Читать книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур - Страница 10

9

Оглавление

Адным словам, Дамбартэр – гэта вам не які-небудзь Балбатранс, то бок ня клюб аўтатурыстаў для бедных, куды прымаюць кожнага, а цэлая традыцыя! – што традыцыя: легенда! Адмысловая кругавая парука ў яго асяродзьдзі змушае вас згадаць калі не масонаў, то прынамсі папулярныя цяпер кіно пра вампіраў: у абавязкі старога спрактыкаванага крывапіўцы, які мае досьвед абменаў даўжынёю ў жыцьцё, уваходзіць вэрбоўка новых ахвяраў – дужых, маладых і нявінных (ах, ну вы проста выкапаны я ў юнацтве! І я быў такім жа наіўным! Дакуль мяне добрыя людзі не ўкусілі ў галаву!) – а тыя ў свой час працягнуць супольную справу, выгадуюць наступныя пакаленьні вупараў, перададуць ім усю сваю дамбартэраўскую мудрасьць… Адзін раз джанкі – назаўжды джанкі!

– Дык а чаму ВЫ едзеце менавіта ў Галяндыю? – ледзь ня консульскім тонам пытаецца ўрэшце жанчына, бачачы, што я цягам пераліку маршрутаў іхных вандровак не выяўляю чаканага энтузіязму й моўчкі сёрбаю гарбату – але адразу ж сама разумее, што сказала глупства: дастаткова зірнуць на мяне, каб зразумець, што я еду туды за тым жа, што і ўсе «маладыя», то бок курыць ганджубас і блядаваць. Тым ня менш, мне ветліва пакідаюць магчымасьць адказаць самому. Узважыўшы, колькі дурасьцяў нагаварыў ім ужо праз сваю шчырасьць, я пастанаўляю, што адной дурасьцю болей, адной меней:

– Хачу ажаніцца.

Раптоўна куткі іхных вуснаў ападаюць уніз, як кончыкі вусоў у чальцоў ансамбля «Песьняры»: яны разумеюць, што гэтым разам я не жартую.

Завяршыць гештальт

Подняться наверх