Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - Лявон Карповіч - Страница 4

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Спачатку былі… шляхі-дарогі

Оглавление

Шляx – тaкcaмa вялiкaя дapoгa, aлe мae знaчэньне бoлeй шыpoкae i ўжывaeццa ў caмым paзнacтaйным cэнce. Мoжa пpaлягaць нe тoлькi пa зямлi, a i пa вaдзe – вoдны шляx, нaвaт пa нeбe – Млeчны Шляx, шляx дa iншыx плянeт – зopны шляx. Ёcць яшчэ жыцьцёвы шляx, бaявы шляx, гicтapычны шляx, a тaкcaмa – шляx як нaпpaмaк дзeйнacьцi, cпocaб i cpoдaк, якiмi дacягaeццa мэтa. Васіль Вітка

Сонечны Падарунак з Глыбіні Стагодзьдзяў

Звычайна гісторыя краіны ў кнігах пачынаецца з датаў і падзеяў. Я пачну Гісторыю нашай краіны з сонечнага каменя – Сонечнага Падарунку з Глыбіні Стагодзьдзяў. Так называе бурштын старажытнарымскі вучоны Пліні Старэйшы ў сваёй «Натуральнай гісторыі» згодна з легендай аб тым, што бурштын нараджаецца з сонечных прамянёў. Пра бурштын існуе мноства легендаў у многіх народаў. Грэкі называлі бурштын электронам – па назве зоркі Электра з сям'і Плеяд ў Сузор'і Цяляці. У старажытных грэкаў бурштын выклікаў асаблівую цікавасьць сваёй здольнасьцю электрызацыі.

Самае раньняе пісьмовае ўпамінаньне пра бурштын – клінапіс на абеліску Х стагодзьдзя да Р.Х., які знаходзіцца ў Брытанскім музэі.

Бурштын – адзін з першых каштоўных камянёў, што здабывалі і выкарыстоўвалі як упрыгожваньне і як лекавы сродак нашы продкі яшчэ ў часы палеаліту (450—12 тыс. да Р.Х.).


Бурштын. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2009. Марка Латвіі, выдадзеная ў 2020


У легендах бурштын найчасьцей узгадваецца як сьлёзы ці то з нагоды гора, ці то з нагоды радасьці. Але насамрэч вучоныя кажуць, што бурштын – гэта сьлёзы дрэў у выглядзе смалы, што «плакалі» мільёны гадоў таму і якія застылі, утварыўшы сонечны камень.

Бурштын называлі золатам Поўначы, золатам Славянскім або золатам Прыбалтыкі за яго лекавыя ўласьцівасьці, за яго прыгажосьць і лёгкасьць у апрацоўцы і за легендарныя магічныя ўласьцівасьці. І з гэтай нагоды бурштын набыў яшчэ і уласьцівасьць тавару.

Бурштынавы шлях упершыню згадвае «бацька гісторыі» Герадот (484 – 425 да Р.Х.), хаця шлях дзейнічаў за тысячагодзьдзі да яго нараджэньня: вырабы з балтыйскага бурштыну былі знойдзены ў грабніцы Тутанхамона. Напрыканцы I тысячагодзьдзя да Р.Х. з пашырэньнем гегемоніі Рыма ў Міжземнамор’і найбольш важным стаў вываз бурштыну па Вісьле – Бурштынавы шлях, які меў адгалінаваньне на Заходні Буг, а з II стагодзьдзя да Р.Х. пралягаў гандлёвы Бурштынавы шлях або Вялікі сонечны шлях і па Дзьвіне і па Нёмне, аб чым піша Кулакоў Уладзімір у кнізе «Нёманскі Бурштынавы шлях у эпоху вікінгаў». Заходняя Дзьвіна была добра вядомая старажытным грэкам і рымлянам і называлася Эрыдан, Рубон, Дуна або Дзіна.


Бурштынавы шлях паводле Абрагама Артэліуcа з XVI стагодзьдзя. Блёк пошты Польшчы, выдадзены ў 1993


Гісторыкі выказваюць думку, што гэта Рымскі імпэратар Нэрон (37—68) -неўтаймаваны тыран і неабмежаваны марнатраўца – загадаў нейкаму свайму цэнтурыёну наладзіць пастаўкі бурштыну з Балтыкі ў Рым…

Камень з агнём у жылах

Бурштын і вырабы з бурштыну насельніцтва нашых земляў атрымоўвала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы.


Першыя крэмневыя прылады працы. Марка пошты Джэрсі, выдадзеная ў 2010


Крэмневыя прылады працы ў вялікай колькасьці і высокай якасьці варабляліся, пачынаючы з ІІІ тысячагодзьдзя да Р.Х. у Краснасельскім комплексе (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласьці) па здабычы і вырабу крэмневых вырабаў.


Крэмень. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2009


Па падліках археолягаў тут было выкапана да некалькі тысяч шахтаў. Шахты захаваліся да цяперашняга часу і ў пасёлку Краснасельскім створаны музэй пра жыцьцё нашых далёкіх продкаў. Ca здабытага з кожнай выпрацоўкі можна было змайстраваць да сотні сякер і іншых прылад. Яны ў асноўным прызначаліся для абмену.


Крэмневая шахта. Марка пошты Вялікабрытаніі, выдадзеная ў 2017


Бурштынавы скарб у сонечнае Міжземнамор'е перавозілі спачатку на лодках, а цягам стагодзьдзяў па нашым рэкам ужэ плылі гандлёвыя снеккары і кнорры, часам ваенныя суровыя драккары скандынаваў з галовамі цмокаў на носе карабля ды рымскія анерарыі, астаўляючы сьляды на шляху свайго падарожжа.


Драккар вікінгаў. Марка пошты Сьера Леонэ, выдадзеная ў 2019


Многа такіх «сьлядоў» засталося ў выглядзе манэт. Найбольш раньнія знаходкі належаць да часоў Аляксандра Македонскага і яго нашчадкаў. На Ашмяншчыне вядомая нават знаходка тэтрадрахмы Піліпа Другога – бацькі Аляксандра. Гэта срэбраная манэта, адбітая ў IV стагодзьдзі да Р. Х. Трапляецца і Пталямееўскі Егіпет ІІІ стагодзьдзя да Р.Х., а таксама манэты рэспубліканскага Рыму ІІ стагодзьдзя, яшчэ да Цэзара. Зрэдку – манэты грэцкіх калоніяў на Чорным моры: Ольвіі, Пантыкапею.


Тетрадрахм Піліпа Другога з галавой Зеўса. 359 – 336 да Р. Х. Марка пошты Грэцыі, выдадзеная ў 1956


Бурштынавы шлях заняпаў толькі ў сярэднявечча, калі зменшыўся попыт на бурштын і Прычэрнамор'е было захоплена мусульманскай Турцыяй. Але гандаль таварамі не прыпыняўся і на зьмену Бурштынаваму шляху прыйшоў Шлях «з варагаў у грэкі», які праіснаваў па XII стагодзьдьдзе. На тэрыторыю нашай краіны прыпадала важная частка гэтага шляху праз балтыйска-чарнаморскі водападзел, які трэба было пераадольваць па сушы. Караблі перацявалі, валаклі па напрамку, які злучаў Дзьвіну з Дняпром. Валокі бралі пад кантроль ураднікі, якія займаліся зборам «валочнага» падатку-мыта. У такіх месцах ўзьніклі першыя гарады і дзяржавы на нашых землях: Полацкае княства на Заходняй Дзьвіне, Смаленскае-на Дняпры і Тураўскае-на Прыпяці.


Старажытныя гандлёвыя шляхі. Счэпка «Шлях з варагаў у грэкі». Высадка скандынаўскіх маракоў. Славяне на баявой ладзьдзі. Сумесны выпуск Украіны і Эстоніі ў 2003


На верхняй марцы манэта дацкага караля Свэнда Эстрыдсена, а ў нізе маркі надпіс «Полоцьк». На ніжняй марцы срэбная манэта князя Уладзіміра Сьвятаслававіча.

Апісаньне маршруту ёсьць у «Аповесьці часовых гадоў» і ў творы бізантыйскага імпэратара Канстанціна VII Чырвонага «De administrando imperio» («Аб кіраваньні імпэрыяй»; складзена ў 943—953). Узьнік у канцы IX – пачатку X стагодзьдзяў, заняпаў у 1204, пасьля разбурэньня крыжакамі Канстантынопалю, у выніку чаго цэнтар сьветавога гандлю перамясьціўся ў Вэнэцыянскую рэспубліку, што вядзе да яе росквіту і страты Кіевам і Полацкам свайго стратэгічнага значэньня. Купцы, якія дабіраліся ў Канстантынопаль за 40—50 дзён, везьлі ў Бізантыю хлеб, рамёствы, срэбра ў манэтах, рабоў, футра, мёд, воск, а таксама тавары са Скандынавіі і Прыбалтыкі (зброю, бурштын). З поўдня па Дняпры везьлі віно, спэцыі, садавіну, дарагія тканіны, ювэлірныя вырабы, шкляны посуд. Дарэчы, нашы продкі пісалі і на васковых таблічках.


Байдак. Казацкая «Чайка». Маркі пошты Украіны, выдадзеныя ў 1999


Бізантыйскі імпэратар Канстанцін Багрянародны (905—959) расказвае: «Славяне, падуладныя Русі, імёны крывічы і лучаны, а іншыя славяне сякуць дрэвы на лодкі ў зімовы пэрыяд, апрацоўваюць іх, а калі надыходзіць час, калі растане лёд, апускаюць у бліжэйшыя азёры. І як толькі іх спускаюць у Дняпро, яны ідуць па гэтай рацэ, прыходзяць у Кіеў…».

Цікава, ці могуць маркі расказаць, што адбывалася вакол нас ў сьветавой гісторыі?

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Подняться наверх