Читать книгу Галасы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 11

І. З галерэі знаёмых вар’ятаў
З галерэі вясковых вар’ятаў
Кацятніца

Оглавление

Кацятніца, або Катабаза, паводле паходжання не мясцовая, таму кандыдаваць на старасту зусім не можа, хаця вельмі гэтага б хацела, каб магчы лепей бараніць інтарэсы котак. Больш таго, ейныя коткі таксама пераважна не мясцовыя: яны прыехалі разам з ёю з адной не самай далёкай краіны. Іхная гаспадыня, небарака, вымушаная была адтуль хутчэй куды-небудзь уцячы ад генацыду. Маўляў, яе там хацелі пазбавіць апякунскіх правоў на котак (бо яна не магла даць ім рады), а саміх котак забраць і пасля ўсыпіць. Тады Кацятніца загнала котак у грузавік, прадала кватэру і ўцякла ў Еўразвяз, дзе, як перадавала адно сарочынае радыё, сітуацыя з правамі жывёлы нашмат лепшая. І насамрэч, тут Катабазе (хаця, па шчырасці, хутчэй яе коткам) з гуманітарных меркаванняў далі палітычны прытулак. Тым не менш быць праваабаронцай і тут аказалася нялёгка. Перадусім кватэру ёй далі нашмат меншую за прададзеную бацькоўскую – у чатырох пакоях коткі змяшчаліся лёгка, а тут у яе быў усяго адзін, ды яшчэ сумесна з кухняй. Неўзабаве яна з жахам зразумела, куды ўласна прыехала. А прыехала яна ў краіну, дзе найбольшая ўва ўсім Еўразвязе канцэнтрацыя сабак, і прынамсі палова з іх належыць да баявых пародаў. Асабліва на вёсцы. З гэтага ўжо ў Кацятніцы дах паехаў конча. З таго часу яна выходзіць з хаты, толькі каб накупіць кашэчай ежы за грошы тутэйшай дабрачыннай арганізацыі «Кату пад хвост». Сама яна жыве на інвалідную пенсію, як, зрэшты, і на радзіме, пачынаючы прыблізна з пераходнага перыяду.

Усё гэта я ведаю з першых рук, то-бок са словаў самой Катабазы. Не забуду, як яна апавядала мне гэта за гарбатай падчас маіх адведак у яе халасцяцкім пакойчыку. У адведкі яна мяне запрасіла пасля таго, як убачыла, што я купляю ў краме часопіс з загалоўкам «Жарсныя котачкі па суседстве». (Часопіс быў мне вельмі патрэбны з увагі на тое, што ў нас на вёсцы жарсных котачак па суседстве няма). Адмовіцца ад яе запрашэння я ў той няёмкай сітуацыі не мог. Яшчэ большую няёмкасць я адчуваў тады, калі піў яе гарбату і еў яе хлеб з маслам – убачыўшы гэта, галодныя коткі абступілі мяне і з папрокам зазіралі мне ў вочы. Дый праз кацячы смурод у кватэры мне тая гарбата не асабліва смакавала. Чым больш мне Кацятніца апавядала пра сваё няшчаснае жыццё, тым больш мне карцела ў карчму, дзе смярдзіць усё-ткі крыху больш прыемна. Калі ж яна завяршыла свой аповед фразай «Раз вы так любіце котачак, то ці не хацелі б стаць Катататам?», я ледзь не ўдушыўся гарбатай. Прыціснуўшы да грудзей свой часопіс, я ветліва падзякаваў гаспадыні за пачастунак і прапанову, але ў мяне, маўляў, няма часу. Сірацінкі-коткі выглядалі ў той момант яшчэ больш маркотна, чым дагэтуль, і былі гатовыя выпусціць мяне з хаты толькі праз уласныя трупы. Урэшце, да дзвярэй я сяк-так прабіўся. Катабаза праводзіла мяне ажно да суседняга дома. Дзень быў больш хмарны за мой настрой. Каб неяк стрымаць слёзы, Кацятніца няўпэўнена паказала пальцам на рэшту сонечнага дыску ў аблоках і прамовіла: «А я й не ведала, што сёння поўня!» Нават гэта на мяне не падзейнічала. Я ж вам не які-небудзь Брэтон, каб страціць галаву ад кожнай Надзі. Самае большае – магу напісаць пра яе кніжку.

Галасы (зборнік)

Подняться наверх