Читать книгу Галасы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 3
І. З галерэі знаёмых вар’ятаў
Сніч
2
ОглавлениеЗразумеўшы, што замову трэба выканаць у максімальна кароткі тэрмін, я тут жа пасля яе атрымання сабраў манаткі й пакінуў горад – не, не ратуючыся ад Замоўцы, а хутчэй ад амнезіі, што спасцігла мяне цягам апошніх тыдняў у выніку абвастрэння майго алкагалізму. Ніколі яшчэ не было такога, каб я не памятаў сваіх сноў, – а тут проста настаў нейкі творчы ступар, які я, супакойваючы сябе, выдаваў за кароткачасовы адпачынак. За горадам, у вёсцы з адзіным барам, я ўжо некалькі гадоў здымаю невялічкую кватэрку, месца знаходжання якой ніхто не ведае і якую я ў душы называю сваёй лабараторыяй: у ёй нічога няма, апрача ложка, стала, крэсла й кніжнай шафы, у якой сабраныя ўсе даступныя маёй плыткай кішэні тамы, датычныя сноў і снення, улучна з соннікамі й энцыклапедыямі. Акрамя таго, у чырвоным куце майго пакоя знаходзіцца паліца з аптэчкай, дзе сабраныя ўсе легальныя й паўлегальныя лекавыя сродкі, без якіх я, прызнаюся, не здолеў бы не тое што нешта сасніць, але й элементарна заснуць.
Адказваць за апісанне сноў – досыць смешнае амплуа для чалавека, які ці не з пубертатнага веку пакутуе ад бессані. Аднак голад не цётка, таму я, зрабіўшыся прафесіяналам, сумленна звярнуўся да псіхіятра з просьбай выпісаць мне снатворныя таблеткі. За два гады мы пераспрабавалі цэлы спіс прэпаратаў з мэтай знайсці такі, які б не толькі ўсыпляў мяне ў любы патрэбны час дня і ночы, а яшчэ й спрыяльна дзейнічаў на маю падсвядомасць, дазваляючы сніць доўгія сюжэтныя сны, паводле магчымасці – з хэпі-эндам, без усякіх непатрэбных кашмараў, прысутнасці маіх бацькоў і г. д. Ніколі дагэтуль яны (не бацькі, натуральна, а лекі) мяне не падводзілі, ні разам, ні паасобку, – але цяпер, як на бяду, ніводны з іх не здольны быў мне дапамагчы: прачнуўшыся на наступную раніцу пасля наведвання бара, я ўсвядоміў, што не проста нічога не памятаю са свайго сну, як кагадзе, а што зусім нічога не прысніў. Мяне пакрыў халодны пот. Я хутка запіў півам прыгаршчу таблетак і зноў заплюшчыў вочы, каб прымгнуць на гадзінку-другую. Аднак паўтарылася тое ж самае: выспаўся як пшаніцу прадаўшы, да болю ў касцях, але не прысніў ізноў нічагуткі. У паніцы я пачаў гартаць свае сновыя дзённікі ў спробе знайсці нейкую ранейшую загатоўку, меней-болей адпаведную патрэбнаму сюжэту, – аднак, як гэта бывае з даўнімі снамі, не здолеў жыва сабе ўявіць іхнага зместу й разабрацца ў блытаніне іхных дэталяў, што цяпер здаваліся мне невыразнымі й непатрэбнымі. Сасніць – адно, але падаць пераканаўчае апісанне прыснёнага – вось гэта ўжо называецца вышэйшы пілатаж…
Я кінуўся да кніжных паліцаў з намерам па-хуткаму перадраць якога-небудзь з маіх улюбёных аўтараў. Толькі цяпер, у найбольш крытычны момант сваёй пісьменніцкай кар’еры, я ўсвядоміў, наколькі павярхоўна, безадказна й нехлямяжа мае славутыя калегі-папярэднікі, за рэдкімі выключэннямі, апісвалі свет сноў і галюцынацый (натуральна, у параўнанні са мной). Адкідаючы кнігу за кнігай, я ўсё глыбей расчароўваўся ўва сусветнай літаратуры з яе тупой скіраванасцю на даўно нікому не цікавы дзённы свет рэальных падзей з яго аднастайнымі псеўдапраблемамі. Чаго ж пасля дзівіцца, што людзі ў сучаснасці, апрача хіба снобаў-інтэлектуалаў, усё часцей аддаюць перавагу насычаным падзеямі й перыпетыямі серыялам, баевікам ці фэнтэзі, не кажучы пра камп’ютарныя гульні? На халеру простаму рабочаму чалавеку ваш гнілы рэалізм? Яму яго і ў звычайным жыцці хапае… Нездарма на святы людзі так любяць глядзець па тэлебачанні казкі. Сон насамрэч – гэта тое скрыжаванне, у якім фікцыя ці казка ўцелаўляецца ў праўду: калі пакласці на адну шалю ўсю так званую «сур’ёзную» літаратуру, а на другую – самы звычайны, нават не самы яскравы сон, то відавочна, каторая з іх пераважыць…
Трасца, гэта ўсё цудоўна, але што ж рабіць? Плюнуць на таблеткі й зноў перайсці на алкаголь? Але ж ёсць рызыка, што паўторыцца тое самае, што ўжо было ў Празе: насню няведама чаго, а прыгадаць, пагатоў запісаць, не здолею… «Не хочаш сніць – не муч паўкуляў мозгу», гучыць старая прымаўка прафесійных снавідчыкаў. Лёгка ім было казаць! «Калі можаш не сніць – то й не сні…» Не, толькі не гэта. Калі я ў час не пастаўлю майму Замоўцу ягонага сну, ён не проста спагоніць з мяне ўсе належныя яму грошы – ён яшчэ й прымусіць мяне адпрацоўваць іх у іншым аддзеле, дзе я буду вымушаны перабівацца рэалістычнымі апісаннямі ўсякай пазбаўленай ценю фантазіі брыдоты!
Канец канцоў, пасля доўгіх развагаў і высілкаў, я ўзяў-такі тэлефон, знайшоў у спісе нядаўніх размоваў літару «З» і націснуў кнопку.
– Што, гатова? – спытаўся Замоўца не вітаючыся.
– Ну, амаль, – схлусіў я. – Але бракуе яшчэ аднаго сюжэтнага павароту…
– І што? Пры чым тут я?
– Як бы вам сказаць…
– Кажы хутчэй, бо ў мяне тут перад публікацыяй такі завал – табе і не снілася. («Дасціпнік хрэнаў», падумаў я).
– Мне патрэбны опіум, – прамовіў я на адным дыханні, быццам называючы нейкую рэдкую фарбу, якой мне бракуе для заканчэння сваёй манументальнай фрэскі. – Пункт трэці кантракту: прэпаратамі, неабходнымі для снення, забяспечвае выканаўцу замоўца…
Нейкі час панавала маўчанне – відаць, Замоўца захіліў далонню слухаўку, лаючы мяне ад усяе душы на ўвесь офіс.
– Трэба сустрэцца, – урэшце пачуў я. – Дзе ты?
Я паведаміў яму каардынаты сваёй вёскі і назву адзінага тутэйшага бара.
– Праз гадзіну, – кінуў мне шэф. – І глядзі, каб было ўжо адчынена, а то я сам яго адчыню…