Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 18
Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Узьнікненьне дзяржаўнасьці. Полацкая гісторыя
Легендарны Усяслаў Чарадзей
ОглавлениеПасьля нечаканай і таямнічай сьмерці Ізяслава ў 1001 Полацкі пасад заняў трынаццацігадовы Брачыслаў Ізяславіч (990-я – 1044) – князь Полацкі (1001—1044), сын Ізяслава, унук Рагнеды. Яго княжаньне адзначылася бітвай на Судоме з родным дзядзькам Кіеўскім князем Яраславам, які атрымаў прозьвішча «Мудры». Вынікі бітвы супярэчліва перадаюцца ў летапісах, але Яраслаў прызнаў самастойнасьць Полацку. У Ісландзкай «Сазе пра Эймунда» распавядаецца, што конунг Эймунд, які ўдзельнічаў у бітве, захапіў у палон жонку Яраслава Інгегерду. У якасьці выкупу Полацк атрымаў у валоданьне Віцебск і Усьвят, атрымаўшы магчымасьць кантраляваць валокі. Фактычна гэта была перамога.
Яраслаў Мудры на блёку, выдадзеным поштай Украіны ў 1999
Існуе меркаваньне, што Брачыслаў заснаваў горад Браслаў, хоць археолягі лічаць, што Браслаў існаваў задоўга да гэтай даты.
Браслаў. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2002
Браслаў упершыню згадваецца пад 1065 у «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага.
З 1001 да 1044 у Полацку валадарыў Брачыслаў, а пасьля ягонай сьмерці да 1101 найслаўнейшы з Полацкіх князёў сын Брачыслава Усяслаў, якога назвалі Чарадзеем.
Выкарыстаўшы мірныя часы, Усяслаў узводзіць храм Сьвятой Сафіі, каб аддаць пашану Богу і паказаць роўнасьць Полацку з Ноўгарадам і Кіевам. На малюнку канвэрта паказаны выгляд Сафіі ў тыя часы.
У Полацкай Сафii, пабудаванай у 1044 – 1066, увасобленая моц i ўплывовасьць Полацкага княства. Сабор Сьвятой Сафіі быў галоўным грамадзкім будынкам у горадзе. Шмат разоў перабудоўваўся i дайшоў да нас у выглядзе, набытым у ХVІІІ стагодзьдзі.
Усяслаў Чарадзей. Марачны канвэрт, выдадзены поштай Беларусі ў 2001
На паштовым блёку Рэспублікі Беларусь на левай марцы адлюстраваны сучасны выгляд Полацкай Сафіі. На полі блёку зьлева выгляд Полацкай Сафіі ў часы Усяслава Чарадзея; каменны абразок 12 стагодзьдзя з Сьвятымі Канстанцінам і Аленай, знойдзены археолягамі ў Полацку; плян Полацкай Сафіі.
Архітэктура Беларусі. Праваслаўныя храмы. У абарачэньні з 22 лютага 2012
Белпошта зьдзейсьніла некалькі выданьняў паштовых марак з выяваю Полацкай Сафіі. У тым ліку маляўнічы блёк, выдадзены ў 2016.
Сафійскі Сабор у Полацку. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2016
У 1065 мірнае жыцьцё закончылася. Князь з дружынаю зьдзейсьніў паходы на Пскоў і Ноўгарад, вёў шматлікія бітвы з Кіеўскім княствам. 3 сакавіка 1067 адбылася Бітва на Нямізе, адна з самых крывавых у нашай старажытнасьці. З гэтым зьвязана першае ўпамінаньне пра Менск, як пра горад Полацкага княства. Летапісны збор «Русь» і «Аповесьць мінулых гадоў» апавядаюць пра разгром горада падчас ваеннага паходу трох Кіеўскіх князёў Яраславічаў на землі Полацкага князя Усяслава і пра Бітву на рацэ Нямізе паміж Кіеўскімі і Полацкімі дружынамі.
3 сакавіка 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне паштовы блёк «950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску». У аснове маркі – мініяцюра Радзівілаўскага летапісу «Бітва на рацэ Нямізе». У аснове спэцштэмпэля – пячатка першага Менскага князя Глеба Усяславіча.
Нямігская бітва глыбока ўразіла не толькі сваіх суайчыньнікаў. Рэха яе праз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігараў» вобразам жудаснай крывавай малацьбы:
«На Нямізе голавы сьцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыцьцё кладуць на таку зьлюцела,
веюць галаву ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косьцьмі рускіх сыноў» (Пераклад Рыгора Барадуліна).
950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2017
Ілюстрацыяй да радкоў з «Слова пра паход Ігараў» добра адпавядае карціна Міхася Філіповіча «Бітва на Нямізе».
Бітва на Нямізе (1922). Міхась Філіповіч (1920—29). Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2002
Вераломна захоплены ў палон Усяслаў Чарадзей цудоўным чынам становіцца на чале Кіеўскага княства, але пакідае высокую пасаду і вяртаецца ў родны Полацк. Але і ў родным Полацку спакою князь не знайшоў. У тым жа годзе Ізяслаў прымусіў яго зьбегчы з гораду. Толькі ў 1071 вярнуў ён сваё княжаньне ў Полацку і зноў стаў гаспадаром Полаччыны. Кіеўскія князі не пакідалі і далей Усяслава Чарадзея ў спакоі, але сіл вярнуць Полацкія землі ў іх не хапала, а Усяслаў на Кіеўскі прастол не прэтэндаваў. Да самай сьмерці ўладарыў ён у родным княстве. Дзякуючы вайсковаму майстэрству і мудраму кіраўніцтву Ўсяслава з 1084 да самай яго сьмерці (1101) Полацкае княства існавала бяз войнаў. Доўгае, больш чым паўвекавое, валадарства гэтага князя было пэрыядам эканамічнага і палітычнага росквіту Полацкіх зямель. Акрамя сталіцы Полацкая зямля налічвала паўтара дзясятка гарадоў: Віцебск, Менск, Орша, Заслаўе, Барысаў… Улада Усяслава і яго наступнікаў, а ён пакінуў пасьля сябе 6 сыноў, пашырылася ад Ніжняга Падзьвіньня да Балтыйскага мора.
У сярэднявечнай гісторыі Ўсходняй Эўропы цяжка адшукаць больш велічную, загадкавую і таямнічую постаць, чым Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч. Таму дата яго сьмерці зафіксавана ў «Слове (Песьні) пра паход Ігаравы»:
«У год 6609 (1101) памёр Усяслаў, князь Полацкі, месяца красавіка ў 14 дзень, у 9 гадзін дня ў сераду. Сумна стала на нашай зямлі. У гэты дзень яна разьвіталася з адным са сваіх лепшых сыноў». («В лето 6609 преставися Всеслав, Полоцкий князь, месяца априля, в 14 день, в 9 час дне, в среду»).
Сотню гадоў пазьней з захапленьнем пісаў аўтар «Слова пра паход Ігараў» пра Ўсяслава Чарадзея:
«Усяслаў-князь людзям чыніў суды.
радзіў князям гарады,
а сам уночы ваўком рыскаў,
З Кіева пасьпяваў да пеўняў да Тмутараканя,
Хорсу вялікаму шлях перацінаў.
Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана
ў званы сьвятое Сафіі.
а ён той звон чуе ў Кіеве.
Хоць і вешчую меў душу ў дзёрзкім целе,
Ды часта ад бедаў цярпеў ён».
(Пераклад Рыгора Барадуліна).
800-годзьдзе Слова пра паход Ігараў. Марка пошты СССР, выдадзеная ў1985
1 верасьня 2007 адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першай коннай статуі ў Беларусі – помніка Усяславу Брачыслававічу (Чарадзею). Аўтары кампазыцыі – скульптары Аляксандр Прохараў, Сяргей Ігнацьеў, Леанід Мінкевіч і архітэктар Андрэй Сакалоў.
Скульптура ўяўляе сабой воіна на кані са скурай ваўка на сядле, а побач зь ім ляціць паляўнічы сокал. Гэтыя атрыбуты сымбалізуюць старажытную легенду пра тое, што Усяслаў Брачыслававіч мог пераўвасабляцца то ў ваўка, то ў сокала, то ў аленя. Адліты помнік з бронзы, а яго вышыня каля 3,5 мэтраў.
7 мая 2012 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне канвэрт з арыгінальнай маркай «1150-годзьдзе першага летапіснага ўпамінаньня Полацку».
Канвэрт з арыгінальнай маркай «1150-годзьдзе першага летапіснага ўпамінаньня Полацку», выдадзены ў 2012
На марцы Крыжаўзьдвіжанскі Сабор Сьвятога-Эўфрасіньнеўскага манастыру. На канвэрце: помнікі Усяславу Чарадзею, Эўфрасіньні Полацкай, крывічам; герб гораду, выгляд Сафійскага Сабору ў XI стагодзьдзі, фрагмэнт гравюры сярэднявечнага Полацку.