Читать книгу Галасы (зборнік) - Макс Шчур - Страница 9
І. З галерэі знаёмых вар’ятаў
З галерэі вясковых вар’ятаў
Вынаходнік
ОглавлениеВынаходнік вам ніякі не Псіх, каб хадзіць па вёсцы і пляваць на людзей. Яму на іх ад душы пляваць у сябе дома, адкуль ён ніколі не выходзіць. Там жа ён без усякага спеху разглядае свае геніталіі. Я пра гэта ведаю таму, што ў Вынаходніка на вокнах няма фіранак, бо яму няма чаго хаваць ад аднавяскоўцаў. Ён імі занадта пагарджае, каб іх саромецца. Карацей, Вынаходнік жыве ў гэткім шкляным доме, таму вокны ягонага дома ёсць адначасова вокнамі ў Вынаходнікаў свет – і наадварот.
На тых жа вокнах, дакладней на шыбах, Вынаходнік расклейвае паведамленні пра свае вынаходкі, якімі ёсць пераважна галаваломкі. Чытаць іх па-любому нашмат цікавей, чым абвесткі на дошцы вясковых уладаў, дзе пішуць у асноўным пра тое, хто дзе памёр. Вынаходнікавы паведамленні пачынаюцца гэтак: «Калі Вы не хочаце, каб з Вашага дзіцяці вырас такі ж даўб…б, як Вы самі, купіце яму галаваломку! Вядзецца пра маю ўласную вынаходку ўсяго за тысячу крон». Далей ідзе апісанне галаваломкі, дзе даўб…бам тлумачыцца яе прынцып. Яго я яшчэ ні разу не зразумеў, хаця дарогаю ў карчму Вынаходнікавы абвесткі заўжды чытаю. Ані дарогаю назад я яго не разумею, хаця тады звычайна прынцып здаецца мне ў чымсьці яснейшы.
Вынаходнік вынаходзіць галаваломкі як на транспарцёры. Чаму ўласна «як»: ён іх і вынаходзіць на транспарцёры, то-бок на трэнажоры для бегу, якім карыстаецца досыць часта, каб падтрымліваць форму. Што яму яшчэ рабіць цягам бегання на трэнажоры, як не вынаходзіць, калі ў яго, у адрозненне ад рэшты вяскоўцаў, няма нават тэлевізара? А няма яго ў яго таму, што ён яго яшчэ не вынайшаў. То ж бо ўсё абсталяванне свайго дому ён прыдумаў сам і змайстраваў уласнымі рукамі, наколькі я магу пра гэта меркаваць з вуліцы. Напрыклад, электрычнага імбрыка ён не мае, гэта пэўна – іначай не кіпяціў бы ваду адразу ў конаўцы, засунуўшы ў яе драты ад стольнай люстры. Цыбулю ці капусту ён шынкуе проста на падлозе, гушкаючыся ў фатэлі, у якога замест палазоў – дзве навостраныя турэцкія шаблі, накшталт каўзалёў. Пасткі на мышэй ён вырабіў са штучных сківіцаў, таксама навостраных. Мяркуючы паводле таго, як часта Вынаходнік бегае на сваім трэнажоры, я маю падазрэнне, што той адначасова выконвае ролю электрычнага генератара. Ну і гэтак далей.
Дзякуючы сваёй геніяльнасці Вынаходнік хутка дапяў, што стаць галавой мясцовых вар’ятаў у яго няма шансаў, як што ў іх ужо ёсць галава Псіх. Таму ён наважыўся вылучыць сваю кандыдатуру на галаву нармалёвых, то-бок на вясковага старасту. Гэтак у ягоным акне з’явіўся перадвыбарчы плакат: «Галасуйце за праф. доктара такога й такога, інжынера, кандыдата навук, месца жыхарства тут, працую вынаходнікам. Абяцаю прадстаўляць інтарэсы ўсіх грамадзянаў з IQ >150 і ачысціць вёску ад даўб…баў і паразітаў. Кожны, хто за мяне прагаласуе, у выпадку майго абрання атрымае ў падарунак галаваломку». Пакуль яшчэ Вынаходніка старастам ні разу не абралі, таму ніводнай з ягоных галаваломак я не маю.