ён паціснуў плячыма. – Не! Ужо не…
Яна зноў і яшчэ больш уважліва паглядзела на яго. Гэта кепска. Трэба зараз жа, неадкладна пераключыць яе ўвагу на нешта іншае!
– Халодныя рукі – гарачае сэрца! – сказаў ён і, прыабняўшы дзяўчыну за вузкую талію, дадаў: – Пойдзем лепш танцаваць…
– Вы добра танцуеце, – сказала дзяўчына, калі танец нарэшце скончыўся, і яны зноў стаялі каля таго ж самага цёмнага акна. – Скажыце, а вы сваяк гаспадарам ці проста знаёмы?
– Проста знаёмы. – Ён зноў паглядзеў на гадзіннік насупраць. – А вы?
– Я таксама! – Дзяўчына ўсміхнулася і дадала: – Я тут наагул амаль нікога не ведаю. «Гэта добра! – міжволі падумалася яму. – Гэта проста выдатна!»
– І ведаеце, вы – першы, з кім я загаварыла сёння…
– Гэта, напэўна, лёс, – сказаў ён. – Вы верыце ў лёс?
– Веру! – сур’ёзна, нават занадта сур’ёзна адказала дзяўчына. – А вы?
– І я! – І з усмешкай дадаў: – Гэта адзінае, у што я пасапраўднаму веру.
Зноў загучала музыка, і яны зноў пайшлі танцаваць.
Дзяўчына ўсё шчыльней прыціскалася да яго, дыханне яе было не цёплым нават – гарачым, нясцерпна, невыносна нават гарачым… але даводзілася цярпець. Хутка, ужо хутка… «Ты сама выбрала свой лёс, дурніца! – з нечаканым жалем падумалася яму. – Сама выбрала свой лёс! Я цябе не выбіраў. Я мог і не заўважыць цябе. Вас было шасцёра… але ты сама выбрала свой лёс!»
– А вы чулі,– раптам прашаптала дзяўчына, горача дыхаючы яму ў самае вуха, – чулі пра гэтыя жудасныя забойствы? Чулі?
– Забойствы? – Ён уважліва паглядзеў на яе. – Якія забойствы?
– Вы і праўда не чулі?
– Праўда.
– Не можа быць! – у голасе дзяўчыны гучаў яўны недавер. – Пра гэта ж толькі і кажуць у горадзе!
– Вось як? – Ён памаўчаў крыху і дадаў: – Я прыехаў здалёк і толькі сёння раніцай, так што… А што гэта за забойствы?
У вачах у дзяўчыны штосьці мільганула. Магчыма, жах, а можа, і штосьці іншае…
– Іх знаходзяць мёртвымі! – ледзь чутна прашаптала яна. – З пракусанымі шыямі… без адзінай кроплі крыві… Уяўляеце – без адзінай кроплі!
– Уяўляю!
Цяпер ён глядзеў на шыю дзяўчыны, тонкую і на дзіва безабаронную. Глядзеў доўга. Потым перавёў погляд на гадзіннік на сцяне. І зноў утаропіўся прагным позіркам у гэтую тонкую, пяшчотную, безабаронную шыю…