Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 19

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Узьнікненьне дзяржаўнасьці. Полацкая гісторыя
Змаганьне з Кіеўскім княствам

Оглавление

Пасьля сьмерці Усяслава Чарадзея Полацкае княства было падзелена на шэраг удзельных княстваў. У шасьці зь іх княжылі сыны Усяслава, якія вялі паміж сабой барацьбу. Пасад у Полацку ачоліў старэйшы сын Чарадзея Барыс Рагвалод.

У 2002 Пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне марачны канвэрт «900 год. Барысаў». На марцы відарыс князя Барыса Усяславіча і год 1102, калі Полацкім князем быў заснаваны горад Барысаў. На полю маркі знаходзіцца малюнак Рагвалодавага каменя, які цяпер ляжыць ля Полацкай Сафіі. На камені каля шасьціканцовага крыжа высечаны словы: «ХС. Ніка. Гі (Госпадзі) помозі рабю своему Борісу».


«900 год. Барысаў». Марачны канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2002


Паступова на ролю лідэра на нашых землях пачало вылучацца Менскае княства. Менскі князь Глеб, паставіўшы мэту пашырэньня межаў сваіх зямель, уступае ў супрацьстаяньне з Кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам.


Уладзімір Манамах (1053—1125). Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2003


Падчас паходу на нашы землі ў 1119 Манамах захапіў Менск. У выніку гэтага горад быў далучаны да Кіеўскіх уладаньняў ажно да сярэдзіны ХІІ – пачатку ХІІІ стагодзьдзяў. Глеб Усяславіч, трапіўшы ў палон, быў вывезены ў Кіеў, дзе ў палоне памёр.

Пасьля сьмерці Манамаха ў 1125 на Кіеўскі пасад заступіў старэйшы сын Мсьціслаў Уладзіміравіч (1076—1132). Змаганьне з Кіеўскім княствам працягвалася. Асабліва вызначыўся 1127 год, калі Кіеўскі князь з хаўрусьнікамі вялі наступ з чатырох бакоў. Палачане прызналі вяршэнства Кіева. Але гэты акт замірэньня і падпарадкаваньня так і не вырашыў дынастычных супярэчнасьцяў. Калі ў 1229 Мсьціслаў намерыўся выступіць супраць полаўцаў, то зьвярнуўся да палачанаў супольна выступіць у паход. Насуперак чаканага, Полацкія князі «з лаянкай» адмовіліся. У адказ пасьля пасьпяховага паходу супраць качэўнікаў, Мсьціслаў накіраваў на Полаччыну сваіх ваяроў. У гэты крытычны пэрыяд Полацкае веча не стала бараніць сваіх князёў і пагадзілася на мірнае вырашэньне канфлікту. Практычна ўвесь род Полацкіх князёў быў вывезены ў Кіеў, дзе адбыўся сымбалічны суд Рускіх князёў над Полацкімі Ізяславічамі. Паводле выраку, усе прадстаўнікі дынастыі разам з сем'ямі, былі сасланыя ў Бізантыю, дзе былі прызначаныя на службу ў войску.


Сьвятая Сафія. Марка пошты Турцыі, выдадзеная ў 2007


Пакараўшы Полацкіх князёў, Мсьціслаў атрымаў магчымасьць падпарадкаваць Полацкае княства. Але яго сьмерць у 1132 зноў зьмяніла палітычную сытуацыю на карысьць Полацку.

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Подняться наверх