Читать книгу Галасы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 8
І. З галерэі знаёмых вар’ятаў
З галерэі вясковых вар’ятаў
Псіх
ОглавлениеЗ усіх вясковых вар’ятаў рэальны псіх – гэта Псіх. Таму яго так і клічуць. Ён – гэта нешта накшталт нон плюс ультра. Гэткі вар’яцкі фундаменталіст і радыкал. Таму яго астатнія й баяцца, не толькі нармалёвыя, але й вар’яты, апошнія нават болей, нягледзячы на тое (ці, можа, якраз таму), што Псіх – іхны непераабіральны галава. Калі ўжо ў нармалёвых таксама ёсць свой галава, то-бок вясковы стараста, павінен ён быць і ў вар’ятаў, хто б сумняваўся. Вось і маюць яны за галаву Псіха.
Псіх – ён, уласна, толькі вялікае дзіця. У яго двухметровы рост, і ўжо шэраг доўгіх гадоў яму васямнаццаць. Яму ўласцівыя хісткая хада хулігана (адчуванне, што рук ён з кішэняў не вымае) і даволі міралюбны характар. Гэтае ўражанне псуюць толькі перыядычныя гучныя выкрыкі накшталт тых, што свомыя людзям з сіндромам Турэта. Цалкам магчыма, што сваімі выкрыкамі Псіх склікае да сябе іншых навакольных псіхаў. Пакуль яшчэ на ягоны покліч ніводны з іх не адгукнуўся. Хаця аднойчы здарылася так, што Псіх паехаў цягніком у Прагу. Зайшоў у вагон і рыхтаваўся ехаць, як усе нармальныя людзі, крышку высунуўшы галаву з адчыненай форткі. Але толькі за акном паспеў як след разагнацца краявід, як Псіх ужо быў няздольны стрымаць свайго захаплення і пачаў голасна склікаць сваіх аднадумцаў з вакольных палёў і лясоў. На наступны прыпынак яны яшчэ не збегліся, толькі на пазанаступны. У іх былі паліцэйскія ўніформы і на ўсякі выпадак яшчэ сабака. Той быў між імі і Псіхам кшталту перакладчыка. Увесь час, цягам якога Псіх з дапамогай сабакі шукаў паразумення з паліцыянтамі, цягнік стаяў. Напэўна, Псіх нешта паліцыянтам тлумачыў, хаця выглядала, што ён раздае ім заданні. Урэшце ён загадаў ім завезці яго ў Прагу на паліцэйскай машыне. Хвілін праз пяць яны адсвісцелі прэч з вецярком. Замест сірэны з вакна машыны якатаў шчаслівы Псіх. «Не такі ўжо і дурань», сказаў нехта з нармалёвых пасажыраў цягніка, які надалей стаяў. Хутчэй за ўсё, гэта сказаў той, які выклікаў на Псіха паліцыю. Усе ў той дзень спазніліся на працу, а некаторыя нават яе страцілі.
Вярнуўшыся дамоў з Прагі пасля непрацяглага адпачынку ў вар’ятні, Псіх бавіць на вёсцы час так, як і заўжды. Гэта значыць, што раз на тыдзень ён рэгулярна абыходзіць вёску, акурат як ягоныя cябры-паліцыянты. Сустрэўшы некага, хто з першага погляду здаецца яму благім чалавекам, Псіх плюе яму ў морду. Наадварот, сустрэўшы некага, хто яму з першага погляду падабаецца, ён паказвае яму свае геніталіі (гэтага паліцыянты не робяць). У Псіха на абодва кшталты людзей асаблівае чуццё. Дзіўна, аднак, тое, што часцяком на працягу дня яму трапляюцца адны нягоднікі, якім ён нястомна плюе ў морду, тым часам як цягам наступнага дня ён сустракае ўжо адных анёлкаў, якім паказвае геніталіі, прычым збольшага анёлкі – тыя самыя ўчорашнія нягоднікі. Напэўна, на наступны дзень Псіх прыходзіць да высновы, што яны ўжо выправіліся.
Псіх, уласна, не вінаваты ў тым, што ён псіх. Астатнія вар’яты любяць свайго галаву перадусім за тое, што побач з ім здаюцца нармалёвым нармалёвымі. Аднойчы Псіха сустрэў Акулярнік і прывітаў яго словамі «Дай бог здароўя», на што, як ні дзіўна, замест пляўка ў морду атрымаў ветлы адказ: «Бога няма, боўдзіла!» Відаць, Псіх і насамрэч не такі ўжо і дурань.