Читать книгу Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка - Страница 8

Сустрэча

Оглавление

Плошча каля крамы была ярка асветленая шматлікімі ліхтарамі і рэкламай, і таму дзяўчына з юнаком былі добра відаць. Але зусім не відаць было старога, які моўчкі пазіраў на іх з цемры старога парку.

«Гэта не яна! – зноў падумалася старому. – Так не бывае… не павінна быць! Я памыліўся, проста памыліўся!»

Але дзяўчына зноў засмяялася, звонка і знаёма. Потым, узняўшы руку, яна яшчэ больш знаёмым жэстам правяла па валасах чарговага свайго кавалера… а ў старога раптам балюча сціснула сэрца і на кароткае імгненне аж перахапіла дыханне. Ён нават сам крыху здзівіўся гэткай сваёй рэакцыі…

Што гэта? Боль успаміну? Ці ён – смешна казаць – усё яшчэ кахае яе, старая развалюха?

Стары ўздыхнуў, нейкі час глядзеў на сваю тонкую дрыготкую руку, рука павольна ўзнялася, і пальцы старога міжволі намацалі ледзь прыкметны шнар на шыі.

Шнар даўно загаіўся… а дзяўчына выглядала такой юнай, зусім яшчэ дзяўчо…

Як і тады, у Юрмале!

Так, гэта была яна… і ўсё ж такога не магло быць, ніяк не магло! Ён сам, пэўна, з’ехаў з глузду, стары дурань, вось і прыдумляе бог ведае што…

У гэты час дзяўчына зноў весела засмяялася і сказала штосьці свайму кавалеру. Той у адказ толькі моўчкі кіўнуў і, павярнуўшыся, нетаропка пакрочыў у бок крамы. Сама ж дзяўчына нечакана падалася ў процілеглы бок, якраз туды, дзе, нябачны ў цемры, стаяў стары. Дзяўчына ішла проста да яго, і стары ўжо хацеў саступіць ёй дарогу, адысці куды далей у цемру, як раптам убачыў радзімку над левым брывом дзяўчыны, таксама такую знаёмую радзімку. І тады ён не толькі не падаўся ў цемру, але наадварот – сам зрабіў крок насустрач, перагароджваючы дзяўчыне далейшы шлях.

– Хто вы?! – рэзка і нават спалохана ўскрыкнула яна, спыняючыся і трывожна азіраючыся па баках. – Што вам ад мяне трэба?!

Яе рэакцыя была такой натуральнай, што стары зноў засумняваўся. І калі б не гэтая радзімка над левым брывом…

– Што вам трэба?! – зноў паўтарыла дзяўчына, ужо куды спакайней.

– Юрмала! – ціха сказаў стары, па-ранейшаму не зводзячы з дзяўчыны насцярожана-ўважлівага позірку. – Успомні Юрмалу, семдзесят першы год. Успомні Вадзіма….

Калі б дзяўчына, весела рассмяяўшыся, паслала яго куды далей і дадала, што ў далёкім семдзесят першым годзе яна і на свеце нават не існавала яшчэ, гэта было б нармальна і цалкам зразумела. І стары, прамармытаўшы нязграбныя прабачэнні, адразу б пакінуў яе ў спакоі і пашкандыбаў прэч. Але дзяўчына нічога такога не сказала. Доўга і ўважліва глядзела на старога, вельмі доўга…

– Ты – Вадзім? – спытала яна ці то са дзіўленнем, ці то з недаверам. Раптам прыгожыя вусны дзяўчыны перакрывіла такая знаёмая і такая абаяльная ўсмешка… праўда, яна амаль адразу ж знікла, змяніўшыся грэблівай грымасай: – Які ж ты стаў стары і непрыгожы!

– Затое ты… – ад хвалявання ў старога нават перахапіла дыханне. – Як змагла ты так захавацца, застацца ранейшай? – У галаве старога раптам маланкай прамільгнула здагадка, пальцы ягоныя зноў міжволі намацалі шнар на шыі.– Гэта з-за гэтага, так?

Дзяўчына нейкі час моўчкі ўзіралася ў худы, пасечаны маршчынамі твар старога, нібыта шукаючы штосьці знаёмае ў незнаёмым гэтым твары. Шукала і не знаходзіла…

– Ты застаўся жывы, – нарэшце сказала дзяўчына і зноў усміхнулася старому абаяльна-знаёмай усмешкай. – Ведаеш, я рада, што ты не загінуў тады, бо я… я сапраўды кахала цябе ў той час.64

– Кахала?! – не верачы сваім вушам перапытаў стары. – Гэта я кахаў цябе, я, а не ты! Я на ўсё быў гатовы дзеля цябе, дзеля свайго кахання! На ўсё, разумееш! А ты… што ты зрабіла са мной?! – Ён задыхаўся ад гневу і абурэння. Нейкі час яны стаялі моўчкі, потым дзяўчына ўздыхнула і неяк няўпэўнена паціснула плячыма.

– Ведаеш, я не хацела гэтага! – прашаптала яна хутка і ледзь выразна. – Я ніколі не рабіла гэтага з тымі, каго па-сапраўднаму кахала. Я проста знікала з іх жыцця, знікала назаўсёды… так я планавала зрабіць і з табой. А ў той вечар…

– Што ў той вечар? – перапытаў стары.

Дзяўчына зноў уздыхнула:

– Я проста шмат выпіла ў той вечар. Выпіла… ну, і страціла кантроль… Не трэба мне было так шмат піць тады!

– Колькі табе гадоў? – спытаў раптам стары. – Сто? Дзвесце? Тысячу? Колькі?

Дзяўчына глядзела на яго, глядзела і чароўна ўсміхалася. Яна выглядала такой юнай…

– Больш за тысячу? – Стары раптам адчуў, што яшчэ хвіліна і ён звар’яцее. – Табе больш за тысячу? Гэта праўда?

– Даруй за той вечар! – хуценька прамовіла дзяўчына і нервова азірнулася ў бок крамы. – Даруй і ідзі! Ідзі, чуеш?!

Стары таксама паглядзеў у той бок. Юнак стаяў на прыступках з вялікім пакетам у руцэ і, здаецца, пералічваў грошы.

– Ідзі! – паўтарыла дзяўчына, настойліва і нават з пагрозай. – І не раўнуй, я яго не кахаю.

– Раўнаваць?! – Пальцы старога зноў намацалі шнар на шыі.– Я проста хачу папярэдзіць яго!

– Навошта?

Не адказваючы, стары зноў уважліва паглядзеў на дзяўчыну. Яна вытрымала ягоны позірк, усміхнулася, паціснула абыякава плячыма.

– Мне гэта неабходна, разумееш! Я не магу без гэтага! – дзяўчына зноў усміхнулася. – А ты лепш ідзі! Ідзі і не перашкаджай мне!

Стары зноў зірнуў у бок крамы. Юнак ужо ішоў сюды, да іх…

– Ідзі! – дзяўчына ўжо занервавалася. – Лепш ідзі!

– Ну, не! – стары матлянуў галавой. – Я не дазволю табе зрабіць гэта з ім!

– Не дазволіш?! – У голасе дзяўчыны стары нечакана адчуў халодную здзеклівую ўсмешку. – Ты сапраўды так лічыш?

Дзяўчына раптам ірванула блузку на грудзях. З трэскам пасыпаліся гузікі, на нейкае імгненне перад вачамі старога прамільгнулі, як былы ўспамін, яе бездакорна прыгожыя грудзі. Дзяўчына моцна, аберуч, абхапіла яго за шыю, з сілай прыцягнула да сябе.

– Ты што?! – агаломшана прахрыпеў стары, беспаспяхова спрабуючы вызваліцца. – Навошта ўсё гэта?! Пусці! Пусці, я ўсё адна…

Дзяўчына раптам спрытна падсекла ягоную нагу, і яны разам зваліліся ў траву.

– Дапамажыце! – адчайна закрычала дзяўчына, па-ранейшаму моцна прыціскаючы твар старога да сваіх аголеных грудзей. – Хто-небудзь! Дапамажыце!

Моцная рука ўхапіла раптам старога за каўнер і адным рыўком паставіла на ногі. Перад самым сваім тварам ён убачыў раз’юшаны твар юнака.

– Казёл памаўзлівы! – прашыпеў юнак проста ў твар старога. – Ды я ж цябе зараз…

– Як добра, што ты паспеў, Боб! – усхліпваючы, дзяўчына марна старалася прыладзіць на месца ўшчэнт разадраную блузку. – Інакш… інакш… – яна зноў усхліпнула. – Навошта ён гэта зрабіў, Боб?!

– Паслухайце, я… – Голас старога ўсхвалявана дрыжэў і зрываўся. – Разумееце, усё было зусім не так! Я… яна…

Атрымаўшы моцны ўдар у сківіцу, стары, адляцеўшы на некалькі метраў, моўчкі асеў на зямлю.

– Казёл! – падбегшы, юнак з усяго размаху ўдарыў старога ў жывот цяжкім чаравікам. – Яшчэ жадаеш?!

– Я… яна… – прахрыпеў стары, усё яшчэ спрабуючы ўзняцца. – Выслухайце мяне, гэта вельмі важна! Бо яна…

– Мала табе, казёл!

Чарговы ўдар чаравіка патрапіў старому ў скроню, і ён, асекшыся на паўслове, непрытомна зваліўся ў густую духмяную траву начнога парку.

– Чорт! – вылаяўся юнак, трывожна азіраючыся па баках. – Здаецца, трэба тэрмінова адсюль звальваць! Хадзем, дзетка!

Праз якую пару хвілін шыкоўная іншамарка ўжо несла іх прэч ад месца здарэння па ярка асветленых вуліцах вечаровага горада.

– Ты такі круты! – пяшчотна шаптала дзяўчына, даверліва прытуліўшыся шчакой да каменна-цвёрдага пляча свайго спадарожніка. – Ведаеш, калі я з табой – я нічога не баюся! І я… – дзяўчына сарамліва ўсміхнулася, зноў пачала папраўляць разадраную блузку, – я так жадаю цябе!

– Я таксама жадаю цябе, дзетка! – прамармытаў юнак, уважліва сочачы за дарогай. – Нават больш, чым ты!

– Больш, чым я? – Дзяўчына абаяльна і адначасова неяк загадкава ўсміхнулася: – Больш, чым я, – ды такое проста немагчыма, любы!

Пад словам «жадаю» яны мелі на ўвазе розныя рэчы. Зусім розныя…

Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік)

Подняться наверх