Читать книгу Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка - Страница 11
Маленькія чырвоныя чалавечкі
ОглавлениеПершай у кабінет увайшла дзяўчынка. Яна спынілася каля дзвярэй, паглядзела на псіхатэрапеўта і моўчкі яму ўсміхнулася. Той таксама ўсміхнуўся ў адказ і хацеў нават штосьці сказаць дзяўчынцы, але ў гэты самы момант у кабінет увайшла жанчына, па ўсім відаць, яе маці.
– Добры дзень, доктар! – нясмела прамовіла яна і, узяўшы дзяўчынку за руку, падвяла яе да стала, за якім сядзеў псіхатэрапеўт. Той паказаў жанчыне на крэсла, і тая паслухмяна на яго апусцілася. Дзяўчынка працягвала стаяць побач.
Увесь той час, пакуль псіхатэрапеўт праглядваў гісторыю хваробы і іншыя паперы, якія ляжалі перад ім на стале, маці і дзяўчынка нават не варухнуліся. Маці сядзела, напружана выпрастаўшыся, яе вялікія, заплаканыя вочы з трывогай і адначасова з надзеяй сачылі за кожным рухам чалавека ў белым халаце, які сядзеў насупраць. Дзяўчынка ж, наадварот, разглядвала псіхатэрапеўта спакойна і нават з нейкай асаблівай цікаўнасцю.
– Ну што ж… – Псіхатэрапеўт адсунуў, нарэшце, усе паперы крыху ўбок і праз акуляры ўважліва паглядзеў на дзяўчынку. – Цябе Дашай завуць?
– Дашай. – Дзяўчынка зноў усміхнулася. – А вас?
– А мяне – Сяргей Фёдаравіч! – Псіхатэрапеўт памаўчаў крыху: – Не трэба мяне баяцца, Даша.
– А я і не баюся! – Дзяўчынка паглядзела на маці, сустрэлася з яе трывожным позіркам і дадала: – Гэта мама чамусьці вас баіцца!
Жанчына раптам гучна ўсхліпнула і, апусціўшы галаву, пачала хуценька выціраць вочы вялікай сіняй насоўкай.
– Так… – Псіхатэрапеўт задуменна забарабаніў пальцамі па паліраванай паверхні стала. – Скажы, Даша, і як даўно ты іх бачыш?
– З мінулага года! – адказала за дзяўчынку маці, нервова камечачы насоўку. – З таго самага часу, як…
– З таго часу, як бабулі стала блага! – закончыла фразу дзяўчынка. – Але ты памыляешся, мамачка! Я бачыла іх і раней, толькі ўвесь час неяк здалёк. А ў той дзень я ўпершыню ўбачыла іх у нашай кватэры. Ля бабулінага ложка…
Маці зноў усхліпнула і хацела штосьці ці то дадаць, ці то проста запярэчыць, але псіхатэрапеўт жэстам яе спыніў.
– І як яны выглядалі? – спытаў ён дзяўчынку. – Яны вялікія?
Дзяўчынка засмяялася.
– Яны зусім маленькія! – сказала яна. – І смешныя. А яшчэ яны вельмі чырвоныя, зусім як… як…
– Як морква? – паспрабаваў падказаць доктар, але дзяўчынка толькі адмоўна затрэсла галавой. – Ці, можа, як суніцы?
– Яны проста чырвоныя, і ўсё! – Дзяўчынка зноў засмяялася. – І мяккія. Як пластылін. І я з імі размаўляла, а яны сказалі мне, што прыйшлі па бабулю. Чаму ты плачаш, мамачка? – Дзяўчынка павярнулася да маці і пяшчотна пагладзіла яе па шчацэ. – Яны сказалі мне, што бабулі там будзе добра!
Жанчына са словамі «Прабачце, доктар!» раптам ускочыла з крэсла і, прыціснуўшы насоўку да вачэй, таропка выбегла з кабінета. Дзяўчынка нейкі час глядзела на прачыненыя дзверы, потым села на месца маці і зноў павярнулася да псіхатэрапеўта.
– Мама не верыць, што я іх бачу, – сказала яна, крыху сцішыўшы голас. – Яна думае, што я ўсё гэта толькі прыдумляю. А вы мне верыце? – раптам спытала яна псіхатэрапеўта. – Ці таксама лічыце, што я хлушу?
– Ну, зразумела ж, я так не лічу! – сказаў псіхатэрапеўт, крыху сумеўшыся пад гэтым ясным і даверлівым дзіцячым позіркам. – Я не лічу, што ты хлусіш, але… ведаеш, часам бывае, што чалавек раптам пачынае бачыць тое, чаго на самай справе няма. Гэта называецца…
– Галюцынацыяй? – перапыніла псіхатэрапеўта дзяўчынка. – Мама і пра гэта мне казала! Толькі яны не галюцынацыя, гэтыя чырвоныя чалавечкі! Яны сапраўдныя…
У гэты час у кабінет вярнулася жанчына. Яна паглядзела на дачку і, не падыходзячы да стала, апусцілася на самы край кушэткі, што стаяла каля сцяны. Насоўку жанчына па-ранейшаму нервова камечыла ў далонях.
– Ну што ж… – Псіхатэрапеўт уздыхнуў і пачаў хутка запаўняць нейкі чысты бланк. Потым ён адклаў асадку ўбок і зноў паглядзеў на дзяўчынку. – Скажы, а потым… ты іх бачыла потым? Пасля таго, як… Ён змоўк, не ведаючы, як лепш закончыць фразу.
– Пасля таго, як бабуля памерла? – здагадалася дзяўчынка. – А то! Я іх часта сустракала потым на дварэ, праўда, ніколі зблізку. А пасля яны зноўку наведаліся да нас. Гэта было, калі захварэла цётка Рая…
– Мая сястра! – падала голас жанчына. – Яна жыве з намі.
– Жыве? – Псіхатэрапеўт уважліва паглядзеў на жанчыну. – Дык яна… ачуняла?
– Ну, так! – жанчына сцвярджальна кіўнула. – У яе быў рак, прытым у самай запушчанай форме, а потым… потым яго раптам не стала…
– Як не стала? – спытаў псіхатэрапеўт. – Быў, і не стала?
Жанчына зноў кіўнула.
– Урач, які лячыў яе, сказаў, што гэта вельмі падобна на цуд! І што ён ніколі не паверыў бы, што такое ўвогуле магчыма… не паверыў бы, калі б сам не лячыў яе, калі б хто-небудзь іншы расказаў яму гэтую гісторыю…
– Проста я папрасіла чалавечкаў не чапаць цётку Раю! – сказала дзяўчынка. – Я растлумачыла ім, як сумна мне будзе без цёткі Раі…
– І яны паслухаліся? – з нечаканай цікаўнасцю спытаў псіхатэрапеўт.
Дзяўчынка кіўнула.
– Яны заўжды цябе слухаюцца?
Дзяўчынка паціснула плячыма.
– Не ведаю, я іх больш ні аб чым не прасіла. Я сказала ім, каб яны не чапалі цётку Раю, і яны адразу ж зніклі… А ведаеце, – яна зноў сцішыла голас, – тут, у вашай бальніцы, іх вельмі шмат! Нават у гэтым кабінеце!91
Псіхатэрапеўт міжволі агледзеўся па баках.
– Ну, ты і фантазёрка!
Доктар стрымана засмяяўся, але яго ніхто не падтрымаў і таму ён адразу ж змоўк. Дзяўчынка глядзела на псіхатэрапеўта неяк вельмі ўжо сур’ёзна і ўважліва, а яе маці пазірала на дачку з кепска прыхаваным спалохам.
– І іх тут шмат? – нечакана нават для сябе самога спытаў псіхатэрапеўт і, не чакаючы адказу, дадаў: – Што ім ад мяне трэба?
– Нічога! – дзяўчынка зноў паціснула плячыма. – Яны проста чакаюць…
– Чакаюць чаго?
Дзяўчынка не адказала.
– Чаго чакаюць?! – павысіў голас псіхатэрапеўт. – Прызнайся, што ты ўсё гэта прыдумала! Прыдумала, так?!
– Яны просяць вас не крычаць на мяне! – ціха сказала дзяўчынка. – Ім гэта не падабаецца!
– Ах, ім гэта не падабаецца! – Устаўшы з-за стала, псіхатэрапеўт шпарка падышоў да акна, спыніўся каля яго, нейкі час бяздумна глядзеў уніз. – Не падабаецца… скажыце, калі ласка!
Дзяўчынка таксама ўстала з крэсла і, падышоўшы да псіхатэрапеўта, асцярожна дакранулася да ягонай далоні сваімі маленькімі пальчыкамі.
– Хочаце, я папрашу іх знікнуць? – ціха спытала яна.
Псіхатэрапеўт, з тварам поўным здзіўлення, павярнуўся да дзяўчынкі, іх позіркі сустрэліся.
– Яны сказалі мне, што ў вас вельмі зношанае сэрца, – гэтак жа ціха дадала дзяўчынка. – І што ў вас ужо было некалькі мікраінфарктаў. Я, праўда, не ведаю, што гэта такое, але… нічога! Я папрашу іх пакінуць вас у спакоі,– прамовіла яна ўжо гучней. – Не ведаю, паслухаюць яны мяне ці не… але ж паспрабаваць можна! Калі вы гэтага вельмі хочаце…
У гэты момант шырока расчыніліся дзверы і ў кабінет увайшла медсястра.
– Сяргей Фёдаравіч, вы не забыліся пра нараду? – падкрэслена гучна спытала яна, непрыязна зірнуўшы ў бок жанчыны. Жанчына адразу ж таропка ўзнялася з кушэткі.– Між іншым, да яе пяць хвілін засталося!
– Я памятаю!
Псіхатэрапеўт замітусіўся, выцягнуў з шуфлядкі стала нейкія паперы, таропка пачаў іх перагортваць, адбіраючы патрэбныя. Не звяртаючы больш аніякай увагі ні на дзяўчынку, ні на яе маці, ён заспяшаўся да выхаду і толькі каля самых дзвярэй азірнуўся. Жанчына нерухома стаяла каля дзяўчынкі, абдымаючы яе рукой за плечы.
– Ведаеце, я зусім забыўся пра гэтую нараду! – і быццам пра штосьці разважыўшы – Пачакайце мяне ў калідоры, добра?
– Можа, нам лепш прыйсці заўтра? – нясмела прапанавала жанчына.
– Не, не! Пачакайце! – Псіхатэрапеўт паглядзеў на гадзіннік. – Я доўга не затрымаюся… пастараюся не затрымацца доўга… Ён выйшаў. Медсястра памарудзіла крыху, нецярпліва чакаючы, пакуль жанчына з дзяўчынкай таксама пакінуць кабінет, потым выйшла з яго і сама.
– Дык нам пачакаць? – спыталася ў яе жанчына.
Нічога не адказаўшы, медсястра пагардліва паглядзела на жанчыну, потым павярнулася і павольна пайшла прэч. Яна ішла па калідоры, а жанчына глядзела ёй услед і ва ўласным яе позірку па-ранейшаму дзіўна перапляталіся трывога і надзея, надзея і трывога…
Потым дзяўчынка ціхенька тарганула маці за руку.
– Пойдзем дамоў, мамачка! – ціха сказала яна.
– Дамоў? – Жанчына нерашуча паглядзела на дачку. – Але ж доктар… ён прасіў нас пачакаць, пакуль вернецца…
– Ён не вернецца!
– Не вернецца?
Жанчына нахілілася, яе вялікія змучаныя вочы апынуліся раптам зусім побач з яснымі блакітнымі вачыма дзяўчынкі.
– Чаму ён не вернецца?
Дзяўчынка толькі моўчкі паціснула плячыма.
– Гэта яны сказалі табе?
Дзяўчынка кіўнула.
Дзесьці ў глыбіні калідора пачуліся раптам нечыя ўсхваляваныя галасы, двое мужчын ў белых халатах хутка прабеглі каля жанчыны з дзяўчынкай. У руках аднаго з іх былі насілкі.
– Гэта Сяргею Фёдаравічу блага! – праводзячы іх поглядам, паведаміла дзяўчынка. – Сэрца не вытрымала. Каля ліфта. Але дарэмна яны так спяшаюцца… яму ўжо не дапамагчы. Куды ты, мамачка?!
Жанчына выпрасталася і нечакана пабегла па калідоры ўслед за мужчынамі. Дзяўчынка таксама бегла за ёй, але, як ні старалася, усё адно не паспявала. І толькі за паваротам, калі жанчына спынілася, дзяўчынка змагла дагнаць яе. І адразу ж ухапіла за руку.
Каля ліфта сапраўды сабралася шмат людзей, пераважна ў белых халатах. Псіхатэрапеўт нерухома ляжаў на падлозе, тварам уверх, адна з жанчын толькі што зрабіла яму ўкол… побач з ёй санітары завіхаліся з насілкамі…
– Калі б я папрасіла іх там, у кабінеце… – нечакана гучна сказала дзяўчынка. – А цяпер іх ужо позна прасіць…
– Дык яны што, сапраўды існуюць?! – Голас жанчыны раптам спалохана задрыжаў і сарваўся. – Іх тут шмат?!
Дзяўчынка кіўнула галавой.
– І што яны робяць зараз?
Дзяўчынка раптам весела засмяялася:
– Скачуць, дражняцца, паказваюць мне языкі. А адзін з іх толькі што паглядзеў на цябе, мамачка!
– На мяне?! Ён паглядзеў на мяне?!
У дрыжачым голасе жанчыны быў жах, самы сапраўдны жах.
– Ён і зараз на мяне глядзіць?!
Дзяўчынка зноў сцвярджальна кіўнула. Потым яна прыўзнялася на дыбачкі, абняла аберуч маці за шыю і моцна-моцна пацалавала яе ў шчаку.
– Не бойся, мамачка! – прашаптала яна жанчыне ў самае вуха. – Няхай глядзіць! Цябе я ім не аддам! Бо мне без цябе будзе сумна! Вельмі сумна! І яна зноў пацалавала жанчыну ў шчаку.