Читать книгу Галасы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 12
І. З галерэі знаёмых вар’ятаў
З галерэі вясковых вар’ятаў
Акулярнік
ОглавлениеДля Акулярніка характэрнае, па-першае, тое, што ён адзіны з вяскоўцаў, хто носіць не сонечныя або веласіпедныя, а сапраўдныя акуляры, а па-другое – што ён лічыць псіхамі ўсіх астатніх, апроч Псіха. Усе з ягонага гледзішча поўныя ёлупы, нават Вынаходнік. Гэтае сваё гледзішча ён дае вяскоўцам зразумець тым, што іх пазбягае. Асабліва жахаюць яго маладыя маці з каляскамі, людзі на роварах, бегуны з сабакамі, Пенсіянерка, бегуны без сабакаў, сабакі без бегуноў, моладзь, мясцовы панкер, кіроўцы легкавых аўтамабіляў, пасажыры цягнікоў і аўтобусаў, паліцыянты, прадстаўніцы мясцовых уладаў, доктарка, зубная доктарка і паштарка, якой ён ніколі не адчыняе. (Спадзяюся, што не забыўся пра кагосьці з насельнікаў вёскі). Нават фіранкі ў Акулярніка бальшыню часу захінутыя наглуха, каб ніхто, крый бог, не падумаў, што ён дома. Дома ён, зрэшты, і не бывае. У асноўным на яго льга натрапіць у мясцовым бары – адзіным месцы, дзе Акулярнік пачувае сябе ў бяспецы. Ходзіць ён туды не казеліць вочы на тэлік, як нармальныя людзі, а выключна і прынцыпова чытаць, нягледзячы на тое што для гэтага на вёсцы існуе вясковая бібліятэка, куды, аднак, ходзяць толькі дзеці і жанкі. Насамрэч заўсёднікі бара даўно скемілі, што Акулярнік хаваецца за кніжкай толькі дзеля таго, каб ні з кім з іх не размаўляць. Дзякуючы гэтаму Акулярнік на вёсцы нікога не ведае, апроч бармена, хаця жыве тут ужо цэлае жыццё. Час ад часу ён нешта занатоўвае ў сваім нататніку, які яшчэ ніколі нікому не паказваў. Бадай, ён лепш бы ўжо паказаў каму-небудзь геніталіі, але каму гэта на вёсцы цікава, на вёсцы ўва ўсіх усё сваё, улучна з геніталіямі, нават у Катабазы. У бары Акулярнік не п’е знакамітага тутэйшага піва, а замаўляе выключна толькі знакамітае сваёй паскуднасцю тутэйшае віно, пасля чаго дзівіцца, што ў яго штодня бадун. Яшчэ ніхто з аматараў піва ніколі не сустракаў яго каля пісуару, таму пра яго бытуе пагалоска, што Акулярнік ходзіць у жаночую прыбіральню (брахня). Ёсць у яго і іншыя дзіўныя звычкі, якія на вёсцы зусім не дарэчы. Напрыклад, Акулярнік рэцыклюе смецце. Затарвацца ў гастраном ходзіць за два кіламетры пешкі. У якасці адзінага з мясцовых вар’ятаў ён сумленна наведвае псіхіятра, які прымае непадалёк ад гастранома. Гэта сведчыць пра тое, што Акулярнік ведае, што ён псіх, а гэта ўжо сапраўды дыягназ, бо ў нармалёвых вар’ятаў такое сустрэнеш рэдка. Згода, не буду вас далей мучыць: Акулярнік – гэта я. У нататнік я запісваю гісторыі пра мясцовых вар’ятаў. Калі вам якая-небудзь падобная гісторыя вядомая, то абавязкова мне яе дашліце: не сумняюся, што і ў вас на вёсцы вар’ятаў хапае.