Читать книгу Завяршыць гештальт - Макс Шчур - Страница 6
5
ОглавлениеНягледзячы на рэзкую перамену свайго жыцьцёвага стылю й на сам ляйтматыў гэтага аповеду, я па-ранейшаму лічу, што другая паводле занудзтва катэгорыя людзей – гэта тыя, хто любіць размаўляць на другую паводле занудзтва тэму, «Падарожжы». (Першае месца ў маім прыватным рэйтынгу занудных тэмаў належыць гутаркам пра мовы, трэцяе – абмеркаваньню галівудзкіх фільмаў.) Іхныя маналёгі складаюцца зь віртуознага жангляваньня замежнай тапанімікай, бухгальтарскага ўліку коштаў, выдаткаў і прыбыткаў, усё гэта разбаўленае ў лепшым выпадку досыць нясьмешнымі анэкдотамі з турыстычнага жыцьця, над якімі яны самі спрабуюць рагатаць да зьнямогі, не раўнаючы благія комікі, што імкнуцца заразіць аўдыторыю ня столькі сваім гумарам, колькі гуморам. Найгоршы варыянт – гэта калі такіх заўзятых занудаў два боты пара, і яны да ўсяго яшчэ й вандруюць дуэтам, страхуючы адзін аднаго як альпіністы; у такім разе іхныя аповеды разьвіваюцца паводле формулы «А памятаеш, як у… мы (набухаліся, заблукалі, сустрэлі, натрапілі, аблажаліся й г. д.)?» «Так, во было сьмеху!» (Гігігі.) Тады (як, напрыклад, цяпер) задняе сядзеньне машыны ператвараецца ў маіх вачах у сямейную канапу пасярод гасьцёўні, не хапае яшчэ толькі альбому з фатаздымкамі. Як жа, памойму, бракуе сёньня людзей кшталту Рэмона Русэля, які ў свой час аб’ехаў цэлы сьвет і не пабачыў у ім папросту ні халеры! – бо не выходзіў з свайго гермэтычнага фургону. Сумняюся, аднак, што мае спадарожнікі ведаюць, хто гэта такі.
Пачуўшы «Галяндыя», хлопец-гіпстэр па-змоўніцку падміргвае мне ў люстэрку задняга бачаньня: малаток, маўляў, усё ясна, яны зь дзяўчынай самі вялікія аматары травы. Ды не аматар я ніякай травы, я нават бухаць год таму кінуў (чакайце! а ці ня ў гэтым сапраўдная прычына таго, што мяне звольнілі? з фармулёўкай «пачаў цурацца вечаровых тым-білдынгаў»?), гэтая іхная трава мяне ўжо аднойчы, фактычна, да эміграцыі давяла – але ж гэтага я ім казаць ня буду, таму толькі крыва ўсьміхаюся ў адказ, робячы выгляд знаўцы з шматгадовым стажам – настолькі шматгадовым, што каб апавесьці пра яго ня хопіць і кругасьветнага плаваньня, то нашто марна словы траціць. Сьціпласьць прафэсіянала. У прынцыпе, яно і праўда: калі я падкурваў сваю першую штакету, іхныя бацькі яшчэ трахаліся з прэзэрватывам, а калі гасіў апошнюю – з прэзэрватывам трахаліся ўжо яны самі. Таму ня ім мяне папракаць, што перапынак між гэтымі штакетамі быў такі доўгі – для мяне ён быў роўны аднаму пералёту шалёнай сьвіньні. Я ж не вінаваты, што першая штакета ўвесь гэты час мяне не адпускала.
Ну, раз я маўчу, то хлопец ужо ніяк ня можа прагапіць моманту самому пачаць гутарку на такую ўдзячную й блізкую яму тэму – ён бы ўсё адно закрануў яе рана ці позна: ах, маўляў, якая цудоўная шмаль у Гішпаніі! Дачакацца ня можам! Дарэчы, нічым ня горшая, чым у Амстэрдаме – дзе яны таксама, натуральна, былі – затое нашмат таньнейшая! Ледзь не задарма! Наагул, у Гішпаніі апроч беспрацоўя ўсё клёва – і вінчык, і хаўчык, і цёпла, і нерухомасьць недарагая, цэлыя вёскі цяпер прадаюцца… А як там з імігрантамі? нечакана перабівае яго кіроўца, які быў толькі на Маёрцы і ня бачыў ня тое што ніводнага імігранта, але й ніводнага гішпанца. Ды нармальна, уступае ў гутарку дзяўчына, іх там ня столькі, як у той жа Нямеччыне, пра Францыю лепш маўчу. Не, ну там шмат лацінасаў, удакладняе хлапец, але яны нармальныя, іх ад гішпанцаў практычна не адрозьніш. Я пра чорных там, арабаў, настойвае кіроўца, каб не было непаразуменьняў, то бок не пра лацінасаў, гішпанцы для яго самі лацінасы. З гэтымі там поўны парадак, супакойвае яго хлопец, асабліва ня сунуцца. Гішпанцы, маўляў, наагул малайцы: пабудавалі ў сваіх афрыканскіх правінцыях высачэзны мур, такі цяпер у Вугоршчыне таксама будуюць, і дазволу ніякага Брусэлю не пыталіся, ня тое што ў нас…
Ага, вось мы ўрэшце і закранулі самую гарачую чэскую тэму апошніх месяцаў: уцекачы з Поўдня. Як ні парадаксальна, у гэтым пытаньні прасунутыя гіпстэры заадно з рэтраградам-стырнавым (а мо яны, як дасьведчаныя вандроўнікі, толькі прыстасоўваюцца пад кіроўцу, каб той крый бог ня высадзіў іх з машыны? наўрад ці): гнаць іх, маўляў, з нашае Эўропы, і асабліва з Чэхіі, сраным венікам. У найгоршым выпадку хай іх прымаюць тыя, хто бамбардаваў Лівію ці Сірыю, дый па ўсім. Выслухваць гэтыя знаўскія меркаваньні ў мяне няма падстаў, іх і без таго поўныя інтэрнэт-форумы. Таму я карыстаюся выпадкам, каб зноў паспрабаваць прымгнуць – але ж сон мне, прабачце за таўталёгію, удаецца самае большае ўдаваць.
Падумаць толькі, амаль трыццаць гадоў мінула з часоў чэскай «славутай рэвалюцыі», «плюшавай» (як яе называюць скептыкі) ці «аксамітнай», а людзі ўсё яшчэ ніяк не нахаваюцца свабоды перасоўваньня, перадусім – на Захад (хаця апошнім часам уваходзяць у моду ўсё больш экзатычныя куткі сьвету). Гэтая свабода, дарэчы, ёсьць ледзь не галоўным аргумэнтам у незгасальных (і чым далей, тым болей!) спрэчках наконт таго, ці варта было скідваць камуністычны рэжым: маўляў, пры камуністах мы не маглі падарожнічаць! Гэта факт – затое маглі эміграваць, асабліва пры канцы шасьцідзясятых, калі Захад прыўзьняў жалезную заслону для тых, хто ўцякаў ад савецкіх танкаў. Аднак фішка ў тым, што эмігрант і турыст – ня проста два глыбінна адрозныя, а папросту варожыя людзкія тыпы, і да эміграцыі чэхі, турысты ад прыроды, ставяцца надзвычай адмоўна, амаральнейшага ўчынку ў дачыненьні да бацькаўшчыны й асуджаных на яе супляменьнікаў быць ня можа. Таму ніякіх эмігрантаў яны ня любяць: ні сваіх, ні пагатоў чужых. «Паўсюль добра – дома найлепш», кажа гэты маленькі, горды й ксэнафобны народ. Маўляў, мы да вас ня едзем – дык якой трасцы вы лезеце да нас? Зрабіце так, каб і вам у сябе дома было найлепш. А што ў вас дома няма дома – ну не, такога не бывае. «Кожны будаўнік уласнага шчасьця» – яшчэ адна тутэйшая прымаўка.
У пэўным сэнсе, свабода перасоўваньня (вядома, для нас, а не для іншых, мы ж яе заслужылі, толькі вось невядома, чым) насамрэч ёсьць адзінай свабодай, атрыманай у выніку надыходу дэмакратыі: прастуй куды хочаш, ніхто цябе тут не трымае. Насуперак традыцыйнаму вонкаваму патрыятызму, усё больш і больш чэскай моладзі вымушана карыстаецца гэтай свабодай дзеля паляпшэньня ўласнага жыцьця, праглынуўшы неяк тое страшнае прыніжэньне, якое нясе з сабою статус эмігранта (жабрака на чужым хлебе!) уваччу іхных суграмадзянаў. (Цікава, што ў суседзяў-славакаў няма гэтага комплексу, яны з задавальненьнем перасяляюцца ў Чэхію й дамоў амаль ня езьдзяць, заспакойваючы сябе тым, што могуць зра біць гэта ў любы час.) Што да мяне, то ў даўнюю пару маіх папярэдніх выездаў з Чэхіі ў вялікую Эўропу ніякага Шэнгену яшчэ не было, таму свабода перасоўваньня заўжды была ў маім уцякацкім выпадку досыць умоўнай: з маім сумнеўным выглядам і так званым жэнэўскім псэўдапашпартам мяне штораз падоўгу трымалі (а аднойчы і затрымалі) на мяжы, правяраючы дакумэнты, багаж, аднаго разу нават кішэні, а яшчэ аднаго абнюхвалі мяне сабакам і сьвяцілі ліхтарыкам у дупу ў надзеі адшукаць тую самую траву, якою ад мяне пахла, бо я быў пазычыў у сябра-панка ў дарогу цёплую куртку – пра дэпартацыю зь Нямеччыны за адсутнасьць грошай на квіток да Прагі наагул памаўчу… Можаце ўявіць сабе, як мяне ненавідзелі тагачасныя чэскія спадарожнікі, калі па маёй віне аўтобус ці цягнік мусіў зноў прастойваць на парозе шчасьця, нібы за глыбокім сацыялізмам, пазбаўляючы іх таго цуду, дзеля якога яны ўласна і выехалі: шансу бескантрольна пакінуць сваю любую бацькаўшчыну! Усё гэта, разам з раней згаданымі фактарамі, урэшце і адбіла ў мяне паступова ахвоту да актыўнага турызму. Цяпер гэта наагул, бадай, першы раз, што я перасёк (дзякуй табе, божа!) чэска-нямецкую мяжу бяз пашпартнага кантролю.
Тым часам кіроўца з гіпстэрамі на ўсю машыну спаборнічаюць у радыкальнасьці варыянтаў разьвязаньня іміграцыйнай праблемы: спыніць выдачу візаў, пабудаваць мур, рэпатрыяваць ужо «інтэграваных», выйсьці з Эўразьвязу, абвясьціць іслам па-за законам… (Згода, разам з хрысьціянствам, устаўляю я свае пяць цэнтаў – нібыта жартам.) Тут раптам да іх даходзіць, што я ня сплю і што іхную патрыятычную рыторыку магу, як чужынец, успрыняць на свой конт, таму юны аматар травы пачынае разьвіваць альтэрнатыўную лінію: вядома ж, маўляў, такіх ціхіх, мірных, інтэлігентных і сумленных людзей як я, што настолькі добра валодаюць чэскай, іхныя праекты сацыяльнай інжынэрыі ня тычацца, мы ня супраць іміграцыі ўвогуле, трэба толькі імкнуцца яе рэгуляваць дзеля дабра нацыі… Я паціскаю плячыма – мне насраць на іхныя праекты. Я таксама не заўжды добра валодаў чэскай, а да прымусовай дэпартацыі я гатовы ў любы час дня і году. Для мяне галоўнае, што да Нюрнбэргу ўжо засталося якіх пяцьдзясят кілямэтраў.