Читать книгу Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік) - Генадзь Аўласенка - Страница 12
Выпусціце мяне!
ОглавлениеЗайшоўшы ў вагончык, Андрэй не адразу ўбачыў дзяўчыну, а ўбачыўшы, адразу ж сарамліва апусціў вочы. З абурэннем павярнуўся да Паўла:
– Чаму яна без адзення?! – Андрэй памаўчаў крыху і дадаў з раздражненнем: – Навошта вы яе распранулі?
Павел вінавата паціснуў плячамі і нічога не сказаў.
– Вы што, з глузду з’ехалі?!
– Мы яе такой і прывезлі! – падаў голас нябачны з-за Паўла Алег. – Без нічога…
Андрэй уздыхнуў.
– Папярэджваць трэба! – буркнуў ён, па-ранейшаму пазбягаючы глядзець у той бок вагончыка, дзе, скурчыўшыся ў камячок, сядзела ля самай сцяны дзіўная гэтая дзяўчына. – Хопіць на яе вытарашчвацца! – з новай, нечаканай нават для сябе самога злосцю, дадаў Андрэй, паварочваючыся да хлопцаў.– Адзенне лепш прынеслі б хоць якое!
Хлопцы паслухмяна адвярнуліся, і нейкі час усе ўтрох стаялі так і маўчалі.
– Адзенне ёсць! – нарэшце прамовіў Павел. – Вунь яно, побач з ёй ляжыць. Толькі яна…
– Сілком жа яе не будзеш апранаць! – дадаў Алег, зноў паварочваючыся ў бок дзяўчыны. – Ці мо паспрабаваць?
– А што з міліцыяй? – Андрэй паспяшаўся неяк змяніць тэму гаворкі.– Хто з вас тэлефанаваў? Ты?
– Я! – сказаў Павел.
– Прыедуць?
– Сказалі, што сёння не змогуць… – Павел таксама павярнуўся, кінуў хуткі погляд на дзяўчыну. – Заўтра абяцалі пад’ехаць з раніцы, а сёння, сказалі, няхай у нас пераначуе…
– Дзякуй вялікі! – злосна кінуў Андрэй. – Узрадаваў!
– За што купіў…
Нейкі час яны зноў памаўчалі.
– Яшчэ сказалі,– дадаў Павел, не адрываючы прагнага позірку ад аголенага цела дзяўчыны, – што ніхто ў іх за апошні час не знікаў, і што ніякіх заяў такога кшталту да іх даўно ўжо не паступала…
– Зразумела!
– Зразумела, што справа цёмная! – падсумаваў Алег. – Слухайце, а можа, яна нудыстка якая? Ці мо з псіхушкі збегла?
– А яны тут ёсць, псіхушкі? – Андрэй асцярожна выцягнуў з кішэні самаробную зашмальцаваную карту мясцовасці, яшчэ больш асцярожна яе разгарнуў.– Вось, глядзіце… да найбліжэйшай вёсачкі кіламетраў з восем, не менш… А вось тут… – Ён павольна правёў пальцам па карце. – Вы яе тут, ля возера, сустрэлі?
– Крыху далей, за возерам, – сказаў Павел. – Вось тут прыблізна. – Ён таксама тыцнуў пальцам у карту. – Яна ў кустах хавалася… потым паспрабавала ўцячы…
– Ад вас уцячэш!
Яны зноў замаўчалі. Дзяўчына таксама сядзела моўчкі і без усялякай цікаўнасці глядзела на іх. Нават, хутчэй, не на іх, а на маленькае акенца за іх спінамі…
– Што яна магла там рабіць адна, ды прытым без адзення?
Пытанне было рытарычнае, а таму ніхто на яго не адказаў.
– А размаўляць з ёй вы не спрабавалі?
Хлопцы пераглянуліся.
– Ды яна зусім ні на што не рэагуе! – сказаў Павел панура. – А што, хочаце паспрабаваць? Паспрабуйце! – Ён памаўчаў крыху: – Нам выйсці?
– Я думаю, так будзе лепш, – пагадзіўся Андрэй. – Вы ўжо дастаткова яе напалохалі.
– Ну што ж… – Павел чамусьці ўздыхнуў.– Пайшлі, Алег!
Хлопцы выйшлі.
Нейкі час Андрэй глядзеў ім услед, потым, узяўшы з найбліжэйшага ложка коўдру, наблізіўся да дзяўчыны, чаго яна, здаецца, нават не заўважыла… ці ўсё ж заўважыла, бо яшчэ больш сціснулася ў камячок. У такім скурчаным становішчы аголенасць яе не надта кідалася ў вочы. Можа, гэтаму спрыялі валасы. Доўгія, густыя і светлыя, толькі з нейкім зеленаватым адценнем, яны амаль цалкам закрывалі твар, плечы, грудзі дзіўнай дзяўчыны, ды і ўвогуле амаль усё яе цела…
Андрэй прыхапіў коўдру з намерам прыкрыць аголенае цела дзяўчыны, але гэта было, здаецца, залішняе. Таму ён зноў кінуў коўдру на ложак, сам асцярожна апусціўся на край яго і нейкі час сядзеў моўчкі і нерухома, нібы збіраючыся з думкамі. Але так і не сабраўся…
– Вы нас не палохайцеся! – сказаў ён нарэшце першае, што прыйшло ў галаву. – Мы вам нічога кепскага не зробім. Мы з універсітэта, навуковая экспедыцыя. Хлопцы… – Андрэй крыху памаўчаў,– Алег і Павел, яны студэнты, ну а я… я ў іх як бы за навуковага кіраўніка… «Хоць які з мяне кіраўнік! – дадаў ён у думках. – Ці даўно сам у студэнтах хадзіў!»
Дзяўчына заварушылася, прыўзняла раптам галаву і праз густую сетку яе ўскудлачаных валасоў на Андрэя зірнулі вялікія і на дзіва празрыстыя вочы. Вочы вар’яткі…
Вусны дзяўчыны раптам слаба заварушыліся, яна штосьці гаварыла, умольнае штосьці… але Андрэй, як не прыслухоўваўся, так і не здолеў разабраць ніводнага слова. Ён нахіліўся ніжэй.
– Выпусціце мяне! – ледзь чутна прашаптала дзяўчына. – Выпусціце мяне!
Голас быў нейкі хрыпаты, нібыта прастуджаны, але даволі мілагучны…
– Выпусціце мяне! – трэці раз паўтарыла дзяўчына, ужо гучней. Пры гэтым яна працягвала насцярожана і разам з тым неяк умольна глядзець проста ў вочы Андрэю, і яму раптам стала крыху нядобра пад гэтым настойлівым яе позіркам.
– Ну, куды ж мы вас выпусцім зараз! – нібыта ўцякаючы ад дзіўнага позірку вар’яцкіх дзявочых вачэй, Андрэй міжволі адвярнуўся і дадаў, гледзячы ўжо ў акно: – Тут лес навокал, а вы адна і… без адзення нават. Ды і вечар ужо неўзабаве. Пераначуеце тут, у нас, а заўтра… – І новая раптоўная думка прыйшла яму ў галаву: – Калі вы скажаце, дзе жывяце, – мы можам туды патэлефанаваць. Магчыма, там знойдзецца машына, каб прыехаць па вас… – Дзяўчына зноў заварушылася і яе аголенасць адразу ж кінулася ў вочы Андрэю, ён намацаў рукой коўдру, працягнуў яе дзяўчыне. – Чаму б вам усё ж не загарнуцца ў коўдру?
– Выпусціце мяне! – у чарговы раз прашаптала дзяўчына, умольна, ледзь чутна і неяк па-асабліваму безнадзейна, і, раптам, уткнуўшыся тварам у калені, заплакала.
Гэтага Андрэй не чакаў. Сумеўшыся, ён чамусьці ўскочыў на ногі, потым, крыху так пастаяўшы, зноў апусціўся на ложак. Вельмі хацелася курыць, і Андрэй, выцягнуўшы з кішэні цыгарэты, пачаў шукаць запалкі, але не знайшоў іх і, павагаўшыся трохі, зноў схаваў пачак у кішэню. Ён глядзеў на дзяўчыну, а яна працягвала, здаецца, бязгучна плакаць, ва ўсялякім разе вузенькія яе плечыкі перыядычна ўздрыгвалі…
– Мы самі адвязем вас дадому! – сказаў ён нарэшце і нават пачырванеў, бо вельмі не любіў хлусіць. – Машына наша… яна зараз не зусім спраўная, але мы… вы толькі скажыце, дзе жывяце, і мы…
Дзяўчына раптам узняла галаву, зноў паглядзела на Андрэя і той са здзіўленнем адзначыў, што твар у яе сухі, не заплаканы… толькі вочы неяк падазрона блішчаць. Потым прыгожы твар дзяўчыны неяк дзіўна перасмыкнуўся, і яна чамусьці моцна заплюшчыла вочы…
– Вёска Дубаўручча, – загаварыла раптам дзяўчына, не ранейшым, нізкім і прастуджаным, а нейкім зусім іншым голасам, высокім і звонкім, – Мацвіенка Галіна Андрэеўна… – голас гучаў таропка і неяк не зусім натуральна, нібыта не жывы, а запісаны на стужку. Дзяўчына нават вуснамі не варушыла пры гэтым, хоць, як магла яна гаварыць, не варушачы вуснамі, гэтага Андрэй ніяк не мог уцяміць. – Цэнтральная вуліца… – працягвала між тым дзяўчына, – другі дом ад пачатку. Там яшчэ дуб каля плоту… Перадайце ёй, што я… што са мной…
– Каму перадаць? – перапыніў Андрэй.
– Перадайце, што мяне…
Дзяўчына раптам неяк дзіўна ўздрыгнула, нібыта ад удару токам, змоўкла на паўслове і зноў расплюшчыла вочы. Гэта былі ўсё тыя ж ранейшыя вочы вар’яткі, вялізныя, блакітныя і без адзінай думкі. Нейкі час дзяўчына моўчкі глядзела ў твар Андрэю і ён таксама, нібы зачараваны, глядзеў, не адрываючыся, у бяздонную глыбіню празрыстых яе вачэй. Ён глядзеў і нібыта сам страчваў розум, патанаючы ў гэтай блакітнай бездані… трэба было неяк адвесці позірк, ён разумеў, што трэба неадкладна яго адвесці, але зрабіць гэтага ніяк не мог. А можа, і не хацеў. Дзяўчына маўчала, але Андрэй, як гэта не дзіўна, чуў яе словы, звернутыя да яго. «Хадзі да мяне! – нібыта казала дзяўчына. – Хадзі, не пашкадуеш! Хадзі, не думай… хадзі…»
Хтосьці з хлопцаў зарагатаў знадворку, і гэты рогат нібыта вырваў Андрэя з дзіўнага здранцвення. Ён быў ужо зусім побач з дзяўчынай, ён ужо нават нахіліўся да яе, а рукі дзяўчыны вось-вось мусілі абхапіць шыю хлопца. Але, імгненна адхіліўшыся назад, Андрэй гэтаму перашкодзіў.
– Дык што перадаць у вёску Дубаўручча? – спытаў ён, цяжка дыхаючы і паступова прыходзячы ў сябе. У вочы дзяўчыны ён стараўся больш не глядзець. – Гэта твая вёска, так?
Дзяўчына зноў рэзка ўздрыгнула. Нешта дзіўнае прамільгнула ў блакітных яе вачах, прамільгнула і адразу ж знікла…
– Выпусціце мяне! – зашаптала яна ранейшым сваім голасам, нізкім і хрыпатым. – Выпусціце мяне!
Андрэй зразумеў, што нічога большага ад дзяўчыны зараз не даб’ецца. Таму ён устаў і, уздыхнуўшы, моўчкі пайшоў прэч з вагончыка. Выйшаў, шчыльна зачыніў за сабой дзверы. Падумаў крыху і для надзейнасці яшчэ і замкнуў іх, а ключ паклаў у кішэню. Толькі тады накіраваўся ў бок вогнішча, ля якога сядзелі хлопцы.