Читать книгу Галасы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 5
І. З галерэі знаёмых вар’ятаў
Сніч
4
ОглавлениеЯ знаходжуся ў Празе. Мне трэба тэрмінова, літаральна да заўтра, зняць нейкі дакументальны фільм. Здымкі адбываюцца ў інтэрнацкім пакоі, галоўны герой – пажылы чалавек, нешта апавядае на камеру. Пасля інтэрв’ю я нагадваю яму, што заўтра мы павінны дазняць ягоную сустрэчу з Бонды, чалавек абяцае прыйсці, ён нібыта добра ведае Бонды асабіста. Я нечувана рады такому поспеху. Выходжу на вуліцу, на дварэ вечар, аранжавае сонца яшчэ не зайшло. Мне трэба ісці дамоў – замест гэтага я пастанаўляю пайсці ў горад, дзе знаходзіцца адзін добра вядомы мне бардэль. Узняўшы на развітанне галаву, у акне сваёй кватэры на восьмым ці дзявятым паверсе я бачу на фоне жоўтага святла ў кухні сілуэт сваёй дзяўчыны. У думках я развітваюся з ёю, а сам хаваюся за рогам дома насупраць, спадзеючыся, што яна мяне не заўважыць. Урэшце, здымкі скончыліся раней, чым было запланавана, я паспею яшчэ схадзіць у горад і вярнуцца. Пазней магу ёй пазваніць, папрасіць прабачэння, што затрымаўся.
Я кіруюся на поўдзень, удоўж ракі. У тых раёнах ніхто не ведае мяне, бо я завітваю туды рэдка, таму ніхто не здагадаецца, з якой мэтай я туды іду. Вось калі б я скіраваў у цэнтр, дзе апроч бардэляў, уласна, нічога няма, то ўсё адразу было б ясна – а так я магу прыкідвацца турыстам, які проста аглядае горад. Навокал такіх нечувана шмат – натуральна, цяпер лета. Я іду па набярэжнай, якая раптоўна кудысьці знікае, зліваючыся з ракой, – каб не ісці па вадзе, я мушу збочыць і апынаюся на нейкім каменным пагорку, кшталту піраміды з чорнага мармуру, па стромкіх прыступках якой сцякае вада, – піраміда ёсць адначасова й фантанам. На яе вяршыні й на прыступках сядзяць маладыя людзі, граюць на нейкіх музычных інструментах – зарабляюць грошы. Ім не падабаецца мая прысутнасць, і я імкнуся як мага хутчэй сысці ўніз, што мне не зусім удаецца – прыступкі надта вузкія, коўзкія, схіл піраміды надта стромкі, – але ўрэшце я зноў апынаюся ўнізе й магу працягваць свой шпацыр. Мясціны мне знаёмыя: паблізу знаходзіцца новапабудаваны гандлёвы дом, цэнтр жыцця гэтага гістарычнага раёна, вакол шмат старых і новаадкрытых крамаў, рэстарацый, кінатэатраў – недзе тут павінен знаходзіцца той невялічкі начны клуб, у якім я ўжо аднойчы быў. Вось толькі ў мяне мокрыя нагавіцы, і мне прыкра, што людзі могуць прыняць мяне за бяздомнага. Да таго ж мне прыкра, што час ідзе, пачынае цямнець, а я ўсё яшчэ не знайшоў патрэбнай мне забаўляльнай установы.
Калі я дасягаю мэты, то бачу, што начны клуб ператварыўся ў звычайны шапік досыць неахайнага выгляду – ён з белай фанеры, размаляваны ўсялякімі графіці – і ўсярэдзіне, як відаць праз вокны, збіраюцца цемнаскурыя людзі з мясцовых бандзюганаў, прапануючы мінакам танныя скрадзеныя рэчы, наркотыкі й дзяўчат для эскорту. Мне робіцца сорамна, што такі аб’ект мог быць мэтай майго шпацыру, але я не падаю выгляду й заходжу туды, быццам дзеля таго, каб набыць нейкі недарагі сувенір, – мой выбар спыняецца на каштоўным фірмовым гадзінніку й не менш каштоўным пярсцёнку. Гадзіннік, маўляў, будзе мне, а пярсцёнак я падару сваёй дзяўчыне, каб яна даравала мне спазненне й не задавала лішніх пытанняў.
Раптоўна я адчуваю, што галодны, і пастанаўляю зайсці ў першую-лепшую з паблізных рэстарацый. Мне карціць выпіць віна, але яно там задарагое, а грошай у мяне засталося зусім мала. Я выбачаюся перад гаспадаром, што перадумаў есці, і збіраюся сысці. Той паведамляе мне з нічога ніякага, што мяне хоча бачыць кухар, в’етнамец: маўляў, ён крыўдуе на мяне, і я павінен папрасіць прабачэння ў яго. Я не маю нічога супраць, мне дужа няёмка, і я паслухмяна іду ўніз, дзе гатуюць. У невялічкім скляпенні пад столлю вісіць туша нейкай жывёлы, з якой сцякае кроў. Мяне сустракае нейкі малады азіят, які кажа, што дзядуля выйшаў, але неўзабаве вернецца – маўляў, ён вельмі пакрыўджаны, бо я сваёй адмовай есці абразіў іхныя нацыянальныя пачуцці й традыцыі. Я пытаюся, чым магу кампенсаваць сваю нетактоўнасць, і малады чалавек прапануе мне пары: калі я дабяруся дадому раней за ягонага дзядулю, мне будзе даравана. Я пагаджаюся, каб як мага хутчэй знікнуць з гэтага месца, але ўжо на выхадзе пачынаю пра гэта шкадаваць – лепш бы я ў знак кампенсацыі пакінуў в’етнамцам гадзіннік і пярсцёнак. Тут я заўважаю, што іх у мяне ўжо няма, але ўгаворваю сябе не пераймацца, урэшце, я ж толькі нядаўна іх набыў па смешна нізкім кошце, таму ніякай вялікай страты не пацярпеў. Галоўнае цяпер – выпіць па дарозе віна і як найхутчэй дабрацца дадому.
Вяртаюся я той самай дарогай, што прыйшоў, але ўсё навокал выглядае крышку іначай. Найбольш мяне ўражвае агромністая колькасць людзей на вуліцах, збольшага маладых, – праз іх амаль немагчыма прабіцца. Паводле таго, як сцямнела, я ўсведамляю, што не паспею ўжо зайсці ў свой улюбёны бар, дзе павінны акурат збірацца мае сябры, і прыспешваю хаду. Павярнуўшы галаву ўлева, у бок ракі, я са здзіўленнем заўважаю, што паралельна са мной па ўзбярэжжы ракі шыбуе маленькі стары в’етнамец, спрабуючы як мага хутчэй пераадолець на сваім шляху ўсе перашкоды: абмінае людзей, скача цераз машыны, выяўляючы пры гэтым спрыт, нечуваны для ягонага веку. Я згадваю пра дамоўленае пары і ўсведамляю, што, калі прайграю яго, мяне чакае нешта горшае за смерць. Я пачынаю з усяе сілы бегчы ў напрамку свайго дома, але збочваю не туды, у нейкім скверы мяне спыняе маладзён славянскага выгляду й паведамляе, што тут – расейскі раён, а мне трэба да в’етнамцаў. Непадалёк гурток ягоных сяброў выбівае душу з нейкага выпадковага мінака. Я зноў прашу прабачэння й абмінаю сквер, вяртаючыся на свой ранейшы маршрут, спрабую нападабняць у сваіх рухах старога в’етнамца, таксама пераскокваю пару машынаў – але, нягледзячы на гэта, дарога здаецца мне бясконцай. Я клянуся сабе, што больш ніколі не буду заключаць ніякіх пары, нават здымаць ніякіх фільмаў, а замест гэтага займуся кінакрытыкай – уласна, гэта мой улюбёны занятак, які я закінуў дзеля практычнай творчасці, а цяпер не магу зразумець чаму. Дзядуля тым часам не адстае, але й не абганяе мяне, трымаючыся на бяспечнай адлегласці, назіркам: я заўважаю, што да яго далучыўся ўжо цэлы гурт нашмат маладзейшых в’етнамцаў, узброеных нейкай арматурай. Спаборніцтва ў бегу, такім чынам, ператвараецца хутчэй у паляванне на мяне – я разумею, што павінен збіць іх з панталыку, каб самому не давесці іх да свайго дому. Я згадваю, што паблізу жыве адна мая сяброўка, і заходжу да яе ў госці.
Дзверы мне адчыняе яе муж, малады русявы хлопец невысокага росту, з якім я знаёмы досыць павярхоўна і якога не баюся, трымаюся з ім самаўпэўнена: маўляў, мне да ягонай жонкі, трэба пераначаваць і г. д. Ён не супраць, мяне кладуць з краю на сямейны ложак, побач з якім месціцца тумбачка, куды я магу адкласці свае рэчы. Адчыніўшы шуфляду, я раптоўна бачу там пасрэбраны пісталет, свой нядаўна пазбыты гадзіннік, а таксама – шэраг лістоў і фотаздымкаў, якія красамоўна сведчаць пра тое, што між мною і жонкай хлапца ў мінулым, прычым у гэтай жа спальні й на гэтым жа ложку, адбыўся бурлівы раман. Я ўсведамляю, што мне лепей не заставацца ў іх, згадваю пра тое, што мушу трапіць дадому хутчэй за в’етнамскага дзядка, – карацей, прыдумляю нейкую адгаворку й хутка збіраюся сысці. Хлопец выходзіць праводзіць мяне на вуліцу й паказаць найкарацейшы шлях дамоў. Мы ідзем па вузкай гатычнай вулічцы, на якой няма ні душы, і хлапец па-сяброўску абдымае мяне за шыю. Мяне перапаўняе пачуццё віны перад ім, пачынаюць душыць слёзы, я кажу яму: «Слухай, магчыма, мы болей не ўбачымся – я павінен папрасіць у цябе прабачэння. Але не за тое, што кахаў і кахаю тваю жонку, а за тое, што раней табе ў гэтым не прызнаўся. Ты меў права гэта ведаць». «Не бяды», адказвае той, «галоўнае, што цяпер ты ў гэтым прызнаўся». Нягледзячы на зычлівасць ягоных словаў, я адчуваю, што ягоная рука сціскае маю шыю ўсё мацней, ужо зусім не па-сяброўску. «Табе туды», паказвае ён мне вольнай рукою, «там ужо чакаюць». Я разумею, што ён мае на ўвазе в’етнамцаў, і іду ў паказаным кірунку, гатовы не аддаць ім сваё жыццё танна. Аднак як толькі я выходжу за рог, аднекуль злева раздаецца чарга аўтаматных стрэлаў, я падаю на капот бліжэйшай машыны й застываю ў нерухомай позе. На капоце побач са мной сядзіць чалавек у светлым плашчы і занатоўвае ў перакідным блакноце заключэнне аб маёй смерці. Я яшчэ паспяваю заўважыць, што вакол стаяць паліцэйскія машыны з сірэнамі, як у нейкім амерыканскім фільме, прыглядаюся да чалавека ў плашчы і бачу, што гэта вядомы кінаактор: ён незаўважна паказвае мне на мігі, каб я ляжаў ціха, маўляў, трэба дазняць апошнюю сцэну, дзеля гэтага ён зараз зробіць мне ўкол аднаго рэчыва, ад якога я буду здавацца дасканала мёртвым. Але ж я й без гэтага разумею, што паміраю, бо не магу варушыцца, сцякаю крывёй і адчуваю жудасны боль ад ранаў. Усё, што я бачу ў апошнія імгненні, – гэта пабітае лабавое шкло машыны, на якую я ўпаў, і зіхоткія аскепкі шкла, змяшаныя з такімі ж зіхоткімі чырвонымі кроплямі на капоце.