Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 17

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Узьнікненьне дзяржаўнасьці. Полацкая гісторыя
Прамень хрысьціянства

Оглавление

Ізяслаў (980—1001), не гледзячы на кароткае жыцьцё, вельмі многа зрабіў для Полаччыны. Менавіта яго летапісцы называюць кніжнікам, бо ён увёў у Полацку пісьменства і навучаньне грамаце. Пячатка з ягоным імем лічыцца сама даўнім помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх Славянаў. Пачынаючы зь яго, усе нашчадкі Рагвалода нязьменна называлі сябе Рагвалодавічамі. У 992 князь Ізяслаў заснаваў у Полацку эпархію (вялікую царкоўную акругу), чым засьведчыў самастойнасьць Полацкага княства. Рагнеда і Ізяслаў сталі першымі хрысьціянамі ў Полацкім княстве. З часам Рагнеда вырашыла прысьвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасіі.

Асабістым знакам Ізяслава быў трызуб з крыжападобнай вяршыняй сярэдняга зубца. У сучаснай геральдыцы трызуб Ізяслава ўвасоблены ў гербе горада Заслаўя (Мінскі раён, Мінская вобласьць, Беларусь).


Герб Заслаўя. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2004


Існуе легенда, што Торвальд Вандроўнік (950, Ісьляндыя – 1002, Полацк, Беларусь) – легендарны хрысьціянскі місіянэр, падарожнік, чые паходы апісваюцца ў Ісьляндзкай «Сазе аб хрышчэньні», у 986 разам са сваім паплечнікам Стэўнірам Таргільсанам, рухаючыся праз Кенугард (Кіеў) па Непры (Дняпры), прыбыў у Полацк. Ім была пабудавана царква і адкрыты манастыр Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Полацку, дзе Торвальд памёр, як мяркуецца, пасьля 1002. («Þorvaldr andaðist í Rússía, skammt frá Palteskju. Þar er hann grafinn í fjalli einu, at kirkju Jóhannis baptistæ, ok kalla þeir hann helgan». Торвальд памёр у Русі, непадалёк ад Палтэск'я. Там ён пахаваны ў адной гары, пры царкве Яна Прадцечы, і называюць яго Сьвятым).

25 верасьня 1992 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк і канвэрт першага дня (КПД) у гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі і Праваслаўнай царквы на Беларусі. Варта заўважыць, што падзел хрысьціянства або Вялікі раскол – распад да таго часу адзінай хрысьціянскай царквы на дзьве часткі адбыўся ў 1054.

На канвэрце малюнак пляну Полацку, складзены па карце 1579 сакратаром Стэфана Баторыя Станіславам Паховічам. На фоне пляну рэканструкцыя Полацкай Сафіі. На полі блёку фрэска з Спаса-Перамяненскай царквы «Сьвяты, які моліцца», і выява Спаса-Перамяненскай царквы. На марцы – Крыж Эўфрасіньні Полацкай.


Канвэрт першага дня з блёкам ў гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі, выдадзены ў 1992

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Подняться наверх