Читать книгу Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка - Страница 4
Лясное возера
ОглавлениеВогнішча дагарала.
Дакладней, яно ўжо зусім дагарэла, і цяпер, амаль не асвятляючы нічога вакол, толькі тлела, таямніча і задуменна, пабліскваючы залаціста-чырвоным вуголлем. Гэта было вельмі прыгожае відовішча, і так не хацелася яго парушаць…
Андрэй пачакаў яшчэ крыху, потым усё ж прыўзняўся і, узяўшы навобмацак некалькі сухіх галінак, кінуў іх у самы цэнтр вогнішча. Прыемна было назіраць, як хутка і прагна ўхапіла вогнішча сваю здабычу, з якой асалодай ускінуліся ўверх чырвоныя языкі полымя. Але былой прыгажосці ўжо не было, яна знікла…
– Падкінь яшчэ! – папрасіла Хрысціна. – Холадна!
Андрэй падкінуў яшчэ, а Ігар, паглядзеўшы на гадзіннік, устаў.
– Усё ж пойдзеш? – спытаў Андрэй, і Ігар кіўнуў сцвярджальна. – Рабіць табе няма чаго!
Ігар нічога не адказаў.
– Ты сапраўды верыш у тое, што сказаў гэты стары?
– А ты?
Цяпер ужо прамаўчаў Андрэй. Ён толькі паціснуў плячыма і зноў пачаў старанна падкідваць ў агонь сухія галінкі.
– Не ідзі! – прашаптала Хрысціна. – Я баюся!
Ігар усміхнуўся, уключыў ліхтарык, выключыў…
– Казкі ўсё гэта! – Ён засунуў ліхтарык у кішэню курткі.– Лухта!
– А калі не?!
– Вось я і праверу!
Ён павярнуўся і нетаропка, павольна нават, пакрочыў у бок возера. І Андрэй з унутраным нейкім болем паспеў заўважыць, як ускінуліся ўслед Ігару блакітныя вочы Хрысціны. Ускінуліся ненадоўга, на нейкія кароткія долі імгнення ўсяго… але і гэтага было больш чым дастаткова, і гэта было куды больш красамоўна за самыя красамоўныя словы…
Андрэй моцна сцяў зубы. «Не трэба было мне ехаць сюды! – міжволі падумалася яму. – Відаць жа, усё відаць… простым вокам відаць!»
Сцяжынка да возера крута зварочвала ўбок, а вакол быў лес, таму цьмяная Ігарава постаць даўно ўжо знікла, растварыўшыся ў суцэльнай гэтай цемры. Ды і Хрысціна ўжо не глядзела ў той бок, цяпер яна моўчкі пазірала на вогнішча, якое паступова разгаралася.
На сэрцы ў Андрэя стала крыху лягчэй. «Трохкутнік! – горка ўсміхаючыся, падумаў ён. – Звычайны, класічны, зашмальцаваны ў мностве літаратурных сюжэтаў трохкутнік! Ён кахае яе, яна ж абавязкова павінна кахаць кагосьці трэцяга… ну, а сам гэты трэці…»
Андрэй уздыхнуў. «Гэты трэці – лепшы за цябе ва ўсіх адносінах! – нагадаў ён сабе. – Давай будзем глядзець праўдзе ў вочы! Ён прыгажэйшы за цябе, дужэйшы… смялейшы, нарэшце! Цікава, ці пайшоў бы я туды зараз, вось так, адзін… асабліва пасля ўчарашніх гэтых баек?» І Андрэй зноў непрыкметна ўздыхнуў.
– Чаму ты не пайшоў з ім?!
Ахоплены невясёлымі думкамі, Андрэй не адразу і зразумеў, што гэта ўжо не ягоныя думкі, што гэта спыталася Хрысціна, і пытанне адрасуецца менавіта яму. Ды і каму, скажыце, яно магло быць яшчэ адрасаванае тут, у гэтым глухім месцы?
– Ты проста спалохаўся!
Андрэя больш за ўсё ўразілі нават не самі крыўдныя гэтыя словы, больш за ўсё яго ўразіў тон, якім яны былі кінуты яму проста ў твар. Яна не пыталася… яна сказала абразлівую гэтую фразу, як нешта само сабой зразумелае, як факт, які нават не патрабуе ні доказаў, ні каментарыяў. І Андрэй зусім не ведаў, што адказаць ёй… і як адказаць. І таму, не адказваючы нічога, ён проста ўзняўся.
– Куды ты?! – устрывожана спыталася дзяўчына.
Андрэй зноў прамаўчаў.
– А я?! Ты што, пакінеш мяне тут адну?!
Не адказваючы, Андрэй проста паглядзеў на яе. Хрысціна таксама глядзела яму ў вочы… і гэтае процістаянне вачэй працягвалася даволі доўга. Потым Хрысціна ўздыхнула і першай адвяла позірк.
– Я пажартавала! – ціха сказала яна. – Прабач, калі ласка! Сядай! Ды сядай жа ты!
Андрэй паслухмяна сеў. І ў гэту самую хвіліну аднекуль з боку возера данёсся да іх адчайны чалавечы крык. Дакладней, крык гэты быў амаль нечалавечы – столькі ў ім было жаху, болю, адчаю. І яшчэ чагосьці такога, для вызначэння чаго ў чалавечай мове проста бракуе патрэбных слоў… І Андрэй, і Хрысціна ўскочылі на ногі амаль адначасова. А крык гэты, адчайны, нямы, нялюдскі крык гэты абарваўся, рэзка і адразу, нібыта чалавеку, які так нема крычаў, забілі чымсьці рот.
Магчыма, вадой…
– О, божа! – прашаптала Хрысціна дрыжачымі вуснамі: – Гэта… гэта Ігар! Гэта з ім штосьці!
Андрэй нічога не адказаў, і нейкі час яны стаялі, моўчкі і нерухома, трывожна ўслухваючыся ў падманлівую цішыню ліпеньскай ночы. І, нават не дакранаючыся да дзяўчыны, Андрэй адчуў раптам, як яна ўся дрыжыць.
– Чаму ён замаўчаў?! – голас Хрысціны быў нейкі хрыплы, надломлены… быццам і не яе голас. – Чаму ён… што з ім здарылася, Андрэй?!
Гэтага Андрэй не ведаў. Ён нават не быў упэўнены, што адчайны крык гэты належыў сябру… хоць, каму яшчэ ён мог тут належыць! Хрысціна моўчкі глядзела на Андрэя, яна задала пытанне і чакала адказу, а што ён мог ёй адказаць?! Трэба было ўсё ж сказаць ёй хоць штосьці, хоць неяк супакоіць дзяўчыну, але дрыжачыя вусны не хацелі слухацца. І Андрэй зноў успомніў таго, учарашняга, старога і ягоныя байкі наконт гэтага возера.
Учора яны і сапраўды здаліся ім проста байкамі…
– Андрэй, чаму ты маўчыш? – прашаптала Хрысціна. – Скажы хоць што-небудзь!
Андрэй паварушыўся.
– Трэба ісці! – ціха сказаў ён і амаль не пазнаў свайго голасу. – Трэба ісці туды, каб… – прагаварыў ён ужо гучней, – …каб даведацца… Мне ісці…
– Нам! – Хрысціна моцна ўхапіла хлопца за руку. – Я не застануся тут, без цябе! І яны пайшлі.
Ноч была ціхая, а неба бясхмарным і на дзіва зорным, але, на вялікі жаль, быў час маладзіка. Адзіны ліхтарык забраў Ігар, таму ішлі яны вельмі павольна, то спатыкаючыся аб нейкія нябачныя ў цемры пні і карэнне, то натыкаючыся тварамі на такія ж нябачныя галінкі дрэў і кустоў. І Андрэй уявіў раптам, як ішоў тут Ігар, зусім нядаўна ішоў. Вось ён ужо каля возера, вось вузенькі праменьчык ліхтарыка, перабягаючы з месца на месца, асвятляе нарэшце ваду, трыснёг ля берага… лёгкі празрысты туман ляніва плыве ўдалячынь… Вось Ігар спыняецца каля самай вады, нахіляецца, зачэрпвае далонню цёплую гэтую ваду… І раптам з возера, з падманлівай гэтай цішыні…
Усё так, як і казаў учора той стары!
Ногі былі нібыта ватныя, сэрца моцна стукала ў грудзях і толькі цудам, здаецца, адтуль не выскоквала. Хрысціна паслухмяна ішла побач, яна па-ранейшаму моцна трымалася за Андрэеву руку. У іншых абставінах гэта было б вельмі і вельмі прыемна… але зараз Андрэю было зусім не да прыемнасцяў…
Возера знаходзілася дзесьці побач. Яно вось-вось павінна было адкрыцца сярод чорных дрэў, і Андрэй ужо амаль падрыхтаваўся да гэтай сустрэчы. І ўсё ж, калі яно і сапраўды бліснула нарэшце наперадзе, цьмяна і таямніча, хлопец адчуў раптам, як па спіне прабег непрыемны халадок. Адразу ж захацелася спыніцца, не ісці далей… а найлепш – проста павярнуць назад, і, можа, калі б Андрэй ішоў адзін, ён так і зрабіў бы. Але побач ішла Хрысціна, яна моцна трымалася за ягоную руку, таму Андрэй дазволіў сабе спыніцца толькі тады, калі да берага засталося якіх-небудзь пяць-шэсць крокаў. Хрысціна таксама спынілася побач, руку ягоную яна так і не адпусціла.
На беразе нікога не было.
– Ігар! – трывожным ліхаманкавым шэптам паклікала Хрысціна: – Ігар, ты дзе?!
Адказам ёй было абсалютнае маўчанне. Возера ляніва раскінулася перад імі, яно ляжала, перабіраючы хвалі, і яму не было аніякай справы да дваіх да паўсмерці перапалоханых чалавечкаў, якія так выпадкова патрапілі сюды, на ягоныя берагі. Возера не звяртала ніякай увагі на чалавечкаў, яно проста ігнаравала абаіх…
Ці, можа, прыкідваючыся абыякавым, уважліва сачыла за кожным іхнім рухам?!
– Ігар! – зноў выгукнула Хрысціна і, адпусціўшы, нарэшце, руку Андрэя, зрабіла крок наперад.
– Не падыходзь! – Андрэй схапіў дзяўчыну за руку і з сілай ірвануў на сябе. Яны сутыкнуліся, і Хрысціна, прытуліўшыся да Андрэя, горка заплакала.
– Ігар! – шаптала яна праз слёзы: – Божа мой, Ігар! Што ж гэта такое, Андрэй?! Што ж гэта такое!
А Андрэй нібыта скамянеў. І зрок, і слых, усе ягоныя пачуцці працавалі зараз на поўную магутнасць, і ўсе яны сігналізавалі аб небяспецы! Тое «штосьці», неверагоднае, жахлівае тое «штосьці», тое, што ніяк не магло існаваць у звышрацыянальным нашым свеце, і тым не менш, калі верыць словам учарашняга старога, усё ж існавала… і існавала менавіта тут, у лясным гэтым возеры, тое, чыёй апошняй ахвярай стаў Ігар – яно было дзесьці побач, зусім нават побач! Яно было побач і чакала толькі зручнага моманту для нападу, а пакуль проста сачыла за імі мёртвымі сваімі вачніцамі… І, магчыма, яму ўжо надакучыла проста чакаць…
– Пойдзем адсюль! – хрыпла прашаптаў Андрэй. – Хутчэй!
– А Ігар?!
Штосьці плёснула ў трыснягу… рыба не рыба, звер не звер… плёснула, зашапацела. Чуваць было, як хтосьці, вялізны і нязграбны, брыў праз густы трыснёг сюды, да берага. Потым да слыху скамянелага ад жаху Андрэя данёсся чыйсьці, выразна чутны ці то ўздых, ці то стогн…
– А-а-а! – нема закрычала Хрысціна, кідаючыся прэч. Андрэй пабег следам. І так яны беглі, не спыняючыся, нейкі час, беглі напрасткі, 35 праз густыя калючыя зараснікі. Яны беглі, а вогнішча ўсё не было і не было відаць і раптам перад імі… зноўку бліснула возера.
– О, божа! – прастагнала Хрысціна. – О, божа! І зноў яны беглі прэч, беглі па чужым, жудасным, злавесным гэтым лесе, а лес, нібыта жывая істота, усё спрабаваў неяк затрымаць іх, не выпусціць са сваіх уладанняў, балюча хапаючы сваімі каравымі пальцамі-галінкамі то за адзенне, то за валасы, то за твар… Яны беглі доўга, цэлую вечнасць і… зноў выбеглі на бераг возера, і спыніліся, зусім здранцвелыя ад жаху.
– Не магу больш! – закрычала Хрысціна. – Зрабі што-небудзь, чуеш! Зрабі што-небудзь!
У трыснягу зноў штосьці зашапацела, захрыпела, загукала… і зноў хтосьці вялікі ўпарта спрабаваў выбрацца на бераг… але Андрэй з Хрысцінай ужо беглі прэч, дакладней, бег Андрэй, а Хрысціну ён проста цягнуў за сабой. Некалькі разоў дзяўчына падала, і Андрэю даводзілася спыняцца і падымаць яе, а адзін раз яны ўпалі ўжо ўдваіх…. Яны беглі, не ведаючы нават куды, толькі б далей ад праклятага гэтага возера, ад злавеснага гэтага лесу, які ніяк не жадаў закончыцца і адпусціць іх…
А потым Андрэй нечакана для сябе ўбачыў злева, крокаў за трыццаць, вогнішча і адразу ж кінуўся да яго…
Вогнішча гарэла ярка, на дзіва ярка, а непадалёку ад яго сядзеў… Ігар! Сядзеў і глядзеў проста на іх.
Усё так, як і казаў той стары!
– Ігар! – узрадавана кінулася да хлопца Хрысціна, але Андрэй паспеў схапіць яе за руку.
– Не падыходзь да яго!
– Чаму? – Хрысціна здзіўлена азірнулася. – Гэта ж Ігар!
– Гэта не Ігар!
Андрэй глядзеў на Ігара (ці на таго, хто выдаваў сябе за яго), а Ігар (ці той, хто ім прыкідваўся) таксама глядзеў проста ў вочы Андрэю. І так яны глядзелі адзін на аднаго даволі працяглы час, глядзелі і маўчалі.
– Значыць, я не Ігар? – Ігар паціснуў плячыма, усміхнуўся. – А хто ж я тады, цікава?
Андрэй моўчкі глядзеў на сябра. Ці на таго, хто ўмела выдаваў сябе за яго… Ігар зноў усміхнуўся:
– Ды вы што, сур’ёзна ўсё гэта?! Хрысця, ты што?! Хадзі да мяне!
– Не ідзі! – таропка прагаварыў Андрэй. – Заставайся тут!
Хрысціна бездапаможна і неяк умольна паглядзела на Андрэя, потым перавяла позірк на Ігара, зноў паглядзела на Андрэя… І засталася на месцы.
– Ды вы што?! – Ігар ускочыў на ногі.– Вы што, звар’яцелі з перапуду?! Гэта быў жарт! Звычайны жарт! Жарт, разумееце?!
– Ты мокры! – хрыпла прагаварыў Андрэй. – Чаму ты ўвесь мокры?
– Мокры? – Ігар уважліва і неяк недаўменна паглядзеў на сваё адзенне. – Ну, мокры! Што з гэтага?
– Ты не Ігар!
– Ну, трэба ж! – Ігар засмяяўся, але засмяяўся адзін і таму адразу ж змоўк. – Вы гэта знарок, так? Вас раззлаваў мой жарт… і таму вы, наўмысна… Ён зноў змоўк, не дагаварыўшы.
– Ты не Ігар! – упарта паўтарыў Андрэй. – Не ведаю, хто ты… але ты не Ігар!
– Ідыёт! – закрычаў раптам Ігар, сціскаючы кулакі і робячы крок наперад. – Ты мяне ўжо «дастаў», дэбіл! І адразу ж спыніўся, убачыўшы ў руцэ Андрэя нож…
– Не падыходзь! – прашаптаў Андрэй, адчуваючы, як нешта балюча сціснулася ў грудзях, як адчайна, сутаргава нават застукала сэрца. – Лепш не падыходзь!
– Дэбіл! – паўтарыў Ігар са злосцю і незразумелым адчаем. – Ды калі б я быў якім-небудзь… тапельцам – што мне тады твой нож! Паварушы мазгамі, ідыёт! – Ён абхапіў галаву рукамі.– І я ідыёт! Знайшоў з кім жартаваць! Ён змоўк. І Андрэй таксама маўчаў, не апускаючы нажа, і маўчала Хрысціна, спалохана пераводзячы позірк з аднаго на другога. І было вельмі ціха і вельмі няўтульна на маленькай лясной палянцы.